Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця

БОЖАЯ ДАБРЫНЯ

ДЛЯ НАС І НАШАЙ КАРЫСЦІ

МЯСЦІНЫ, ЯКІЯ ПАМЯТАЮЦЬ…
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры

ДЖАВАНІ ПАПІНІ І ДАНТЭ
Асобы
Пераклады

БЕЛАРУСКІ СЛЕД СТАЛЕМА

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва

ПАРТРЭТЫ ФУНДАТАРАЎ
З куфэрка памяці

ВЕЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

Алесь ЖЛУТКА

ПАЭТЫКА БОСКАГА

ПАПА БЭНЭДЫКТ XV ПРА ДАНТЭ АЛІГ’ЕРЫ

Дантэ Аліг’еры.
Помнік паэту ў Фларэнцыі.

Два светы, дзве эпохі… Што можа звязваць двух аддзеленых амаль шасцісотгадовай прорваю часу людзей: Паэта і Пантыфіка? Ці могуць Веда і Дух, утоеныя ў чалавечым творы, быць адкрытыя і спасцігнутыя на другім краі гэтай прорвы?

Паэт!.. Дантэ нарадзіўся ў раздзіранай усобіцамі Фларэнцыі ў сям’і дробнай шляхты ў траўні ці чэрвені 1265 года. Сям’я належала да палітычнай групоўкі гвэльфаў, якія падтрымлівалі Папу і былі ў апазіцыі да гібэлінаў, якія стаялі на баку імператара. Дзіцячая любоў Дантэ да заўчасна памерлай Бэатрычэ Портынары перарасла з часам у надзвычай узнёслае і моцнае пачуццё, якое стала рухавіком яго паэтычнага натхнення. Гэтае пачуццё спарадзіла зборнік паэзіі «Новае жыццё» («Vita nuova»), створаны ў 1294 г., праз чатыры гады пасля смерці Бэатрычэ. Каханая яўна ці пакрыёма прысутнічае ва ўсіх творах паэта ў «Бяседзе» («Convivio»), «Слове Кахання» («Detto d’Amore»), у «Кветцы» («Fiore»), «Рыфмах» («Rime») і найбольш у «Камедыі» («Commedia»), названай пазней Джавані Бакача «Боскаю» (Divina). Менавіта яна стала вяршыняю творчага генія Дантэ. У гэтай паэме ў трох кантыках «Пекла», «Чысцец», «Рай», з якіх яна складаецца, увасобіліся і сінтэзаваліся пачуцці і веды, здабытыя Дантэ падчас навучання і ў дыскусіях з выбітнымі філосафамі і тэолагамі. У «Камедыі» Бэатрычэ становіцца ягонаю правадыркаю па Раі. Моцна ўразіла Дантэ і выгнанне ў 1302 г. з роднай Фларэнцыі, куды ён так і не змог вярнуцца да канца свайго жыцця, якое абарвалася ў 1321 годзе. Вір гневу і абурэння сваімі непрыяцелямі, любоў і вострая туга па страчанай Бацькаўшчыне напаўняюць ягоныя творы, напісаныя ў выгнанні.

Дантэ Аліг’еры поруч з Франчэскам Петраркам лічыцца бацькам італьянскай літаратурнай мовы, бо менавіта яны адразу ж узнялі яе на вялікую вышыню і стварылі на ёй тыя шэдэўры літаратуры, што стануць недасяжнымі ўзорамі для будучых пакаленняў. Дантэ не толькі быў названы «Вялікім Паэтам», але дасягнуў вышыняў ва ўсіх навуках, асабліва ў філасофіі і тэалогіі, што адбілася ў ягонай творчасці, у той жа «Камедыі», дзе містычнае бачанне зліваецца з метафізічнымі разважаннямі.

Пантыфік!.. Суайчыннік Паэта, Джакома дэля К’еза, нарадзіўся ў Генуі ў 1854 годзе. Пасля хатняга навучання вучыўся ў семінарыі, пасля — у Каралеўскім і Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Вывучаў філасофію, абараніў доктарскія дысертацыі па цывільным, а потым і кананічным праве, тэалогіі. З 1879 да 1885 г. вучыўся ў Папскай касцёльнай Акадэміі, дзе вывучаў дыпламатычную справу. Яшчэ падчас навучання і пазней, з 1882-га да 1907 г., быў заняты на папскай дыпламатычнай службе, дзе выявіў сябе здольным дыпламатам. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1878 годзе. У 1907 г. быў прызначаны арцыбіскупам Балоньі. Кардынальскі капялюш атрымаў вясною 1914 г., а ўжо ўвосень таго ж года быў абраны Папам, узяўшы сабе імя Бэнэдыкт ХV.

Пантыфікат Бэнэдыкта ХV распачаўся ў час Першай сусветнай вайны, што вымагала ад Папы неадкладных захадаў для яе спынення і дапамогі ахвярам. У сваёй першай энцыкліцы ад 1 лістапада 1914 г. (Ad beatissimi Apostolorum Principis cathedram) ён звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаваў, уцягнутых у вайну, з заклікам пакласці канец праліццю крыві і захоўваць мір. У тым жа годзе ён адкрыў бюро апекі палоннымі, а таксама інфармацыйны цэнтр пра палонных і загінулых. Была арганізаваная таксама медыцынская дапамога і харчовае забеспячэнне для палонных і насельніцтва, якое цярпела ад ваенных дзеянняў. У 1915 г. Папа выдаў распараджэнне адпраўляць у касцёлах адмысловае набажэнства да Сэрца Езуса ў інтэнцыі міру. У 1917 г. Ён даслаў ноту да ваюючых краінаў, заклікаючы да спынення вайны і міру без пераможцаў і пераможаных. Пасля заканчэння вайны ў 1920 г. выйшла энцыкліка Pacem Dei munus, у якой Пантыфік зноў заклікаў народы да міру і ўзаемапрабачэння. Парадаксальна, але за тое, што падчас вайны ён захоўваў нейтралітэт у адносінах да ваюючых бакоў, яны падазравалі яго ў прыхільнасці да сваіх праціўнікаў. Былі выпадкі, калі нават каталіцкія вернікі і іерархі ў некаторых еўрапейскіх краінах выступалі за працяг вайны. Папа заўсёды бараніў і падтрымліваў хрысціянаў, якія цярпелі ад уціску і пераследу па ўсім свеце. Калі ў Асманскай імперыі пачаўся крывавы пераслед хрысціянскіх вернікаў, Пантыфік усімі магчымымі захадамі намагаўся спыніць яго і дапамагчы церпячым словам і справаю праз дыпламатычныя каналы, праз харытатыўныя акцыі. Ён рашуча выступіў і супраць генацыду армянаў у Турцыі ў 1915 годзе. Але нават непрыхільныя да яго ўрады, у той жа Турцыі, не маглі не ацаніць велізарнай ролі Папы для захавання міру паміж народамі. У 1919 г. у Стамбуле (Канстанцінопалі) яшчэ пры ягоным жыцці быў пастаўлены помнік з надпісам: «Вялікаму Папу часоў сусветнай трагедыі Бэнэдыкту ХV, дабрачынцу народаў без адрознення нацыянальнасцяў ці рэлігіяў, у знак павагі. Усход».

Помнік Бэнэдыкту ХV у Стамбуле.

У час займання Бэнэдыктам ХV Апостальскага Пасаду адбылося і шмат іншых важных падзеяў у жыцці Касцёла. Пры яго кіраванні быў апублікаваны Кодэкс Кананічнага Права. Шмат зрабіў Бэнэдыкт ХV і для аднаўлення місійнай працы. У 1915 г. была створаная Кангрэгацыя семінарыяў і каталіцкіх універсітэтаў, а ў 1917 г. — Кангрэгацыя усходніх цэркваў, а таксама Арыенталістычны інстытут у Рыме. У 1921 г. быў заснаваны Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане. Вялікую ўвагу надаваў Папа абвяшчэнню Божага слова. У энцыкліцы Humani generis redemptionem ад 15 чэрвеня 1915 г. былі выкладзеныя тэалагічныя прынцыпы прапаведавання Божага слова. да 1 500-й гадавіны смерці св. Гераніма ў энцыкліцы Spiritus Paraclitus Папа заявіў пра боганатхнёнасць Святога Пісання і заклікаў вернікаў да яго чытання і вывучэння. У 1920 г. адбылася кананізацыя Жанны д’Арк. І ў тым жа годзе быў абвешчаны доктарам Касцёла Эфрэм Сірыйскі. Такія галоўныя моманты дзейнасці гэтага вялікага Папы, жыццё якога спынілася 22 студзеня 1922 года...

Ён непасрэдна і жыва адгукаўся на ўсе важныя падзеі свайго часу. Безумоўна, яму была добра вядомая і творчасць Дантэ, які сягнуў да глыбіняў Боскага ў паэзіі, і асабліва ў сваёй несмяротнай «Камедыі». У энцыкліцы In praeclara summorum, звяртаючыся да выкладчыкаў і студэнтаў літаратуразнаўства і гуманітарных дысцыплінаў з нагоды шасцісотай гадавіны з дня смерці Дантэ, Папа разважае над сутнасцю творчасці Паэта, над асноваю і рухаючай сілаю яго галоўнага твора, яго ролі ў пазнанні праўдаў веры. Ён указвае на велізарнае значэнне не толькі для Італіі, але і для ўсяго свету творчасці Дантэ, які сваім талентам паслужыў грамадству і Касцёлу, з якім быў непарыўна знітаваны. У энцыкліцы паказваецца, што паэзія Дантэ мае свой выток у хрысціянскай мудрасці і прасякнутая глыбокаю вераю. Гэта найбольш выявілася ў «Камедыі», якая з’яўляецца ядром і вяршыняю творчага даробку Дантэ. Падмуркам і каркасам усёй структуры паэмы стала хрысціянскае вучэнне, якое матывавала таксама ідэю, мэту і сюжэт твора. Паэт разам з чытачом праходзіць тры станы бытавання, што адпавядае догматам каталіцкай веры пра тры сферы, куды перасяляюцца душы пасля цялеснай смерці: Пекла, Чысцец, Рай. У паэме ўвасоблены ўвесь жыццёвы досвед Дантэ, здабытыя з розных галінаў навукі веды, ідэі схаластычнай філасофіі і тэалогіі, палітычныя перакананні; зямное жыццё трансфармуецца ў адпаведнасці з задумай творцы і атрымлівае працяг у вымярэнні вечнасці, дзе яно здабывае сваю ўзнагароду ці пакаранне. Паэтыка ўсёй творчасці Дантэ і яго «Камедыі» з яе шматстайнай і разгалінаванай структурай грунтуецца на спазнанні Боскага, дакладней, на тым узроўні спасціжэння Боскага, якога можа дасягнуць чалавек праз інтэлект і веру.

Папа спыняецца таксама на павучаннях у творах Дантэ, у якіх паэт заклікае шанаваць Святое Пісанне і верыць у праўды, у ім змешчаныя, паважаць рашэнні Сабораў, дактароў і айцоў Касцёла. Творчасць паэта нясе не толькі эстэтычную асалоду, але і карысць для духоўнага ўзрастання. Таму творы Дантэ, асабліва яго «Боская камедыя», павінны вывучацца ва ўсіх навучальных установах, але з усведамленнем іх рэлігійнай, хрысціянскай сутнасці. На жаль, афіцыйная сістэма адукацыі, з якой праганяецца ўсялякая ідэя Боскага, надпрыроднага, не дае належнай падрыхтоўкі для такога ўспрыняцця творчасці Дантэ.

У сваёй энцыкліцы Бэнэдыкт ХV пранікае ў самую сутнасць «Боскай камедыі» Дантэ і ўсёй ягонай творчасці, падкрэслівае яе вытокі з хрысціянскай, Божай мудрасці, а падмурак — з веры. Дзякуючы гэтаму спасціжэнню ў Духу схаваныя за алегорыямі і містычнымі вобразамі паэмы сэнсы становяцца больш зразумелымі, аднаўляюць сваё жыццё, прытлумленае бегам стагоддзяў, і пачынаюць адкрывацца, гаварыць з намі сваёю сапраўднаю моваю, моваю Вялікага Паэта, якога праз прорву часу пачуў і зразумеў Вялікі Папа — Бэнэдыкт ХV .

 

Гл. таксама:
ЭНЦЫКЛІКА ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XV IN PRAECLARA SUMMORUM ::
Аксана ДАНІЛЬЧЫК :: ДЖАВАНІ ПАПІНІ І ДАНТЭ ::
Джавані ПАПІНІ :: ЗА ДАНТЭ СУПРАЦЬ «ДАНТЫСТАЎ» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY