Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця

БОЖАЯ ДАБРЫНЯ

ДЛЯ НАС І НАШАЙ КАРЫСЦІ

МЯСЦІНЫ, ЯКІЯ ПАМЯТАЮЦЬ…
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры

ДЖАВАНІ ПАПІНІ І ДАНТЭ
Асобы
Пераклады

БЕЛАРУСКІ СЛЕД СТАЛЕМА

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва

ПАРТРЭТЫ ФУНДАТАРАЎ
З куфэрка памяці

ВЕЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

Андрэй АГАПАЎ

ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ
ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ
Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ
ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI)

У сучасным свеце часта гаворыцца пра пэўны крызіс у розных сферах жыцця чалавека, найперш пра страту духоўных каштоўнасцяў, страты сэнсу жыцця, заняпад культуры і традыцый і г.д.

Кожны дзень мы стаім перад выбарам, вынік якога залежыць ад таго, якімі каштоўнасцямі кіруецца чалавек, якія яго прыярытэты. Чым жа адметныя хрысціянскія каштоўнасці і чым яны адрозніваюцца ад нехрысціянскіх? Вобраз хрысціянскіх каштоўнасцяў быў прадстаўлены яшчэ ў «Казанні на гары» Хрыста, апісаным Евангелістам Мацвеем (гл. Мц 5, 1–7, 29). Праяўленнем духоўных і інтэлектуальных каштоўнасцяў ёсць пошук праўды, сэнсу экзістэнцыі чалавека, а таксама пошук малітоўнай лучнасці з Богам. Акрэсленне «хрысціянскія каштоўнасці» перш за ўсё датычацца тых каштоўнасцяў, якія Езус Хрыстус аб’явіў у сваёй навуцы, збаўчых чынах і ўласным прыкладзе жыцця, бо менавіта яны з’яўляюцца істотным крытэрыем для Яго паслядоўнікаў. Ад самага пачатку Еўропа мела свой хрысціянскі фундамент, была наступніцаю грэцкай і лацінскай культуры. Прыняцце Польшчай хрысціянства лацінскага абраду ў 966 г. і Руссю ў 988 г. усходняга абраду, названага пазней «праваслаўным», спрычынілася да пашырэння хрысціянскіх каштоўнасцяў на тэрыторыі ўсёй Еўропы. Аднак, як паказвае жыццё, там, дзе ёсць людзі, заўсёды ёсць праблемы, непаразуменні, канфлікты і войны. Еўропа, якая ў ХХ стагоддзі адчула на сабе столькі канфліктаў, рэвалюцый і паўстанняў, дзве сусветныя вайны можа здавацца ўнутрана спустошанай. Святы Ян Павел ІІ лічыў, што крызіс Еўропы палягае на адыходзе культуры ад сваіх фундаментаў, якімі з’яўляецца хрысціянства і Касцёл, і падпарадкоўванні тэндэнцыям, такім як секулярызацыя і дэхрысціянізацыя, а таксама рэлятывізм1. Часта можна чуць пра такія паняцці, як «культура жыцця» і «культура смерці». Змучаны чалавек жыве так, нібы Бога не было і няма, адчувае пустэчу і безнадзейнасць. Касцёл прапануе сваю праграму вырашэння гэтай праблемы. У навучанні Ёзафа Ратцынгера (Бэнэдыкта XVI) мы знаходзім ідэі, якія могуць спрычыніцца да выхаду з крызісу. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, Бэнэдыкт XVI не толькі працягвае навучанне аб хрысціянскіх каштоўнасцях, правах чалавека, глабалізацыі і іншых пытаннях, але паказвае, чым хрысціянства можа абагаціць сацыяльнае жыццё і чаму хрысціянскія каштоўнасці з’яўляюцца такімі важнымі для сучаснай Еўропы.

Агапацэнтрызм («Любоў»). Бэнэдыкт XVI невыпадкова распачаў свой Пантыфікат з энцыклікі2 Deus caritas est («Бог ёсць любоў»), у якой ён гаворыць аб праўдзівым разуменні любові. Гэтая энцыкліка з’яўляецца «падручнікам» хрысціянскага разумення любові. Бэнэдыкт XVI лічыць, што любоў не абмяжоўваецца зместам і выкананнем Божых запаведзяў, але палягае на чымсьці большым, з чым мы сутыкаемся кожны дзень. Папа падкрэслівае, што ў хрысціянскім разуменні любоў ёсць адказам чалавека на Божую любоў, якая апярэджвае любоў чалавечую. Тая любоў дазваляе людзям убачыць і адчуць Божую любоў, дзякуючы якой яна нараджаецца ў чалавеку. У сваім навучанні аб любові Пантыфік акцэнтуе ўвагу на крыніцы любові, якой з’яўляецца сам Бог.

Хрыстацэнтрызм («Хрыстус»). Бэнэдыкт XVI гаворыць пра хрысталагічны характар хрысціянскай любові. Прыклад Хрыста не зводзіцца да адарваных ад рэчаіснасці тэорый, заахвочвае Яго паслядоўнікаў да дзейснай любові, любові не ў словах, а ва ўчынках. Узор такой дзейснай любові Бога да чалавека даецца Збаўцам у прыпавесцях: гэта прыклад пастыра, які шукае згубленую авечку (гл. Мц 18, 12-14; Лк 15, 3–7); жанчыны, якая шукае згубленую драхму (гл. Лк 15, 8–10); бацькі з яго таямніцаю любові да марнатраўнага сына (гл. Лк 15, 11—32). Сапраўднаю вяршыняю Божай любові ёсць крыжовая смерць Езуса Хрыста, падчас якой Ён прыніжае (гл. Флп 2, 5–11) і ахвяруе сябе дзеля збаўлення і паяднання чалавека з Нябесным Айцом. Позірк на прабіты дзідаю жаўнера бок Хрыста, які апісвае евангеліст Ян (гл. Ян 19, 34–37), паслужыў пунктам аднясення энцыклікі да роздумаў аб любові: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8).

Эклезіяцэнтрызм («Касцёл»). Кардынал Ёзаф Ратцынгер, займаючы пасаду прэфекта Кангрэгацыі веравучэння, у 1984 г. у Рапарце аб стане веры адзначыў наступныя схільнасці тагачасных людзей: «Маю ўражанне, што шмат людзей не адкідае Касцёл яўным чынам, разумова, але адыходзіць ад яго паціху, марнуючы па дарозе сапраўдны каталіцкі сэнс ягонай рэчаіснасці»3. У казанні падчас святой Імшы ў ватыканскай базыліцы з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла (29.06.2012 г.) Бэнэдыкт XVI адзначыў: «Касцёл не з’яўляецца супольнасцю дасканалых людзей, але грэшнікаў, якія павінны прызнаць, што ім патрэбны хрост крыжам Езуса Хрыста». Такім чынам, кожнаму з нас патрэбна любоў.

Антропацэнтрызм («Чалавек»). Святы Айцец Бэнэдыкт XVI звярнуў таксама ўвагу на небяспечны чалавечы фактар, які пануе ў сучасным грамадстве, калі пісаў энцыкліку Caritas in veritate («Любоў у праўдзе»). Паводле яго меркавання, Касцёл выконвае важную сацыяльную місію4. Істотным элементам хрысціянскай канцэпцыі чалавека ёсць яго адкрыццё на трансцэндэнцыю. Апроч гэтага, Бэнэдыкт XVI узгадаў, што сучасны крызіс чалавека, які перажывае ўвесь свет, звязаны з закрыццём людзей на таямніцу Бога5. У сваёй энцыкліцы Пантыфік сцвярджае: «ідэалагічная замкнёнасць на Бога і атэізм абыякавасці, якія ігнаруюць Творцу i рызыкуюць забыць таксама пра чалавечыя каштоўнасці, знаходзяцца сёння сярод найбольшых перашкодаў у развіцці чалавецтва. Гуманізм, які выключае Бога, — гэта нечалавечы гуманізм. Толькі гуманізм, адкрыты на Абсалют, можа кіраваць намі ў распаўсюджванні i рэалізацыі формаў грамадскага і грамадзянскага жыцця — у межах структур, інстытуцый, культуры i этасу — ратуючы нас ад небяспекі стаць нявольнікамі часовай моды»6. Хрысціянства са сваёй тэалагічнай перспектывы адкрывае чалавеку вечныя каштоўнасці і дае яму сапраўдны сэнс жыцця.

Асаблівае месца ў навучанні Бэнэдыкта XVI прысвечана клопату пра чалавечае жыццё як найвышэйшы дар Бога. На жаль, сёння вартасць жыцця часта супрацьпастаўляецца свабодзе і гэтая тэндэнцыя набірае папулярнасць у грамадстве. Права на жыццё іншай асобы можа быць разгледжана як пагроза, на слова «жыццё» ў свядомасці вялікай часткі сённяшняга грамадства запальваецца «чырвоная лямпачка». Аднак немагчыма мець свабоду без жыцця. Не можа быць свабоды для эгаізму, для пагарды да іншых, калі іншых пазбаўляюць права на свабоду і жыццё. Абарона жыцця мае першасны маральны наказ, у кантэксце якога веруючы чалавек павінен адчуваць уласную адказнасць. У прамове, сказанай 12 мая 2008 г. у абарону жыцця, Бэнэдыкт XVI так звярнуўся да вернікаў: «Трэба падтрымліваць сем’і, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя і законныя сродкі, абараняць зачатае новае жыццё, а таксама спрыяць годнаму выхаванню асобы ў нялёгкім сучасным грамадстве. Асноўная сфера грамадскага жыцця, якой з’яўляецца абарона жыцця <…> на ўсіх яе этапах, застаецца для хрысціянаў заўсёды актуальным, тэрміновым і неабходным полем апостальскай дзейнасці і евангельскага сведчання. Таму, умілаваныя браты і сёстры, я прашу Пана, каб ён благаславіў тых, хто дзейнічае ў рамках «Праграмы дапамогі жыццю і руху абароны жыцця» з мэтаю папярэджання абортаў нават у цяжкіх сітуацыях, адначасова падтрымліваючы канкрэтныя намаганні ў галіне выхавання і культуры, а разам з тым у актыўнай палітычнай сферы. Трэба сведчыць, што пашана да жыцця ёсць найпершай умоваю справядлівасці, якая павінна быць рэалізаваная на практыцы. Для тых, хто атрымаў дар веры, гэта служыць канкрэтным наказам, бо вучань Хрыста мусіць яшчэ ў большай ступені быць «прарокам» праўды, якой ніколі не можна будзе знішчыць: толькі Бог з’яўляецца Панам жыцця. Ён ведае і любіць, прагне кожнага чалавека. Толькі ў тым праяўляецца глыбокая і моцная еднасць роду людскога, калі кожная істота рэалізуе адзіны Божы план, кожны мае свой пачатак з адзінай творчай Божай думкі. Таму нам становяцца зразумелымі словы Бога, які кажа, што таму, хто зняважыць цела чалавека, будзе спагнана, як за знявагі Божай уласнасці (пар. Быц 9, 5)»7.

Ёзаф Ратцынгер добра разумеў, што годнасць чалавека паходзіць ад Бога, які стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Менавіта таму Божы элемент у чалавеку з’яўляецца тою моцаю, якая павінна яго скіроўваць да пашаны чалавечага жыцця, а таксама ягонай годнасці8. Пашана да чалавека ёсць пашанаю да прысутнага ў ім sacrum (святога), уласцівага чалавечай істоце. Вера ў Бога Творцу — гарант захавання чалавечай годнасці9. Зразуметая такім чынам годнасць не з’яўляецца грамадскаю ўмоваю, і таму набывае аб’ектыўную годнасць. Шляхам рацыянальнага пазнання гэтая ісціна можа быць прынятая кожным чалавекам, нават няверуючым.

Pro familia («За сям’ю»). Адпаведнае разуменне хрысціянскага сужэнства і сям’і. «Праўда аб сужэнстве і сям’і трывае ў прыродзе самога чалавека і праяўляецца ў збаўчых чынах Бога, асноўная ідэя якіх выяўлена словамі: Бог любіць свой народ»10. Божае Аб’яўленне з’яўляецца найважнейшаю справаю, бо ў ім гаворка ідзе пра гісторыю любові Бога да чалавека і адказ на яе чалавекам. Менавіта таму «гісторыю любові і еднасці мужчыны і жанчыны ў сужэнскім саюзе Бог мог назваць сімвалам гісторыі збаўлення»11. У энцыкліцы Caritas in veritate («Любоў у праўдзе») Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што сямейны ўзор любові і самаахвярнасці неабходна прыняць за ўсеагульны прыклад. У сваёй прамове на малітоўным чуванні 8 мая 2006 года на V Сусветнай сустрэчы сем’яў у Іспаніі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI адзначыў: «Сям’я з’яўляецца прывілеяваным асяроддзем, у якім асоба вучыцца ахвяроўваць сябе і прымаць любоў ад іншых. Сям’я — гэта пасрэдніцкая інстытуцыя паміж адзінкай і грамадствам, і нішто не зможа яе цалкам замяніць. Яе асновай ёсць глыбокая міжасабовая повязь паміж мужам і жонкай, якая абапіраецца на пачуцці і ўзаемнае паразуменне»12.

Рэлігія. Будучы адным з выдатных тэолагаў свайго часу, Бэнэдыкт XVI неаднойчы тлумачыў вернікам сапраўдны характар хрысціянства. Для гэтага тэолага і руплівага пастыра хрысціянства не зводзіцца да інтэлектуальных абстрактных сістэмаў і не з’яўляецца зборам напісаных догматаў і маралізатарствам. Святы Айцец трактуе хрысціянскую рэлігію як сустрэчу чалавека з Богам, як пэўную «гісторыю любові» і беспрэцэдэнтнае здарэнне13. Хрысціянства — гэта рэлігія Божага Логаса (Слова), вызнаўцы якога ствараюць сабою супольнасць веруючых у тое, што сусвет паўстаў дзякуючы найвышэйшаму Розуму і быў сфармаваны паводле Яго крытэрыяў і мэтаў14.

Veritas («Праўда»). Асобнае месца ў сваім навучанні Бэнэдыкт XVI прысвяціў тлумачэнню асноўнага задання і паклікання чалавека, якім ёсць пошук адвечнай праўды. Папа Бэнэдыкт нагадвае, што хрысціянін пакліканы да таго, каб палюбіць гэтую адвечную Божую праўду, якая стане для яго «крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае» (пар. Ян 4, 14)15. «Усе людзі адчуваюць унутраны імпульс да праўдзівай любові: любоў і праўда ніколі цалкам не пакідаюць іх, бо з’яўляюцца пакліканнем, якое Бог запісаў у сэрца i розум кожнага чалавека. Езус Хрыстус ачышчае i вызваляе пошукі любові і праўды ад нашай людской абмежаванасці i адкрывае нам ва ўсёй паўнаце ініцыятыву любові i праект сапраўднага жыцця, падрыхтаваны для нас Богам. У Хрысце любоў у праўдзе становіцца Абліччам Яго Асобы, a для нас — пакліканнем любіць нашых братоў у праўдзе Ягонага плану, бо Ён сам ёсць Праўдай» (пар. Ян 14, 6)16.

У кантэксце гэтых аргументаў у абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў можна таксама адзначыць, што адной з галоўных мэтаў сучаснага чалавека мусіць стаць першынство Бога ў жыцці кожнага чалавека. Застаецца важнаю тая думка, што Бог нябачна, але дзейсным чынам прысутнічае ў жыцці людзей, дапамагае ім знаходзіць адказы на шматлікія пытанні, якія іх турбуюць. Вяртаючыся да сваіх хрысціянскіх каранёў, Еўропа не толькі не страціць сваёй аўтэнтычнасці і годнасці, але, наадварот, можа здабыць той вечны скарб, які дапаможа ёй выйсці з агульнага крызісу і адкрыць лепшыя перспектывы для жыцця. Нарэшце, калі практыка хрысціянскіх каштоўнасцяў, да якіх заклікае Касцёл, будзе гарманічна дастасаваная да жыцця, грамадства зможа разлічваць на перамогу над войнамі, тэрарызмам і рознымі крызісамі. Лепшы прыклад, які можа характарызаваць гэтую самую хрысціянскую любоў, дзякуючы якой веруючыя людзі могуць спадзявацца на перамогу над злом, мы знаходзім у Пасланні апостала Паўла да Карынцянаў: «Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць» (1 Кар 13, 4–8). «Любоў магчымая, і мы можам яе рэалізаваць, таму што мы створаныя паводле вобразу Бога. Жыць любоўю і такім чынам дазваляць святлу Бога ўваходзіць у свет»17, — такая праграма Любові, да якой заклікае нас папа Бэнэдыкт XVI.


  1. K. Kaucha, Wiarygodność Kościoła w kontekście wyzwań współczesności europejskiej w świetle nauczania Jana Pawła II. — Lublin, 2008. — S. 165.
  2. Энцыкліка (ад лац. encyclica — «акруговы ліст») — асноўны папскі дакумент па тых ці іншых найважнейшых сацыяльна-палітычных, рэлігійных і маральных пытаннях, адрасаваны вернікам або біскупам ці арцыбіскупам асобнай краіны (другі па важнасці пасля Апостальскай Канстытуцыі).
  3. J. Ratzinger, Raport o stanie wiary. (Перакл. уласны.) — Мазамбік, 2002. — S. 41.
  4. W. Łużyński, Państwo pomocnicze. — Lublin, 2001. — S. 23.
  5. W. Łużyński, Chrześcijańska inspiracja w życiu społecznym. Refleksje na podstawie encykliki Caritas in veritate // Studia Gnesnensia. Tom XXVI (2012), 187–199.
  6. Caritas in veritate, 78. Перакл. секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
  7. http://www.opoka.org.pl/biblioteka/W/WP/benedykt_xvi/przemowienia/ obrzycia_12052008.html.
  8. Człowiek z perspektywy religii, rodziny i szkoły (red. H. Czakowska, M. Kuciński) — Bydgoszcz, 2013. — S. 103.
  9. J. Ratzinger, Europa. Jej podwaliny dzisiaj i jutro, dz. cyt. — S. 41.
  10. Benedykt XVI / J. Ratzinger, Miłości można się nauczyć. — Warszawa, 2013. — S. 39.
  11. Тамсама.
  12. R. Kryszkowska, Benedykt XVI w Hiszpanii, http://www.przewodnik-katolicki.pl/nr/kosciol_w_swiecie/benedykt_xvi_w_hiszpanii.html.
  13. G. Górny, Wojna Benedykta, «Fronda», 2009, nr 50. — S. 21.
  14. J. Ratzinger, Europa Benedykta w kryzysie kultur, przeł. W. Dzieża, Edycja Świętego Pawła, — Częstochowa, 2005. — S. 67.
  15. D. Goso, Dr House i jego ewangelia. — Pelplin, 2011. — S. 23.
  16. Caritas in veritate, 1.
  17. Deus caritas est, 39.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY