Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця

БОЖАЯ ДАБРЫНЯ

ДЛЯ НАС І НАШАЙ КАРЫСЦІ

МЯСЦІНЫ, ЯКІЯ ПАМЯТАЮЦЬ…
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры

ДЖАВАНІ ПАПІНІ І ДАНТЭ
Асобы
Пераклады

БЕЛАРУСКІ СЛЕД СТАЛЕМА

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва

ПАРТРЭТЫ ФУНДАТАРАЎ
З куфэрка памяці

ВЕЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

Галіна СКРЫГАН

ВЫРАТАВАЛЬНЫ КРУГ ЛЮБОВІ

Да 110-годдзя Яна Скрыгана

16 лістапада, у Дзень Маці Божай Вастрабрамскай, спаўняецца 110 гадоў выдатнаму нашаму пісьменніку, майстру роднага слова і светламу чалавеку Яну Скрыгану.

Ён пакінуў нам не толькі свае цудоўныя апавяданні, эсэ, мініяцюры, сабраныя ў чатыры «Кругі» таленавітай прозы, але й свой непазбыўны чалавечы і пісьменніцкі клопат пра беларускую мову. Варта толькі прыгадаць яго артыкулы, інтэрв’ю, запісы — «Найпершая тайна ў слове», «Пярэгалас», «Блізкія сэрцу думкі», «Беглыя запісы», «Яшчэ трохі аб мове», «Эцюды», «Культура творчасці і мы», — каб пераканацца, як моцна хваляваў яго лёс роднага слова. «У бацькаўшчыны заўсёды ёсць галоўны знак яе — мова», — пісаў ён.

Усім нам трэба хоць час ад часу «адчыняць» ягоную «Шуфляду» і зазіраць у яго літаратурную «Камору», каб падсілкавацца там «смакатою» і «мілатою» жывога і натуральнага, спаконвечнага беларускага слова, каб не аглухнуць зусім ад сучаснага моўнага «мудрагельства» і «хадульнага, настабурчанага наватарства», з якімі ён — тонкі майстра і далікатны, але бескампрамісны настаўнік — не стамляўся ў свой час змагацца.

Гэтак жа, як хараством роднай мовы, Ян Аляксеевіч захапляўся хараством прыроды і хараством жанчыны, сцвярджаючы, што ён «таксама яго палоннік…»

Пра незвычайныя адносіны Яна Скрыгана да жанчыны напісала ў сваім артыкуле ягоная дачка Галіна Янаўна Скрыган, якая нястомна рупіцца пра выданне і перавыданне творчай спадчыны свайго бацькі, дбае пра тое, каб непаўторны талент Яна Скрыгана і сёння служыў нашай Бацькаўшчыне, якую ён так моцна і аддана любіў.

Рэд.

 

Так ужо сталася, што да якіх гістарычных часоў ні належалі б старонкі ўнікальных споведаў — дзённікавых запісаў, яны апрыёры прасякнуты непадробнымі шчырасцю, сардэчнасцю, душэўным болем, роздумам, сумневамі, перажываннямі, якія звычайна схаваныя далёка ў тайніку душы і абавязкова пранізаны флёрам таемнасці.

Менавіта вось у такую атмасферу чалавечых пачуццяў мне пашчасціла паглыбіцца, калі я працавала над перадрукам бацькавых дзённікаў. Ад старонкі да старонкі перажываючы разам з бацькам самыя розныя жыццёвыя перыпетыі, грамадскія і асабістыя сітуацыі і падзеі, я выразна прасачыла нябачнае дзяленне тэкставага матэрыялу на тэматычныя лініі. Прычым кожная з гэтых ліній цалкам самастойная, насычаная філасофскімі развагі і ацэнкамі.

У межах гэтых радкоў мне хацелася б спыніцца, сканцэнтраваць увагу на адной з вельмі далікатных тэматычных ліній, дзе размова ідзе аб патаемных пачуццях, аб зацішных куточках у сэрцы, аб тонкіх душэўных парывах, дзе стаўленне да жанчыны паднесена як узор высокага, таемнага, вечна неспатоленага святога пачуцця: «На жаночую прыгажосць я гатоў дзівіцца гадзінамі, прычым у названых якасцях (аблічча, фігура, зграбнасць, грацыя, пластыка, лініі, лініі — тое, што называецца гармоніяй, хараством, эстэтычным зместам) абавязкова павінна прысутнічаць духоўная катэгорыя.

Як толькі пачуем — нават па голасе, па манеры трымаць сябе — духоўную пустату, адразу знікае вобраз гармоніі і хараства. Але цікава: перш за ўсё ўспрымаецца фізічны вобраз, бачнае хараство» (дзённікі, 10.07.1974).

Далей я паспрабую, па магчымасці, выбраць з тэксту менавіта тыя моманты, тыя сюжэты біяграфіі бацькі, у якіх грунтоўную лёсавызначальную ролю адыграла бязмежнае, усёабдымнае і ўсёмагутнае пачуццё любові. Вось на такой ноце мне хацелася б прадоўжыць гэты эмацыянальны настрой.

Нашае жыццё — ланцуг запраграмаваных выпадковасцяў, чарада эпізодаў, якія ў сваю чаргу вызначаюць лінію нашага быцця.

На долю бацькі выпала такая колькасць форс-мажорных паваротаў, якіх хапіла б не на адно чалавечае жыццё: «Цяпер я гляджу на сваю дарогу, як на далёкі сон. Мая біяграфія здаецца мне вельмі доўгаю, і я дзіўлюся, як многа ў ёй месціцца. Я зазнаў і трагізм, і роспач, зведаў цану радасці і надзеі: быў на грані таго горкага адчування, калі чалавек астаецца без радзімы...», — піша бацька ў сваіх «Кругах». Не дзіўна, што тэма трывогі праходзіць скрозь усе яго дзённікі, не дае спакою сэрцу і душы: «Трывожуся і трывожуся. Мабыць, ужо ніколі не дайду да спакойнасці — такую зняверанасць выпрацавала ў мяне жыццё» (дзённікі, 02.01.1984).

Здавалася б, можна было бацьку проста зламацца на кожным стромкім жыццёвым віражы. Зламацца можна было да поўнай духоўнай і фізічнай дэградацыі. Можна было ніколі не вярнуцца з незваротнай кропкі ні на родную зямлю, ні ў літаратуру, ні ў нармальнае чалавечае існаванне. Аднак гэтага не адбылося. Напэўна таму, што храм у душы майго бацькі быў змайстраваны са звышмоцнага матэрыялу. І ў гэтым храме ніколі не згасаў агеньчык надзеі, веры, любові.

Мне думаецца, што вытрымаць першую (у помным 1936 годзе) і таму самую моцную катастрофу ў жыцці майму бацьку дапамаглі менавіта вера, надзея і светлая, бясконцая пяшчотная любоў да сваёй маладой, прыгожай, разумнай жанчыны — сваёй першай жонкі, якая звалася Галінаю. Праз гады бацька запіша: «Восень 1972 года. Масква. Плошча Паўстання. Галантарэйны магазін. У дзвярах насустрач жанчына ў стракатым лёгкім паліто свабоднага крою. Мяне сцепанула: якраз гэткае паліто некалі я купляў Ліне (Галіне. — Г. С.).

Якое гэта дзіва — выпадак.

Нечаканасць — імгненне. Паўтара гады шлюбнасці, а памяць на ўсё жыццё».

Не суджана было бацьку ніколі не ўбачыць ні Галіны, ні свайго сына Усевалада. «Учора ў двары паштальёнка дала распісацца за ліст ад Севы. Канверт з чорнай рамкай: адразу зразумеў, у чым рэч. Памерла Ліна, 26 лістапада ў 6.45 раніцы (1977. — Г. С.).

Божа, як сціснулася сэрца! Якая пакутніца! З Севінага ліста бачу, яшчэ спадзявалася ўбачыцца, калі б я прыехаў на Сеўкава запрашэнне. Значыцца таксама было што сказаць.

У кожным цяжкім жыцці, мабыць, вельмі многа велічы. Што яна зазнала? І за што? Па сутнасці ўсю бяду прынёс ёй я. І з учарашняга дня нашу гэты яе вобраз і яе гора. Нават перад смерцю не суджана было абмяняцца позіркам, словам. Вечны спакой ёй, харошай маёй».

Ян Скрыган з жонкаю Галінаю. 1936 г.

Гэта было напісана ўжо ў перыяд так званай стабільнасці ў бацькавым жыцці, калі так можна сказаць у дадзеным кантэксце.

Але вернемся да клятага 1936-га, калі ў адно імгненне абарвалася сувязь часоў і крушэнне ўсіх надзеяў практычна сталася незваротнаю кропкаю.

Што тады выратавала душу бацькі? Думаю, бясконцая любоў да сваёй непараўнальнай і незабыўнай жонкі і да сына, якога ён так і не паспеў убачыць. І тым больш скрышальным ударам была злавесная вестка, што ягоная жонка Галіна і сын Сева загінулі ў самым пачатку вайны.

І што тады ўтрымала бацьку на паверхні жыцця? Думаю, зноў жа бясконцая любоў і памяць. Памяць, што не давала спакою сэрцу да канца зямнога жыцця.

Тут я зраблю адступленне, каб сказаць аб тым, што і Галіна, і Сева аказаліся жывыя. Пра гэта стала вядома ў 1963 тодзе, калі тата атрымаў ліст ад Севы з Заходняй Германіі. З тае пары паміж нашымі сем’ямі завязалася кранальная перапіска, якая то абрывалася на нейкі час, то аднаўлялася. Можна было толькі здагадвацца, якія землятрусы бушавалі ў бацькавай душы, якому так і не наканавана было сустрэцца з сынам...

У 2007 годзе, ужо праз 15 гадоў пасля смерці бацькі, настаў, відаць, мой час зразумець, што праз мяне працягваецца некратычная нітачка ад бацькі да сына. Мне пашчасціла правесці з Севам незабыўныя дні ў 2007 і 2012 гадах. Нашы сустрэчы былі вельмі цёплыя і душэўныя. Сева вельмі чакаў выдання дзённікаў бацькі, але яны былі выдадзеныя ў жніўні 2013 года, а 1 ліпеня 2013 года мне давялося ўбачыць Севу ўжо на ягоным пахаванні. Такі суровы лёс...

У 1978 годзе бацька ў сваіх дзённіках запіша: «Дарэчы, я зрабіў вельмі нядобра, што да гэтага часу не выкарыстаў тэмы Ліны. От гэтыя дні натыкнуўся на яе пісьмы, і так стала цяжка на душы — за яе пакуты. Забалела сэрца і ад Севінага ліста, дзе ён кажа, што яе надзея пабачыцца не збылася. Значыцца, пра многае ёй хацелася мне сказаць. Усё панесла з сабою ў магілу».

 

* * *

Галіна Скрыган з маці. 1959 г.

Аднак час няўмольна і незалежна ад нас безупынна працягвае сваю мерную хаду, якая аддаляе адзін жыццёвы эпізод і набліжае другі. Так у жыцці бацькі ўзнікае шанц — новая надзея на асабістае шчасце. Гэтай жанчыне, якая, па ягоных словах, вярнула яму жыццё, суджана было стаць і вернай памочніцай, і музай, і адданай жонкай да канца яго зямных дзён. Ёй бацька прысвяціў шмат пранікнёных радкоў, дзе называў яе толькі Ганначкаю.

Наогул, гаворачы пра тату і яго неверагоднае жыццё, я з глыбокаю цеплынёю ўспамінаю сваю маму, якая падзяліла з ім пакутніцкія гады выгнання. Я пісала ў кніжцы ўспамінаў пра тое, што яны з бацькам былі супрацьлегласці — «лёд і полымя», але менавіта гэтая акалічнасць і была фундаментам той гармоніі, якая панавала ў сям’і. Думаю, не будзе перабольшваннем, калі скажу, што мая маці была для таты тою музаю, якая ўплывала на ўсё далейшае ягонае жыццё, стаўшы яго цудоўным апірышчам, шырокімі моцнымі крыламі і ў побыце, уладкаваннях, і ў творчых шуканнях і здзяйсненнях.

«Хадзіў па парку Англійскім (у Нясвіжы. — Г. С.) на той бок возера. Як добра думаецца. Па парках трэба хадзіць толькі аднаму.

Божа, як добра думаў пра Ганначку. За ўсе мае нягоды мяне Бог узнагародзіў жонкаю. Такая адданасць! Чэснасць у дачыненні да звання „жонка“ — найвялікшая. Падумаў: усюды яна хадзіла за мною. Калі б гэта было тактоўна, зрабіў бы такое завяшчанне: Ганначка была разам са мною ўсюды. Вельмі прашу, каб і пахавана яна была поруч. Бо, калі раздумаўся, што хвароба можа паўтарыцца або ўсё роўна наблізіць канец, вельмі стала страшна, што буду ляжаць там адзін, без яе. Яна вельмі заслужыла тое, каб і там не разлучацца нам» (дзённікі, 20.08.1979).

«Вярнуўся я з камандзіроўкі, калі Ганначка паехала ўжо ў Гагру. Які дом яна пакінула! Усё прыбрана, пачышчана, раскладзена для карыстання. Калі толькі яна паспела? От і другая жонка, Ганначка, — таксама як бы ўзнагарода мне. Праўда! Тая (Ліна) паклялася, сказаўшы, што „Ян не вінаваты, і пакуль ён будзе адзін — і я буду адна“, гэтая — пусцілася за мною ў Сібір» (дзённікі, 19.10.1978).

Да апошняй хвіліны жыцця бацька захоўваў у памяці той глыбока кранальны момант, калі лёс паднёс яму чарговую суровую неспадзяванку: «Вось так скончылася маё гасцяванне ў Эстоніі (1949 г. — Г. С.). Яшчэ добра, чэкіст згадзіўся зайсці са мною дадому, каб я мог пераадзецца адпаведна таму, дзе цяпер мне давядзецца быць. Дома быў Алежка, я папрасіў яго збегаць на работу да мамы і сказаць, каб яна скоранька ішла дадому. Вядома, яна тут жа прыбегла... Калі я выходзіў з дому, скрозь слёзы яна сказала: „Памятай, дзе б ты ні быў, я да цябе прыеду“» (Ян Скрыган, «Эстонія», 1992 г.).

І прыехала. Разам з намі — дзецьмі — мною і маім братам Алікам. Тата падчас сустрэчы на вакзале ў Краснаярску ціхенька ёй сказаў: «Ты вярнула мне жыццё».

Так, вярнула. Вярнула і жыццё, а разам з ім і чалавека, і мужа, і грамадзяніна, і пісьменніка — майстра слова, і любячага бацьку, і пяшчотнага дзядулю.

Але не ўсё адбывалася так гладка, як можа падацца на першы погляд. Цуды, канечне, часам здараюцца, а дакладней кажучы, мы хочам верыць у гэтыя здзяйсненні, у прывабны расклад падзей. Але суровую рэчаіснасць яшчэ ніхто не адмяняў: «Даволі доўгі час я не займаўся літаратураю. Я пабываў у Сібіры, Узбекістане, Эстоніі, бачыў розныя землі і гарады.

Усюды на сваім шляху сустракаў і добрых і благіх людзей. Найбольш добрых, і найбольш гэта помніш, бо на добрым вучышся сам. Я маю на ўвазе не якуюсьці дабрачыннасць, а чуласць, сумленнасць і праўду, няхай сабе жорсткую, чалавечыя ўчынкі.

А благія — гэта як памылкі друку» (Ян Скрыган, «Кругі»).

Вось такі светапогляд — з любоўю, з імкненнем адкрыць самае лепшае ў чалавеку.

Даследчыца беларускай літаратуры Роза Станкевіч у сваім артыкуле да 100-годдзя з дня нараджэння Яна Скрыгана напісала: «Само жыццё працягвае, дапісвае і „дасказвае“ яго кнігу» («Кругі». 4 кругі — «Парог», «Світанак», «Трывогі», «Спасціжэнне». — Г. С.), і так з’яўляецца яе пяты «Круг» — Круг Вечнасці».

І ў гэтым Крузе Вечнасці навекі пануюць радасць, хараство, згода, спакой, пяшчота, любоў...

Прысвячаю мой сціплы аповед светлай памяці майго бацькі Яна Скрыгана.

Галіна Скрыган


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY