Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Стэфан СВЯЖАЎСКІ

СВЯТЫ ТАМАШ, ПРАЧЫТАНЫ НАНАВА

Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011.

ХІ. СВЕТ ЦЕЛАЎ — СВЕТ ДУХАЎ

Мы пераадолеем даволі цяжкі этап разважанняў, перш чым пяройдзем да праблемы чалавека. Усё тое, што нас атачае, што мы чуем, бачым, да чаго можам дакрануцца, адчуць нашымі пачуццямі, мы вызначаем як свет цялесных бытаў. Што можа, паводле св. Тамаша, ведаць чалавек пра гэты свет з філасофскага гледжання? Што дае філасофія для разумення цялеснага свету?

Тамаш — вызнаўца філасофіі, якая з вялікім даверам і павагаю ставіцца да пачуццёвага пазнання. Бо, як мы бачылі, у хрысціянскай думцы ўвогуле, а ў св. Тамаша асабліва, матэрыя карыстаецца вялікай павагаю. Хрысціянская думка заўсёды была супраць нейкага пагарджання матэрыяй. Усё, што ёсць, — добрае. Вельмі моцна гэта заўсёды падкрэслівалі філосафы-хрысціяне. Гэта ж самае датычыць і пачуццяў, калі гаворка ідзе пра пазнанне. Мы вернемся да гэтага, калі будзем гаварыць пра чалавека.

Чалавек абдараваны пачуццёвым і разумовым пазнаннем. Калі б чалавек не меў аніякіх пачуццяў, калі б быў пазбаўлены ўсіх шляхоў, праз якія звычайна атрымлівае ўражанні, ён не мог бы мець у гэтым жыцці ніякага разумовага пазнання. Св. Тамаш тут яўна ідзе па лініі, вельмі добра акрэсленай традыцыяй арыстоцелеўскай філасофіі. Часам гэтую філасофію інтэрпрэтуюць занадта біялагічна, як натуралістычную і матэрыялістычную. Але гэта занадта скрайні падыход. Арыстоцелізм — гэта тып філасофіі, які бачыць усю падставу чалавечага пазнання ў пазнанні пачуццёвым. А гэтае пачуццёвае пазнанне — зрок, смак, дотык, слых — датычыць уласна свету целаў, таго, што нас атачае, усіх цялесных існасцяў. Чыстага Духа, Бога як духа найдасканалейшага і іншых чыстых духаў ніхто ніколі не бачыў. Пра існаванне Бога мы можам зрабіць выснову толькі на падставе своеасаблівай веды, якая датычыць навакольнай рэчаіснасці, веды, якую мы здабываем з вялікай цяжкасцю. Пачуццёвае пазнанне ёсць зыходным пунктам для пазнання разумова-духовага, якое ёсць адпаведнай прыладаю, што дазваляе нам дайсці да праблемы Бога, заняцца філасофскім, метафізічным сузіраннем.

Таксама і наша вера мае свой зыходны пункт, сваё паходжанне ў слыхавых уражаннях. Яна выводзіцца з таго, што чалавек чуе ад таго, хто прапаведвае праўды веры (пра гэта ясна сказана ў св. Паўла: Fides ex auditu — вера са слыху [Рым 10, 17]). Таму і тут зыходным пунктам ёсць пачуццёвае ўспрыняцце слыхам, бо праз слых ці праз іншы спосаб спасціжэння знакаў, якія перадаюць мову, мы можам успрыняць змест, перададзены гэтай мовай. Fides ex auditu — вера паходзіць са слыху; гэта важкія словы, якія паказваюць, наколькі велізарнае значэнне надае хрысціянская думка нашаму сціпламу, мізэрнаму пачуццёваму пазнанню і адначасна ўсяму матэрыяльнаму свету, што ёсць тым матэрыялам, з якім мы пастаянна сутыкаемся ад нараджэння да смерці і з якога чэрпаем нашыя веды.

Таму св. Тамаш з’яўляецца рашучым праціўнікам скрайняга спірытуалізму, г.зн. такога стаўлення, якое недаацэньвае альбо не ўлічвае ў карціне свету, у пазнанні рэчаіснасці пазнаваўчага кантакту з цялесным светам. Адзін з вельмі далёкіх ад хрысціянскай думкі філосафаў, Барух Спіноза, які ў XVII стагоддзі стварыў найбольш паслядоўную філасофскую пантэістычную сістэму, г. зн. сістэму, якая атаясамлівала Бога са светам, абвясціў: «я пачынаю філасафаваць ад Бога». Ён з пагардаю выказаўся пра схаластычных філосафаў, якія ў сваім філасафаванні зыходзяць ад рэчаў, ад датыкальных, пачуццёва ўспрымальных бытаў. Дэкарт жа пачынае сваё філасофскае разважанне ад сябе, ад сваёй уласнай істоты, ад свайго «я». Для св. Тамаша, як мы бачылі, у самым сэрцы метафізікі змяшчаецца праблема Бога, але ўсё філасофскае мысленне — як яшчэ пабачым, абмяркоўваючы Тамашову канцэпцыю чалавека, — вырастае з кораня пачуццёвага пазнання. Пазнанне разумова-духовае тым дасканалейшае, чым дасканалейшае, чым больш вытанчанае і дакладнае наша пачуццёвае пазнанне.

На цялесны свет, на ўсе цялесныя рэчы, якія нас атачаюць, можна глядзець вельмі па-рознаму. Цалкам інакш будзе ацэньваць гэтую рэчаіснасць тэхнік, інакш — жаўнер, інакш — лекар, яшчэ інакш — мастак-скульптар, батанік, хімік, гуманітарый, філосаф. Нам важна ўсвядоміць што з’яўляецца асаблівасцю філасофскага бачання цялеснага свету. Гэта будзе неабходным для нас, каб зразумець Тамашову канцэпцыю чалавека. Да часоў св. Тамаша дакладных навук, уласна кажучы, яшчэ не было. Развіваліся розныя мастацтвы і рамёствы (artes), якія ўсе залічаліся да філасофіі. У еўрапейскай думцы як першая спецыяльная навука вылучылася оптыка. Развіў яе, між іншым, славуты польскі вучоны Вітэлё Слёнзак, філосаф неаплатонік і прыродазнавец, які мог асабіста ведаць св. Тамаша. Мы можам ганарыцца тым, што адзін з нашых суайчыннікаў, які належаў да тагачаснай сусветнай эліты, браў удзел ва ўзнікненні першай нефіласофскай спецыяльнай навукі. Іншыя навукі ў тыя часы былі яшчэ змешаныя ў адным тыглі разам з філасофіяй, і толькі ў XV стагоддзі яны паволі і паступова аддзяляюцца ад яе, пачынаючы дамагацца сваіх уласных правоў і прыходзіць да самастойнага развіцця.

Асновай усяго філасофскага бачання св. Тамаша, датычнага пазнання будовы цялеснага свету, з’яўляецца вядомая ўжо нам тэза (да якой мы мусім увесь час вяртацца) пра складзенасць усіх бытаў з двух элементаў, а менавіта з магчымасці і здзяйснення. Прыгадайма сабе, што толькі Бог цалкам свабодны ад усялякай складзенасці. Толькі ў Богу няма складзенасці з сутнасці (магчымасці) і з існавання (здзяйснення). Бог ёсць існаваннем. Усё па-за Ім складзенае з магчымасці, якая ёсць сутнасцю дадзенай рэчы, і здзяйснення гэтай магчымасці, якое з’яўляецца прыналежным гэтай рэчы існаваннем. Цяпер нам варта зрабіць наступны крок. Вось жа, складзенасць з магчымасці і здзяйснення, з патэнцыі і акту, ажыццяўляецца на двух узроўнях. Усе быты, як цялесныя, гэтак і духовыя, па-за Богам, складзеныя з сутнасці і існавання, але ў духовых бытах, у чыстых духах (анёлах) сутнасць няскладзеная, простая. У Богу сутнасць не адрозніваецца ад існавання, яна тоесная з існаваннем. Анёл жа не мае складзенай сутнасці, як цялесныя быты. Ён мае простую сутнасць.

Але ў цялесных бытах — і гэта асноўная тэза — сутнасць складзеная з магчымасці і здзяйснення. Гэта значыць, што ў цялесных бытах складзенасць выступае на двух узроўнях. На першым — больш агульным, з сутнасці і існавання. На другім — у межах самой сутнасці, з магчымасці і здзяйснення. Але гэтая магчымасць у сутнасці цялесных бытаў своеасаблівая. Гэта магчымасць быць рэччу абсяжнай, працяглай, такой, якую мы называем уласна целам альбо чымсьці, што займае прастору, што з’яўляецца квантытатыўным, колькасна вызначаным, вымяральным, складзеным з частак. Гэта ўласна тая магчымасць другога тыпу, другога шэрагу, якая ў тагачаснай філасофскай тэхнічнай мове называлася матэрыяй. Трэба памятаць, што тут слова «матэрыя» азначае штосьці цалкам іншае, чым тое яго значэнне, якое ўжываюць фізікі, прыродазнаўцы ці тэхнікі. Гэта не ёсць нейкае гатовае творыва, а толькі магчымасць, а значыць штосьці, што само па сабе не можа існаваць і адначасова ёсць магчымасцю быць працяглаю рэччу.

Здзяйсненнем гэтай магчымасці другога тыпу, магчымасці, якая змяшчаецца ў сутнасці цялесных бытаў, ёсць наданне гэтай працягласці кшталту ў найшырэйшым значэнні гэтага слова, альбо сфармаванне гэтай магчымасці перш за ўсё ў дачыненні да працягласці. У філасофскай мове гэта называецца формай. Беручы прыклад з найпрасцейшых рамёстваў, напрыклад, з рамяства ганчара, матэрыя мелася б выконваць ролю гліны, якой ганчар надае пэўны кшталт; ролю кшталту выконвала б тут форма. Але гэта не зусім добры прыклад, бо магчымасць, пра якую мы гаворым, не з’яўляецца яшчэ сама па сабе ніякай цялеснай рэччу, у адрозненне ад гэтай рэальна існуючай гліны. Таму цялесныя быты, паводле св. Тамаша, маюць двайную складзенасць. Яны складзеныя з сутнасці і існавання, а іх сутнасць, апрача таго, складзеная з магчымасці быць чымсьці працяглым, альбо з матэрыі і здзяйснення гэтай магчымасці, альбо формы. Такім чынам, матэрыя і форма з’яўляюцца канстытутыўнымі складнікамі сутнасці цялесных бытаў.

Гэтая справа цяжкая для разумення. Але трэба абавязкова да яе вяртацца, гэтаксама, як да праблемы сутнасці і існавання. Без зразумення гэтага нельга зразумець некаторых ключавых думак св. Тамаша, перадусім тых, якія датычаць чалавека. Складзенасць з матэрыі і формы, ці з магчымасці да працягласці і са здзяйснення гэтай магчамасці, па-грэцку называюць гілемарфічным складаннем. Грэцкае слова hyle азначае «матэрыя, творыва», даслоўна — «лес, драўніна», з якой вырабляюць розныя прадметы. Таму сярэднявечныя знаўцы лаціны часта перакладалі слова hyle як silva — «лес». Morfe — азначае «форма, кшталт». Тады гілемарфізм — гэта погляд, згодна з якім сутнасць усіх цялесных бытаў складзеная з матэрыі і формы. Мы будзем часта ў нашых разважаннях вяртацца да гэтых тэрмінаў: матэрыя і форма. Але мы заўсёды павінны памятаць, што ўжываем іх у гэтым асаблівым, акрэсленым вышэй, значэнні. Гэта словы, узятыя са звычайнай, ужыванай у штодзённым жыцці мовы, якія былі напоўненыя іншым, філасофскім зместам.

Пяройдзем цяпер да сцвярджэнняў св. Тамаша, якія больш удакладняюць разуменне складзенасці усіх цялесных бытаў.

1. Усё (без вынятку), што атачае нас ва ўспрымальным свеце, ці ў свеце, існаванне якога можа быць пацверджанае з дапамогаю пачуццяў, — гэта быты, складзеныя з матэрыі і формы, разуметых так, як было ўжо сказана. Матэрыя — гэта не творыва, не матэрыял тыпу гліны ці дрэва. Гэта штосьці, што паводзіць сябе як гліна, як дрэва, з якіх мае быць зроблены нейкі прадмет ці злепленае нейкае начынне; слова «матэрыя» ўжытае тут бадай метафарычна. Св. Тамаш паўтарае, што гэтак, як магчымасць не можа існаваць адна без здзяйснення гэтай магчымасці, ці без акту — гэтаксама нідзе ў свеце не існуе адна матэрыя без формы. Існуюць толькі быты, складзеныя з матэрыі і формы. Dicere quod materia est in actu sine forma est dicere contradictoria esse simul, unde a Deo fieri non potest (Quodlibetum III, 1, 1) — сцвярджаць, што матэрыя est in actu, г.зн. здзейсненая sine forma без формы, ці без здзяйснення, гэта значыць лічыць, што супярэчныя рэчы могуць існаваць разам, што нешта можа быць здзейсненым і разам з тым не быць здзейсненым. І таму нават ад Бога не можа зыходзіць (a Deo fieri non potest) тое, каб існавала матэрыя без формы. Матэрыя, якая існуе без формы, магчымасць існуючая ці здзейсненая — без здзяйснення ёсць рэччу супярэчнаю, а значыць сама матэрыя без формы — св. Тамаш гэта вельмі моцна падкрэслівае — не можа існаваць і не можа быць створаная Богам, які не можа ствараць супярэчных бытаў.

Forma dat esse materiae, — кажа ён у «De principiis naturae» («Пра пачаткі прыроды») — форма дае існаванне матэрыі. Уласна кажучы, толькі Бог дае існаванне кожнай рэчы сваім створчым актам, які дзейнічае заўсёды і ўтрымлівае ўсё ў існаванні. Тым не менш матэрыя атрымлівае існаванне ад Бога заўсёды праз форму — і таму св. Тамаш кажа, што форма дае існаванне матэрыі. Матэрыя ёсць сапраўдным элементам цялесных бытаў, які сам без формы, паводле св. Тамаша, існаваць не можа. Сапраўдным — трэба пры гэтым памятаць — ёсць не толькі тое, што гатовае, што існуе, што ёсць поўным бытам, але сапраўдныя таксама элементы, якія з’яўляюцца канстытутыўнымі чыннікамі поўнага быту. Матэрыя ўласна — элемент быту, чыннік, які ўдзельнічае ў канстытуяванні цялеснага быту, а не сам быт. Таму матэрыя ёсць усё ж нечым рэчаісным, хоць адна без формы існаваць не можа. Яна не з’яўляецца прадметам ідэальным, уяўным ці толькі нейкім гіпатэтычным, рабочым элементам. Яна, паводле Тамаша, — сапраўдны складнік цялесных бытаў.

Але сапраўды і самаісна, самастойна існуюць толькі г.зв. composita, entia composita — быты складзеныя, спалучаныя, а значыць: composita ex materia et forma — складзеныя з матэрыі і формы. Тое, што ў мове грэцкай філасофіі называлася так выдатна sinola (sin — «разам», holos — «увесь»). Sinolon — складзены, але цэласны быт. Ніводзін з цялесных бытаў, якія нас атачаюць, не з’яўляецца толькі матэрыяй ці толькі формай, але спалучэннем гэтых двух элементаў. І кожны быт з’яўляецца нейкай цэласцю і адзінствам. Вядома, мы цяпер разумеем, што сапраўдным адзінствам ёсць толькі Бог, у якім сутнасць і існаванне цалкам тоесныя. Іншыя адзінствы — па-за Богам — усё менш з’яднаныя, усё больш раздзеленыя па меры таго, як мы набліжаемся да цялеснага свету. Тым не менш, у кожным быце ёсць адлюстраванне таго адзінства, часта вельмі недасканалае, бо быты — гэта люстэркі рознай дасканаласці, але ўсе яны адлюстроўваюць дасканалае адзінства Бога.

2. Св. Тамаш, згодна, зрэшты, з вельмі дайняй традыцыяй, налічвае пяць асноўных відаў такіх цэласных, самастойна існуючых у нашым свеце цялесных бытаў. Некаторыя лічаць, што гэты падзел можна аднесці толькі да тагачаснага стану фізікі і іншых навук, але, падобна, што гэтая схема можа падыходзіць да любога віду прыродазнаўчых гіпотэзаў. Праўда, гэтыя гіпотэзы змяняюцца адна за адной, і кожны раз інакш, з гледзішча дакладнасці, прадстаўляючы нам будову целаў і ўсяго цялеснага свету. Гэтыя пяць відаў, пяць класаў цялесных бытаў, нібы ўтвараюць прыступкі лесвіцы, якія павінны паказваць ступені дасканаласці цялесных існасцяў.

а) Першая прыступка — гэта найменшыя часцінкі, нябачныя, няўлоўныя sinola. Гэтыя часцінкі ўтвараюць канву, структуру ўсіх цялесных бытаў. Св. Тамаш ніколі не назваў бы іх атамамі, бо atomos азначае «непадзельны», а калі нехта лічыць, што найдрабнейшыя часцінкі непадзельныя, то тым самым ён вызнае пэўную спецыфічную касмалагічную канцэпцыю, з’яўляецца паслядоўнікам атамізму, заснаваным на філасофіі прыроды. Тамаш не сцвярджаў, што гэтыя найменшыя часцінкі непадзельныя. Наадварот, яны могуць быць падзеленыя да бясконцасці. Важна тое, што гэта найдрабнейшыя часцінкі. Гэта тыя першыя sinola, найніжэйшыя цялесныя адзінкі, якія св. Тамаш называе corpora elementaria — элементарнымі целамі, найніжэйшымі, самымі асноўнымі элементамі.

б) Другім узроўнем з’яўляюцца целы, утвораныя са спалучэнняў гэтых элементарных целаў. Можам назваць іх спалучанымі целамі, складзенымі з найдрабнейшых часцінак, як, напрыклад, малекулы, складзеныя з атамаў. Гэтыя назвы могуць быць рознымі, запазычанымі з тэрміналогіі прыродазнаўчых навук. У Тамаша гаворыцца пра тое, што другая прыступка ў лесвіцы цялесных існасцяў — гэта спалучэнні, утвораныя з найдрабнейшых элементарных целаў.

На гэтым заканчваецца неажыўлены свет. Няма ўжо іншых цялесных і неажыўленых бытаў, якія з’яўляюцца самаіснымі, самастойнымі цэласцямі і адносна дасканалымі адзінствамі. У арыстоцелеўскай мове такі быт называецца субстанцыяй. Гэта быт, які сам па сабе з’яўляецца цэласцю, існуе самастойна і ёсць носьбітам своесаблівых уласцівасцяў. Вось жа, у неажыўленым свеце ёсць толькі гэтыя два віды такіх субстанцыяў. Іншыя быты, як камяні, камякі зямлі, вырабы людзей, не з’яўляюцца субстанцыямі (у дакладным значэнні гэтага слова). Субстанцыямі, бытамі, якія з’яўляюцца адзінствамі і разам з тым самастойныя, якія сапраўды sinola і composita, — гэта ў неажыўленым свеце толькі элементы і іх спалучэнні. На трох наступных узроўнях знаходзяцца цялесныя ажыўленыя існасці, якія насяляюць свет.

в) Трэці від цялесных бытаў — гэта раслінныя арганізмы. Там, дзе ёсць жыццё, ад найменшых і найпрасцейшых да найбольш складаных арганізмаў, арганізм ужо з’яўляецца нейкім адзінствам, хоць часам вельмі нетрывалым.

г) Чацвёртую групу ўтвараюць жывёльныя арганізмы. Не ёсць задачай філосафа высвятляць, як далёка сягае валадарства раслінаў і дзе пачынаецца свет жывёлаў альбо дзе распачынаецца жыццё. Гэта праблемы, якія належаць да дакладных навук. Верагодна, што мы да канца свету не будзем ведаць дакладна, дзе канкрэтна праходзяць гэтыя межы. Філосаф можа толькі агульна ўказаць, дзе і як яны праходзяць. Жывёльныя арганізмы пачынаюцца там, дзе ўзнікае пачуццёвае пазнанне, ад самага слабага да найбольш складанага. Шмат якія жывёлы пераўзыходзяць нас, людзей, у пачуццёвым пазнанні. Мы добра пра гэта ведаем: шмат унутраных і знешніх пачуццяў у некаторых жывёлаў больш дасканалыя, чым у нас.

д) Пяты тып цялесных існасцяў — гэта людзі.

Вось пяць відаў асноўных субстанцыяў, ці самастойных цялесных бытаў, якія св. Тамаш, згодна, зрэшты, з вельмі даўняй традыцыяй, называе і прымае як існуючыя ў свеце, які нас атачае. Адрозненні, якія выяўляліся ў гэтай традыцыі, ён трактуе так, што ўрэшце застаюцца пяць ужо названых тыпаў.

3. У свеце, у якім мы жывем, узнікае падзел усіх цялесных існасцяў на два валадарствы: натуральных бытаў і вырабаў. Толькі названыя пяць асноўных субстанцыяў, элементы, спалучэнні элементаў, расліны, жывёлы і людзі, утвараюць валадарства натуральных бытаў. Усё ж іншае ў гэтым свеце — вырабы жывёлаў ці людзей. Ёсць прынцыповая розніца паміж будаваннем хатаў бабрамі і чалавекам, але і бабры будуюць хаткі, пчолы робяць соты, а птушкі — цудоўныя гнёзды; усё гэта — вырабы. Адзінства нават самага мудрагелістага птушынага гнязда ці іншага жывёльнага ці чалавечага вырабу не з’яўляецца, аднак, самастойным адзінствам субстанцыі. Шафа ці стол не з’яўляюцца субстанцыямі. Усё гэта — свет вырабаў. Усе сталярскія вырабы, будынкі, адзенне, прылады і ўсе прадметы штодзённага ўжытку выяўляюцца ў святле філасофскага разважання агрэгатамі, спалучэннямі найніжэйшых элементарных субстанцыяў і субстанцыяў, якія самі з’яўляюцца спалучэннямі элементаў. Часам да іх дадаюцца нейкія раслінныя ці жывёльныя субстанцыі, якія выпадкова ўлучаюцца ў гэтыя вырабы.

Нічога ў матэрыяльным свеце не застаецца па-за гэтым падзелам на натуральныя быты з аднаго, і вырабы з другога боку. Часта мы не ўсведамляем, што паміж гэтымі двума светамі праходзіць выразная мяжа. Калі мы яе ўсвядомім, тады інакш паглядзім на ўсё, што нас атачае. Уласна натуральных субстанцыяў няшмат. Мы жывем, аточаныя пераважна вырабамі. І гэтыя вырабы таксама маюць сваё адзінства. Нейкім адзінствам ёсць стол, кніжка, аловак і любая частка нашага адзення, усё. Але гэта нададзеныя адзінствы, якія паходзяць ад вытворцы, ад жывёлы ці чалавека, але не вынікаюць з прыроды рэчаў. У гэтым палягае прынцыповая розніца паміж гэтымі двума відамі бытаў.

