|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
ЭНЦЫКЛІКА ПАПЫ БЭНЭДЫКТА XV
IN PRAECLARA SUMMORUM
ДА ЎМІЛАВАНЫХ СЫНОЎ
Умілаваным сынам збаўленне і апостальскае благаслаўленне.
У шэрагу выдатных асобаў, якія сваім бляскам і славаю асвятлілі і ўзвысілі каталіцкую веру ў розных галінах, але асабліва ў літаратуры і гуманістыцы, прынёсшы несмяротныя плады свайго таленту ды паслужыўшы на дабро грамадству і Касцёлу, безумоўна, асаблівае месца займае Дантэ Аліг’еры, ад смерці якога неўзабаве споўніцца шэсць стагоддзяў. Магчыма, ніколі яшчэ, як сёння, не ўшаноўвалася гэтак шырока незвычайная веліч гэтага чалавека, бо не толькі Італія, якая справядліва ганарыцца такім сынам, але таксама ўсе цывілізаваныя народы, стварыўшы адмысловыя камітэты з дасведчаных людзей, з радасцю рыхтуюцца адзначыць гадавіну ягонай памяці, каб гэты велічны геній, хвала і слава чалавецтва, быў уганараваны ва ўсім свеце.
І Мы не можам не ўліць свой голас у гэты цудоўны хор людзей добрай волі, але, больш за тое, Мы павінны весці ў ім галоўную партыю, бо найперш і найбольш Касцёлу, які быў яму маці, належыць называць Аліг’еры сваім. Вось жа, як на пачатку Нашага Пантыфікату, скіраваўшы ліст да арцыбіскупа Равэны, Мы сталі ініцыятарамі рэстаўрацыі храма, пры якім пахаваныя парэшткі Аліг’еры, гэтак і сёння, нібы распачынаючы юбілейныя шасцісотгадовыя ўрачыстасці, Нам падаецца неабходным, умілаваныя сыны, звярнуцца са сваім словам да ўсіх вас, якія займаецеся літаратураю і гуманітарнымі дысцыплінамі пад мацярынскай апекаю Касцёла, каб яшчэ больш поўна выявіць сутнасную еднасць Дантэ з Катэдраю Пятра і паказаць, што хвала, якой аточанае гэтае вялікае імя, не ў малой меры павінна быць аддадзеная каталіцкай рэлігіі. І перш за ўсё таму, што наш Паэт усё сваё жыццё быў узорным вызнаўцам нашай веры, здаецца, будзе супадаць з ягонымі жаданнямі, каб гэтае ўрачыстае памінанне, якое неўзабаве адбудзецца, святкавалася пад эгідай рэлігіі, і калі яно будзе завяршацца ў Сан-Франчэска ў Равэне, то няхай распачнецца ў Сан-Джавані ў Фларэнцыі, у тым найпрыгажэйшым храме, які ён у апошнія гады свайго жыцця узгадваў з востраю тугою, жадаючы і мроячы быць увенчаным паэтычным лаўрам каля той збавеннай купелі, у якой немаўлём прыняў хрост.
Народжаны ў эпоху, калі дасягнулі росквіту тэалагічныя і філасофскія навукі дзякуючы вучоным схаластыкам, якія збіралі найлепшыя творы старажытных аўтараў і, адаптаваўшы згодна са сваім метадам, перадавалі іх нашчадкам, Дантэ, сярод вялікай разнастайнасці вучэнняў, абраў сваім настаўнікам бацьку схаластыкі Тамаша Аквінскага і з ягонай анёльскай думкі зачарпнуў амаль усе свае філасофскія і тэалагічныя веды, хоць не пагарджаў ніводнаю галіною чалавечага пазнання ды рупліва вывучаў Святое Пісанне і творы Айцоў. Дасведчаны амаль ва ўсіх навуках, ён найбольш жывіўся з крыніцы хрысціянскай мудрасці, і калі пачаў пісаць, менавіта са свету рэлігіі ўзяў тэмы неабсяжнай шырыні і глыбіні, каб укласці іх у вершы.
У кожным выпадку можна дзівіцца неверагоднай велічы і моцы яго генію, але таксама трэба прызнаць, што вельмі моцны штуршок ягонаму натхненню дала вера ў Бога, і таму яго несмяротная паэма напоўненая шматстайным святлом праўдаў, атрыманых ад Бога, не менш чым бляскам паэтычнага мастацтва. І сапраўды, уся ягоная «Камедыя» справядліва названая «Боскаю», бо ў розных сімвалічных вобразах і ў згадках жыцця смяротных на зямлі скіраваная насамрэч на тое, каб уславіць справядлівасць і Провід Бога, які кіруе светам у часе і ў вечнасці, узнагароджвае і карае людзей, і паасобна і ў супольнасцях, паводле іх заслугаў ці правінаў. У гэтай паэме, згодна з Божым адкрыццём, выяўляецца веліч Адзінага ў Тройцы Бога, Адкупленне чалавецтва Божым словам, якое сталася целам, найвялікшая дабрыня і спагада Дзевы і Маці Марыі, Каралевы Неба, звышняя слава святых, анёлаў і людзей. Гэтаму месцу супрацьпастаўлена пекла, дзе адбываюць пакаранні грэшнікі. А паміж абодвума месцамі змешчана сяліба душаў, якім у свой час, пасля ачышчэння ад грахоў, будзе адчыненая брама неба. Гэтыя і іншыя каталіцкія догматы выкладзеныя ў паэме надзвычай мудра і суладна. І калі поступ астранамічных даследаванняў паказаў, што старая канцэпцыя свету не мае падставаў, што тыя сферы, якія ўяўлялі старажытныя, не існуюць, і што прырода ды бег зорак і планетаў цалкам адрозныя ад меркаваных тады, то гэта не касуе той фундаментальны прынцып, што гэты сусвет, у якім бы парадку ні ўладкоўваліся яго часткі, кіруецца воляю ўсемагутнага Бога, якім яны створаныя, які ўсё рухае і чыя слава больш ці менш праяўляецца ва ўсім. Гэтая ж зямля, якую мы насяляем, хоць і не з’яўляецца цэнтрам сусвету, як некалі лічылі, была месцам шчаслівага жыцця нашых прабацькоў, а затым сведкам іх ганебнага падзення, якое азначала страту гэтага стану шчасця, што быў адноўлены крывёю Езуса Хрыста, які здабыў для людзей вечнае збаўленне.
Вось чаму Дантэ, які адтварыў у сваім уласным уяўленні тры станы душаў, паказаўшы, што чакае іх перад Апошнім Судом — асуджэнне грэшных, адкупленне пабожных і шчасце благаслаўлёных — мусіў атрымаць натхненне ад святла веры. Сапраўды, Мы думаем, што настаўленні, пакінутыя Дантэ ва ўсіх ягоных творах, але асабліва ў трохчасткавай паэме, могуць быць добрым правадніком для людзей нашага часу. Перш за ўсё хрысціяне павінны мець найвышэйшую павагу да Святога Пісання і з поўнаю паслухмянасцю прымаць усё, што ў ім змяшчаецца. «Хоць пісцоў Божага слова было шмат, але дыктаваў ім адзін — Бог, які пажадаў выявіць сваю волю праз пасрэдніцтва многіх пісцоў»1.. Сказана прыгожа і цалкам слушна! Гэтаксама, як і наступнае: «Стары і Новы Запавет дадзеныя навечна, як кажа Прарок», і змяшчаюць «павучэнні, якія пераўзыходзяць чалавечы розум», і якія ўдзеленыя «Святым Духам, які праз прарокаў і Святапісцаў, праз сувечнага сабе Сына Божага Езуса Хрыста і Ягоных вучняў адкрыў нам надпрыродную, неабходную для нас, праўду»2. Таму цалкам слушна Дантэ кажа, што ад гэтай вечнасці, якая надыйдзе пасля смяротнага жыцця, «мы маем пэўнасць, што вынікае з беспамылковага вучэння Хрыста, якое ёсць Дарогаю, Праўдаю і Святлом: Дарогаю, бо ёю мы бесперашкодна прыходзім да вечнага шчасця; Праўдаю, бо яно беспамылковае; Святлом, бо яно свеціць нам у цемры няведання гэтага свету»3. Не з меншаю павагаю ён ставіцца і да тых шаноўных Сабораў, у якіх браў удзел, як, не сумняваючыся, вераць усе вернікі, сам Хрыстус. Апрача гэтага, у вялікай пашане ў Дантэ былі «творы дактароў: Аўгустына і іншых». Пра іх ён кажа: «Хто сумняваецца, што ім дапамагаў Дух Святы, ці ўвогуле не бачыў іх пладоў, альбо, калі бачыў, не скаштаваў»4.
І сапраўды, Аліг’еры меў выключную павагу да аўтарытэту Каталіцкага Касцёла і да ўлады Рымскага Пантыфіка, так што, на яго думку, мелі сілу ўсе законы і інстытуцыі Касцёла, якія былі ім устаноўленыя. Таму ён пераконвае хрысціянаў у тым, што калі ў іх ёсць і абодва Запаветы, і таксама Пастыр Касцёла, які іх вядзе, то яны павінны быць задаволенымі, маючы такія сродкі для збаўлення. І таму, перажываючы ўсе беды Касцёла як свае, аплакваючы і ганячы ўсялякую непакору хрысціянаў Найвышэйшаму Пантыфіку пасля перанясення Апостальскага Пасаду з Рыма [у Авіньён], ён піша італьянскім кардыналам: «Мы, якія вызнаем таго ж самага Айца і Сына: таго ж самага Бога і чалавека, тую ж самую Маці і Дзеву; мы, для якіх і для збаўлення якіх было сказана таму, хто быў тройчы запытаны пра любоў: „Пётр, пасі святы статак”; мы, якія з Рыма (у якім пасля столькіх перамогаў і трыумфаў Хрыстус словам і справаю сцвердзіў сваю ўладу над светам, і ў якім Пётр і Павел, Апостал паганцаў, асвяцілі сваёю крывёю Апостальскі Пасад), змушаныя разам з Ераміем, галосячы не па будучых, а па цяперашніх пакаленнях, горка аплакваць Вечны горад, удаўца і пакінутага; мы сумуем, калі бачым яго такім гаротным, не менш, чым тады, калі бачым ганебную язву ерасі»5. Ён называе Рымскі Касцёл «міласцівай Маці» альбо «Заручаніцай Укрыжаванага», а Пятра — непагрэшным арбітрам адкрытай Богам праўды, якому належыць безумоўна падпарадкоўвацца ў пытаннях веры і жыцця дзеля вечнага збаўлення. Вось чаму, хоць ён і лічыць, што годнасць Імператара паходзіць ад Бога, аднак «гэтая праўда, кажа ён, не павінна разумецца ў такім сэнсе, што Рымскі Імператар не падпарадкоўваецца ў нечым Рымскаму Пантыфіку, бо зямное шчасце пэўным чынам падпарадкаванае шчасцю вечнаму»6. Гэта сапраўды найлепшы і мудры прынцып, які пры яго верным захаванні і сёння прынёс бы багаты плён для росквіту краінаў.
Але трэба таксама сказаць, што ён са зневажальнаю бязлітаснасцю абрушваўся на Найвышэйшых Пантыфікаў свайго часу. Менавіта на тых, з якімі не пагаджаўся ў палітычных пытаннях, і на тых, хто, як ён лічыў, належаў да групоўкі, якая выгнала яго з дому і з радзімы. Аднак няхай будзе даравана чалавеку, якога так біла хвалямі лёсу, калі з ягонай зраненай душы вырвалася штосьці такое, што, здаецца, перайшло меру, тым больш што для распальвання яго гневу прычыніліся, без сумневу, як гэта звычайна бывае, хлуслівыя погаласкі пра гэтых людзей, пашыраныя іх палітычнымі праціўнікамі, якія заўсёды схільныя бачыць усё ў горшым святле. Зрэшты, паколькі смяротным людзям уласцівая слабасць, «то нават і пабожныя сэрцы забруджваюцца пылам свету»7, і хто будзе адмаўляць, што ў той час людзі духоўнага стану мелі вады, якія наўрад ці можна ўхваляць і якія яго душу, нагэтулькі адданую Касцёлу, напоўнілі такою горыччу і абурэннем, што нават на людзей, вядомых, як мы ведаем, святасцю жыцця, ён абрушыў цяжкія папрокі? І ўсё ж, нават калі слушна ці няслушна ён абураўся і асуджаў касцёльных служыцеляў, аднак ніколі не было ў яго жадання неяк прыменшыць належную павагу да Касцёла і пашану да Найвышэйшых Ключоў. У палітычных творах ён імкнуўся абараняць сваё ўласнае меркаванне «з той пашанаю, якую добры сын павінен мець да бацькі, добры да маці, добры да Хрыста, добры да Касцёла, добры да Пастыра, добры да ўсіх вызнаўцаў хрысціянскай веры дзеля захавання праўды»8.
Таму, калі ўвесь гмах яго паэмы заснаваны на рэлігійным падмурку, не дзіўна, што ў ёй схаваны сапраўдны скарб каталіцкага вучэння, а менавіта найлепшы плён хрысціянскай філасофіі і тэалогіі, а таксама сума Божых законаў, якіх належыць трымацца пры ўладкаванні і кіраванні дзяржавамі. Аліг’еры не быў тым чалавекам, які дзеля ўзвелічэння бацькаўшчыны альбо дагаджаючы зверхнікам, мог бы сцвярджаць, што дзяржава можа пагарджаць справядлівасцю і Божым правам, бо ён добра ведаў, што іх захаванне з’яўляецца надзейнаю асноваю і цвярдыняю дзяржаваў. Твор Паэта прыносіць невымоўную асалоду, але зацікаўлены знойдзе ў ім і не меншую карысць для дасканалення свайго мастацкага густу і для ўзрастання ў цнотах, пры ўмове, што будзе вольны ў душы ад перадузятых меркаванняў і імкнуцца да праўды. Мы маем нямала добрых каталіцкіх паэтаў, якія здабылі агульнае прызнанне, спалучаючы карыснае з прыемным, гэта ёсць і ў Дантэ, які, зачароўваючы чытача разнастайнасцю вобразаў, прыгажосцю колераў, грандыёзнасцю думкі і слова, абуджае ў ім любоў да хрысціянскай мудрасці, і ўсе ведаюць, як ён адкрыта абвяшчае, што стварыў сваю паэму, каб прыгатаваць для ўсіх жыццядайны пасілак. Сапраўды, мы ведаем, што некаторыя людзі, таксама і ў наш час, аддаленыя, але не адвернутыя ад Хрыста, чытаючы і з любоўю вывучаючы «Боскую камедыю», з Божай ласкі пачыналі прымаць праўды каталіцкай веры, а пасля ахвотна ўвайшлі ва ўлонне Касцёла.
Усё, што дагэтуль было ўзгаданае, будзе дастатковым, каб паказаць, наколькі важна з нагоды гэтых вячыстых угодкаў кожнаму ва ўсім каталіцкім свеце стаць яшчэ больш руплівым у захаванні і памнажэнні веры, гэтай апякункі культуры і мастацтваў, што як нідзе больш выявілася ў Аліг’еры. Сапраўды, у ім выклікаюць подзіў не толькі найвялікшыя здольнасці і талент, але таксама незвычайная шырыня і глыбіня зместу, які ўнесла ў яго паэму вера ў Бога. І хоць ён ад прыроды меў вялікі талент, які шліфаваў, вывучаючы доўгі час шэдэўры антычных аўтараў, але яшчэ больш паглыбіў яго, спасцігаючы, як мы ўжо казалі, творы дактароў і айцоў Касцёла, што дазволіла яму сягаць сваёй душою і думкаю нашмат шырэй і вышэй за абмежаваныя далягляды, вызначаныя прыродай. Таму ён, хоць і аддзелены ад нас такім вялікім прамежкам стагоддзяў, нібы належыць да нашага часу, і сапраўды шмат сучаснейшы за некаторых цяперашніх вешчуноў, што апяваюць старую грахоўнасць, якую Хрыстус зруйнаваў на крыжы, выбавіўшы ад яе чалавецтва. Як і ў нас, у Аліг’еры жыве тая ж самая пабожнасць, яго вера выяўляецца ў тых жа пачуццях, у тыя ж шаты апранаецца «спасланая нам з неба праўда, якою мы так высока ўзнесеныя». У гэтым яго найбольшая слава: быць хрысціянскім паэтам і апяваць з дівоснай чуласцю і Боскім натхненнем хрысціянскія ідэалы, прыгажосць і веліч якіх ён успрымаў усёю сваёю душою і жыў імі. Таму тыя, хто адмаўляе Дантэ ў гэтай славе і зводзіць усю рэлігійную сутнасць «Боскай камедыі» да нейкай туманнай ідэалогіі, тым самым адмаўляюць тое, што з’яўляецца падмуркам і сутнасцю славы Паэта. Вось жа, Дантэ абавязаны каталіцкай веры такой вялікай часткаю славы і велічы, ужо не кажучы пра іншае, каб сцвердзіць усю беспадстаўнасць меркавання, што падпарадкаванне розуму і душы Богу замінае развіццю талента, бо насамрэч яно ажыўляе і ўзвышае яго. І наколькі кепска ўплываюць на поступ культуры і цывілізацыі тыя, хто хочуць пазбавіць асвету ўсялякай ідэі рэлігіі. Шкада, бо жалю вартая тая афіцыйная сістэма адукацыі, у якой моладзь выхоўваецца так, нібы Бога няма, і нават без усялякай думкі пра надпрыродныя рэчы. Бо хоць дзе-нідзе ў публічных школах «святая паэма» не з’яўляецца чужою і нават змяшчаецца ў пераліку кнігаў, якія павінны вывучацца больш глыбока, але зазвычай гэта не дае маладым людзям таго жыццядайнага пасілку, які яна павінна прыносіць. Пры агульнай заганнай скіраванасці навучання, яны аказваюцца непадрыхтаванымі, як было б патрэбна, да ўспрыняцця праўдаў веры. Вельмі хацелася б, каб гэтыя ўрачыстыя вячыстыя ўгодкі паспрыялі таму, каб Дантэ быў у належнай пашане і з’яўляўся для навучэнцаў настаўнікам хрысціянскага вучэння, паколькі, складаючы сваю паэму, ён не меў іншай мэты, як «вызваліць людзей з гаротнага стану», гэта значыць з грахоў, і «прывесці да стану шчасця», гэта значыць Божай ласкі9. Вы ж, умілаваныя сыны, якім выпаў лёс займацца літаратураю і прыгожымі мастацтвамі пад эгідаю Касцёла, любіце і шануйце, як і робіце, гэтага Паэта, якога мы, безумоўна, можам назваць прапаведнікам і найкрасамоўнейшым вешчуном хрысціянскай мудрасці. Бо чым больш вы з любоўю паглыбіцеся ў яго, тым ярчэй заззяе святло праўды ў вашых душах і вы больш трывала ўмацуецеся ў паслухмянасці і адданасці святой веры. Як прадвесце Божых ласкаў і сведчанне Нашай бацькоўскай прыхільнасці, з вялікай любоўю удзяляем усім вам, дарагія сыны, апостальскае благаслаўленне.
Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 30 красавіка 1921 г., у сёмы год Нашага Пантыфікату.
Бэнэдыкт ХV, Папа.
Гл. таксама:
|
|
|
|