|
|
|
№
2(68)/2014
Жыццё Касцёла
Духоўная спадчына
Постаці
Літаратурная спадчына
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Пераклады
Паэзія
Духоўныя вершы
Папытай у кнігарні
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва
Фальклорная спадчына
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя
|
Жыццё прадказальнае. Здаецца, учора нам было па трыццаць ці сорак, а сёння… І хоць у душы мы застаемся маладымі і пакуль не страчаныя мары пра далёкія і экзатычныя краіны, якія так хочацца пабачыць, але… Хэмінгуэй пісаў, што ў Парыжы трэба жыць у юнацтве. Тое ж самае пацвердзіў і Рыгор Барадулін, вярнуўшыся з гэтага цудоўнага горада. А часам атрымліваецца і так: «Я цяпер жыву не ў Гародні, а ў сваёй кватэры, каля катоў і варонаў, адзіноты поўнай не маю».
Гэта — з уступу да кнігі Дануты Бiчэль «Правінцыя святога Францішка», што пабачыла свет напрыканцы мінулага года. «Правінцыя…» — трэцяе празаічнае выданне паэткі за апошнія гады. Да гэтага былі «Хадзі на мой голас» і «Мост святога Францішка». Данута Янаўна застаецца і ў прозе адданай сваёй жыццёвай філасофіі, светапогляду. Ад першай яе паэтычнай кніжкі «Дзявочае сэрца» нас аддзяляюць больш за пяцьдзясят гадоў, але гэты зборнік і сёння не страціў сваёй актуальнасці — можа таму, што і тады, і цяпер душа Паэткі баліць за Радзіму... Варта ўзгадаць адзін з вершаў са шматлікіх кніжак Дануты Янаўны, які атрымаў назву «Верас»:
Ці ўсе мы прысягаем на вернасць Айчыне і ці ва ўсіх атрымліваецца спраўдзіць такую прысягу? У Дануты Бічэль гэта атрымліваецца. Сведчаннем таму і яе кніга «Правінцыя святога Францішка». Гэта кніга — успаміны. Пра блізкіх і дарагіх ёй людзей, пра тых, хто некалі быў побач, пра сапраўдных сяброў і паплечнікаў, аднадумцаў, людзей, якія падзяляюць яе погляды ці хаця б прыслухоўваюцца да яе. А тое, пра што яна гаворыць, нельга не выслухаць. І таму побач з ёю заўсёды цікавыя і зацікаўленыя, не абыякавыя да лёсу Бацькаўшчыны людзі. Вось падчас дэпрэсіі, «няўтульнасці і безнадзейнасці… адчыніліся змрочныя дзверы і ў паўзмрок пакою ўвайшла дзяўчына з Дняпра. Высокая, свабодная, апранутая іначай, чым гараднічанкі, — лёгка, проста, па-дзікунску, самаробна, самабытна…» Вольга (так завуць дзяўчыну) прыйшла, каб паспяваць паэтцы свае песні, суцешыць яе душу. Узгадваючы гэты эпізод у кніжцы, Данута Янаўна знаходзіць цудоўныя, цёплыя словы, каб перадаць свой настрой, стан душы: «Запела ў паўзмрочным пакоі так, як прывыкла спяваць сонейку на беразе Дняпра і Сожа… Ды яна ўжо спелася з хвалямі Нёмана і яго прытокаў — дзяўчат-русалак. Сярэднявечны кляштар дамініканаў слухаў песню Олі…» Так шчыра пра чалавека можна напісаць, калі пасля сустрэчы з ім застаюцца цёплыя ўспаміны. Кожнае слова аўтаркі прасякнута глыбокім філасофскім сэнсам, яе хочацца цытаваць яшчэ і яшчэ… Вельмі пранікнёна распавядае Данута Янаўна пра сваіх каляжанак-паэтак. «Ларыса Геніюш збірала ў Зэльве вырай вольных птахаў» — так пачынае яна аповед пра сваю старэйшую сяброўку ці, як гаворыць сама Данута Янаўна, духоўную маці. Трошкі далей, вяртаючыся да юнацтва Ларысы Антонаўны, яна піша: «Паэткі ўвесь час знаходзяцца ў стане закаханасці і палёту, а ў смарагдовай Краіне ўсе дзяўчаты — паэткі, і сняцца ім смелыя вершнікі на белых конях з мячамі і тарчамі». Слова «Краіна» Данута Бічэль заўсёды піша з вялікай літары, таму што Краіна для яе — не геаграфічнае месца знаходжання, а Радзіма, Айчына, Маці. Вялікі артыкул у кнізе прысвечаны і Ніне Мацяш. Данута Бічэль распавядае пра няпросты лёс сяброўкі, пра ўзнёсласць яе душы, пра высокі ўзлёт яе Слова. І пра апошнія гадзіны ў гэтым свеце. «Ніна ўпершыню за прабыванне на балесным троне беларускага слова-агню горка заплакала ўголас. Падумала: адна дома, ніхто не пачуе, наплачуся перад смерцю. Але Бог заўсёды чуе і бачыць. Святы Францішак прыслаў да Ніны святую Клару, яна дала Ніне лекі на супакаенне. Ніна заснула. Прысніла сон развітання стомленага цела, якое адступіла перад думкай, яснай і мудрай да апошняй хвіліны»... У кнізе «Правінцыя святога Францішка» шмат добра вядомых і не надта знаёмых шараговаму чытачу імёнаў: Валянціны Коўтун, Анатоля Іверса, Яна Збажыны, Івана Лагвіновіча, Венанцы Бутрыма… Пра кожнага з іх паэтка піша па-свойму, кожны заслугоўвае свае ўвагі. Пра філасофскую паэзію і філасофскую прозу мастака і літаратара з Баранавічаў Венанцы Бутрыма, з якім яна доўгі час ліставалася, Данута Янаўна таксама піша як філосаф: «Людзі збіраюць думкі людзей. Новыя думкі прасвятляюць… як вольны вецер… Кожная зямля мае сваю душу, прышэльцы душу разбураюць… Сейбіты словаў лечаць сваю зямлю малітвамі, думкамі, слязьмі, надзеяй; словы — лекі для пакалечанай зямлі… У слоўных пасеваў свой тэрмін збору плёнаў…» У Паэткі баліць душа, бо «ў краіне слоўных вырадкаў… начальнікі растуць па службе толькі таму, што збыткуюцца з Божага слова…» Яна цытуе аднаго са сваіх калегаў на з’ездзе пісьменнікаў, які прамовіў: «Калі за беларускае слова будуць запісваць у чаргу на расстрэл ці ў турму, запішыце мяне першым!». ...Вяртанне з Кудзелі ад сябра. Філосаф і Паэтка разважае пра жыццё: «Сляпыя могуць хадзіць на ўсе шэсць напрамкаў. Вецер не зрывае німба з галавы сляпога. Бог жыве ў тваёй цемры, ты ўжо не жабрак. Гэта твая свабода, воля і апакаліпса.Твая дарога ўнутры твайго цела, ты заўсёды быў сам у сабе. Ніколі сабе не ілгаў. Тыя, хто ілгуць, шчаслівыя абманам саміх сябе. Ты крыўдзіў самога сябе, а цябе крыўдзілі ўсе. Ты стаміўся так, што ўжо не можаш пярэчыць, каб я не малілася за тваю душу. Калі не бачыш нічога, не думаеш ні пра што, тады ўсё разумееш, як вялікі мудрэц. Усе мудрыя ішлі ў пустыню. Ідзі і не аглядвайся назад. За цябе бачыць зорка, якую табе запаліў Нябачны». Зноў пілігрымка і зноў вяртанне. На гэты раз — з Росіцы. І разважанні пра жыццё, пра Радзіму: «Уся Беларусь пераплецена ў глыбіні зямлі магіламі, а ўверсе кронамі дрэваў, крэўнымі сваяцкімі сувязямі, любоўю і ўзаемнымі інтарэсамі, як адзін народ». Творца цудоўна разумее Творцу. Асабліва, калі ў цябе ў сям’і кожны па-свойму мастак. Таму так шчыра ў Дануты Бічэль атрымліваецца пісаць пра Валодзю Пазняка і яго абразы. «Пасля войска Валодзя стварыў абраз «Нараджэнне святла». Сонейка, як немаўлятка, калышацца ў калысцы, можна падумаць: у чоўніку, у чашы сусвету; пад калыскай крыху змроку, са змроку ўздымаецца некалькі сходкаў». Пра карціну «Птушкалоў» паэтка гаворыць так: «Сумны Птушкалоў едзе на возе, іграе на дудачцы сумную песню. Яго слухаюць некалькі птахаў, адзін з іх у клетцы. Магчыма, гэта і не птахі, а думкі Птушкалова, вызваліць думкі з клеткі яшчэ цяжэй, чым птушак». Распавядаючы пра мастака, Данута Янаўна ўзгадвае, што ўбачыла яго першыя творы на калектыўнай выставе анёлаў у Музеі гісторыі рэлігіі. «Гэта былі новыя творы. І прыцягнулі яны мае вочы, таму што гэта — намаляваныя фарбамі вершы». Пагоркі Грунвальда. Гісторыя. Наша! Як піша Данута Бічэль, «палякі з літоўцамі не забіралі ў нас гісторыю перамогі з немцамі пры Грунвальдзе, — беларусы самі адмовіліся ад яе… Але Грунвальдская бітва адбылася, і гэты факт не адменіш маўчаннем. Нашы продкі там ваявалі…». Мы ўжо шмат ад чаго адмовіліся. Ад свае мовы, а значыць і культуры, ад таго, што пакінулі нам продкі, што мы павінны насіць у сэрцы. І тым больш прыемна, што ёсць сярод нас патрыёты, сапраўдныя, не паказушныя. Такіх людзей шмат. Сярод іх і цудоўны мастак Аляксей Марачкін. Данута Бічэль у сваёй кнізе ўзгадвае і яго прыезд у Гародню з выставай, і гутарку мастака з карэспандэнтам радыё. «Гародню я люблю, бо гэта еўрапейскі горад, апеты паэткай Данутай БічэльЗагнетавай, у Гародні жыў Васіль Быкаў…» Я таксама вельмі люблю Гародню. І таксама таму, што там жыве і піша Данута Янаўна Бічэль. Цяпер ужо і прозу. І я, некалі студэнт той жа ВНУ, што заканчвала і яна, забягаў да Дануты Янаўны па кніжкі, па парады, мне пашчасціла піць з ёю гарбату і ў яе дома, і ў музеі Макіма Багдановіча, які яна стварыла. А мой стрыечны дзядзька Мікола Кульгавеня, які нас пазнаёміў і стаў маім першым літаратурным крытыкам, увогуле быў яе аднакурснікам! Спадзяюся, не лішнім будзе тут мой верш, прысвечаны Дануце Янаўне, змешчаны ў адной з маіх кніжак:
Аляксей Белы
Гл. таксама:
* Радкі з вершаў Дануты Бічэль.
|
|
|
|