 |
|
Іслач
Праз ноч
на ранку
расцвілі ў садзе
стакроткі
вышыванкай
у поцемках
снавалася
у некалькі нітоў
а на святле
ніводнага
вузельчыка
у Бога
не ўбачыш.
|
|
* * *
Адсунула
фіранкі
начны
матыль
на вокнах
склаў
сваё крылле
ранак.
|
|
* * *
Блукаю
ў пацёмках
дня,
пакуль не злоўлена
імгненне —
адзін радок,
а быццам бы
здабыў
агонь,
агонь
натхнення.
|
|
* * *
Калі вецер
заходзіць
на веранду,
скрыпнуўшы
дзвярыма,
ён кагосьці прапускае
наперад,
ён не адзін.
Так ходзіць
трывога.
|
|
* * *
О сад,
твой кожны ліст —
старонка
дзённіка майго
начнога...
|
|
Лівень
Суша
дождж
сышоў
на зямлю
ледзь чутна
невымоўна
быццам мы разам з ім
нахіліліся
да работы.
|
|
Шчасце
Сярод белага дня
за работай
ці проста ў дарозе,
пешкам,
на тарантасе,
на возе,
у садзе брыдаючы —
раптоўная
радасць,
нібы Бог
падымае
падпашкі
высока,
як у дзяцінстве
малых
падымаюць
з уцехай.
|
|
* * *
Наранку
шпакі
маладыя
пакінулі
гнёзды
прысеўшы
на рубчык страхі
прыпынкам
для птушак
у небе
мой дом.
|
|
Няма адзіноты
Ноччу ў цёмным
пакоі
раптоўны
ўздых
палёгкі
ці паветраны
пацалунак
пасланы
з далоні —
лопнула
пупышка
амарыліса.
|
|
* * *
Дзень
бы побач
чужы цень
ноч
поўныя вёдры
дажджу
без дна
колькі яшчэ чакаць
да відна
мне кожны ранак
найлепшая
навіна.
|
|
* * *
Сад патрабуе
маёй адзіноты
як за пяльцамі
седзячы
падбіраецца
нітка
на ранішняе
неба
гледзячы
і да вячэрняй самоты
сад — гэта не работа
але калі знойдзеце
мяне ў баразне
паміж зямлёй
і небам
не замарудзьце
яшчэ цёплыя
рукі
на грудзях
скласці
каб хоць крышачку
адпачыць на зямлі.
Як украсці.
|
|
 |