4. Межы, якія ўзнікаюць паміж пададзенымі вышэй пяццю асноўнымі тыпамі натуральных цялесных бытаў, з’яўляюцца межамі таямнічымі. Яны няўлоўныя для ўспрымання, нябачныя. Мяжу паміж ажыўленым і неажыўленым бытам часам вельмі цяжка вызначыць, як і паміж элементам і спалучаным целам. Але тут зноў можа дапамагчы філасофская рэфлексія: кожная найменшая існасць і яе праявы на якім-небудзь ярусе гэтых пяці катэгорыяў з гледзішча дасканаласці бясконца перавышае ўсё, што знаходзіцца на ніжэйшым ярусе. Напрыклад, адзіная праява самага прымітыўнага жыцця бясконца больш каштоўная за ўсю масу неажыўленай матэрыі, якая запаўняе космас, усе галактыкі. Падобна як і адна праява пазнання, нават самага сціплага пачуццёвага пазнання, непараўнальна дасканалейшая за ўсё біялагічнае жыццё, яшчэ не надзеленае пазнаннем. Адзіны ж акт разумовага пазнання і акт вольнай волі, свабоднага выбару, зноў жа бясконца больш каштоўны за ўсё, што адбываецца на ніжэйшых ступенях.

Гэтую думку св. Тамаш уводзіць у сферу надпрыроднага жыцця, у парадак ласкі. Адзіны акт, выкананы на ўзроўні ласкі, бясконца больш каштоўны за ўсё, што адбываецца ў парадку прыроды. Гэта іерархізацыя, гэтая ступенчатасць каштоўнасці часам бывае ашаламляльнай. Яна часта адкрывае нам захапляючыя перспектывы ў розных навуках і галінах пазнання. Мы ведаем, напрыклад, што сучасныя астраномы падзеленыя на два станы. Адны сцвярджаюць, што ёсць мноства населеных планетаў, што такіх планетарных сістэмаў, як наша, можна сустрэць шмат у нашай галактыцы ці ў іншых галактыках, якіх мільёны. Іншыя пытаюць: хто ведае, ці Зямля ўсё ж не адзіная? Можа, неабходны аж такі велізарны quantum неажыўленай матэрыі, каб маглі ўтварыцца дзесьці, у самым «глухім» закутку сусвету, такія ўмовы, якія зрабілі б магчымым з’яўленне першых слядоў жыцця? У святле прадстаўленай вышэй іерархічнай канцэпцыі такое дапушчэнне перастае быць абсурдным. Адказу на гэтыя пытанні філасофія не дае. Фармаванне гіпотэзаў на тэму населенасці іншых планетаў належыць прыродазнаўцам, астраномам. Філасофская праблема ступенявання цялесных існасцяў таксама вядзе да такіх пытанняў.

5. Ад нараджэння і да смерці нас пастаянна атачаюць менавіта цялесныя субстанцыі альбо іх агрэгаты, спалучэнні. Зрэшты, хутчэй спалучэнні, чым субстанцыі, бо чым хутчэй развіваецца чалавечая культура, тым больш у нашым атачэнні вырабаў і ўсё менш кантактаў з натуральнымі бытамі. Гэта вельмі характэрна для нашай эпохі і для ўсёй нашай ментальнасці, якая нейкім чынам адзначаная гэтай асаблівасцю. Вырабы з’яўляюцца нічым іншым, як толькі агрэгатамі натуральных субстанцыяў. Яшчэ раз трэба нагадаць, што кожная з гэтых субстанцыяў і кожны з агрэгатаў у большай ці меншай ступені з’яўляецца адзінствам. Нейкае адзінства арганізуе кожную рэч у цэласць. Натуральна, жывёла ёсць больш адзінствам і цэласцю, чым расліна, яшчэ больш — чалавек. Агрэгаты ж маюць адзінства, якое паходзіць ад іх вытворцы. Далёкасяжныя наступствы для канцэпцыі чалавека мела наступная тэза св. Тамаша: у кожнай натуральнай субстанцыі ёсць толькі адна ўтвараючая форма, ці здзяйсненне, якое фармуе магчымасць. У тэхнічнай філасофскай мове гаворыцца: ёсць толькі адна субстанцыяльная форма, ці форма, якая канстытуюе дадзены быт як субстанцыю. Толькі адна! А значыць няма такога, што асобна канстытуюецца чалавечае цела так, як кораб, як скрыня, якую канстытуюе форма цела і ў якую ўваходзіць, будучы нібы асобнай існасцю, душа і жыве ў гэтым целе, як у футарале. Усе мы больш-менш гэтак і думаем. Але св. Тамаш радыкальна супраць такой канцэпцыі. Ён лічыць яе наіўнай, магічнай, цалкам супярэчнай рэчаіснасці. Тое, што канстытуюе, што арганізуе, што яднае дадзеную субстанцыю, што ўтварае з яе адзінства, што стварае ў ёй самастойнасць быту, — гэта тая адзіная ў кожнай субстанцыі субстанцыяльная форма.

У ажыўленых бытах, а значыць і ў чалавеку, мы называем гэтую форму душою. Гэтае сцвярджэнне вымагае грунтоўнага разважання. Яно абвяшчае праўду, далёкую ад звычайнай катэхізацыі, ад практыкаванага паўсюль прапаведніцтва, ад нашага разумення чалавека. А тым часам Тамаш трактуе гэтае пытанне цалкам адназначна. Ёсць адна субстанцыяльная форма, якая канстытуюе ўсё ў дадзеным быце: тое, што ён ёсць бытам, што ёсць целам. У расліне — тое, што яна мае жыццё, у жывёле — тое, што яна мае жыццё і пачуццёвае пазнанне, у чалавеку — тое, што ён мае жыццё, пачуццёвае і разумовае пазнанне і вольную волю. Усё гэта ёсць справаю гэтай адной формы. Ад найніжэйшых да найвышэйшых узроўняў. Гэтая форма адзіная, і мы называем яе душою. Св. Тамаш упэўнена кажа пра душы раслінаў, жывёлаў і душу чалавека. Паўсюль, дзе ёсць жыццё, ёсць душа. А гэтая душа не з’яўляецца агеньчыкам, які жыве ў целе як у гатовай скрыначцы, а толькі формаю, якая канстытуюе гэтую скрыначку, гэты цялесны арганізм і ёсць крыніцаю ўсіх яго функцыяў.

6. Таму душа для св. Тамаша — гэта не субстанцыя, якая жыве ў іншай цялеснай субстанцыі. Будова цялесных бытаў не прадстаўляецца так, што яна складаецца з адной субстанцыі, якая ёсць душою, і другой, якая ёсць целам. Душа ёсць асноваю жыцця. Асноваю жыцця, сціплага ў расліне, багацейшага ў жывёле і, нарэшце, асноваю найбагацейшага і ад прыроды здольнага да працягу — у чалавеку. І таму св. Тамаш інакш, чым св. Аўгустын, вызначае душу. Ён ідзе тут за арыстоцелеўскай традыцыяй, а не за думкаю св. Аўгустына. Урэшце ён згодзіцца са св. Аўгустынам, але гэта будзе толькі ў канцы шляху. Спачатку ж ён стаіць на іншай пазіцыі.

Для св. Аўгустына душа перш за ўсё — субстанцыя духовая і разумная. Памятаю, калісьці як малады дактарант я браў удзел у семінары, які вёў праф. Жыльсон. Мы чыталі розныя сярэднявечныя тэксты на тэму душы. Там, дзе душа была акрэсленая як субстанцыя разумная: ..Anima est substantia rationalis, мы разумелі, што аўтар тэксту прадстаўляе Аўгустынаў кірунак. Але там, дзе былі выразы тыпу: Anima rationalis est forma corporis — душа разумная ёсць формаю цела, было ясна, што тэкст натхнёны думкаю св. Тамаша. Для Тамаша душа таксама ніколі не з’яўляецца асобаю. Асобаю ёсць толькі чалавек, увесь чалавек, і таму смерць — гэта разрыў, а ўстанне з мёртвых — амаль што філасофская неабходнасць. Гэтыя высновы маюць прынцыповае значэнне для правільнага разумення Тамашавага вучэння пра чалавека.

Думка св. Тамаша пра тое, што ў кожнай субстанцыі ёсць толькі адна субстанцыяльная форма, у ХІІІ ст. была новай адасобленай і «рэвалюцыйнай» канцэпцыяй. У той час пераважалі погляды, якія прымалі шматлікасць субстанцыяльных формаў. Лічылі, што нешта адно канстытуюе, напрыклад, у чалавеку цялеснасць, наступная форма надае пачуццёвасць, і ўрэшце з’яўляецца «агеньчык» у постаці субстанцыі разумнай душы, якая ёсць нібы вянцом гэтых узроўняў быцця. Св. Тамаш рашуча адкідае такое мноства субстанцыяльных формаў. Калі ён і быў асуджаны ў пэўных колах, то менавіта з той прычыны, што ягонае вучэнне пра адзіную форму здавалася занадта рэвалюцыйным. У той час гэта быў вельмі моцны заклік да прызнання адзінства чалавека. Але гэты бок вучэння св. Тамаша вельмі слаба выкарыстоўваўся тамістамі аж да ХХ стагоддзя. Можа толькі ў ХХ стагоддзі Жыльсон, Марытэн і іншыя пачалі крыху мацней акцэнтаваць гэты аспект яго вучэння.

Мы ўжо ведаем, што адзінай субстанцыяльнай формай у ажыўленых бытах з’яўляецца аснова жыцця, ці душа. Таму бачанне Тамаша ёсць цалкам адваротным бачанню свету, прапанаванаму трыма стагодддзямі пазней Дэкартам. Той сцвярджаў, што жывёлы — гэта машыны. Для св. Тамаша такі погляд непрымальны. Цалкам наадварот, жывёла — гэта арганізм, таксама цудоўны, як і арганізм чалавека, і які ў многіх выпадках нават пераўзыходзіць чалавека, а зусім не машына. Кожны арганізм — гэта сапраўдны цуд жыцця, а не бяздушная машына. У св. Тамаша мы сустракаемся з вялікай павагай да цялеснага свету, і асабліва да свету жывёльнага. Філасофскае пазнанне свету жывёлаў важнае таму, што мы з імі блізка пародненыя, і гэтае пазнанне дапамагае нам у разуменні механізму нашага пачуццёвага жыцця і пачуццёвага пазнання. Каб лепей пазнаць сябе, нам трэба ведаць і разумець жывёлаў. Вядома, ёсць істотная розніца паміж душой жывёлы і душой чалавека. Праяўляецца яна перадусім у характары мовы (можа, у Тамаша гэтая справа не прадстаўленая нагэтулькі ясна). Артыкуляваная мова чалавека нараджаецца з таго, што чалавек здольны да стварэння паняццяў, суджэнняў і разважання. У жывёлаў, прызнае св. Тамаш, праяўляюцца толькі зачаткі гэтых функцыяў у вельмі рудыментарнай форме; квазі-разважання, квазі-суджэнняў, але няма паняццяў. На гэтую розніцу ўказвае таксама развіццё культуры. Жывёлы не развіваюць сваіх творчых здольнасцяў, а для чалавека характэрная пастаянная змена вытворчасці і яе велізарная разнастайнасць. Гэта найбольш значная розніца, калі гаворка ідзе пра дзейнасць, тыповую для жывёлы і для чалавека.

7. Багатая сярэднявечная лацінская думка часта прыгожа прадстаўляла чалавека як мікракосм, як малы Сусвет, у якім сапраўды ўвасабляецца ўсё, усё багацце матэрыяльнага і духовага свету. А паколькі чалавек звязаны такімі моцнымі повязямі з усім светам: са светам матэрыяльным і са светам свабоды, г. зн. са светам чыстых духаў, таму яму пагражае небяспека з абодвух бакоў, і гэтая небяспека аднолькава пагрозлівая, калі гаворка ідзе пра яе наступствы. Чалавек можа забыцца пра свае сувязі з матэрыяльным светам альбо са светам свабоды і духу. Св. Тамаш добра ўсведамляў, што хрысціянскай думцы пастаянна пагражае і адно і другое.

Матэрыялізм не ёсць большай небяспекаю, чым скрайні спірытуалізм. Гэта дзве крайнасці, якіх трэба пазбягаць, каб не згубіць праўды. Гэта трэба добра сабе ўсвядоміць. Спірытуалізм абвяшчае, што ў чалавеку ёсць духовы элемент і падкрэслівае яго першынство ў іерархіі чыннікаў, якія канстытуююць чалавечую натуру. Скрайні спірытуалізм, больш за тое, абвяшчае, што сутнасцю чалавека з’яўляецца выключна гэты духовы чыннік. Сапраўды, духовы элемент у чалавеку непараўнальна больш каштоўны за той, які ў нас належыць да пачуццёвай і вегетатыўнай сферы, тым не менш адрыў таго, што духовае, ад цялеснасці — гэта скажэнне праўды пра чалавека і вялікая небяспека. У выпадку чалавека гэтая небяспека скрайняга спірытуалізму прымае постаць ангелізму, г.зн. змешвання прыроды чалавека з прыродаю анёла. Чалавек нё ёсць толькі жывёлаю, але таксама ён і не анёл; ён — чалавек. І таму разгляданне чалавека як толькі цялеснага быту без увагі на яго найбольшую каштоўнасць, якою з’яўляюцца прыроджаныя духовыя вартасці, гэта такая ж вялікая небяспека і скажэнне, як і трактаванне чалавека як анёла ў вязніцы цела.

Св. Тамаш у сваіх выказваннях, якія складаюцца ў вучэнне пра чалавека, пастаянна паўтарае, што злучэнне душы з целам ідзе ad melius animae — на лепшае для душы. Калі б душа была анёлам, то злучэнне душы з целам ішло б ёй на горшае, было б ad peius animae, але паколькі чалавек існасць псіхафізічная, то і чалавечая душа з’яўляецца асноваю жыцця не анёльскага ці жывёльнага, але такога, якое вызначыў чалавеку Бог. Таму гэтае злучэнне ad melius — ідзе на лепшае. Да гэтай тэмы мы яшчэ вернемся, калі будзем гаварыць пра чалавека.

Пераклад з польскай мовы
Алеся Жлуткі.

Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
na nowo odczytany. — Poznan, 1995.

Працяг будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY