|
|
|
№
2(68)/2014
Жыццё Касцёла
Духоўная спадчына
Постаці
Літаратурная спадчына
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Пераклады
Паэзія
Духоўныя вершы
Папытай у кнігарні
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва
Фальклорная спадчына
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя
|
... аднак не збор рэчаў, а збор твораў, асобаў бачыў у музеі бібліятэкар-філосаф Мікалай Фёдараў, які марыў пра перамогу над «апошнім ворагам» — смерцю, бо галоўнае ў дзейнасці музея не накапленне, а вяртанне да жыцця рэшткаў аджыўшага і паўстанне памерлых праз іх творы — гэтак думаў ён, марачы пра ўсеагульнае ўваскрашэнне. Між тым рэстаўратарам, у тым ліку незнаёмым з рэлігійна-фантастычнаю кампазіцыяй «рускага касмізму», у гэтай дзейнасці належыць не апошняя роля — ва ўсялякім выпадку яны больш за ўсіх супрацоўнікаў музея далучаныя да парэшткаў. А чым, уласна кажучы, людзі, існаванне якіх у мінулым засведчана выключна помнікамі культуры, а ў сучасным не выклікае (здараецца і так) нічога, апрача здзіўлення і нават агіды, цікавейшыя за рэчы? — думае часам рэстаўратар. Мастацкія творы існавалі ўчора і будуць існаваць заўтра і паслязаўтра, узвышаючы матэрыю да духоўнага пачатку ў той ступені, у якой рэчы могуць пераадольваць сваю матэрыяльную прыроду, каб выпраменьваць эманацыю духу менавіта ў якасці нематэрыяльнай пазачасавай субстанцыі. Матэрыяльныя тварэнні людзей — «што ў прах вярнуліся» — застаюцца ўвасабленнем іх неўміручай духоўнасці. Душы несмяротнай... Свет ідэалістаў-філосафаў падзелены на цела і дух. І хто ведае, дзе праходзіць мяжа іх зліцця... Я не шукаю яе — ні ў рэчах, ні ў сабе, хоць чалавек, апынуўшыся пад скальпелем хірурга, досыць адчувальна з’яўляецца менавіта целам, ад «рэстаўрацыі» якога залежыць яго дух, што шукае гармоніі і цэльнасці ў самім сабе... Пад скальпелем патолагаанатама — толькі цела, якое творыцца ўзростам і хваробамі не для вечнага жыцця. Прах да праху... Так званы ўнутраны свет — неасязальны і нябачны — уладкаваны складаней, чым унутраныя органы. У гэтым, як вядома, людзі блытаюцца з часоў Платона... А камень, ажыўлены Фідзіем, захоўвае сваю вібруючую ўсхваляванасць ужо больш за дзве тысячы гадоў... Між іншым, у тэорыях і метадалагічных парадах па рэстаўрацыі я не прачытаў і не пачуў ніводнага слова, якое выходзіць за межы тэхнічных складанасцяў. Ніякай размовы пра тое, як захаваць падчас рэстаўрацыі гэтую вібруючую ўсхваляванасць ажыўленага каменя, не гаворачы ўжо пра вяртанне вобраза, які пакінуў жывапісны твор у выніку разбуральных уздзеянняў часу. Кожны рэстаўратар павінен адчуць сам, да якой мяжы ён можа ачысціць наслаенні часу, да якой меры ён можа нівеліраваць або аднаўляць страты фарбавага слою, бо тут няма і не можа быць ніякіх аб’ектыўных крытэрыяў. Тэхнічны набор матэрыялаў і спосабы іх апрацоўкі ўваходзяць у мастацкую творчасць як «цела» мастацтва, яднаючыся з сэнсам яго вобраза — яго «душою». Займаючыся праблемамі «цела», рэстаўратар намагаецца вызваліць прадметы мастацтва ад іх залежнасці ад часу, скіроўваючы далёка за межы ўласнага жыцця свае думкі і працу. Амаль як сярэднявечны алхімік, рэстаўратар намагаецца спасцігнуць пераўтварэнні матэрыі, вызваляючы цьмяны вобраз і страчаны час з-пад наслаенняў, і знаходзіць іх і ў рэштках грунту, які страціў змацавальнае рэчыва, і ў распадзе фарбавага слою. Дарэчы, навуковая рэстаўрацыя мае дачыненне да навукі не больш, чым да мастацтва, і толькі таму, што карыстаецца навуковым і мастацкім інструментарыем, метадамі даследаванняў і прымяненнем новых матэрыялаў. Але ўсё гэта выкарыстоўваецца для «цела», а душа вяртаецца ў палатно або ў дошку незалежна ад методыкі, калі рэстаўрацыя зроблена правільна. Але дзе крытэрый гэтай правільнасці? Калі б у нейкі момант мастацкі твор зрабіўся высноваю з пэўных тэарытычных пасылак і падпарадкаваўся б якімсьці шаблонам і рэцэптам вытворчасці, ён страціў бы сваю сапраўдную вартасць, пазбавіўшыся таго, што робіць яго менавіта творам мастацтва. Аднак не зманлівая далучанасць да працэсу творчасці і не жаданне самасцвердзіцца за кошт працы вядомага або безыменнага майстра рухаюць рэстаўратарам, а прафесійнае жаданне зрабіць сваю працу і сваё ўмяшальніцтва ў чужую як мага больш незаўважнымі. У Беларусі сапраўды назапашаны ўнікальны досвед рэстаўрацыі. У чым жа яго ўнікальнасць? Напэўна, у тэхналагічнай разнастайнасці і бессістэмнасці выкарыстання тэхналагічных прыёмаў стварэння саміх твораў — ва ўсялякім выпадку нам вядомых. Але мы здагадваемся, што іх было многа, значна больш. Беларусь заўсёды была адкрытаю для ўсялякіх знешніх уплываў, і нашы майстры, спасцігаючы досвед замежных, скарыстоўвалі яго з рознаю ступенню ўмельства і разумення. Стагоддзямі выпрацоўвалася мастацтва, якое залежала ад густаў, эстэтычных і філасофскіх прыхільнасцяў заказчыкаў, але пры гэтым у ім вольна спалучаліся і заходнія, і ўсходнія тэхналагічныя прыёмы і эстэтычныя ўплывы. Гаворачы пра разбурэнні і страты ў выніку закінутасці на гарышчах занядбаных святыняў у гады атэістычных ганенняў, трэба асобна сказаць пра розныя запісы, пропісы і проста малярныя зафарбоўкі, магчымыя ў такой колькасці, напэўна, толькі на Беларусі. Панаўленні былі выкліканыя і станам мастацкіх твораў, і зменамі іх канфесійнай прыналежнасці. Гаворка ідзе пра рэчы, выратаваныя музейнымі экспедыцыямі — дакладней, пра фрагменты зніклых манументальных іканастасаў і алтароў. Сярод іх не было старажытных іконаў невялікага памеру, якія, напэўна ж, упрыгожвалі чырвоныя вуглы хрысціянскага жытла — хатаў ці палацавых капліцаў. Жыццё беларусаў — і сялянаў, і магнатаў — не спрыяла захаванню прадметаў мастацтва, асабліва тых, якія можна было лёгка ўзяць пад паху. ...Дарэчы, калі задумваешся пра нешта сур’ёзна, абавязкова даведваешся, што праблема тваіх роздумаў з’яўляецца філасофскаю, а значыць адвечнаю, а таму невырашальнаю. Дакладней — яна можа мець мноства розных вырашэнняў... Не ведаючы ўласнага радаводу, я захоплена паглыбляўся ў час і прастору гісторыі мастацтва, дзе ўсё існуе як сапраўднае і ва ўсёй поўні. Гісторыя мастацтва здавалася ідэальна прасторавай, у ёй, як на сярэднявечнай карце свету, не было маштабу, працягласці ў часе: і пячорная Венера, і Венера Кнідская, і Венера Бацічэлі — усе побач, варта толькі перагарнуць старонку альбома або націснуць кнопку тэлепульта. Тым не менш, ідучы за «матэрыяльна-тэхнічнымі прыкметамі» прадмету рэстаўрацыі, я адчуваў пэўную ступень аўтэнтычнасці мінулага, таму што дакранаўся да твора мастацтва, які існаваў задоўга да майго жыцця і будзе існаваць пасля яго. Старыя рэчы сведчаць пра непарыўнасць супольнасці жывых і памерлых, яднаючы далёкія падзеі. ...Мінулае той рэчы, якая ляжала на маім рабочым стале, воляю выпадку на нейкі час супала з маім часам. І невядома, ці гэта маё жыццё ўплывала на жыццё гэтай рэчы, ці яна ўздзейнічала на маё жыццё. Прафесія рэстаўратара ўплывае на мяне не метафізічна, а літаральна, уваходзячы ў маю сутнасць, адбіваючыся на ўсім далейшым жыцці. Я асабліва адчуў гэта пасля рэстаўрацыі паліхромных алтароў пінскага касцёла Унебаўзяцця Панны Марыі. Матэрыя рэстаўраваных рэчаў штурхае да розных успамінаў і гіпотэзаў незалежна ад якасці жывапісу, навуковых даследаванняў і архіўных пошукаў. Слаі панаўленняў нясуць інфармацыю пра жыццё твора ў часе не горш за пісьмовыя сведчанні, а здараецца, што лепш, бо яны выразна бачныя. Дошка іконы — гэта палімпсест, на якім аўтарскія пісьмёны, на шчасце, не зачысцілі, а толькі запісалі. Іх можна раскрыць, убачыць і паказаць людзям, як рэчаіснасць і вобраз рэчаіснасці ў іконе злітыя ў адзіны вобраз рэчаіснасці больш рэальнай, чым наша хісткая штодзённасць. Адно пісалася паверх другога, адзін культурны слой накладваўся на другі. Пах старой ліпавай дошкі і сама яе драўніна, што саспела сотні гадоў назад, каб вякамі несці на сабе фарбавы слой, увасабляе мінулае больш, чым архіўныя сведчанні, якія яшчэ трэба шукаць. Рэстаўратар змацоўвае сувязь «матэрыі» і «ідэі» — драўляную аснову з вобразам рэчаіснасці, перанесеным у свой вобраз гадоў трыста назад, каб быць сённяшняй і заўтрашняй рэальнасцю... калі праца рэстаўратара будзе зроблена правільна. Помнікаў сакральнага жывапісу і архітэктуры ХVIII ст. у нас ацалела больш, чым іншых, але гэта такі мізер... не будзь яны роднымі, цудам ацалелымі і непаўторнымі ў сваёй сапраўднасці. ...Здаралася, дасягалі майго рабочага стала і водбліскі твораў еўрапейскай культуры. Мінулае ўрывалася пругкім струменем у расчыненую «фортку» зандажу фарбаванага слою разам з дыхаючым святлом і паветрам жывапісам, з чароўным музычным рытмам, з цякучым рухам часу, які ўсведамляўся ў XVIII ст. як штосьці бясконцае і працяглае. Яго музыка гучала, вольна адхіляючыся ад роўнага тэмпу, страчваючы і набываючы час. ...«Temporubato» літаральна азначае «скрадзены час». У музыцы час вяртаецца, вар’іруецца, паскараючы або запавольваючы тэмп. Але ў жыцці нельга вярнуць нічога — хоць сем раманаў напішы пра пошукі страчанага часу. Нешта падобнае да гучання клавесіна я знаходзіў, раскрываючы вострым лязом стары жывапіс. Мінулае ляжыць у ім на глыбіні тоўшчы фарбавай плёнкі і мае большую вартасць, чым сённяшняе. Працуючы выключна на паверхні аўтарскага фарбавага слою, на паверхні гульні святлаценяў, разьбы залатых фонаў, пышных або цвёрдых складак, куды ўпляліся «кветкі з золата», над прамяністымі нябёсамі і гуллівымі анёлкамі, я чуў рэха сціхаючых у вечаровым сутонні гукаў. У шкляным стракатанні клавесіна — ясным і рытмічным, у немагчымасці ўзмацніць або зменшыць гучнасць я адчуваў суладнасць сваёй працы. Вугал заточкі скальпеля, нібы востры гук, нечакана адлюстроўваў нясцерпны для вачэй, узмоцнены оптыкаю мікраскопа калючы блік. Клавесін з яго кароткім, хутка згасаючым гукам здаваўся мне інструментам, вельмі прыдатным для агучвання працэсу расчысткі жывапісу ракако. Франсуа Куперэн, несумненна, мог бы «esspressivo» (выразна) і «affettuoso» (сардэчна) надаць музычнае гучанне шолаху фарбавых слаёў пад скальпелем рэстаўратара. ...я прасоўваўся ў вузкім промні валаконнага святлаводу, які высвечваў глыбіні мінулага, мікраскапічнымі рухамі, разграбаючы лязом ланцэта «руіны» і разрываючы «покрывы». Раскрываючы арыгінал, я набываў прывідную адстароненасць ад штодзённых клопатаў і няплённых думак пра марнасць быцця... Мой розум блукаў у нейкіх фрагментах туману, уяўляючы знаёмыя па кнігах карціны, цені і гукі далёкай гісторыі, і храналагічная паслядоўнасць гісторыі падавалася выдумкаю людзей, у якой усё, што заслугоўвае датавання, вызначаецца паводле слаёў залягання ў зямлі аскепкаў керамікі, чалавечых чарапоў, слядоў вогнішчаў і пісьмовых помнікаў, ацалелых на ўсім, на чым толькі можна пакінуць пісьмовы след. Гісторыя людзей, калі верыць гісторыі, складаецца пераважна з войнаў, эпідэмій, нявольніцтва, тыраніі, падступнасці, братазабойства, барацьбы за ўладу — карацей кажучы, яна не надта прывабная і мала чаму навучыла за апошнія шэсць тысяч гадоў, але... ...хоць мінулае мінулася і яго немагчыма непасрэдна назіраць, і вобразы даўніны такія розныя і зменлівыя ў розных пакаленнях, і адзін гісторык інтэрпрэтуе іх гэтак, а іншы — так, і суб’ектыўныя думкі заўсёды непазбежныя — помнікі мастацтва бачныя і асязальныя. Факт іх існавання неаспрэчны. Мы разумеем вартасць сапраўднага, заснаваную на рытуале, у якім яно знаходзіла сваё першапачатковае прымяненне. Проста бачым. І сузіранне сапраўднага твора мастацтва, тым больш, калі гэта сакральная рэч, абуджае ў нас усё самае лепшае, што ёсць у чалавеку. Гэтак думаў я, знаходзячы сэнс у сваёй часам аднастайнай працы, намагаючыся ўявіць і «невядомага мастака», і тых, хто па розных прычынах панаўляў і запісваў арыгінал, і самі прычыны, якія выклікалі панаўленне і скажэнне мастацкага твора. Блізкасць, якую набывае матэрыя твора, паддаўшыся распаду, зусім не робіць больш дасягальнаю яго сакральную сутнасць. Дух лунае над знікаючай абалонкаю ў чаканні магчымасці зноў увасобіцца ў вобраз, акрыляючы працу чуйнага рэстаўратара, пад рукою якога і сакральная, і мастацкая каштоўнасць займае месца аўтэнтычнасці. Раствараючы і размякчаючы акамянелыя слаі фарбы, выдаляючы іх скальпелем, я раскрываю першапачатковы твор, вызваляючы магчымасць эманацыі духу, — але ці можа ён быць мінулым? Дух — гэта тое, што заўсёды існуе сёння, калі ён, безумоўна, ёсць. У палымянай архітэктуры віленскага барока ён, безумоўна, ёсць... ...бо там святло страчвае хуткасць святла, застаўшыся на стагоддзі ў ззянні раскошы Глорыі алтара, быццам спыненае дотыкам цара Мідаса... Не, не след гісторыі шукаў я пад слаямі запісаў — я шукаў сведчанне. Гісторыя мастацтваў здавалася мне Гісторыяй без брыдотаў, сярод якіх жыццё чалавека не вартае капейкі... Мая прафесія, па сутнасці, кансервацыя памяці — у тым ліку той, што намагаўся ўтрымаць на паверхні жыцця чалавек, якому варта было б паставіць помнік у цэнтры сталіцы нашай дзяржавы. Але чамусьці Уладзіміру Караткевічу дагэтуль не паставілі помніка ў Мінску, а помнік усерасійскаму старасту Калініну дагэтуль чамусьці не зносяць. Згодны, што гэта «таксама памяць», але ж помнік не мае ніякай мастацкай вартасці. Магчыма, бяздарнасць асобы і адсутнасць мастацкай вартасці, выстаўленыя ў цэнтры Мінска на пажыццёвае ўсеагульнае сузіранне, — гэта таксама помнік. Толькі бачыць яго не хочацца, а тым больш — памятаць. Хочацца не заўважаць і адысці як мага далей — як ад чорнай дзіры... Затое неяк проста зносяцца старыя будынкі і нават цэлыя кварталы ў Гродне, Пінску, Мінску... чамусьці. Старое, магчыма, зберагуць рэстаўратары, адданыя свайму прафесійнаму абавязку і памкненням душы, і дэка клавесіна, па-майстэрску распісаная, упрыгожаная пазалотаю, застанецца творам мастацтва, як і трыста гадоў назад, калі кожны дом Божы быў шэдэўрам архітэктуры ўжо адразу пасля закладкі яго фундамента. Сучасныя збудаванні, застылае што заўгодна — толькі не музыка, і помнікамі ніколі не стануць, нават калі састарэюць, — ні цэрквы, спехам збудаваныя з сілікатнай цэглы, ні зашклёныя «алмазы», хоць іх і назавуць «алмазамі ведаў»... Пытанне ў тым, ці трэба будзе зберагаць мастацкія творы мінулага, таму што без іх немагчымма жыць. Сумняваюся, гледзячы на тое, як «храм музаў», змушаны шукаць «новыя формы працы», ператвараецца ў рэкламнае агенцтва, аддзяленне ЗАГСу і кропку харчавання з нясмачнаю каваю і незанятымі столікамі. Відовішча сумнае і не апетытнае, хоць і называецца «Арт-кавярня» (і ежа чамусьці нагадвае памінальную трапезу)... Чым жа ёсць помнікі старажытнага беларускага мастацтва ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея? Ці адлюстроўваюць яны фактам сваёй наяўнасці і якасці сапраўднае ўяўленне аб узроўні мастацтва нашай Айчыны? Думаю, што не. Цяжка скласці правільнае ўяўленне пра беларускі жывапіс па асобных разрозненых паміж сабою помніках, не звязаных нічым, апрача зямлі, культурнымі і гістарычнымі сведкамі якой яны з’яўляюцца. Назапашанае ў фондах музея не адлюстроўвае сапраўднага стану культуры, якая, несумненна, была значнаю, багатаю, разнастайнаю, бо гарманічна сінтэзавала ўплывы ўсходнія і заходнееўрапейскія, захоўваючы сваю адметнасць, дасягаючы ўзроўню лепшых узораў сусветнага мастацтва, пра што пераканаўча сведчаць некаторыя ацалелыя ўзоры. Немагчыма не заўважыць, што, ідучы за традыцыйнымі правіламі іконаграфічных схемаў, НХ — «неизвестные художники», міжволі пакідалі яскравыя адбіткі сваёй непаўторнай індывідуальнасці. Беларускім жывапісцам удавалася пазбягаць залішне складанай прамалёўкі дэталяў, «сухасці» і цвёрдасці формаў. У іх манеры ёсць кранальная нясмеласць, наіўнасць, незавершанасць, быццам мастак браўся за пэндзаль, знаходзячыся ў вольным развіцці свайго майстэрства. У каталіцкіх алтарных карцінах ёсць рысы праваслаўнага мастацтва, у праваслаўных — каталіцкага, і ва ўніяцкіх творах таксама зліваліся розныя мастацкія кірункі. У выніку беларускія помнікі мастацтва набывалі сваю адметнасць. На жаль, са знікненнем арыстакратаў і магнатаў знікалі і мастацкія творы, якія ўпрыгожвалі іх побыт, — жанравы, партрэтны і батальны жывапіс, прадметы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Толькі ў 1920 годзе, напрыклад, палякі вывезлі з Мінска 36 тысяч экспанатаў — карціны, крышталь, фарфор, шкло, тканіны, габелены, кнігі, археалагічныя знаходкі. Ведаем, таму што гэта было зусім нядаўна... Архітэктуру, на шчасце, не возьмеш з сабою... Але гісторыя нашай архітэктуры — гэта рэестр варварства і мартыралог зніклых з твару зямлі храмаў, палацаў, замкаў, сядзібаў, вуліцаў і плошчаў... Толькі ў 1930-я гады нарэшце атрымала сваю назву з’ява, якая не ўпісвалася ў агульную канцэпцыю стылю, што панаваў у ХVII–XVIII стст. у хрысціянскім свеце і якую мы сёння ўсведамляем у архітэктуры як «віленскае барока». Гэта тое наша адметнае, якім сапраўды можна ганарыцца. Гаворачы пра асаблівасці геапалітычнага становішча нашай краіны, апраўдваючы адсутнасць помнікаў шматлікімі войнамі, пажарамі і рабаваннем, варта было б задумацца пра тое, чаму, напрыклад, у 1972 годзе на Гомельшчыне працавала археалагічная экспедыцыя не мінскага, а маскоўскага ўніверсітэта, якая сабрала мноства рэліквій ХV–ХVІІІ стагоддзяў. «Маскоўскія збіральнікі былі задаволеныя», — не без горычы канстатаваў Адам Мальдзіс. Хто растлумачыць, чаму адразу пасля вайны, калі для падзелу экспанатаў была створана спецыяльная літоўска-беларуская камісія, беларусы адмовіліся ад асноўнай часткі рэчаў і самі пакінулі іх за мяжою. Іх не змушалі, ім не пагражалі, іх не рабавалі. Чым растлумачыць такія абыякавыя адносіны да народнай спадчыны, без якой народ страчвае самасвядомасць і пачуццё гістарычнага быцця? Гавораць, што там «нічога не было»... Ці можа, і наша самасвядомасць засталася на ўзбочыне ваеннай дарогі ў краіне, якая была разменнаю манетаю ў разборках больш моцных і прагных суседзяў. Зрэшты, пра гэта ўжо столькі сказана і гаворыцца — і ўсё безвынікова. А калі раптам з’явіцца жаданне азнаёміцца са сваёй жа спадчынай, дык можна паглядзець і слуцкія паясы, і ўрэчскія люстэркі, і налібоцкае ды лагойскае шкло, і жывапіс у экспазіцыях музеяў Вільнюса, Львова, Кіева, Варшавы, Кракава, Масквы, Санкт-Пецярбурга. ...Сотавы тэлефон надае жыццю паскарэнне, адпавядаць якому можна з вялікімі высілкамі. Узнікае брыдкае пачуццё здранцвеласці, якое чалавек намагаўся пераадольваць ужо на пачатку тэхнічнага прагрэсу, калі яшчэ не было сучасных «выгодаў», але ён ужо быў напалоханы падабенствам фабрычнага дыму з аблокамі, што вельмі парушала натуральнасць краявідаў. Сёння здранцвенне тым больш агіднае, што на аблокі ўжо амаль ніхто не глядзіць, пераадольваючы жыццё на шалёнай хуткасці, на якой яшчэ больш, чым у часы Георгія Іванова, «...у людей нет лиц, у слов нет звука, ни в чём нет смысла». Паэт хацеў разбіць здранцвенне — усё роўна як! Ён хацеў проста перавесці дух, глытнуць паветра, але ўжо ў пачатку мінулага стагоддзя яму здавалася, што паветра няма! Сёння, жадаючы наблізіць да сябе «карцінку», пяцігадовае дзіця растапырвае пальчыкі на паверхні ваконнага шкла — яно гатовае жыць у віртуальнай прасторы. Ужо жыве... З кожным днём усё складаней знайсці чалавека, які закідвае свой эхалот памяці глыбей за ўчарашні дзень: чым большы паток інфармацыі, тым відавочней дэградацыя памяці, поўная страта здольнасці ўспамінаць. Ды і няма неабходнасці ні ўспамінаць, ні запамінаць, поўзаючы ў «сусветным павуцінні», — уся памяць засяроджаная там. Ці зможам абысціся без гэтага «пратэзу», калі раптам нешта замкне ў сетцы? Тады толькі помнікі дапамогуць нам вярнуць сабе памяць...
|
|
|
|