|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
Біёграф Льва Сапегі як пра найбольш важны вынік яго дзейнасці пісаў, што пасля караля Уладзіслава Ягайлы канцлер ВКЛ учыніў найбольшую колькасць фундацый касцёлаў і кляштараў, и меў рацыю. Дастаткова згадаць выдатны архітэктурны ансамбль віленскага кляштара бэрнардынак з касцёлам св. Міхала, заснаваны Львом Сапегам у 1594 г., Троіцкую царкву ў Чарэі, касцёлы кармэлітаў у Бялынічах і Ружанах, многія парафіяльныя касцёлы. Знакаміты Супрасльскі манастыр пад Беластокам абавязаны сваім узнікненнем у пачатку ХVI ст. ваяводу наваградскаму Аляксандру Хадкевічу і мітрапаліту Іосіфу Солтану. Вясковыя касцёлы і цэрквы таксама заснаваныя, як правіла, уласнікамі — каралямі і магнатамі, багатай і не вельмі багатай шляхтаю. У буйнейшых гарадах фундатарамі храмаў часам станавіліся рамесніцкія цэхі і рэлігійныя суполкі (брацтвы), у якіх былі і прадстаўнікі вышэйшага саслоўя. Існавала старажытная традыцыя для памяці нашчадкам у храмах на ўваходнай сцяне ці ў сакрыстыі змяшчаць партрэты заснавальнікаў (фундатараў), якія не толькі фінансавалі пабудову святыні, але і забяспечвалі далейшае існаванне парафіі ці кляштара зямельнай маёмасцю, часам досыць аддаленай, вёскамі з сялянамі. Згадаем, напрыклад, Ігумень (цяпер Чэрвень) і Стрэшын, якія вялікім князем Вітаўтам у пачатку XV ст. былі прыпісаныя да віленскай катэдры. Партрэты фундатараў з’яўляліся не толькі знакамі ўдзячнасці і гонару, але своеасаблівымі гістарычнымі «дакументамі ў фарбах». З далучэннем беларускіх земляў да Расійскай імперыі завяршылася і гісторыя фундатарскага партрэта, а пасля паўстання 1831 г. многія нашчадкі знакамітых родаў эмігравалі. Адной з праяваў рэпрэсій стала скасаванне ў 1832 г. пераважнай большасці кляштараў бэрнардынаў, францішканаў, кармэлітаў і іншых менш вядомых ордэнаў і кангрэгацый (у лепшым выпадку іх касцёлы станавіліся парафіяльнымі). Пры імператары Аляксандры ІІ у Вільні ўтварылася кола археолагаў і краязнаўцаў, даследчыкаў мясцовай гісторыі і мастацкай спадчыны. Намаганнямі Яўстахія Тышкевіча пры падтрымцы аднадумцаў у 1856 г. быў адчынены Віленскі музей старажытнасцяў, у які трапілі некалькі фундатарскіх партрэтаў. Помстаю генерала-губернатара Мураўёва за паўстанне 1863 года стала скасаванне Віленскага музея, і шмат якія яго экспанаты, у тым ліку 105 партрэтаў, былі адпраўлены ў Гістарычны музей у Маскве. Такім чынам там апынуўся і вядомы партрэт Еўфрасінні Тышкевіч, заснавальніцы кляштара дамініканаў у Ражаным Стоку на Падляшшы1. Існуе меркаванне, што яе партрэт быў намаляваны віленскім мастаком Ёганам Штэтарам у 1650-1660 гг. Выява Еўфрасінні ўпісаная ў авал, абведзены польскім надпісам буйнымі літарамі: «EVRROZYNA TYSZKIEWICZOWA STOLNIKOWA DERB. FVNDAT. ROZANSTOCKA». Еўфрасіння паказана пакаленна, на ёй паверх белай сукенкі — чорнае адзенне з белаю пелярынаю; на галаве — чорны капот. Такія «манаскія» колеры адзення наводзяць на думку, што фундатарка прадстаўлена ў стане ўдавы (дэрпцкага стольніка Фелікса Тышкевіча). На фоне справа — герб Тышкевічаў «Леліва», злева — выява Ражанастоцкага абраза Маці Божай (па іканаграфіі — Чанстахоўскага), які праславіўся цудамі ў доме Тышкевічаў і стаў прычынаю заснавання ў Ражаным Стоку кляштара дамініканаў. Пасля Другой сусветнай вайны каля З0-ці партрэтаў з колішніх збораў Віленскага музея старажытнасцяў былі вернуты ў Літоўскі гістарычны музей у Вільнюсе, у тым ліку партрэты фундатараў кляштараў канонікаў латэранскіх на беларускіх землях: віцебскага кашталяна Мікалая Вольскага з Крамяніцы, Яна Караля Хадкевіча з Быхава, падканцлера ВКЛ Казіміра Льва Сапегі са Слоніма. Нягледзячы на ўсе войны і дзяржаўныя перамены, віленскія музеі захавалі свае фонды значна лепш, чым мінскія, магілёўскія і віцебскія, у прыватнасці, партрэты фундатараў з беларускіх храмаў. Найперш згадаем партрэт вялікага князя Вітаўта з брэсцкага кляштара аўгустынаў2. Гэты адзін з самых старажытных кляштараў на Беларусі, заснаваны ў 1412 г. ( з канца ХVII ст. размяшчаўся пры Рынкавым пляцы), зачынены расійскімі ўладамі ў 1830-я гады. Тады ж партрэт быў перанесены ў віленскі кляштар аўгустынаў (цяпер знаходзіцца ў Літоўскім мастацкім музеі). Парадны партрэт значнага фармату намаляваны ў стылі барока 1-й паловы ХVIII ст. Вялікі князь Вітаўт паказаны ў рост, амаль франтальна; на ім паверх доўгага жупана надзеты панцыр, плечы ахінае мантыя. За спінаю бачны намёт; унізе надпіс на лаціне абазначае Аляксандра Вітаўта як вялікага князя Літвы, фундатара брэсцкага кляштара ў 1412 годзе па Нараджэнні Хрыстовым, на 6-ы дзень пасля ўрачыстасці Унебаўзяцця Панны Марыі. У тым жа мастацкім музеі ў Вільні захоўваецца партрэт Міхала Дамброўскага, дабрадзея кляштара дамініканак у Наваградку. Яго паясная выява ў парыку саксонскіх часоў, са знакам ордэна Белага Арла, змешчана ў авале, абведзеным стужкаю з надпісам: MICHAL DABROWSKI Kawaler Maltanski wielki dobrodziej W: W: PP Dominikanek Nowogruckich A. D. 1791. Rodzony Ignacego Dobrowskiego chor: Wilkomer3. Міхал Дамброўскі вядомы ў 1-й палове ХVІІІ ст. як камандор Мальтыйскага ордэну ў Сталовічах; пры ім тут вымураваны велічны храм св. Яна Хрысціцеля па праектах Іосіфа Фантаны і Яна Глаўбіца (цяпер царква імя Аляксандра Неўскага). З надпіса на партрэце можна зразумець, што ён намаляваны ў 1791 г. па замове родзіча Міхала —харунжага Вілкамірскага павета Iгнацыя Дамброўскага (ён вядомы сваім подпісам за выбранне караля Станіслава Аўгуста ў 1764 г.).
Яшчэ ў пачатку ХХ ст. праваслаўныя манастырскія храмы захоўвалі візуальную памяць пра сваіх заснавальнікаў. Да прыкладу, аршанскі Куцеінскі манастыр — партрэт наваградскага кашталяна Багдана-Фёдара Статкевіча-Заверскага. Зрэдку партрэты фундатараў і ў нашы дні можна ўбачыць у інтэр’ерах храмаў Літвы, напрыклад, велічная выява ў рост караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелона адразу звяртае на сябе ўвагу ў віленскім (былым дамініканскім) касцёле Святога Духа. У Наваградку, сапраўды воляю нябёсаў і адданасцю вернікаў, захаваны старажытныя рэліквіі: з касцёла дамініканак — абраз Маці Божай Снежнай, а з касцёла дамініканаў — партрэт фундатара Крыштафа Хадкевіча (+1652). Гэта сын Гераніма (дарэчы, апекуна Сафіі Слуцкай), кашталян троцкі (1633–1636), затым віленскі (1636–1642), ваявода віленскі з 1642 года. Ён паказаны пакаленна, злёгку павернутым управа; на ім чырвоны кунтуш з доўгімі рукавамі, перапаясаны шырокім белым пасам; на плечы накінута дэлія з футрам, змацаваная залатым ланцужком. Паголеную галаву прыкрывае чорная шапачка. Леваю рукою пры поясе ваявода трымае эфес шаблі, разам з тым указваючы на хартыю з тэкстам пра заснаванне ў Наваградку кляштара дамініканаў у 1637 годзе. У гродзенскім па-францішканскім касцёле Панны Марыі Анёльскай захаваліся партрэты Яўстахія і Сузанны Курчаў, якія ў 1635 г. заснавалі кляштар. З касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (Уснары) на Гродзеншчыне паходзіць партрэт Віленскага біскупа Караля Панцэжынскага (1724–1729), які цяпер знаходзіцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску. «Гэта быў вельмі старанны пастыр, характару надзвычай абаяльнага і разам з тым сталага. Ён стараўся адпавядаць патрэбам Касцёла і Айчыны. Задумаў шмат, але выканаць не змог, бо па нядоўгім пастырстве нечакана памёр», — пісаў гісторык віленскай катэдры кс. Ян Курчэўскі4. Біскуп паказаны па пояс за столікам, на якім ляжыць кіпа дакументаў і стаіць чарніліца з гусіным пяром. Дэталі не выпадковыя, бо Караль Панцэжынскі меў яшчэ і ганаровую пасаду пісара Вялікага Княства Літоўскага. Згадаем, што касцёл ва Уснары быў пабудаваны ў 1795 г. Людвікам Панцэжынскім, напэўна, родзічам біскупа. Аднак тыпалогія патрэта і адзенне на біскупе характэрныя хутчэй для 2-й паловы ХVIІІ ст., а ордэн святога Станіслава дае падставу аднесці партрэт да часу апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста. Ці не прадстаўлены тут Ігнацы Якуб Масальскі, Віленскі біскуп (1762–1784 гг.) княжацкага роду, на што паказвае і комжа з футрам гарнастая. «Муж выключных здольнасцяў, абшырных ведаў, пан заможны і пастыр, які турбаваўся аб дабры і асвеце народа. Калі б гістарычныя падзеі ішлі звычайным шляхам, ён мог быць зоркай у віленскай сталіцы, але перавароты і паражэнні, і прытым неабачлівасць у траты фундушаў і замах на высокі узровень пахіснулі і зацьмілі яго веліч і сталі прычынай яго трагічнай смерці»5. Біскуп жыў пераважна ў Варшаве, ён не падтрымаў паўстання Касцюшкі і... быў павешаны паўстанцамі. І што атрымалі ў выніку варшаўскія «якабінцы»? Разгром і трэці падзел Рэчы Паспалітай, страту дзяржаўнасці больш чым на стагоддзе. Экспедыцыяй Музея старажытнабеларускай культуры АН Беларусі на чале з В. В. Церашчатавай у 1985 г. у сакрыстыі касцёла Св. Тройцы ў Крывічах (на Мядзельшчыне) быў выяўлены ў вельмі пашкоджаным стане шляхецкі партрэт з надпісам выразнай графікай (на полі пад гербам) у стылі ракако: W.I.Msc: P. Andrzey UKOLSKI Qiwun I Podkomodzy W: Trockiego Fundator X.X. Trynitarzow w Krzywiczach6. Выява Укольскага — выдатны ўзор «сармацкага партрэта»: характэрны мясцовы тыпаж з гарбатым носам, паголеным высокім ілбом і скронямі дасканала спалучаецца з фарсістым урачыстым уборам. Мастак любоўна выпісаў лініі кунтуша, шырокі пас слуцкага тыпу, мініяцюрныя аксесуары аздаблення, эфес шаблі-палашыка, жэзл ваяводскага ўрадоўца ў руцэ троцкага падкаморнага. Самая сенсацыйная знаходка была ў вёсцы Задарожжа Глыбоцкага раёна. Тут у сакрыстыі велічнага неагатычнага касцёла пачатку ХХ ст. цудам захаваўся партрэт караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ Вазы. Аказалася, што па яго загадзе ў 1601 г. і быў заснаваны касцёл у Задарожжы. У канцы ХІХ ст. драўляны храм згарэў з усімі алтарамі і абразамі. Відавочна, партрэт на той час захоўваўся ў плябаніі. На палатне кароль прадстаўлены ў рост, закрыты даспехамі. Малюнак свабодны, нават экспрэсіўны, у стылі барока сярэдняга ўзроўню. Мастак мясцовай школы (з Вільні ці Полацка?), напэўна, бачыў выявы Жыгімонта ІІІ, маляваныя ці графічныя, і напісаў караля ў даспехах (Жыгімонт ІІІ у 1611 г. паспяхова хадзіў з войскам пад Смаленск, вярнуўшы яго Вялікаму Княству Літоўскаму). Спадзяемся, што партрэт у касцёле захоўваецца і сёння. Эфектны ўзор фундатарскага партрэта Ігнацыя Завішы паходзіць з кляштара базыліянаў у Лядах, каля Мінска (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі). Партрэт пабедраны, твар фундатара павернуты ўлева, правая рука трымае высокі жэзл маршалка, левая далонь фарсіста сціскае эфес шаблі. Пунсовы кунтуш перацягнуты на таліі шырокім залататканым пасам. Праз плячо перакінута стужка з ордэнам Белага Арла; унізе — выгнутая стужка-бандэроль з надпісам па-польску: «Ігнацы граф на Бакштах, Бердычаве і Завішыне, Кіжгайла Завіша, маршалак надворны ВКЛ мінскі, бабруйскі, суміліскі староста, генерал-маёр Войскаў Польскіх. Фундатар кляштара ляданскага. Року 1732». На жаль, да нашага часу дайшлі толькі адзінкавыя фундатарскія партрэты, і то пераважна з кляштарных касцёлаў. Толькі ў архіўных вопісах часам ёсць указанне на партрэт фундатара парафіі (напрыклад, у вопісе XVIII ст. вішнеўскага касцёла (на Валожыншчыне) згадваецца пра партрэт яго заснавальніка Сенкі Гедыголдавіча).
Рэдакцыя часопіса віншуе Аляксандра Ярашэвіча з прыгожым жыццёвым юбілеем. Шчыра зычым усіх патрэбных Божых ласкаў і чакаем новых артыкулаў і кніг.
|
|
|
|