Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Ксёндз Мацей ШМЫТОЎСКІ SChr

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА

Да 100-годдзя святой памяці
кардынала Казіміра Свёнтка

У Беларусі яшчэ трывае боль страты пасля смерці гэтага вялікага чалавека, і ўсе католікі ўсведамляюць, што страцілі кагосьці вельмі блізкага, хто быў для іх амаль бацькам, а для мяне і сапраўды ім быў.

На шчасце, я сустракаўся з ксяндзом кардыналам Казімірам Свёнткам шмат разоў, аднак сустрэча раніцаю 23 ліпеня 2011 года была асабліваю — гэтая сустрэча назаўсёды застанецца ў маёй памяці...

...Памятаю і адну з апошніх сустрэчаў сам-насам. Было гэта ў дзень святога Казіміра ў Пінску, у дзень імянінаў ксяндза кардынала. Калі я падышоў з віншаваннямі і нахіліўся, каб сказаць некалькі асабістых словаў і перадаць пажаданні ад вернікаў Ішкалдзі і Паланэчкі, нашы вочы сустрэліся і ўсе словы былі ўжо непатрэбныя. Я зразумеў кардынала, а ён зразумеў мяне. Аднак іерарх са слязьмі на вачах (думаю, гэта былі слёзы радасці і шчасця, слёзы ўзрушэння) прашаптаў мне: «Дзякую табе, Мацьку». Я нават не здолеў задаць пытання: «Эмінэнцыя, а за што? Гэта мне ёсць за што Вам дзякаваць — майму сябру». Ніводнага слова я не змог выціснуць з сябе.

...Познім вечарам

22 ліпеня да нас прыйшла вестка, што раніцаю труна з целам памерлага арцыпастыра будзе перавезеная ў мінскую архікатэдру.

У галаве мільганула думка, што пахавальная працэсія можа ехаць каля нас — па «Алімпійцы». Запозна было, каб да раніцы паведаміць пра гэта ўсім вернікам і арганізаваць годнае развітанне, але тыя, каму патэлефанавалі ноччу і хто прыйшоў раніцаю на «Алімпійку», напэўна, былі прадстаўнікамі ўсёй каталіцкай супольнасці з Ішкалдзі і Паланэчкі. Да нашай «дарожнай супольнасці» ў імгненне вока далучыўся і кс. Конрад Патыка SVD з Баранавічаў.

...Стоячы на дарозе, мы засяроджана выглядалі міліцэйскую машыну, якая павінна была ехаць наперадзе пахавальнай працэсіі.

...І ўрэшце, у далечыні, з-за павароту выехала міліцэйская машына з уключаным святлом. Гэта быў для нас знак, што хвіліна незвычайнай сустрэчы надышла — вочы ўсіх сабраных былі скіраваныя ў той бок.

Машына з труною ксяндза кардынала спынілася каля нас. Вельмі цяжка растлумачыць, але (і ўсе пра гэта пасля гаварылі) менавіта ў той момант нас перапаўнялі два зменлівыя пачуцці — радасць і смутак. Радасць ад сустрэчы, а смутак ад таго, што яна, на жаль, была апошняя.

...Так шмат хацелася сказаць у той момант, але словы захрасалі ў горле, і са слязьмі ў вачах, скіраваных на труну з целам кардынала, з вуснаў злятала толькі ціхае і спакойнае: «Вечны адпачынак дай яму, Пане...». Нават двое малых гарэзлівых хлопцаў Паўлоўскіх у гэты момант былі незвычайна ціхія і спакойныя.

Успаміналася, як кардынал, уваходзячы ў нашу святыню з узнятаю на благаслаўленне рукою, гучна ўсклікаў: «Вітаю вас, дарагія ішкалдцы!».

А цяпер ён развітваўся з намі, а мы — з ім, тут, на нашай ішкалдскай зямлі...

Падчас супольнай малітвы і хвіліны цішыні, напэўна, кожны з прысутных размаўляў у думках з памерлым, а ў маёй галаве сярод блытаніны думак біліся толькі два словы: «Бывай, ойча!»...

Вернікі клалі кветкі проста пад колы машыны з труною нашага духоўнага айца, і гэта была праява вялікай пашаны. Мы ўпэўненыя, што шлях кардынала ў неба ўсланы такімі ж кветкамі... і нашымі таксама.

Пахавальная працэсія паціху рухалася, а нашыя вочы, зрошаныя слязьмі, яшчэ доўгі час глядзелі ўслед знікаючай у далечыні машыне з нашым айцом і сябрам. Так — з айцом і сябрам.

Мы разыходзіліся па сваіх дамах... Нягледзячы на шум сустрэчных машын, у нашых сэрцах панавалі невымоўная цішыня і спакой, і была светлая радасць ад гэтай незвычайнай сустрэчы з нашым святой памяці айцом і сябрам, ксяндзом кардыналам Казімірам Свёнткам.

Гл. таксама:
Юры ГАРУЛЁЎ :: ГЭТА БЫЛО АДКРЫЦЦЁ... ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY