Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

«Santo subito» — «адразу святы». Плакаты з такімі словамі з’явіліся на плошчы св. Пятра ў Рыме падчас пахавання папы Яна Паўла II 8 красавіка 2005 года. У Маскве я быў сведкам таго, як вернікі розных веравызнанняў і нават няверуючыя неслі кветкі да катэдры Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, каб скласці іх перад вялікім здымкам Яна Паўла ІІ. Яны стаялі перад ім, задуменныя, і гаварылі, што адышоў святы чалавек. Гэтаксама было ў Апостальскай нунцыятуры ў Маскве. Мноства людзей прыходзіла на працягу некалькіх дзён, каб выказаць свае пачуцці. Яны чакалі ў чарзе, каб пакінуць запіс у кнізе спачуванняў і пастаяць перад выяваю папы Караля Вайтылы.

Калі ў 1963 г. падчас Другога Ватыканскага Сабору памёр папа Ян XXIII, айцы Сабору хацелі абвясціць яго святым «per acclamationem» — гэта азначае па агульнай згодзе, аднак яго наступнік папа Павел VI вырашыў, што павінен адбыцца традыцыйны працэс беатыфікацыі і кананізацыі. У абодвух выпадках гэта быў голас народа, а лацінская прымаўка кажа: «Vox populi — vox Dei» («Голас народа — гэта голас Бога»). І гэты голас прагучаў на плошчы св. Пятра ў Рыме 27 красавіка 2014 г. з вуснаў Святога Айца Францішка, які кананізаваў найбольш вядомых Пантыфікаў ХХ стагоддзя.

З імем папы Яна XXIII звязана скліканне і распачацце Другога Ватыканскага Сабору, які стаў новым спасланнем Святога Духа — ён удыхнуў у Касцёл новую энергію, аднавіў яго і ўчыніў здольным больш эфектыўна адказваць на выклікі часу. Дзякуючы смеламу рашэнню гэтага Папы, якога называлі добрым Папам, Касцёл на Саборы адказаў на пытанне, «што ён думае пра самога сябе», і гэтым самым паглыбіў сваю самасвядомасць. У шаснаццаці саборных дакументах прадстаўлена вучэнне пра Касцёл у двух аспектах — «ad intra» і «ad extra» — пра яго ўнутраную прыроду і яго адносіны са светам. Такім чынам, Касцёл лепей пазнаў сябе самога, наблізіўся да чалавека, да свету і да людзей іншых веравызнанняў, што стала сапраўднаю рэвалюцыяй у яго вучэнні.

Трэба прыгадаць, што Пантыфікат папы Яна XXIII прыпаў на час кубінскага крызісу, калі свет знаходзіўся на валаску ад новай сусветнай вайны. І Папа адыграў вялікую ролю ў вырашэнні гэтага канфлікту. Яго энцыклікі «Mater et Magistra» («Маці і Настаўніца») пра Касцёл і «Pacem in terris» («Мір на зямлі») аб прынцыпах захавання міру адыгралі важную ролю тады і не страцілі сваёй актуальнасці ў наш час.

Плошча св. Пятра ў Рыме падчас кананізацыі.

Асоба Яна Паўла II таксама звязана з Другім Ватыканскім Саборам, асабліва з падрыхтоўкаю Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» («Радасць і надзея»), ажыццяўленнем рашэнняў Сабору і далейшым развіццём яго вучэння, асабліва сацыяльнага. Яго чатырнаццаць энцыклікаў, пятнаццаць апостальскіх адгартацый, вялікая колькасць пасланняў, прамоваў і гамілій ахопліваюць вельмі шырокі спектр жыцця і дзейнасці Касцёла, чалавека і свету. Ян Павел II застаўся ў гісторыі чалавецтва як Папа рэфарматар, абаронца правоў чалавека і свабоды веравызнання, міратворац, голас сумлення сучаснага свету, барацьбіт за сацыяльную справядлівасць, прыхільнік міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу. Мы ведаем яго як правідэнцыяльнага наступніка святога Пятра, знакамітага пастыра, выдатнага тэолага, гуманіста, апекуна моладзі, паэта, артыста, спартсмена, чалавека малітвы і дыялогу з людзьмі розных палітычных поглядаў, аматара мастацтва...

Жыццё Яна XXIII і Яна Паўла II з’яўляецца яскравым прыкладам адданага служэння Богу, Касцёлу і людзям, адкрытасці на натхненне Духа Святога, марыйнай пабожнасці, а таксама імкнення да святасці. Божы Провід паклапаціўся, каб праз служэнне гэтых двух Пантыфікаў у свеце з усёй моцай праявілася Божая міласэрнасць. Сведчаннем гэтага з’яўляецца скліканы папам Янам XXIII Другі Ватыканскі Сабор, які стаў паваротным пунктам у гісторыі Касцёла. Важным сведчаннем ёсць і той уклад, які ўнёс папа Ян Павел II у развіццё тэалогіі і культу Божай міласэрнасці. Сімвалічна, што кананізацыя абодвух вялікіх Папаў адбылася ў свята Божай Міласэрнасці — 27 красавіка 2014 года.

Без сумневу, Ян XXIII і Ян Павел II былі пратаганістамі другой паловы ХХ стагоддзя. Упэўненасць вернікаў і нават секулярнага свету ў іх святасці апярэдзіла афіцыйную кананізацыю іх Касцёлам. Гэтым самым сучасны свет пацвердзіў іх выключнасць. Асабістая святасць гэтых Пантыфікаў і іх супольная кананізацыя маюць асаблівае значэнне ў святле вучэння Другога Ватыканскага Сабору. Іх святасць упісваецца ў кантэкст Сабору, які адважна распачаў Ян XXIII і вучэннем якога жыў Ян Павел II. У жыцці гэтых новых святых чалавецтва бачыць святло Евангелля і новую надзею. Кананізацыя, здзейсненая папам Францішкам, які не прымаў удзелу ў Саборы, але жыве і дзейнічае паводле яго вучэння, указвае не толькі на прыклад двух хрысціянаў, якія сталі Папамі, але і на іх супольны шлях да аднаўлення Касцёла і адкрытасці на свет.

Гэтага дня чакаў Касцёл і ўсе людзі добрай волі — і ён настаў. Цяжка перадаць без хвалявання тое, што адбывалася тады ў Вечным горадзе. Ужо напярэдадні ўрачыстасці было немагчыма прайсці вуліцамі Рыма, а ў дзень кананізацыі толькі на плошчы св. Пятра і прылеглых вуліцах сабралася семсот тысяч чалавек. А колькі іх было ў іншых месцах горада, дзе знаходзіліся велізарныя тэлеэкраны? Вечны горад, які ўвесь час наведвае мноства пілігрымаў, такога яшчэ не бачыў. На кананізацыю прыбылі сто пяцьдзясят кардыналаў, тысяча біскупаў, сто афіцыйных дэлегацый з усяго свету, дваццаць тры кіраўнікі дзяржаваў, прадстаўнікі Праваслаўных Цэркваў, Англіканскай Царквы, габрэі, мусульмане і натоўпы пілігрымаў з усіх куткоў свету, што з’яўляецца найбольш красамоўным фактам і сведчыць пра вялікую папулярнасць новых святых, іх значэнне ў жыцці сучаснага Касцёла і свету.

Ніколі ў гісторыі Касцёла яшчэ не здаралася, каб ва ўрачыстасці кананізацыі ўдзельнічалі ажно чатыры Папы: папа Францішак і папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI — на плошчы св. Пятра, а Ян XXIII і Ян Павел II — у небе. У іх асобах і ў сабраным верным людзе пілігрымуючы Касцёл з’яднаўся з трыумфуючым.

Калі папа Францішак аб’явіў, што далучае гэтых Папаў да ліку святых, у многіх на вачах з’явіліся слёзы. Гэта былі слёзы радасці, бо святымі былі аб’яўлены тыя, хто змяніў жыццё Касцёла і падрыхтаваў яго да новых нялёгкіх часоў і даў новую надзею свету, асабліва Ян Павел II, якога многія ведалі, бачылі ці чулі асабіста, і Пантыфікат якога добра памятаюць. Гэта азначае, што мы атрымалі новых заступнікаў у нябёсах.

Радасць лунала на плошчы св. Пятра ў Рыме падчас кананізацыі.

Супольная кананізацыя Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ — гэта новае пацвярджэнне актуальнасці вучэння Другога Ватыканскага Сабору, які адыграў важную ролю ў аднаўленні Касцёла адпаведна патрабаванням часу, каб ён заўсёды быў маладым і дынамічным, застаючыся вартаўніком духоўных каштоўнасцяў.

Папа Францішак у гаміліі падчас кананізацыйнай св. Імшы, зыходзячы з Евангелля другой велікоднай нядзелі аб няверным Тамашы, нагадаў пра тое, што раны Езуса з’яўляюцца спакусай для веры і адначасова правяраюць яе. Святыя Ян XXIII і Ян Павел II мелі адвагу глядзець на раны Езуса, з іх чэрпалі веру і ўмацоўвалі яе ў людзях, даючы сведчанне Касцёлу і свету аб дабрыні і міласэрнасці Бога.

У сучасным свеце існуе шмат цяжкасцяў. Гэта сучасныя раны Хрыста. Прыклад святых Яна XXIII і Яна Паўла II заклікае адважна прыглядацца да іх і не адварочвацца, а дапамагаць церпячым і такім чынам умацоўваць нашу веру і сведчыць пра Хрыста.

Святы Ян Павел II добра прачытаў знакі часу. Ён аднавіў структуры Каталіцкага Касцёла на Усходзе. У краіны, дзе на працягу дзесяцігоддзяў панаваў ваяўнічы атэізм, ён уліў новы подых і падмацаваў новай энергіяй. Тым самым споўніліся яго словы, сказаныя ў Варшаве падчас першай пілігрымкі ў Польшчу ў 1979 г.: «Няхай сыдзе Твой Дух і адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі». Касцёл у Беларусі, у Расіі, ва Украіне, у Сярэдняй Азіі і іншых краінах былога Савецкага Саюза бязмерна ўдзячны Яну Паўлу ІІ за адвагу і дальнабачнасць.

Адрадзіўшы структуры Каталіцкага Касцёла на Усходзе, Святы Айцец памятаў пра яго і маліўся пра паспяховае вырашэнне яго праблемаў і яго развіццё. Не забуду, як пасля біскупскай сакры, якую Ян Павел ІІ удзяліў мне 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане, ён сціснуў маю руку і сказаў: «Тадэвуш, не бойся, усё будзе добра, я малюся за цябе». Калі я гаварыў яму пра цяжкасці, з якімі Касцёл сутыкаецца ў Расіі, ён заўсёды паўтараў: «Памятай пра пасланне Маці Божай у Фаціме — Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе, і Расія навернецца». Апошні раз я бачыў яго акурат за месяц да пахавання, у паліклініцы Джэмэллі ў Рыме, вечарам 8 сакавіка 2005 года. Мне сказалі, што ён хоча мяне бачыць. Я паехаў у паліклініку. Мітрапаліт Львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, тады — сакратар Яна Паўла ІІ, паведаміў, што трэба пачакаць, бо Святы Айцец моліцца і чытае Нешпары. У той момант я падумаў: чалавек, блізкі да смерці, памятае пра малітву Літургіі гадзінаў! Які незвычайны прыклад! Калі я ўвайшоў у пакой, Святы Айцец сядзеў у крэсле. Убачыўшы мяне, ён спытаў: «Што чуваць у Маскве?». Гэтыя словы прагучалі як праява клопату добрага пастыра пра сваю аўчарню. Яны былі для мяне вельмі важныя. Ён памятаў пра Касцёл у Расіі, які быў знішчаны атэізмам і адраджаўся да новага жыцця. Я перакананы, што, калі б перад ім стаяў біскуп з Мінска, ён спытаў бы, што чуваць у Мінску, калі з Кіева — то ў Кіеве... Такі быў Ян Павел ІІ — пастыр паўсюднага Касцёла, пра які ён клапаціўся да апошняй хвіліны. Прыгадаю момант яго адыходу да Дому Айца. Яму паведамілі, што на плошчы святога Пятра сабрала-ся моладзь, а ён сказаў: «Я шукаў вас — і вы прыйшлі да мяне».

Прыклад Яна Паўла ІІ як пастыра і проста адкрытага на ўсіх людзей чалавека, які ўсё сваё жыццё імкнуўся да святасці, павінен натхняць нас на ажыццяўленне яго закліку: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту, бо толькі Ён да канца ведае чалавека і толькі ў Ім чалавек можа зразумець сябе». Папа Вайтыла казаў, што святыя не просяць, каб мы іх праслаўлялі, але каб наследавалі. У наш час, калі чалавек жыве так, нібы Бог не існуе, гэтыя словы Яна Паўла ІІ Вялікага заклікаюць нас мужна вызнаваць сваю веру, бараніць хрысціянскія каштоўнасці, дар жыцця і сям’ю як аснову кожнага грамадства, быць міратворцамі, клапаціцца пра духоўную фармацыю моладзі, каб вывесці яе з духоўнай пустаты і часовасці, клапаціцца пра пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, даверыць сябе Марыі і ў Ёй шукаць прыклад хрысціянскага жыцця.

Свет і Беларусь атрымалі новых святых — Яна XXIII і такога блізкага нам Яна Паўла II. Сёння мы звяртаемся да іх: міласціва гляньце на беларускі народ, благаславіце нас з вакна Дому нашага нябеснага Айца, каб мы былі адным цэлым як нацыя, каб узрасталі ў дасканаласці і імкнуліся да святасці — мэты нашага жыцця, каб яно было днём, які ўчыніў Пан, і каб мы радаваліся ў ім.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч,
арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY