Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Галіна ТЫЧКО

СВЕТ БЕЛАРУСКАГА ЗАМЕЖЖА

Галіна Тварановіч. Пры брамах Радзімы.
Літаратурнае аб’яднанне «Белавежа»:
станаўленне, праблемы, асобы.— Беласток, 2012.

У сучасным зменлівым свеце чалавек, які хоча заставацца самім сабой, вымушаны вызначаць не толькі сваё падабенства, але і сваю адрознасць ад іншых людзей, інакш кажучы, усведамляць сваю ідэнтычнасць і ў першую чаргу — нацыянальную. Праблема нацыянальнай самаідэнтыфікацыі была і застаецца пакуль што адной з самых балючых для беларусаў. Аднак асаблівую складанасць яна набывае для беларусаў замежжа, найперш для беларусаў Беласточчыны, якім даводзіцца зберагаць сваю культурную і моўную самабытнасць ва ўмовах жыцця ў іншанацыянальнай дзяржаве. Польшча, якая стала для іх вялікай радзімай, нягледзячы на сваю этнічную цэласнасць, тым не менш як спадчынніца Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў — ВКЛ і Кароны — краіна шматнацыянальная, дзе апрача этнічных палякаў пэўны працэнт насельніцтва складаюць беларусы, украінцы, татары…

Нацыянальная самабытнасць гэтых народаў выяўляецца ў іх культурнай адметнасці, якая побач з рэлігіяй, менталітэтам, духоўнымі традыцыямі і звычаямі найярчэй увасоблена ў літаратурна-мастацкай творчасці. Беластоцкі край, Белавежа — спрадвечная этнічная радзіма польскіх беларусаў. І яны сведчаць пра гэта ў тым ліку і сваім пісьменніцкім даробкам здаўна, але асабліва з другой паловы ХХ стагоддзя. Велізарнейшую ролю ў захаванні іх нацыянальнай самасці адыгрывае Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа». Менавіта творчасць белавежцаў, як слушна падкрэслівае старшыня літаб’яднання Ян Чыквін, «шчыльна запоўніла сваю этнічную прастору культурна-эстэтычным зместам» (с.7).

Новая кніга вядомай на Беларусі і па-за яе межамі даследчыцы славянскіх літаратур прафесара Галіны Тварановіч якраз і прысвечана асэнсаванню галоўных тэндэнцый развіцця беларускай літаратуры Польшчы, яе стылёваэстэтычных асаблівасцяў на прыкладзе творчасці вядучых пісьменнікаў «Белавежы» — С. Яновіча, Я. Чыквіна, А. Барскага, Я. Жамойціна, У. Гайдука, М. Шаховіча, В.Шведа, Н. Артымовіч, М. Лукшы і інш.

Кніга Г. Тварановіч носіць сімвалічную назву – «Пры брамах Радзімы», адлюстроўваючы геапалітычнае становішча Беласточчыны і адначасова выклікаючы алюзіі пра духоўнае значэнне пісьменніцкага даробку літаратараў «Белавежы» для захавання беларускай нацыянальнай культуры ўвогуле. Hа тытульнай старонцы кнігі — выява Камянецкай абарончай вежы, збудаванай у 1271–1289 гадах дзеля ўмацавання паўночных межаў колішняга Валынскага княства — адзін з самых знакамітых архітэктурных помнікаў сучаснай Беларусі. Гэта таксама недвухсэнсоўна нагадвае чытачу, што літаратурная творчасць белавежцаў — своеасаблівы абарончы фарпост у захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.

У змесце кнігі гэтая аўтарская задума гарманічна і цэласна выяўляецца праз мастацкі даробак пісьменнікаў Беласточчыны ў шырокім гістарычным і сучасным нацыянальным кантэксце. У першай частцы выдання даследчыца засяроджваецца на праблематыцы, непасрэдна звязанай з беларускай літаратурай Польшчы. У змястоўным аглядным нарысе «Дынаміка развіцця «белавежскай» крытычнай думкі (1958–1998)», які паводле шырыні ахопу матэрыялу і аб’ёму адпавядае завершанаму літаратуразнаўчаму даследаванню, Г. Тварановіч узнаўляе гісторыю стварэння і станаўлення літаб’яднання «Белавежа» ад заснавання да канца ХХ стагоддзя, падкрэсліваючы ўнікальную знакавасць гэтай з’явы.

Эстэтычна-мастацкі феномен адзінага па-за межамі Беларусі беларускага літаратурнага саюзу і самога беларускага культурнага руху сярэдзіны ХХ стагоддзя на Беласточчыне яна слушна звязвае з грамадскай і творчай дзейнасцю Георгія Валкавыцкага, першага старшыні белавежцаў, чалавека прафесійна падрыхтаванага, бескарыслівага і нацыянальна заангажаванага. Першы паэтычны зборнік «Рунь», у які ўвайшлі творы беларускіх літаратараў Польшчы з праграмнай прадмовай Г. Валкавыцкага, Г. Тварановіч аналізуе ў шырокім кампаратывістычным кантэксце, узгадваючы ацэнкі польскай, беларускай і замежнай прэсы, грамадскі рэзананс выдання па адзін і другі бок мяжы.

Варта адзначыць як несумненную вартасць і запатрабаванасць кнігі Г. Тварановіч яе факталагічную дакладнасць, надзвычай грунтоўны падбор дакументальнай інфармацыі і разам з тым лаканічна змястоўную яе падачу. Даследчыца стварае шырокую панараму пяцідзесяцігадовай дзейнасці літаб’яднання, спасылаючыся на мастацкія творы і кнігі белавежцаў, крытычныя працы, дысертацыйныя даследаванні, дыскусійныя артыкулы, мемуары заснавальнікаў і ацэнкі сучаснікаў. Колькасць і якасць апрацаванага матэрыялу, урэшце нават сам пералік персаналій – проста ўражваюць.

Навуковая выверанасць і грунтоўнасць, метафарычная глыбіня і шматзначнасць, уласцівыя кнізе Г. Тварановіч, — невыпадковыя. Гэтым якасцям спрыяла сама творчая індывідуальнасць даследчыцы—выпускніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, навукоўцы, якая прайшла выдатную даследчую школу ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара філалагічных навук і прафесара Беластоцкага ўніверсітэта. Менавіта такі чалавек, які мог успрымаць літаратуру Беласточчыны звонку (з прастораў Беларусі) і знутры, знаходзячыся на працягу апошняга дзесяцігоддзя ў эпіцэнтры дзейнасці «Белавежы» ў Польшчы, якраз і быў здольны адлюстраваць усю яе ўнікальную самабытнасць. Варта памятаць і пра тое, што і сама Галіна Тварановіч не толькі даследчык літаратуры, але і яе стваральнік — яна аўтар шэрагу выдатных паэтычных зборнікаў, у якіх цесна перапляліся беларускія матывы падмінскага Дараганава і польскага Бельска. Усё гэта і надае выданню навуковую пераканаўчасць і разам з тым паэтычную эсэістычнасць.

Асаблівую старонку ў гісторыі «Белавежы» займае часопіс «Тэрмапілы», які пачаў выходзіць з 1998 года, юбілейнага саракагоддзя аб’яднання. Да гэтага часу творы белавежцаў друкаваліся на Літаратурнай старонцы штотыднёвіка «Ніва», у альманахах і аўтарскіх выданнях. Г. Тварановіч, спасылаючыся на публікацыю Я. Чыквіна, прыводзіць цікавую статыстыку: «у 460 нумарах Літаратурнай старонкі было змешчана каля 3,5 тысяч твораў малога жанру, найперш друкаваліся вершы, але таксама мініяцюры, апавяданні, эсэ, рэцэнзіі, крытычныя і публіцыстычныя артыкулы. <…> І калі ў першае дзесяцігоддзе белавежцы запісалі ў свой актыў толькі 5 асабістых кніг і 3 альманахі, у другое — 9 кніг і 2 альманахі, у трэцяе — 26 кніг і 1 альманах, дык у 90-х гадах пабачыла свет 3 альманахі і звыш 80 аўтарскіх кніг» (с.219).

Дзейнасць і ролю часопіса «Тэрмапілы», рэдактарам якога стаў Я. Чыквін, Г. Тварановіч аналізуе як з’яву сучаснага беларускага літаратурнага працэсу. І гэта цалкам слушна. Яна падкрэслівае канцэптуальную задачу выдання, што выявілася «ў кансалідацыі творчай інтэлігенцыі ў чарговую вельмі складаную для Беларусі пару» (с.222). І насамрэч, часопіс «Тэрмапілы» да сённяшняга дня з’яўляецца ўнікальным выданнем, на старонках якога творы белавежцаў суседнічаюць з творамі класікаў нацыянальнага прыгожага пісьменства: Я. Брыля, А. Вярцінскага, Я. Сіпакова, Г. Бураўкіна, Н. Мацяш, М. Сяднёва, Ю. Станкевіча, А. Рыбака і інш. Проза, паэзія, публіцыстычныя артыкулы, пераклады замежнай класікі, літаратуразнаўчыя даследаванні, дэбюты маладых творцаў — вось змест часопіса, які ярка выяўляе яго адданасць традыцыям і наватарскія ўстаноўкі на новы час. Можна цалкам пагадзіцца з заключнай высновай даследчыцы аб тым, што «часопіс «Тэрмапілы» сапраўды стаўся месцам сустрэчы беларускай творчай інтэлігенцыі і ўсіх тых, хто зацікаўлены беларускай культурай, духоўнасцю» (с. 232).

Асэнсоўваючы мастацка-эстэтычныя набыткі белавежцаў, Г. Тварановіч падкрэслівае ўніверсальнасць беларускага мастацкага слова, якое незалежна ад месца выказвання (Беларусь, далёкае замежжа ці Беласточчына) «выяўляе нацыянальны лёс, шлях, характар». І таму «ёсць агульны літаратурны працэс, ёсць адна беларуская літаратура» (235). З такім падыходам цяжка не пагадзіцца, як і з тым фактам, заўважаным у савецкі перыяд У. Калеснікам, што ў тагачасных « беларусаў Беласточчыны большы зарад нацыянальнай годнасці, шырэй далягляды ў гуманітарнай інтэлігенцыі» (с. 240). Апошні фактар істотна паўплываў на дыяпазон стылёва-эстэтычных пошукаў беларускай літаратуры ў Польшчы, якія ў постсавецкі перыяд аказаліся запатрабаванымі для ўсяго нацыянальнага прыгожага пісьменства.

Аналізуючы мастацкую творчасць белавежцаў — Я. Чыквіна, У. Гайдука, Я. Жамойціна, М. Шаховіча, жаночую паэзію Н. Артымовіч, Ж. Мартынюк у шэрагу артыкулаў, змешчаных у кнізе, Г. Тварановіч на першы план выносіць сакральную для кожнага чалавека тэму Радзімы. Несумненна, што прадстаўнікі «Белавежы» — людзі памежжа, таму паняцце Радзімы ў іх асацыюецца найперш з «малой» радзімай, якая вызначаецца межамі Белавежскай пушчы, арэалам бытавання роднага слова.

«Мой твар запісаны кірыліцай» – сімвалічная сакральная формула, што прагучала з вуснаў Ю. Баены, якраз і падкрэслівае непарыўную повязь нацыянальнай самаідэнтыфікацыі з беларускай мовай. Абуджэнне і захаванне нацыянальнай тоеснасці, як слушна адзначае Г. Тварановіч, найбольш ярка і маніфестацыйна выявілася ў паэзіі.

Я беларус і сваёй роднай мове
Яшчэ дзіцём вучыўся ад бацькоў.
І слова роднае —
мой лёс у гэтым слове —
Мне даражэй, чым сотні іншых слоў.

Цытуючы гэтыя радкі з верша В. Шведа, аднаго з найстарэйшых паэтаў «Белавежы», Г. Тварановіч змяшчае рэфлексіі яго лірычнага героя ў шырокі гісторыка-культуралагічны кантэкст, параўноўваючы іх з роздумам паэтаў метраполіі, пачынаючы з Ф. Багушэвіча, а таксама з лірычнымі споведзямі паэтаў-белавежцаў маладзейшага пакалення – Ю.Баены, В. Стахвюка. Вернасць Айчыне — гэта найперш вернасць сваім караням, сваім традыцыям, сваёй мове, што, на думку аўтара кнігі, толькі і можа супрацьстаяць у наш час культурнай, этычнай энтрапіі (с. 253).

Другая частка выдання, названая «Дадатак. З даўняй і сучаснай беларускай літаратуры», уключае ў сябе матэрыялы, прысвечаныя даследаванню адраджэнскай праблематыкі ў літаратуры ХVІ ст., паэзіі перыяду Вялікага Княства Літоўскага, а таксама беларускай рэцэпцыі «Запісак Янычара» Канстанціна Міхайловіча, дарэчы, перакладзеных са старапольскай мовы і ўведзеных у беларускі ўжытак самой Г. Тварановіч супольна з Я.Чыквіным. Значэнне апошняга літаратурнага помніка для нацыянальнай культуры велізарнае. Серб з Астровіцы Канстанцін Міхайловіч «каля трыццаці год свайго жыцця правёў у Польшчы і, верагодней за ўсё, што ва ўсходняй яе частцы, а менавіта ў Вялікім Княстве Літоўскім», — сцвярджае Г. Тварановіч. Аналізуючы гістарычныя факты, даследчыца вылучае і абгрунтоўвае надзвычай цікавую гіпотэзу аб тым, што «Запіскі Янычара» былі напісаны на тагачаснай беларускай мове (c. 334). Дзейнасць самога Канстанціна Міхайловіча яна звязвае з Бельскам і Супрасльскім манастыром, пераканаўча даказваючы гэтую верагоднасць на аснове супастаўлення фактаў тагачасных беларуска-сербскіх узаемадачыненняў, захаваных у архіўных крыніцах.

Даследчыца слушна падкрэслівае, што «Запіскі Янычара» Канстанціна Міхайловіча, своеасабліва належачы некалькім славянскім літаратурам, працягваюць вызваленчую тэматыку ў той мастацкай форме, якая дае падставы разглядаць гэты твор у кантэксце рэнесансавых працэсаў, уласцівых менавіта Паўднёва-Сярэдне-Усходняй Еўропе, славяна-візантыйскаму рэчышчу Адраджэння» (с.367).

У «Дадатку» змешчаны таксама раздзел «Беларуская эміграцыйная літаратура: крытычна-літаратуразнаўчая рэцэпцыя», які расстаўляе новыя акцэнты, што істотна ўзбагачаюць нашае разуменне беларускай эміграцыйнай літаратуры. Аналізуючы айчынныя і замежныя публікацыі па гэтай тэме, Г. Тварановіч адзначае вымушаную сацыяльна-палітычную заангажаванасць савецкіх і постсавецкіх даследчыкаў эміграцыйнай літаратуры і аб’ектыўную мажлівасць даследчыкаў Беласточчыны (у прыватнасці Я. Чыквіна), па словах Л. Сіньковай, «убачыць крыжовыя дарогі своеасаблівым свежым вокам, са спецыяльнай увагай да індывідуальнай паэтыкі» (с. 402).

Сучасны беларускі літаратурны працэс прадстаўлены ў выданні Г. Тварановіч некалькімі знакавымі матэрыяламі. Найперш гэта «Жыццёвы меланж» Радзіма Гарэцкага», дзе гаворка ідзе пра аўтабіяграфічную прозу Р. Гарэцкага, якая друкавалася ў тым ліку і ў «Тэрмапілах». «Жыццёвым меланжам» (тэрмін паходзіць з геалогіі і азначае ў перакладзе з французскай мовы «сумесь») Р. Гарэцкі называе жанр кароткіх замалёвак, мініяцюраў, блізкіх да дзённікавых запісаў. А

ўтабіяграфічная проза цікавая для чытача найперш самой асобай пісьменніка, яго гуманістычнымі даляглядамі, інтэлектуальным багажом, шырынёй яго эрудыцыі, глыбінёй перажытага… У гэтым плане асоба доктара геолага-мінералагічных навук Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага — годнага прадстаўніка славутага роду Гарэцкіх — унікальная. «Гісторыя ствараецца асобамі, пераемнасцю назапашанага імі вопыту, засваеннем найчасцей выпакутаванй мудрасці, што мусяць быць запатрабаваны і асэнсаваны, выкарыстаны наступнікамі дзеля захавання і развіцця нацыянальнай самабытнасці, адметнасці»,—слушна падкрэслівае Г. Тварановіч. Аналізуючы прозу Р. Гарэцкага, яна ўводзіць яе ў шырокі кантэкст аўтабіяграфічнай плыні ў нацыянальнай літаратуры, пачынаючы з класічных філасофска- алегарычных «Лявоніуса Задумекуса» і «Скарбаў жыцця» М. Гарэцкага, мініяцюраў і запісаў Я. Брыля, спавядальнай прозы Л. Геніюш, С. Грахоўскага, Б.Мікуліча, М. Сяднёва, К. Акулы і інш.

Гісторыка-параўнальны падыход дае даследчыцы падставы прыйсці да гіпатэтычнай высновы аб нараджэнні новага жанру. «Жыццёвы меланж» Радзіма Гарэцкага, — гаворыць Г. Тварановіч, — уяўляе сабой своеасаблівы сінтэтычны жанр малой прозы, які бачыцца цалкам арыгінальнай з’явай у беларускай літаратуры» (с. 415). Зрэшты, і ў гэтай публікацыі, як амаль у кожнай з кніг Г. Тварановіч, не абышлося без своеасаблівага «беластоцкага следу». Маці Радзіма Гарэцкага — Ларыса Восіпаўна Парфяновіч — была родам з Беласточчыны.

Варта адзначыць, што кніга Г. Тварановіч, аб’яднаная тэмай беларускай Беласточчыны, мае і яшчэ адзін важны кампанент. Яна расказвае пра творцаў, якія тым альбо іншым чынам далучыліся да гэтага краю, да дзейнасці «Белавежы». Тужлівым рэквіемам гучыць артыкул «Шчодры навуковы плён», прысвечаны светлай памяці нашага выдатнага філосафа і літаратуразнаўцы Уладзіміра Міхайлавіча Конана.

У. Конан, як і М. Мішчанчук, якому таксама прысвечаны артыкул Г. Тварановіч «З верай у светлую чалавечнасць», не раз друкаваліся на старонках «Тэрмапілаў». Менавіта яны стаялі ля вытокаў асэнсавання феномена літаратуры Беласточчыны, закладвалі трывалы падмурак яе філасофскаму, літаратуразнаўчаму, эстэтычнаму ўспрыманню на Беларусі.

У захаванні светлай памяці пра тых, хто адышоў, ва ўменні быць удзячнай тым, хто побач на ніве служэння беларушчыне, — вялікі маральна-этычны патэнцыял кнігі Г. Тварановіч. Паводле ахопу падзей, глыбіні асэнсавання фактаў і мастацка-эстэтычнага аналізу літаратуры гэтае даследаванне не мае сабе роўных. Для кожнага, хто сёння ці ў будучыні зацікавіцца літаратурай Беласточчыны, яе творцамі, гісторыяй грамадскага беларускага руху ў Польшчы, даследаванне Галіны Тварановіч стане неацэнным скарбам, своеасаблівым энцыклапедычным даведнікам жыцця і творчасці беларускага этнасу ў Польшчы ў другой палове ХХ стагоддзя.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY