|
|
|
№
2(68)/2014
Жыццё Касцёла
Духоўная спадчына
Постаці
Літаратурная спадчына
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Пераклады
Паэзія
Духоўныя вершы
Папытай у кнігарні
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва
Фальклорная спадчына
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя
|
...збіраліся ў пілігрымку на Віцебшчыну, ва Узмёны. Я бываў у гэтым прыгожым азёрным краі яшчэ ў студэнцкія гады, калі па савецкай завядзёнцы будучыя мастакі і дызайнеры павінны былі дапамагаць знясіленым савецкім калгасам збіраць ураджай... На геаграфію ды на гісторыю ў маладосці неяк не хапала часу. Праўда, у адзін з сонечных восеньскіх дзён мы з аднакурснікам Віктарам, адклаўшы дабрачыннасць у калгасе, выехалі на экскурсію ў Полацк. Мы ўжо тады ведалі і пра Сафію, і пра Спаскі храм ХІІ стагоддзя. Добра памятаю, як я, няхрышчаны атэіст, напічканы гісторыяй КПСС і марксізмам-ленінізмам, з трапяткімі пачуццямі ўваходзіў пад сутарэнні маўклівай званіцы, якая вартавала ўваход на тэрыторыю манастыра. Было тужліва і самотна. Крыжа-Узвіжанскі сабор стаяў без даху і купалоў, як паранены забыты ваяр у барацьбе за «светлую будучыню», якая ніяк не надыходзіла. Гэта было ў кастрычніку 1982 года, адразу пасля майго дня нараджэння… Чаму мы абралі менавіта Узмёны? Усё пачалося з Гародні, дзе жыве мой стары прыяцель і таварыш па захапленні гісторыяй Тадэвуш Зяленскі, хрышчаны ў праваслаўнай веры (між сабой мы клічам яго Хведарам). Ён і стаў тым мастаком, які злучыў у часе гісторыю жыцця праваслаўнага святара Паўла Валынцэвіча з Узмёнаў на пачатку ХХ ст. з сучаснасцю. Менавіта з Гародні я атрымаў першыя старадаўнія шкляныя негатывы, на якіх у левым кутку прачытаў таямнічае слова – Узмены… Яны знаходзяцца паміж Мёрамі і Дзіснай, на беразе Заходняй Дзвіны. Гэта вельмі стары тапонім. Паўночней Узменаў, ці, як кажуць старажылы, Узмёнаў, ёсць шмат тапонімаў з такім коранем. Дарэчы, у Цвярской і Наўгародскай абласцях ёсць аж чатыры населеныя пункты з назвай Узмень, а паміж Веліжам і Невелем ёсць возера Узмень, дзе рыбы столькі, што нават багавіння на дне не відаць. Вада з таго возера, як ні дзіўна, упадае ў Заходнюю Дзвіну. У Цвярской вобласці цячэ рака пад назвай Узмень і там жа ёсць знакамітая артэзіянская пітная вада «Узмень», якую дастаўляюць на ўсе самалёты кампаніі «Аэрафлот». На стараславянскім слова «ўзмень» мае некалькі значэнняў — гэта і вузкае месца на рацэ, і ўзвышша. Узмёны належалі славутаму магнацкаму роду князёў Агінскіх. Дарэчы, да іх славы прыклалі руку і мае далёкія продкі па «кудзелі» з роду Наркевічаў герба «Венява». Мой далёкі продак Юзаф Наркевіч, ротмістр панцырнай харугвы, за адданую службу гетману польнаму ВКЛ Міхаілу Агінскаму ў 1748 г. атрымаў маёнтак Гернячычак у Ашмянскім павеце. Агінскія валодалі гэтым маёнткам да ХVII ст., калі мясцовасць перайшла да князёў Мірскіх, а потым — да князёў Свірскіх. Ад Юрыя Свірскага Узмёны трапілі ў доўгае валоданне шляхціцаў Шчытоў-Неміровічаў. Паводле архіўных дакументаў, іх гаспадаром з 1663 года быў Юстыніян Шчыт. Памёр Юстыніян у 1677 г. і пахаваны ў францішканскім кляштары, які ён фундаваў у Празароках. Узмёны па маяраце перайшлі ў спадчыну да Канстанціна Марціяна Шчыта (1649–1712), які быў старэйшым з шасці сыноў Юстыніяна. Канстанцін Шчыт працягнуў славутыя справы свайго продка: займаў пасаду падсудка полацкага, падкаморыя полацкага, удзельнічаў у элекцыйных соймах па выбарах каралёў Рэчы Паспалітай. Пасля Канстанціна ўладаром маёнтка на берагах Заходняй Дзвіны становіцца Ян Шчыт (1705–1787), кашталян інфлянцкі, які меў адзінага сына, названага ў гонар прадзеда Юстыніянам (1740–1824). На мяжы стагоддзяў адбыліся самыя вялікія перабудовы ў саміх Узмёнах. Дзіця адукаванага і галантнага часу, так звалі ў Еўропе ХVIII стагоддзе, Юстыніян, пісар ВКЛ, доўга не заседжваўся ў сваім маёнтку. Ён больш вызначаўся прысутнасцю пры сталічных дварах: спачатку пры двары Станіслава Аўгуста ў Варшаве, потым — у Пецярбургу. Юстыніян быў поўны ідэяў змяніць увесь свет, пачынаючы са свайго маёнтка. Гэта дало з цягам часу свае вынікі: Узмёны займелі новую назву — Юстыніянава. На правым беразе маёнтка, дзе бацька Юстыніяна ўзвёў касцёл і капліцу, у 1780-я гг. пачалося будаўніцтва найпрыгажэйшага ў акрузе палаца, архітэктарам якога быў выкліканы з Вільні вядомы італьянскі дойлід Карла Спампані. На жаль, ад велічнага палаца не засталося і цаглінкі — толькі векавыя дрэвы ангельскага парку нагадваюць пра адну з самых знакамітых рэзідэнцый Мёршчыны. У першай палове ХІХ ст. уладальнікам рэзідэнцыі над Заходняй Дзвіной становіцца сын Юстыніяна Ян Шчыт (?–1851), які памёр бяздзетным. Юстыніянава пераходзіць да яго брата, названага па сямейнай традыцыі ў гонар славутага продка Юстыніянам (1814–?). Адзіны яго сын, Ян, памёр у дзяцінстве, і ўсе ўладанні перайшлі да яго дачкі Катажыны (1838–?), якая выйшла замуж у 1874 г. за Адама Грэбніцкага. На мяжы ХІХ–ХХ ст. маёнтак пераходзіць ва ўладанне старэйшага сына Грэбніцкага Юстына, народжанага ў 1875 годзе. Левабярэжныя Узмёны ў канцы XVIII ст. пераходзяць кн. Юзафу Свірскаму, падчашаму менскаму. Князі Свірскія да XVIII ст. страцілі сваю былую моц, аднак у канцы ХІХ ст. іх род па жаночай лініі ўспыхнуў яркай знічкай веры — у 1866 г. у мястэчку Станькава нарадзілася будучая святая — Валянціна Мінская. Панавалі князі Свірскія ва Узмёнах да 1824 г., калі новым гаспадаром маёнтка стаў князь Клаўдзій Мірскі, нашчадак уладальнікаў Мёраў. Пасля яго смерці ўладальнікамі Узмёнаў ізноў становяцца князі Агінскія, аднак на пачатку ХХ ст. Ядвізе Агінскай даводзіцца саступіць частку маёнтка Цылінскай і Аскеркам. За «польскім часам» гэта былі апошнія ўладары невялікай вёсачкі на беразе Заходняй Дзвіны.
...Наша група паломнікаў падабралася вельмі сур’ёзная. Тут былі розныя адмыслоўцы сваёй справы: рэстаўратар па дрэве, прафесійны фатограф, калекцыянер, рэстаўратар па жывапісе, аўтар кнігі пра цудатворныя абразы Божай Маці на Беларусі. Мы былі гатовыя да загадак культуралогіі і жадалі яшчэ раз убачыць маляўнічыя мясціны, якія сто гадоў таму назад захаваў на шкляных негатывах фірмы «Кодак» бацюшка Павел Валынцэвіч. Мітрафорны протаіерэй служыў больш за сорак гадоў пры алтары Свята-Мікольскай царквы ва Узмёнах і пражыў тут свае лепшыя гады з матушкай Верай. Гэта былі самыя плённыя гады жыцця бацюшкі — вялікая частка яго фатаграфій прысвечана ўлюбёным краявідам. Адной з галоўных мэтаў нашай паездкі было выяўленне абраза Узмёнскай Багародзіцы. Лёс цудатворнай Адзігітрыі з Узмёнаў, як высветлілася пасля вывучэння гісторыі іконы, быў цесна злучаны з лёсам бацюшкі Паўла Валынцэвіча. Напярэдадні мы патэлефанавалі настаяцелю Свята-Мікольскага храма ва Узмёнах іерэю Ігару Лысенку з Полацка. Разам з ім з полацкага Свята-Еўфрасіннеўскага манастыра нас павінна была чакаць матушка Сергія — наш духоўны стрыжань ва ўсіх пачынаннях на хвалу Божую. ...Ва Узмёнах нас сустрэла прыгожая алея са старых дрэваў, якую мясцовыя жыхары завуць «алея Аскеркі», бо за «польскім часам» тут быў пан па прозвішчы Аскерка. Справа за алеяй цягнуліся высокія векавыя бярозы і клёны на старых могілках. За аголенымі дрэвамі чырванела цэгла царквы св. Мікалая. У гэтай царкве, узведзенай у 1871 г., і знаходзіцца цудатворны абраз Узмёнскай Багародзіцы. ...Стагоддзямі яна прыслухоўвалася да малітваў аб дапамозе і заступніцтве. Яна ішла разам з вернікамі ў хрэсным ходзе, спавітая водарам святога ладана ў радасных спевах царкоўнага хору. Яна памятае і прыезд ва Узмёны ўладыкі Ціхана, будучага першага патрыярха ўсяе Русі пасля двухсотгадовага сінадальнага перыяду кіравання. Гэта здарылася 1 жніўня 1916 г. у светлы дзень свята ўшанавання Жыватворнага Крыжа Гасподня, у народзе больш вядомага як Мядовы Спас, ці Макавей. Ішла Першая сусветная вайна, а недалёка ад фронта вернікі разам з архібіскупам Ціханам і са сваім пастырам Паўлам Валынцэвічам узносілі малітвы нябёсам... Яна памятае і грукат гарматаў чырвонай флатыліі, якая травеньскімі днямі 1920 г. прыйшла па Дзвіне з Віцебска ўсталёўваць дыктатуру працоўных і сялянаў. Магчыма, у царкву забягалі чырвонаармейцы, каб схавацца ад агню латышскага бронецягніка. І Яна затуляла ад смерці нядбайных выпадковых «вернікаў», а меткі ад куляў і снарадаў да гэтай пары бачныя на чыгунных крыжах старых могілак... Яна памятае і зухаватых польскіх жаўнераў, якія стаялі тут на варце ўсходніх крэсаў. Мяжа праходзіла амаль побач з храмам, якраз па фарватары Дзвіны. Афіцэры часцяком гасцявалі ў бацюшкі, заходзілі ў храм, каб паглядзець на старадаўні абраз. Зняўшы «канфедэраткі», гаварылі пацеры. Яна здавалася ім амаль роднай і сваімі дзвюма каронамі нагадвала Вастрабрамскую Матку Боску з Вільні. Дзве кароны — як знак Крулевы неба і зямлі. А нябесную карону падтрымліваюць над Ёю два анёлы, як і ў Вострай Браме. Адзнакі нябеснай і зямной улады хутчэй патрэбныя нам, грэшным, каб умацавацца ў веры… ...Яна памятае і нямецкіх салдат у шэра-зялёнай форме. Дзіўна, што Яе не вывезла айнзацкаманда, якая ператрасала ўсе храмы і музеі на акупаваных тэрыторыях, вышукваючы культурныя каштоўнасці. Мабыць, не думалі фашысты, што ў такім далёкім куце беларусы могуць мець штосьці каштоўнае. Хто ведае, можа, спадчыннікі нібелунгаў таксама звярталіся да Яе, спадзеючыся выжыць у страшнай віхуры вайны, якая ўспыхнула па волі амбіцыйнага непрызнанага мастака з маленькай аўстрыйскай вёсачкі Рансхофен. І, можа, пад скляпеннямі ўзмёнскага храма па-нямецку гучала Багародзічная малітва «Ave Maria…». Яна памятае і закрыццё храма, і ціхія малітвы ў хаце царкоўнага старасты. І вось Яна зноў прыхіляе вуха да нашых малітваў і ўсе зямныя жарсці ляжаць, пераможаныя, каля Яе ног. Па ўспамінах мясцовых старажылаў, абраз Узмёнскай Багародзіцы шанавалі як цудатворны з даўніх часоў і праваслаўныя, і католікі, і ўніяты. Ніводны хрэсны ход ва Узмёнах не абыходзіўся без Нябеснай Заступніцы. Архіўных дакументаў па гісторыі абраза захавалася вельмі мала: толькі адна згадка ў «Весніку Віленскага Свята-Духава брацтва» за 1907 год. Яна зусім невялікая, таму я працытую яе цалкам: «У нашай царкве ёсць старадаўні абраз Божай Маці; на шатах вычаканены 1791 год. Сам абраз, можна меркаваць, яшчэ больш старажытны. Немаўлятка Іісус бласлаўляе на ім па-праваслаўнаму, надпісы зроблены па-грэчаску. Абраз гэты ўшаноўвае праваслаўны люд не толькі нашага прыходу, але і суседніх. Распавядаюць пра выпадкі, калі хворыя пасля малітваў у абраза ачунялі. У гэтым годзе па ініцыятыве і стараннямі пробашча царквы бацюшкі Паўла Валынцэвіча зроблены пад абраз выдатны ківот. Асвячэнне яго адбылося 10 чэрвеня пры вялікім збору народа. Г.Ж.» Хто хаваўся за ініцыяламі «Г. Ж.», вызначыць было нескладана — гэта Георгій Жук, настаўнік мясцовай царкоўнапрыходскай школы. Выдатны ківот, пра які паклапаціўся бацюшка Павел Валынцэвіч, на жаль, за стагоддзе перацярпеў вялікія змены. Да вайны яго захаванню паспрыяла мяжа, якая пралягла побач з храмам паміж Савецкай Беларуссю і ўсходнімі крэсамі. За «польскім часам» і ў ваеннае ліхалецце храм дзейнічаў. Бацюшка Павел праслужыў у ім з 1904 па 1947 год. Храм зачынілі ўжо ў 1960-я гады. Гэта была другая хваля барацьбы з рэлігіяй, так званая хваля «навуковага атэізму», калі па ўказанні Н.С.Хрушчова планавалася, што «апошні поп будзе паказаны па тэлевізары ў 1980 годзе», а новае грамадства савецкіх людзей будзе шчасліва жыць пры камунізме, не думаючы пра вечнае. Пасля закрыцця ў храме св. Мікалая зрабілі збожжасховішча, а ўсе культавыя і сакральныя рэчы былі знішчаныя ці зваленыя па кутах храма. Залатую браму алтара мясцовы старшыня, па аповедах старажылаў, утапіў у Дзвіне. Такая руплівасць у барацьбе з рэлігіяй не прайшла для яго беспакарана: калгасны кіраўнік сам потым патануў у халодных хвалях Дзвіны. А цудатворны абраз выратаваў мясцовы царкоўны стараста — Рачыцкі Фёдар Лукіч. Ён узяў Узмёнскую Багародзіцу з ківота і прынёс дахаты. Стараста не хаваў Адзігітрыю ў каморы, а павесіў Яе ў чырвоным куце сваёй святліцы, так што кожны веруючы чалавек мог прыйсці ў хату Рачыцкага і памаліцца перад абразом. Пра ківот… Ужо ў сваёй майстэрні на вялікім маніторы камп’ютара я ўважліва разглядаў дзве фатаграфіі, як мага больш павялічваючы пікселі лічбавай выявы. Вось сэпія фатаграфіі бацюшкі Паўла Валынцэвіча. Магчыма, ён зрабіў яе перад асвячэннем новага ківота 10 чэрвеня 1907 г. ці адразу пасля яго. Ківот выкананы ў псеўдарускім стылі, які стаў папулярны ў мастацтве Расіі ў 1870-я гады і праіснаваў да Першай сусветнай вайны. Яго ўзнікненню паспрыялі «народніцкія ідэі», цікавасць у мастацкіх колах расійскай сталіцы да народнага мастацтва і запазычанне ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве «візантыйскага» дэкору. Дзве бакавыя буйныя калоны ківота выкананы ў стылі народнага рускага дойлідства ХVI ст., а пальметы і разеткі відавочна запазычаныя з эліністычнай архітэктуры. «Касічкі» пастаментаў калонаў — гэта водгалас Візантыі, а ў пышным завяршэнні ківота можна знайсці і «зубчыкі-сухарыкі» грэцкіх карнізаў, і крыжападобную «алмазную грань» італьянскага Адраджэння, і «какошнік» рускіх закамараў ХVI стагоддзя. Тонкія пазалочаныя карункі, якія ўпрыгожваюць карніз, — гэта наогул песня ў разьбе… перапляценне расліннага арнаменту тысячагадовай Візантыі. Аднак мяне не пакідала пачуццё дысанансу ў агульнай кампазіцыі арнаменту — вонкавага дэкору з унутранай рамай ківота і анёлачкамі, якія падтрымліваюць над абразом Багародзіцы княжую карону. Так, рама па-майстэрску выразана і вызалачана гэтак жа, як і ўвесь ківот, але раслінны арнамент на ёй выкананы з «вастралісту», характэрнага для еўрапейскага мастацтва позняй готыкі ХV стагоддзя. На Беларусь ён прыйшоў у ХVIІ–ХVIІІ стст.. Калі прыгледзецца да раслінных арнаментаў, якія ўпрыгожваюць срэбныя шаты беларускіх абразоў сярэдзіны ХVIІІ ст., ці да вытанчанай «флемскай» разьбы алтароў Магілёва і Гародні, менавіта там можна знайсці «вастраліст» — стылізаванае лісце дрэва падуб, з якога, паводле паддання, быў зроблены крыж для Божага Сына. У хрысціянстве — гэта знак Хрыстовых пакутаў, а анёлачкі над Багародзіцай — гэта наша беларуская народная разьба канца ХVIІІ стагоддзя. Але як мог майстар высокага ўзроўню, які ў 1907 г. выразаў з дрэва тонкія карункі па карнізе ківота, раптам зрабіць такога вуглаватага анёла, мілага ў дыспрапорцыі велізарных рук? Магчыма, майстар у вырабе ківота выкарыстоўваў дэкаратыўныя элементы са старой драўлянай уніяцкай царквы ХVIІІ стагоддзя, якая была ва Узмёнах да каменнага храма. Але гэта толькі мае здагадкі… Прыгледзеўшыся да старой фатаграфіі, на подыуме алтара можна прачытаць і імя разьбяра, напісанае рукой бацюшкі на шкляным негатыве: «кіот работы П. Карницкаго». Вернемся ад выявы ківота, зробленай на пачатку ХХ ст., да сучаснай фатаграфіі. Ад цудоўнай разьбы не засталося і следу. Толькі сам архітэктурны падмурак, пафарбаваны ў белы колер, стаіць на тым жа месцы каля левага кліраса. Дзе-нідзе ківот упрыгожаны прымітыўным прапільным фанерным арнаментам, густа пакрытым бронзавай фарбай. Толькі ўверсе на карнізе заўважныя арыгінальныя крыжападобныя «алмазныя грані», пафарбаваныя «бранзянкай». А ўнізе, зляцеўшы з нябёсаў, самотна прыхіліўся цудам ацалелы драўляны анёл — гэта адзін з тых, хто падтрымлівае над Адзігітрыяй княжую карону. Ён сваёй вялікай натруджанай, як у каваля, рукой сумна паказвае на цудатворны абраз Багародзіцы. Перахрысціўшыся, мы падышлі да ківота-алтара, каб асцярожна вынуць з яго цудатворны абраз для вывучэння і фотафіксацыі. Падняўшыся на салею, мы з Ігарам, рэстаўратарам па дрэве, павольна дастаём абраз з рамы — балазе з адваротнага боку ёсць дзве каваныя клямкі з «гусінымі лапкамі» на канцах, прызначаныя для нясення Узмёнскай Багародзіцы хрэсным ходам. Памер абраза не такі вялікі, усяго ў тры аналоі, а важыць ён адчувальна. Цяжкасць абразу дадаюць не шаты, а драўляны шчыт, на якім ён намаляваны. Звычайна на Беларусі выкарыстоўвалі як аснову для абразоў ліпу, радзей — хвою і дуб. Тут, мабыць, іканапісец абраў незвычайную аснову — з пладовага дрэва. З адваротнага боку сам шчыт, які складаецца з трох частак, мае характэрны рэльеф з падоўжных лагчынаў — гэта сляды ад апрацоўкі дрэва скобляй. Угары і ўнізе гарызантальна праз увесь шчыт праходзяць падоўжныя шпонкі, прычым не насустрач адна адной, як звычайна, а скіраваныя вузкай часткай у адзін бок. Структуру дрэва немагчыма вызначыць, бо ўвесь адваротны бок пафарбаваны сіне-зялёнай алейнай фарбай. У верхняй частцы шчыта добра бачная позняя нязграбная надточка з вузкай негабляванай дошкі. Вывучыўшы аснову абраза, ашчадна апускаем яго на драўляныя лавы, пакрытыя даматканымі посцілкамі. Пажадана было б убачыць старадаўняй працы рызу з вычаканенай датай 1791. Аднак, яшчэ разглядаючы абраз на старой фатаграфіі, я быў поўны скептычных прадчуванняў. Арнамент і яго стылістыка, скарыстаныя ў чаканцы, казалі аб 1870–1880 гадах. Гэта быў усё той жа псеўдарускі стыль. Я меркаваў, што можа які-небудзь старадаўні кавалачак з датай замацаваны ў шатах ХІХ стагоддзя. Не. Агледзеўшы рызу з усіх бакоў, мы так і не знайшлі згаданы ў «Г. Ж.» надпіс — з лічбамі 1791. Сама латунная рыза да таго ж была «абноўленая» ў канцы ХХ стагоддзя «люмінявай» фарбай па фоне і «бранзянкай» па вянцах, але ў ХІХ стагоддзі шаты былі пасярэбраныя і вызалачаныя ў азначаных месцах. Няўжо «Г. Ж.» памыліўся? Ён мог проста згадаць аповед старажылаў пра існаванне гэтай рызы; старадаўняя рыза захоўвалася асобна ад абраза, бо не падыходзіла па памерах у раму новага цудоўнага ківота-алтара, выкананага ў 1907 годзе. Магчыма, рыза была выканана са срэбра, тады нядзіўна, што яна знікла. ...Павольна, выдзіраючы з дрэва прыкарэўшыя іржавыя цвікі, здымаем латуневыя шаты з абраза. У мацаванні шатаў трапляюцца круглыя катаныя цвікі другой паловы ХХ ст. і каваныя квадратныя «дарэвалюцыйныя». Першае, на што зважаем, дык гэта на паднашэнні-дарункі, якімі вернікі дзякавалі Нябеснай Заступніцы. Унізе пад шатамі назбіралася цэлая нумізматычная калекцыя з польскіх і савецкіх манетаў 1920–1970 гадоў. Тут жа — срэбраны ланцужок, пярлінкі, нават заваліўся складзены савецкі рубель узору 1961 года. Якім чынам умудраліся вернікі закідваць сюды грошы — толькі дзіву даешся!.. Па іканаграфіі Узмёнскі абраз Багародзіцы — гэта Адзігітрыя, Пуцяводная спадарожніца. Божая Маці прыбрана ў чырвона-карычневы мафорый, прапісаны па буйных складках жоўтай вохрай. Па краі мафорый упрыгожаны шлячком арнаменту «ў сетачку», які выкананы сусальным золатам «на водліп». На правым плячы Багародзіцы ў складках мафорыя праглядаецца невялікая Зорка Цнатлівасці, зробленая «створаным» золатам. Туніка цёмнага сіне-зялёнага колеру таксама спадае буйнымі хвалістымі складкамі. Поручы тунікі выкананы сусальным «двайніком», які потым быў размаляваны барочным арнаментам з дапамогай чорна-карычневага лаку. Левай рукой Божая Маці прытрымлівае Немаўлятка Хрыста, а правай паказвае на Яго. Божы Сын як бы прысеў на левую руку Маці. Ён апрануты ў белы хітон, які хваткім пэндзлем мадэляваны па складках сіне-зялёнай тэмперай. Зверху хітон накрыты жоўта-вохрыстым гіматыем, які спавіў цела Хрыста хвалепадобнай драпіроўкай, нібы ў парыве моцнага ветру. Правай рукой Хрыстос благаслаўляе двума пальчыкамі, а левай прыціскае да грудзей «дзяржаву» — знак улады. Дарэчы, Немаўлятка прытрымвае гэты знак, невялікі сіне-зялёны яблычак, грацыёзна, на кончыках пальчыкаў. Абліччы і рукі святых адноўлены ў ХХ ст. алейным жывапісам «а-ля прыма», г. зн. без шматлікіх лесіровак. Па жывапісе відаць, што працаваў самавук, праўда — старанна. Калі добра разгледзець пад павелічэннем стары здымак а. Паўла Валынцэвіча, дзе адлюстраваны ківот з цудатворным абразом, можна заўважыць, што абліччы яшчэ не перапісаны ці адноўлены ў канцы ХVIII– пачатку XIX ст. Магчыма, абраз «аднавілі» з лепшых памкненняў, адчуўшы супярэчнасць паміж псеўдарускім стылем шатаў і старасвецкім барочным жывапісам твараў. Бо сам пробашч узмёнскага храма, бацюшка Павел Валынцэвіч, у вольны час па-майстэрску займаўся не толькі фатаграфіяй, але і жывапісам. Хто ведае, можа ён сам прыклаў руку да рэстаўрацыі Багародзіцы? Фон абраза, на жаль, захаваўся часткова. Да таго ж сам абраз абпілаваны з усіх бакоў сантыметраў на дзесяць. Цяжка сказаць, якая ў гэтым была патрэба, але памер Багародзіцы паменшаны на траціну. Вялікая частка разьбянага фону захавалася злева ад Хрыста. Каля Яго твара размешчаны прамавугольны фестон з сакральнымі літарамі, напісанымі антыквай па-грэцку: ІC XC. Справа ад Багародзіцы разьбяны фон згублены да дрэва, часткова захаваўся прамавугольны фестон, на якім напісаны кінаварнай тэмперай(?) сакральныя літаравыя пазначэнні Багародзіцы, таксама па-грэцку, з тытламі ўверсе: МР ОУ. Агульная кампазіцыя разьбянога фону першапачаткова была арачная, прычым верхнія куты, левы і правы, былі пакінуты гладкімі — яны пакрыты «двайніком» з наступнай размалёўкай чорным лакам віньетак з раслінным арнаментам. Такі прыём у беларускім барочным сакральным жывапісе мне сустракаецца ўпершыню. Дэкаратыўныя віньеткі ў большай ступені характэрныя для кніжнай графікі, а не для сакральнага жывапісу. Арнамент фону складаецца з буйных бутонаў кветак, у якіх бачны прыём «паўлінавае вока». Бутоны знутры яшчэ ўпрыгожаны малюнкам «луска карпа». Кветкі злучаныя паміж сабою вольна пераплеценымі сцябламі і лісцем. Раслінны арнамент вылучаны гладкім невялікім рэльефам на фоне, запоўненым кароткімі шчыльнымі рыскамі. Німбы Багародзіцы і Немаўляткі Хрыста арнаментаваны ўсярэдзіне палымнеючымі язычкамі нябеснага святла. Над німбамі выразаны па фоне княжыя кароны. Увесь разьбяны фон пакрыты «двайніком» на светла-памаранчавы палімент. «Двайнік» атрымліваўся наступным чынам: браліся тонкія сусальныя лісты срэбра і золата, потым пракоўваліся разам паміж жылаў жывёлы, і атрымлівалася, так бы мовіць, выбеленае золата, ці золата з лігатурай срэбра. Налюбаваўшыся старадаўнім цудатворным абразом і зрабіўшы некалькі дзясяткаў фотафіксацый, ашчадна прыбіваем латуневую рызу на месца, не забыўшыся вярнуць усе дарункі-прынашэнні. Ставім абраз у ківот з думкай пра тое, што ў хуткім часе яго трэба рэстаўраваць... Мая зрокавая інфармацыя пра абраз пакуль знаходзіцца ў хаосе пачуццёвага ўспрымання і ў захапленні ад таго, што яшчэ адзін старадаўні помнік беларускай школы іканапісу захаваўся і, спадзяюся, будзе ўшанаваны нашай культурай. А вернікамі… Узмёнская Багародзіца даўно шануецца імі як цудатворны абраз, што ўвасабляе нябесную дапамогу ўсім нам, зямным і грэшным. Аднак паспрабую прывесці ўсю інфармацыю пра Багародзіцу з Узмёнаў у нейкі парадак. Пра ўзрост абраза… Па тых звестках, якія былі даступныя мне ў навуковай літаратуры, складаецца вельмі супярэчлівая карціна. Мяркуйце самі: уніяцкая царква ва Узмёнах была пабудавана ў 1736 г. (сцвярджае польскі аўтар Раман Афтаназі) і... пабудавана таксама ў 1779 г. пад імем св. Мікалая (чытаем у «Матэрыялах па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага краю». Віцебск, 1896); існавала ў 1800 г. пад імем святога Іосіфа (інфармацыя з апісання Менскай губерні, 1800 г., СПБ); пабудавана ў 1866 г. князямі Свірскімі (гэта ўжо з кнігі «Памяць» Мёрскага раёна). Думаю, што больш-менш праўдзівая інфармацыя прыгадана Раманам Афтаназі ў кнізе «Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej». У 1736 г. ва Узмёнах была пабудавана драўляная ўніяцкая царква, прыпісаная да бліжэйшага прыходу забелінскай царквы Святой Тройцы. Абраз, магчыма, быў намаляваны па замове ўладароў Узмёнаў у канцы ХVII– пачатку ХVIIІ ст. Прычым быў створаны па ўсіх канонах праваслаўнай іканаграфіі. Але абраз з’яўляецца таксама своеасаблівым сінтэзам заходняй і ўсходняй (візантыйскай) традыцый, характэрных для беларускай школы іканапісу. Стылістыка разьбянага арнаменту, які ўпрыгожвае фон Узмёнскай Багародзіцы, таксама ідзе з ХVII–ХVIIІ стст.
...Іканаграфія Багародзіцы з Узмёнаў не давала мне спакою. Усё круцілася штосьці знаёмае ў галаве, аднак за нітачку разгадкі я ніяк не мог ухапіцца. Добра, паразважаю, напрыклад, пра кароны на абразе. Каранаванне — гэта хутчэй заходняя традыцыя. Звычай каранавання абразоў усталёўваецца ў Еўропе ў ХVI–ХVII стст.. у перыяд контррэфармацыі, у час жорсткай дыскусіі з паслядоўнікамі Марціна Лютара, якія адмаўлялі сакральную сутнасць абразоў і іх шанаванне. Трэба было даказаць пратэстантам цуд аздараўлення верай і Божай ласкай, якая зыходзіла ад выявы Багародзіцы. Гэта — як кананізацыя святога. Кананічнае прызнанне абраза цудатворным. Першыя каранаваныя багародзічныя абразы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з’явіліся ў ХVII–ХVIIІ стст. Гэта былі Чэнстахоўская, Трокская, Жыровіцкая, Бялыніцкая, Пачаеўская Маці Божая. Будслаўская Багародзіца на абразах ХVIIІ ст. таксама малявалася заўсёды ў каронах. Каранаванне Багародзіцы на Русі атрымала вялікае распаўсюджванне у ХVIIІ ст., у так званы час «бабскага валадарства». Аднак яшчэ да гэтага першай выявай каранаванай Багародзіцы ў рускай іканаграфіі быў абраз «Вертаград заключаны», намаляваны жывапісцам Зброевай Палаты Мікітам Паўлаўцом у 1670 годзе. Так і хочацца сказаць, што без уплыву нашых майстроў тут не абышлося. Узмёнская Багародзіца была ўпрыгожана каронамі ў разьбяным арнаменце фона, г.зн. абраз з’яўляецца спісам з другога каранаванага цудатворнага старажытнага правобраза. Гэта ўжо зачэпка — цудатворны спіс з каранаванага мясцовага абраза…Якія каранаваныя цудатворныя абразы былі вядомыя ў канцы ХVII ст. на тэрыторыі ВКЛ? Іх не так многа. І ўсе са своеасаблівай іканаграфіяй. Якая адметная рыса ў іканаграфіі Узмёнскай Багародзіцы? Вядома — яблычак-дзяржава, якую трымае на сваіх пальчыках Немаўлятка Езус. Гэты яблычак-дзяржава не дае мне ўвесь час спакою. Увогуле, на самім абразе ёсць кволы намёк на тое, што гэта знак улады: ледзь прыкметны шлячок упоперак па сіне-зялёным яблыку. Гэта на пазнейшых шатах усё вычаканена, як павінна быць на геральдычным малюнку: нябесны шар з крыжам наверсе. Каранаваны Багародзічны абраз, дзе Немаўлятка трымае ў руцэ яблык — гэта ж Будслаўская Багародзіца! Яна таксама намалявана ў візантыйскай традыцыі і іканаграфіі. Нарэшце ўсё становіцца на свае месцы! І не дзіўна, што ўладальнік Узмёнаў Канстанцін Шчыт-Неміровіч замовіў спіс менавіта будслаўскага абраза! Яго бацька Юстыніян (?–1677), як мы памятаем, быў фундатарам францішканскага кляштара ў Празароках, а ў Будславе касцёл з цудатворным абразом таксама належаў францішканам. Магчыма, спіс з абраза Будслаўскай Багародзіцы быў замоўлены віленскаму майстру з малюнка ці са старажытнай гравюры. На гравюры выразна не відаць, што2 менавіта Езус трымае ў руцэ, таму шматлікія спісы ХVIIІ ст. з Будслаўскай Багародзіцы розняцца ў трактоўцы гэтай дэталі. У руках Езуса малявалі то яблык — знак першароднага граху і адкуплення, то гранат — знак уваскрэсення і яднання Царквы. Маглі намаляваць яблык-дзяржаву. Царскі знак так і зваўся раней — «яблык царскага чыну», ці «яблык дзяржаўны», а прыйшоў ён у іканаграфію з ранняга Сярэднявечча ад візантыйскіх і германскіх імператараў. Гравюра дае ключ і для разумення такой з’явы, як дэкаратыўныя віньеткі ў кутках абраза. Нітачка загадкі Узмёнскай Багародзіцы як быццам разблыталася, але гэта адбылося толькі праз некалькі гадоў пасля восеньскай пілігрымкі ў невялікую вёсачку на беразе Дзвіны. Адбылося, як ні дзіўна, з дапамогай невялікага пыльнага кавалачка шкла — старога негатыва. Паклікаў нас у свае «райскія шпалеры» амаль на ўскрайку зямлі, у свае Узмёны, незвычайны бацюшка і фатограф Павел Валынцэвіч. Для яго гэта месца было сапраўдным раем на зямлі. Тут ён узносіў хвалу Усявышняму. Тут трымала яго пад сваёй апекаю Узмёнская Багародзіца. Тут прыходзіла да яго радасць разумення свету, малітоўная сувязь з нябачным Творцам жыцця. Тут раскрываліся яго шматлікія таленты. Тут прайшлі лепшыя гады яго жыцця з вернаю сяброўкаю — матушкаю Вераю. Тут нарадзіўся яго адзіны сын Сяргей… Мы ішлі па сцяжынцы старых могілак пад шатамі стагадовых дрэваў. Высока-высока пад ветрам дрыжалі аголеныя галіны, што, здавалася, казыталі аблокі, на якіх дагараў перламутравы вечар. Доўгія промні сонца атулялі сваім цёплым золатам усё наваколле. Перад ад’ездам у Мінск мы пажадалі наведаць магілку матушкі Веры, якая адышла ў вечнасць так рана, перад вайною. Пад нагамі шапацеў мяккі дыван з сухой кляновай лістоты. Счарнелыя агароджы захоўвалі прах мінулых пакаленняў. На варце стаялі драўляныя крыжы, пазелянелыя ад вільготнага моху. Дзе-нідзе трапляліся пакрытыя іржой чыгунныя крыжы з роўнымі круглымі адтулінамі ў метале. Гэта сляды ад куляў. Унізе, за шэрым частаколам лазінаў, чуўся ўсплеск сівых хваляў Дзвіны, якія нясуць свае воды да Балтыйскага мора па старажытным шляху «з варагаў у грэкі». Вось і невялікі кветнічак, абкружаны па перыметры патрэсканым шэра-зялёным цэментавым пастаментам. Праваслаўны драўляны крыж са слядамі белай фарбы і невялікая металічная шыльдачка — «Матушка Вера Волынцевич». Ранейшы стары крыж ляжыць побач, нібы ваяр, які адслужыў сваю службу верай і праўдай. Ён у два разы большы, па-майстэрску высечаны з тоўстага дуба, здавалася, на стагоддзі, увесь абмыты дажджамі і снегам, пакрыты смарагдавым вільготным мохам і спярэшчаны чорнымі глыбокімі расколінамі, як старымі зморшчынамі. Адслужыў. Заказваў яго яшчэ сам бацюшка Павел. Мы пастаялі ў маўчанні, успомнілі ў малітвах матушку Веру. Мы вернемся сюды, абавязкова вернемся праз год з новым па-майстэрску высечаным крыжам з тоўстага векавога дубу… ...Пане Божа, супакой душы спачылых рабоў Тваіх Паўла і Веры ў месцы светлым, у месцы квітнеючым, у месцы спакойным, дзе няма пакутаў, журбы і стогнаў, а ёсць толькі жыццё вечнае пад апекаю Узмёнскай Багародзіцы.
|
|
|
|