Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Яўгенія КУЛЕВІЧ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...

Чытацкі ліст пра кнігу Дануты Бічэль
«Правінцыя святога Францішка»
(Гародня, «ЮрСаПрынт», 2013)

***

Добры дзень, Данута Янаўна. Шчыра дзякую за кніжку і цёплыя адносіны да мяне, у тым сэнсе, што прынялі мяне як сааўтара ў сваю кнігу, бо лісты мае як дакументы жыцця падышлі Вам для праблемы вясковага жыцця беларускай сям’і. Прачытала кнігу адразу, а цяпер буду перачытваць. Кніга напісана вельмі кампактна, паасобныя абзацы маглі б стаць ёмкімі выслоўямі. Перад чытачом паўстаюць розныя падзеі жыцця, пра якія хочацца думаць, і самой хочацца пісаць, бо Вашы апавяданні абуджаюць успаміны з майго жыцця і з жыцця маіх блізкіх. Лёсы людзей розныя, але ў іх шмат агульнага. Прачытала, як Мікола Мельнікаў збіраў у полі каласкі, і ўспомнілася гісторыя гаротнай жанчыны, якая прыбілася да нас пасля вайны, адна гадавала дзіцятка і таксама збірала каласкі, а брыгадзір яе лавіў і рассыпаў іх. Яна потым зноў падбірала іх, сушыла зерне, малола. Я спрабавала праснакі, якія яна пякла, — вельмі смачныя…Гэта доўгая гісторыя... Хачу пра сваё жыццё напісаць, што памятаю, няхай застанецца дзецям — можа, яны прачытаюць з цікавасцю, а можа, проста спаляць. Але ж кажуць, што рукапісы не гараць...

Чытаю ў Вашай кнізе «гэта сонейка цябе бачыць» — уяўляю ўсё і думаю, што ніхто, акрамя мяне, гэтага і не зразумее. А чаму мне так здаецца? Бо гэта Кудзеля — мая Кудзеля, мая калыска. І трэба ж такое прыдумаць, так завуаліраваць!..

Я раней чытала Вашы вершы не толькі ў зборніках, але і ў перыёдыцы. Выразала падборкі з газет, збірала артыкулы пра Вас і паасобныя выказванні. Я люблю Вашы вершы, але больш мне імпануе проза. І тут Вы пішаце: «Гэта мая апошняя кніга жыцця, я вяртаюся ў дожджык паэзіі». І проза Ваша гучыць, як лірыка, так вобразна, паэтычна, з лірычнымі і філасофскімі разважаннямі. Дарэмна Вы пакідаеце прозу. Пушкін быў вялікім паэтам, але сказаў:

«Лета к суровой прозе клонят,
лета шалунью-рифму гонят…»

Я зразумела, як Вы збіралі сваю кніжную сям’ю, каб паказаць, што каханне зблізіла захад і ўсход Беларусі на ўзроўні культуры быту… Мне здаецца, што Вы хінецеся да тых людзей, у якіх цяжкі жыццёвы лёс, хоць у кожнага чалавека бываюць цяжкасці, можа, нават патаемныя, якія ён хавае, і мы часта іх і не заўважаем, і не здагадваемся, але нешта прыцягвае нас да такіх людзей, з імі хочацца падзяліцца сваімі думкамі. Напрыклад, я была на курсах удасканалення дырэктараў у Мінску і маю ўвагу прыцягнула Шаўчэнка Вольга Іванаўна з Кармы Добрушскага раёна. Калі мы бліжэй пазнаёміліся, я даведалася, што ў яе сястра — інвалід, як у мяне — мама. Гэта Вольга вучылася разам з Генадзем Бураўкіным ва ўніверсітэце, шмат добрага ўспамінала пра яго. Мы з ёй крыху ліставаліся...

А другім разам на курсах я пазнаёмілася з жанчынай, у якой дачка інвалід з дзяцінства. Вось так і прыцягваюць людзей падобныя лёсы.

А тое, што я ў вёсцы назірала, я Вам ужо пісала ў лістах, якія Вы змясцілі ў кнізе. У вёсках не ўяўлялі, што Беларусь можа існаваць як незалежная дзяржава. Усё шукалі, да каго далучыцца. Пры паляках было дрэнна, то хацелі да саветаў — там была дармовая школа. Вёска Карашава і іншыя вёскі каля Скідзеля былі праваслаўныя, шмат хто ўступаў у партыю, у камсамол. Быў такі Фадзей у нашай вёсцы, які арганізаваў хату-чытальню. Прыносіў са Скідзеля кнігі і чытаў па вечарах услых… Калі ажаніўся, у царкве браць шлюб не захацеў. Бацькі не аддавалі дзяўчыны без шлюбу, але яна ўцякла. Загінуў ён пры нявысветленых абставінах.То сям’і ніхто не дапамагаў, перабіваліся самі без гаспадара...

А ў Сяльцы, дзе я цяпер жыву, людзі ўспамінаюць, што каталіцкія вёскі хацелі, каб тут была Польшча.

...Мая дачка Лена чытае цяпер Вашу «Правінцыю…» Ёй падабаюцца лісты гэтай маладой жанчыны з Магілёва, бо яна фармацэўт, як і Лена. І асабліва спадабаліся раздзелы пра пісьменнікаў з Баранавічаў і пра Ларысу Геніюш. Я кажу, што пра Ларысу Геніюш там напісана няшмат, а Лена кажа: затое аўтарка расказала зусім новае з жыцця паэткі — пра тое першае каханне ў Ваўкавыску і пра пацалунак, за які чалавек згадзіўся застацца Прэзідэнтам БНР…

Шлях творцаў з правінцыі ў літаратуру сапраўды пакручасты і камяністы. Гэтая тэма ў Вас закранутая і ў кнізе «Хадзі на мой голас», дзе ёсць вельмі добрае эсэ «Яблынькі», і ў кнізе «Мост святога Францішка». Каб самому прабіцца ў літаратуру, трэба мець і характар, і шмат часу. У мяне захоўваецца часопіс «Аve Maria» з падборкай вершаў нашай зямлячкі Веры Вайцюль. Яе цётка жыве ў Сяльцы, мая суседка. Вера Вайцюль шмат піша, але друкуецца пераважна ў раённай газеце «Светлы шлях». Кажуць: у сваёй Айчыне няма прарокаў... Веру запрашалі ў Мінск, пасяджэнне адбывалася ў Музеі Максіма Багдановіча. Вера там чытала вершы і пакінула сшытак, каля ста вершаў. Сказалі ёй, што выдадуць зборнік, прызначылі час, каб ёй прыехаць на размову з рэдактарам. Але яна не паехала. Я запытала — чаму. А яна кажа: «Барысаўна, мяне не ўзялі…»

Хачу падзяліцца з Вамі яшчэ адным успамінам. Даўно гэта было. Мая Лена скончыла сямігодку і паступала ў Магілёў на фармацэўта. У Гродне на курсах удасканалення я даведалася, што запланавана сустрэча з пісьменнікамі Быкавым і Карпюком. Я прывезла Лену на гэтую сустрэчу, хацела, каб яна пабачыла жывых пісьменнікаў. Ім задавалі розныя пытанні (я не задавала, бо была надта сціплая). Калі пытанне задавалі Карпюку, ён хітра ўсміхаўся, казаў два словы і перадаваў слова Быкаву. Усю сустрэчу гаварыў Быкаў — і за сябе, і за Карпюка… Не ведаю, чаму яны так сябе паводзілі. Але Леначцы сустрэча надта спадабалася і дапамагла пры паступленні. Лена мела пахвальную грамату, і ёй не трэба было здаваць усе экзамены, толькі была размова ў камісіі.У яе запыталі пра навіны ў свеце, то яна расказала пра з’езд пісьменнікаў, — што чула ад Васіля Быкава ў Гародні на сустрэчы...

Вашы тры кнігі прозы дапаўняюць адна другую, можна сказаць, што гэта адна кніга пра тое самае — пра Беларусь, яе духоўныя межы, якія, нібы тое карэнне кветак, што пераплятаецца ў глыбіні стагоддзяў і даходзіць ад святога Францішка да нас, пра любоў, пакуты і гісторыю. Я выпісваю думкі розных аўтараў пра Вашы кніжкі. Вось Дамашэвіч напісаў пра кнігу «Хадзі на мой голас»: «Сама Данута — гэта магніт, які прыцягвае да сябе творчыя сілы…» А ў «Правінцыі…» ёсць такі сказ: «Яднанне — гэта мост каляровы, за апошнім праслам якога ёсць прыстань… Вечнасць…».

Ведаеце, якая ў мяне да Вас просьба? Вы гэтую «Правінцыю...»не раздавайце, каб найперш усе, пра каго Вы ў ёй напісалі, атрымалі яе і маглі пачытаць сваім унукам. Вокладка кніжкі прыгожая, сонечная — таленавіты мастак Валодзя Пазняк!

...Распісалася я, што і месца на паперы не хапае. Бывайце здаровы.

Яўгенія Кулевіч
з вёскі Сялец на Смаргоншчыне.

Гл. таксама:
Аляксей БЕЛЫ :: ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY