Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Вольга ЗАЛУЦКАЯ

НАРОДНЫ ІКАНАПІС:
СПРОБА АСЭНСАВАННЯ З’ЯВЫ

Нататкі рэстаўратара

У снежні-сакавіку 2013–2014 годоў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі амаль адначасова экспанаваліся дзве выставы, тэматыка якіх была вельмі падобнай. У Мінску на выставе «Сялянскі Бог хрысціянскі» былі паказаны абразы з калекцыі Веткаўскага музея, а ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах — народныя абразы ХІХ ст. з прыватнай калекцыі. А яшчэ раней, у ліпені 2013 г., у горадзе Банска-Быстрыца (Славацкая Рэспубліка) у музеі Славацкага нацыянальнага паўстання адбылася выстава «Беларуская народная ікона» з фондаў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль».

Выставы ўнікальныя, і не толькі таму, што раскрываюць маладаследаваны пласт народнай культуры, але яшчэ і таму, што вельмі рэдка народная ікона выстаўляецца у Самастойнай экспазіцыі, бо даволі доўгі час да яе ставіліся як да «культурнага шлаку», далёкага і ад хрысціянскіх (царкоўных) канонаў, і ад канонаў жывапісу.

Вядома, што беларуская іканапісная школа пачала фарміравацца ў XVI ст. пад уплывам візантыйскага мастацтва, старажытнарускіх і балканскіх традыцый, рэнесансных і барочных ідэяў. Абразы з характэрнай вобразна-пластычнай мовай і стылістыкай ствараліся ў Брэсце, Гродне, Пінску, Магілёве, Віцебску, Полацку, Мінску, Вільні і іншых гарадах. Але гістарычныя падзеі, перш за ўсё прыняцце Брэсцкай уніі і ўплыў заходнееўрапейскіх культурных тэндэнцый, садзейнічалі таму, што беларускія іканапісцы адыходзілі ад кананічнай сістэмы пісьма. Выявы святых становяцца больш рэалістычнымі і канкрэтызаванымі, паступова ўводзіцца дэкарыраванне поля, арнаменты, абразы пачынаюць нагадваць «карціны ў рамах» — адбываецца парушэнне канону. І, нягледзячы на тое, што іканапісцы ў асноўным паўтараюць традыцыйныя іконаграфічныя схемы, часта назіраецца зніжэнне ўзроўню іх прафесійнага майстэрства.

Далейшая «дэмакратызацыя» культавага мастацтва, асабліва ў канцы XVIІ — сярэдзіне ХХ ст., прывяла да ўзнікнення новага пласту іканапіснай традыцыі —так званага «народнага прымітыву», ці «народнага наіву». Для гэтага графічна-жывапіснага стылю характэрна нанясенне малюнка алейнымі фарбамі адразу на дошку, якая папярэдне не загрунтоўвалася. Іканапісцы залішне вольна падыходзілі да стварэння вобразаў Божай Маці, Збаўцы, святых. У адрозненне ад прафесіяналаў, «багамазы» кіраваліся не ўстойлівымі канонамі, а народнымі ўяўленнямі: Езус часта малюецца здаровым вясёлым дзіцем, падобным да звычайнага сялянскага хлопчыка, а Дзева Марыя — румянай пышнагрудай жанчынай. Іканаграфія, як правіла, вельмі простая, у ёй рэдка сустракаюцца шматфігурныя кампазіцыі.

Адчуваецца ў гэтых абразах і блізкасць да фальклору: тыповым прыёмам дэкору становяцца раслінныя арнаменты, кветкі-ружы, букеты.

У той жа час такія абразы не пазбаўлены пэўнай кананічнасці, напрыклад, у выяве атрыбутаў і элементаў адзення.

Вельмі простыя ў выкананні, намаляваныя ў адпаведнасці з сялянскім густам, наіўныя абразы сталі неад’емнай часткай беларускай народнай культуры: іх можна было сустрэць у многіх вясковых хатах на самым ганаровым месцы — у «чырвоным куце», упрыгожанымі ручнікамі-набожнікамі.

Народныя абразы выконваюць функцыю хатніх, або сямейных, кожны з іх з’яўляецца адлюстраваннем гісторыі канкрэтнай сям’і або чалавека, яго спадарожнікам на працягу ўсяго зямнога шляху. Для іх характэрна адлюстраванне натуральных чалавечых пачуццяў (радасць, смутак), жыццёвых сітуацый (нараджэнне дзіцяці, пахаванне), мясцовых пейзажаў, архітэктуры, інтэр’еру, адзення, тыпажоў сялянаў і шляхты. Па некаторых абразах можна нават вывучаць этнаграфічныя прыкметы вясковага ладу жыцця.

Адным з першых падарункаў нованароджанаму быў абраз, з дапамогай якога ў дзіцяці выхоўваліся рэлігійныя пачуцці, павага да сям’і і старэйшых; гэтым жа абразом благаслаўлялі на шлюб, а пасля святарскага благаслаўлення ён станавіўся абярэгам для новай сям’і. Сямейныя абразы звычайна перадаваліся з пакалення ў пакаленне і заўсёды заставаліся ў доме. Вельмі часта яны былі адзінымі заступнікамі чалавека, яго абаронаю ў жыцці — ім давяралі самае патаемнае, свае клопаты, мары і надзеі. У малітве людзі чэрпалі сілу і паглыблялі сваю веру.

Характэрнымі для народных хатніх абразоў былі малюнкі найбольш шанаваных святых заступнікаў, чые імёны насілі члены сям’і, якія жылі ў доме. Найбольш паважанымі ў беларускіх вёсках былі абразы Маці Божай «Траяручыца», святых Мікалая Цудатворца, арханёла Міхала, святой Варвары Пакутніцы, Параскевы Пятніцы. У той жа час, асабліва на Палессі, былі распаўсюджаныя абразы з выяваю святога Сцыліяна, святых Зосіма і Савація.

Вясковыя «багамазы» добра прыстасоўваліся да попыту і густу асноўных спажыўцоў іх творчасці: яны малявалі абразы каталіцкія, праваслаўныя і ўніяцкія, копіі самых шанаваных абразоў і нават звярталіся да сусветнай мастацкай спадчыны (тыражавалі творы вялікіх еўрапейскіх жывапісцаў, сярод якіх самым папулярным была карціна Рафаэля «Мадонна ў крэсле»).

Хто, дзе і калі ствараў гэтыя абразы; якім чынам яны распаўсюджваліся і як траплялі ў вясковыя хаты?

Каб паспрабаваць адказаць на гэта пытанне, трэба ўзгадаць, што падобныя абразы былі распаўсюджаны не толькі на Беларусі — у ХІХ і да сярэдзіны ХХ ст. яны шырока бытавалі і на тэрыторыі Украіны (Падняпроўі і Палессі, Падоллі, Сумшчыне, Харкаўшчыне), сустракаюцца яны і ў Польшчы на землях, якія мяжуюць з Украінай і Беларуссю.

Украінскія калекцыянеры і музейшчыкі сабралі багатыя калекцыі гэтых абразоў, што дазволіла ім не толькі стварыць музей, але і вельмі грунтоўна падысці да вывучэння гэтах твораў. Сучасныя даследчыкі вывучылі гісторыю збірання народных абразоў, распрацавалі прынцыпы іх сістэматызацыі, што ў сваю чаргу дазволіла атрыбуціраваць большую частку абразоў; яны выдалі не адзін дзясятак даследаванняў факталагічнага характару і падышлі да грунтоўных асэнсаванняў структурнай спецыфікі народнага іканапісу як часткі ўкраінскай культуры і ментальнасці.

Украінскія даследчыкі не бяруцца канкрэтна называць месца, дзе гэтыя абразы былі напісаны, а тым больш — кім. Зразумела, што нейкага адзінага цэнтра народнага іканапісу не было — былі рамеснікі, якія працавалі па замовах храмаў, манастыроў і прыватных асобаў, і былі вясковыя «багамазы», якія працавалі на продаж. Такім чынам, побач з прафесіяналамі працавалі самавучкі, якія часцей за ўсё не прытрымліваліся канонаў, бо не мелі спецыяльнай падрыхтоўкі. Але ж і адрасаваліся іх творы ў асноўным далёкім ад ведання тонкасцяў кананічнага іканапісу вясковым жыхарам. Народныя абразы можна разглядаць і як прыклад своеасаблівага тыражавання для шырокага спажыўца (нешта накшталт сучасных паштовак і каляндарыкаў, толькі зробленых сваімі рукамі). Магчыма, існавалі цэлыя дынастыі вясковых «багамазаў», а можа, нават і цэлыя вёскі, жыхары якіх займаліся гэтай справай.

Аўтарства іконаў высветліць немагчыма, але гэта звычайная з’ява і для іканапісу, і для народнага мастацтва ўвогуле. Таму такія лаканічныя анатацыі да іконаў: назва, час і месца, але не месца напісання, а месца, дзе яны бытавалі.

Нават першае знаёмства з народнай іконай дазваляе зразумець яе прыналежнасць і да хрысціянска-царкоўнай і да этнакультурнай традыцыі — перад ёю моляцца і ў той жа час яна выступае як абярэг. Менавіта ў гэтым яе ўнікальнасць.

На Беларусі народная ікона позна стала аб’ектам калекцыянавання і вывучэння, таму ў мастацтвазнаўцаў няма адзінага разумення гэтага тэрміну, няма дакладных звестак пра час узнікнення гэтага феномену і сацыяльнай прыналежнасці яго майстроў. Вельмі доўгі час у вясковых абразах бачылі толькі спрошчаны варыянт высокага іканапісу і не надавалі яму самастойнай мастацкай каштоўнасці. Аднак, на наш погляд, народная ікона — гэта неад’емная частка народнага мастацтва і культуры, якія ў сваю чаргу не з’яўляюцца прымітыўнымі варыянтамі прафесійнай культуры і мастацтва.

Вольга Залуцкая

Гл. таксама:
Андрэй СКІДАН :: УБАЧЫЦЬ НА ЎЛАСНЫЯ ВОЧЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY