Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Андрэй СКІДАН

УБАЧЫЦЬ НА ЎЛАСНЫЯ ВОЧЫ

Выставачны праект Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава сумесна з Чачэрскім гісторыка-этнаграфічным музеем «Бог сялянскі хрысціянскі» прэзентуе арыгінальную іканапісную традыцыю, якая з ХVIII ст. існавала ў паселішчах Чачэрскага староства (цяпер Чачэрскі, часткова Веткаўскі і Кармянскі р-ны Гомельскай вобл.). Апошнія прадстаўнікі гэтай традыцыі, майстры з в. Бабічы Чачэрскага р-на, Гераковы, яшчэ ў пачатку ХХ ст. пісалі іконы на заказ сваіх аднасяльчанаў і жыхароў навакольных вёсак. Менавіта факт існавання гэтай дынастыі мастакоў-іканапісцаў дазволіў не проста вызначыць асобныя арыгінальныя творы, але звязаць іх адзінствам мастацкай традыцыі, якая, апроч жывапіснай, мае і духоўны падмурак.

Упершыню з помнікамі бабіцкай традыцыі давялося пазнаёміцца ў пачатку 1990-х, калі навуковы супрацоўнік Гомельскага краязнаўчага музея Уладзімір Ліцвінаў звярнуў маю ўвагу на іконы, незвычайныя па стылі выканання. Памятаю ягоныя натхнёныя словы каля іконы «Раство Хрыстова» са збораў Гомельскага краязнаўчага музея на выставе, прысвечанай народнаму іканапісу Гомельшчыны. Твор заўважна адрозніваецца ад іншых народных абразоў сваім прафесійным выкананнем, тонкай манерай пісьма, але захоўвае рысы, уласцівыя народнаму іканапісу: статычнасць постацяў, умоўнасць дэталяў, этнаграфічную праўдзівасць персанажаў. Але найболей уразіла мастацкая манера выканання. Здавалася, што на даўняй цёмнай іконе адбываецца бітва цёмнага і светлага колераў. Глыбокія складкі адзення, цьмяны ўмоўны фон, ценевыя часткі постаці літаральна палымнеюць рэзкімі кантраснымі высвятленнямі, — прычым гэтыя бялільныя мазкі настолькі густыя, што фактычна ствараюць рэльефную паверхню. Гэты кантраст успрымаецца не толькі як мастацкі прыём, але, настолькі падкрэслены, відавочна, сімвалізуе багаслоўскі канцэпт аб супрацьстаянні святла і цемры. Мастацкія сродкі яго перадачы здаюцца настолькі выразнымі, што нават не вельмі абазнаны ў сакральным мастацтве чалавек адчувае надзвычайнае эмацыйнае ўзрушэнне. Першае знаёмства з падобнымі іконамі стала для мяне вызначальным: у далейшым я заўжды звяртаў на іх асаблівую ўвагу.

А наступная сустрэча адбылася праз пятнаццаць гадоў у фондах Веткаўскага музея народнай творчасці, дзе на той час было сабрана не менш за трыццаць помнікаў бабіцкай традыцыі. Цяпер здаецца, што покрыва невядомасці зусім недарэмна кансервавала гэтую адмысловую мастацкую з’яву, бо дазволіла захавацца помнікам у іх непасрэдным бытаванні, ва ўмовах таго традыцыйнага асяродка, для якога яны ствараліся. Паколькі мастацкія калекцыі Веткаўскага музея збіраліся не па «кабінетным прынцыпе», а непасрэдна ў «палявых» умовах, мы заўжды мелі мажлівасць суаднесці твор з асаблівасцямі яго бытавання. Гэтак дадзеныя адносна бабіцкай «геракоўскай» дынастыі падцвердзіліся сведчаннямі саміх бабічанаў: «Ціпер мая хата там стаіць… так ета там, дзе багамазы жылі. Так я іх старых помню... Аднаго Трахім звалі, стары багамаз — ета быў Трахім; дзед Гаўрыла — бацька іх — пісаў іконы, і яго дзед пісаў іконы. Прырода ў іх такая была. Хазяін мой расказваў. Як малы быў, гуляў з сынам Іванькі — Васілём. Прыйшлі раз к ім дамоў … У іх «каза» такая была, на «казе» достачка прыкраплялася. Так яны іконы пісалі...»

Пра апошніх прадстаўнікоў дынастыі аднасяльчане не толькі памятаюць, але і паказваюць напісаныя тым ці іншым майстрам іконы, якія і сёння знаходзяцца ў хатах многіх бабічанаў. Некаторыя з такіх іконаў заказвала ўся вясковая грамада альбо вуліца, таму яны лічыліся абшчыннымі і каля іх традыцыйна правіліся святочныя набажэнствы: «Пісаў ікону Іванаў бацька, Геракоў. Людзі абракаліся. Ікону заказалі зьдзелаць. Хадзіла з двара ў двор. Бралі, хто жэлае. Усяношную служылі. Як пеўні запяюць, тады праслаўляюць: «Ісус Хрыстос уваскрэс!». І бацюшка ўзыходзя і кажа міру: «Хрыстос васкрэс!». Служылі пасхальную службу перад іконамі...»

Бытаванне ў рэгіёне такой абрадавай практыкі абумоўлівала запатрабаванасць іканапіснае дзейнасці. У адным паселішчы магло існаваць некалькі іконаў-свечаў, прычым іх параметры адрозніваліся ад камерных сямейных іконаў, прызначаных для хатняй «багаўніцы». Гэтыя неардынарныя памеры і адпаведная канструкцыя (трохстворкавыя ківоты-станкі, станкі з жывапіснымі тымпанамі, рамкі з рэльефнымі ляпнымі элементамі) патрабавалі адпаведнага мастацка-прафесійнага досведу і былі сапраўднымі абрадава-літургічнымі комплексамі, каля якіх арганізоўвалася духоўнае жыццё паселішча. Іх і дагэтуль носяць на Чачэршчыне: у вёсцы Матнявічы 19 снежня пераносяць ажно тры Мікольскія Свячы.

Гэта быў адметны мастацкі рух, які доўжыўся не адно стагоддзе, і не толькі бабічане Гераковы зрабілі ў яго свой важкі ўнёсак. Але адкуль ён узнік, якія тэрыторыі ахопліваў, якімі мастацкімі прынцыпамі кіраваліся яго стваральнікі, і, зрэшты, іх імёны — усё гэта наўрад ці мы даведаемся. Можна звязваць традыцыю іканапісу з актыўнай культурніцкай дзейнасцю графа Захара Чарнышова — уладальніка Чачэрска з 1774 г., які фактычна «перафармаціраваў» патрыярхальнае мястэчка ў горад з рэгулярным планам, дзе новапабудаваныя храмы (тры праваслаўныя і адзін каталіцкі) сталі не толькі культавымі, але і культурнымі дамінантамі. Чатыры нязвыклыя для нашых мясцінаў ратонды, трэба меркаваць, значна ўражвалі мясцовых мяшчанаў і сялянаў, якія збіраліся ў Чачэрск на кірмашы і прастольшчыны. Апроч таго, храмы былі адпаведным чынам аздобленыя іканастасамі і алтарнымі карцінамі высокамастацкай работы (паводле легенды, выкананымі італьянскімі мастакамі). Некаторыя помнікі захаваліся і дайшлі да нас праз часы ліхалеццяў і, трэба пагадзіцца з думкай асобных даследчыкаў, маглі паўплываць на мастацкую традыцыю Чачэршчыны. Таму зусім невыпадкова, што на іконе з раставымі постацямі трох святых — Зосіма і Савація Салавецкіх ды Уласія са збораў Чачэрскага музея — паміж постацямі святых прачытваецца выява чачэрскай Праабражэнскай царквы, узведзенай у 1783 годзе. Але ўлічваць толькі адзін мастацкі імпульс такога шматстайнага феномену, як бабіцкая школа, было б няслушна. Напрыклад, у інтэр’еры гомельскага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ёсць абраз «Арханёл Міхал», які паходзіць з капліцы в. Рудня-Нісімкавіцкая Чачэрскага р-на. Укладны запіс паведамляе, што абраз быў напісаны ў 1779 г. коштам Якуба Рудніка для капліцы роднае вёскі, а высокі майстэрскі ўзровень яго выканання характарызуе помнік як узор сакральнага жывапісу рэгіёна Пасожжа эпохі Барока. Раставая постаць арханёла напісаная на палатне ў святлоценевай манеры з падрабязнай перадачай усіх дэталяў убрання, вайсковага рыштунку, тонкай мадэліроўкай складак адзення, лісіроўкай лічнога пісьма. Цікава, што цэлая група помнікаў са збораў Веткаўскага музея з раставой ці паясной выяваю арханёла Міхала прыпадобненая да вышэйзгаданага твора з Рудні-Нісімкавіцкай. Падабенства заўважнае і ў агульнай кампазіцыі, што само па сабе не дзіўна, і ў асобных дэталях. У бабіцкіх іконах невыпадкова адзначаюцца працэсы ўзаемадзеяння праваслаўнага іканапісу з заходнееўрапейскім жывапісам: у Чачэрскім старостве налічвалася некалькі дзясяткаў шляхецкіх вёсак і ваколіцаў, паселішчаў з кампактным пражываннем католікаў, якія і дагэтуль захоўваюць сваю канфесійную прыналежнасць. Незвычайную распаўсюджанасць у праваслаўным асяродку асобных заходніх іканаграфій, сярод якіх адна з самых папулярных «Каранаванне Багародзіцы», таксама можна аднесці да гэтага міжканфесійнага кантактнага поля. А зусім нядаўна з’явілася новае пацвярджэнне поліканфесійнасці мастацкай традыцыі рэгіёна: супрацоўнікамі музея набытая ікона св. Антонія Падуанскага, напісаная, паводле легенды, мастаком з Бабічаў. Прататып іконы ўзыходзіць да еўрапейскіх жывапісных выяваў гэтага каталіцкага святога і відавочна напісаны па заказе католікамі з суседняй Рудні-Нісімкавіцкай.

Адной з самых распаўсюджаных у рэгіёне іканаграфій з’яўляецца «Цуда Георгія аб зміі». Асаблівасці гэтага іканапіснага чыну у майстроў бабіцкай традыцыі вылучаюцца распрацаванасцю мастацкіх прыёмаў, якія ў шэрагу твораў паўтараюць адзін і той жа прататып, і паўтараюць дасканала, дэманструючы высокую прафесійную вывучку. Складаная для выканання постаць святога вершніка ў мясцовых іканапісцаў яўна набыла кананічную выверанасць, дзе тонкае далікатнае пісьмо юначага твару пераходзіла з дошкі на дошку, захоўваючы нейкія асаблівыя «бабіцкія» рысы. Розныя па часе, памерах і па месцах свайго бытавання (Юр’і паходзяць з розных вёсак і пасёлкаў), яны «перагукваюцца» характэрнымі бялільнымі блікамі на мускулістым Юр’евам кані, плюмажом на шлеме вершніка, экспрэсіўна выгнутым цмокам, здаецца, яшчэ не забыўшым сваё рэнесанснае мінулае. Праўдзівасць таго, што так ілюстратыўна стварае іконаграфічны сюжэт, мы чулі ў духоўных вершах, якія і дагэтуль могуць узгадаць старыя жанчыны. Вёскі, куды ўжо не дабіраецца грамадскі транспарт, жывуць памяццю аб цудоўным з’яўленні рыцара-дабрачынца, якое было «немазнаць калі», але дагэтуль застаецца настолькі важным, што яго трымае старэчая памяць. Юрай — не толькі пекны змагар з іконы, але й актыўны ўдзельнік аграрнага працэсу. Узгадаем, што менавіта да Юраўскага дня (6 мая) быў прымеркаваны першы выган жывёлы, а наяўнасць адмысловых замоваў, адрасаваных Юр’ю, садзейнічала круглагадовай апецы свойскай «рагулі»: «Сьвяты Юрый-Георгій па Беламу мору праяжжае, Белае мора налівае. На Белым моры, на Лукамор’і стаіць тры будынкі, у тых будынках стаяць тры цяліцы. Яны стаяць, не гуляюць, Бела-мора выпіваюць, для етай скацінцы малачко сабіраюць».

Увогуле ўражвае гарманічная цэласнасць мастацкай і абрадавай традыцыі рэгіёна. Народнай культуры неўласцівыя сутнасныя разрывы яе духоўнай і мастацкай складаючых, супярэчнасці выяўленчай, вуснай і абрадавай творчасці: усе яе часткі знаходзяцца ў адзінстве і супадначаленасці. Таму наш музейны метад (экспедыцыйны, і экспазіцыйны) падкрэслена

арыентуецца на гэтую безумоўную канстанту. Мы даўно зразумелі, што марна выстаўляць у экспазіцыі народныя іконы ў акадэмічнай манеры — адразу кідаецца ў вочы іх «сіратлівасць» на роўнай плашчыні гіганцкай музейнай сцяны. Яны не здольныя запоўніць пустую геаметрычную прастору і таму губляюць свой «голас», застаючыся абдзёртымі дошкамі з рэшткамі жывапіснага слоя. Але зусім іначай яны гучаць, калі пачынаеш разумець сапраўдны дыяпазон іх гучання. Гэта не так проста, бо патрабуе ад даследчыка не кабінетнай работы, а імпэту збіральніка, які ведае край, дзе адбываецца стварэнне мастацкага цуда. Апроч таго, сабраны матэрыял трэба ўмець данесці да гледача, які не абавязаны ведаць усіх тонкасцяў гісторыка-этнаграфічнага атачэння музейных твораў. Невыпадковая і прысутнасць тканага ручніка. У сітуацыі сённяшняга «брэндавага» мыслення спроба ўвядзення ручніка ў мастацкі кантэкст можа разглядацца як банальны крок. Стэрэатыпнасць успрымання народнага асяродку па састарэлых формулах «беларускай хаткі» для такога ўнікальнага тэксту культуры, як рытуальная тканіна, рызыкуе абярнуцца скасаваннем цэлага рытуальнага пласту, дзе і ікона, і тканіна, займаюць роўнавялікае месца. Мы зноў застаемся «чэснымі» даследчыкамі: апроч народнага іканапісу, мы фіксуем у разглядаемым рэгіёне цэлы шэраг выбітных ткацкіх традыцый, сярод якіх адна з самавітых — бабіцкая. Маем мажлівасць спалучыць ікону з Бабічаў і ручнік з той жа вёскі. Безумоўна, мы не экспануем ручнікі, «адпаведныя» іконам, але, спалучаныя рэгіянальным адзінствам, яны не перастаюць быць «роднымі» адно аднаму. Усё гэта можна было б аднесці да мастацкага сентыменталізму правінцыйных збіральнікаў, калі б не тэксты носьбітаў культуры, якіх мы яшчэ заспелі на мяжы тысячагоддзяў. Мы давяраем ім у шчырасці і непадкупнасці, а таму для нас яны — дакумент, які не мае межаў храналогіі.

...Калі аднойчы мяне спыталі, што самае выбітнае ў тым мастацкім феномене, які мы ўдала альбо не вельмі ўдала характарызуем як бабіцкую школу, я адказаў, амаль не вагаючыся: тое, што вы можаце паехаць і ўбачыць усё на ўласныя вочы. Няхай і не існуе пераемнасці мастацкае традыцыі і лёс Гераковых, разагнаных па абсягах таталітарнага савецкага «раю», красамоўна сведчыць аб драматычнасці і бесчалавечнасці эпохі, але жыватворныя імпульсы культуры, якая нарадзіла і Гераковых, і іншых падобных ім «багамазаў», і простых вясковых ткачыхаў, па-ранейшаму аднаўляюць і берагуць спадчыну, праз якую пульсуе нескароны чалавечы дух.

Андрэй Скідан —
навуковы супрацоўнік
Веткаўскага музея стараабрадніцтва
і беларускіх традыцый
імя Ф.Р. Шклярава.

Гл. таксама:
Вольга ЗАЛУЦКАЯ :: НАРОДНЫ ІКАНАПІС: СПРОБА АСЭНСАВАННЯ З’ЯВЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY