Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця

БОЖАЯ ДАБРЫНЯ

ДЛЯ НАС І НАШАЙ КАРЫСЦІ

МЯСЦІНЫ, ЯКІЯ ПАМЯТАЮЦЬ…
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры

ДЖАВАНІ ПАПІНІ І ДАНТЭ
Асобы
Пераклады

БЕЛАРУСКІ СЛЕД СТАЛЕМА

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва

ПАРТРЭТЫ ФУНДАТАРАЎ
З куфэрка памяці

ВЕЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

ВЕЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

Дзед Юзік адышоў у іншы свет на зыходзе халоднай зімы 1965 года. Бурлівыя падзеі пачатку ХХ стагоддзя, на якія прыйшлася маладосць майго дзеда, нагадалі пра сябе праз паўстагоддзя. І самае страшнае з іх — нямецкая газавая атака пад Баранавічамі ў Першую сусветную, ад якой дзед пакутаваў амаль усё жыццё, кашляючы крывёю. Мінскія лекары з Чыгуначнай бальніцы, куды трапіў на лячэнне дзед Юзік, спачувальна сказалі: «Калі б на пару гадкоў раней — выразалі б мы адно пашкоджанае лёгкае, і Ваш дзед працягнуў бы яшчэ пару гадоў з Божай дапамогай. А так!.. Позна». Такі быў канчатковы прысуд. Апошнія жыццёвыя сілы згарэлі за некалькі дзён, і дзед памёр у пятніцу, 5 лютага 1965 года.

Мне было толькі чатыры гады, але я добра памятаю той чорна-белы лютаўскі дзень. Ён занатаваны ў маёй памяці на ўсё «жыццё», нібы на старой, трохі падрапанай фотастужцы. У дзень пахавання дзеда была шэрань і замець. Дзьмуў халодны, прабіраючы да касцей пранізлівы вецер. Маленькія, як проса, ільдзінкі калолі мне твар і белымі вужакамі круціліся па прамерзлай шэрай шашы, якая ішла ад Фаніпаля да старога Вязынскага цвінтара. Здавалася, быццам увесь свет, здранцвелы ў бела-дымчатых зімовых пялюшках, перавярнуўся і праваліўся ў непраглядную ледзяную бездань небыцця. Вось і старыя Вязынскія могілкі. Цяжкую сасновую труну, абабітую чырвона-крывавым паркалем, везлі на машыне, абсталяванай на кузаве невялікай бляшанай будай. На гэтай машыне абходчыкі дыстанцыі чыгункі кожны дзень і ў дождж, і ў снег аглядалі рэйкі, пракладзеныя каля Фаніпаля з Брэста на Маскву яшчэ ў XIX стагоддзі. Нягледзячы на золкае надвор’е, у апошні шлях майго дзеда прыйшлі праводзіць не толькі родныя, але і шматлікія суседзі, сябры-чыгуначнікі. Дзед за ўсё сваё жыццё прайшоў можа не адну тысячу кіламетраў ад станцыі Фаніпаль уздоўж чыгункі ў бок Мінска і Койданава, штодня аглядаючы кожны сантыметр чыгуначнага палатна. Гэты шлях у сем кіламетраў меў строга афіцыйную назву: «Шостая акруга першай мінскай дыстанцыі шляху». І дзед як свае пяць пальцаў ведаў кожную шпалу і кожны кастыль, што трымаў рэйку на гэтых сямі кіламетрах чыгункі. Ведаў ён і старыя могілкі пад шатамі старых клёнаў каля пагорка-фундамента старажытнай капліцы, якая мясцілася на скрыжаванні шляхоў паміж чыгункай і шашой. Тут, каля старых могілак пры чыгунцы, пачалося жыццё Юзіка ў хаце Сурмачэўскіх, якіх рускія чыноўнікі ў пачатку XIX стагоддзя запісвалі ў імперскія рэвізскія кнігі не інакш як «Соромочинских», мінскіх мяшчанаў, якія «бавились рольнитствем», г.зн. займаліся сельскай гаспадаркай. Дзяцінства яго прайшло ў двары, які меў дзівосную мясцовую назву — Акалёна. Ніхто і не памятае тае назвы цяпер, а яна тлумачыцца лёгка — тут праходзіла дарога з Койданава на Мінск, і двор стаяў якраз ля верставога слупа — «У калоны». А побач на могілках, за некалькі метраў ад хаты, спачывалі многія нашы родныя. Іх вечны супакой калыхалі дождж, вецер і малітвы родзічаў пад скляпеннямі шатаў стогадовых дрэваў. У першыя гады ХХ стагоддзя мой дзед уцякаў з нядзельнай школы на стайню да пана Багдашэўскага, бо любоў да коней гарэла ў душы падлетка мацней, чым любоў да навукі. Потым была вайна, і яшчэ вайна і зноў вайна. Дзесьці паміж войнамі заквітнела яго каханне, нарадзілася сям’я. Дзіцячую мару пра сваіх коней сталінскія сокалы выклевалі цалкам з душы ў 1930-я, і штодзённае быццё запоўніла любімая праца на чыгунцы. І вось у лютым 1965 года, напэўна ж, па Божым Провідзе, у гэтым сакральным месцы між двух шляхоў дзівосным чынам злучыліся нараджэнне, жыццё і смерць майго дзеда...

Смерць самага блізкага чалавека моцна ўзрушыла майго тату Вацлава. Ён усё не верыў у тое, што здарылася. Потым, калі я ўжо пасталеў, тата распавёў мне свае перажыванні ў той страшны чорна-белы дзень. Яму здавалася, што ўсё вакол адбывалася не з ім, а з іншым чалавекам. Чырвоная, як кроў, труна... ледзяныя, белыя, нібы саван, могілкі з чорным павуціннем старых дрэваў... вялікае застолле... шызы дым махоркі і гул размоваў, як праз вату ... Пад вечар тата праваліўся ў глыбокі сон. Ноччу, у трызненні ад невыноснага душэўнага болю, ён ускочыў, разбіў вялікае люстэрка шафы ў калідоры — яго забылі завесіць, як належыць па старым звычаі. Глыбока паласнуў шклом руку і ў крыві выбег неапрануты ў начную сцюжу. У снезе пад раніцу яго, знясіленага, знайшоў сусед...

Штогод, калі я бачу белыя змейкі лютаўскай замеці на дарозе, мае думкі разам з ёю зноў і зноў лятуць да майго дзеда Юзіка ...

Здавалася — на гэтым усё. Канец. Жыццё скончылася. І далей толькі цемра нябыту?.. Адказ на гэтае пытанне прыйшоў сам сабою далёка ад старых Вязынскіх могілак. Амаль праз пяцьдзясят гадоў. Здавалася, такі просты адказ, а па яго давялося ехаць за тысячы кіламетраў, аж у Францыю.

На шчасце, я шпацырую па самым прыгожым горадзе свету часцей за ўсё адзін і менавіта зімой, у лютым. Так спакойна. Людзей у Парыжы зусім мала — толькі жвавыя кітайскія турысты з азіяцкай апантанасцю фатаграфуюць зімовы дробны дождж з другога паверха чырвонага экскурсійнага аўтобуса. Можна запаволіць крокі і, спыніўшыся каля каменных парэнчаў, паглядзець на халодныя срабрыстыя хвалі Сены, па якіх павольна плыве доўгі пляскаты прагулачны кацер, сумны ў адзіноце некалькіх турыстаў, здранцвелых на палубе ад халадэчы. На беразе Сены букіністы зачынілі свае невялічкія крамы, і яны выглядаюць жалезнымі куфрамі, бліскучымі ад кропляў дажджу, поўнымі антыкварных скарбаў. Або вось старая знаёмая цыганка. Яна штогод, сагнуўшыся ў тры пагібелі, дрыготкай ссухнелаю далонню просіць міласціну каля Луўра. І я ніяк не магу яе сфатаграфаваць. Пабачыўшы фотаапарат, старая тут жа адварочваецца і вокамгненна слізгае за кут мура, нібы лісічка ў сваю нару. На гэты раз я не палюю за цікавымі кадрамі — я іду ў кляштар Клюні. Сведка парыжскага Сярэднявечча знаходзіцца на правым беразе Сены, у так званым Лацінскім квартале. Па дарозе я заходжу на востраў Сітэ, каб паслухаць густы прыглушана-велічны голас званоў Нотр-Дама, якія склікаюць нешматлікіх вернікаў на вячэрнюю Імшу. А вернікі у большасці сваёй — выхадцы з Афрыкі. Маленькая далікатная бабулька каля сабора крышыць белы ранішні «багет» — корміць зграю галубоў. Стракатых прадвеснікаў супакою так шмат, што старую парыжанку можна было і не заўважыць скрозь трымценне тысячы крылаў.

Я рушыў праз мост у вузкую шчыліну вуліц са шматлікімі маленькімі крамамі, дзе ў большасці сваёй гаспадарамі сябе адчуваюць арабы і італьянцы. Сярэднявечны кляштар таксама можна было не заўважыць, такі ён цацачны і маленькі, быццам знарок схаваны сярод імперскіх шэрых будынкаў ХІХ стагоддзя, як кацяня ў вялікім горадзе. Наведвальнікаў у кляштарным музеі не было, што парадавала мяне. Вядома, усе турысты сышлі ў Луўр з надзеяй разгадаць таямніцу ўсмешкі Джаконды. Мала хто будзе паглыбляцца сярод «свята, якое заўсёды з табой», у самотныя хвалі Сярэднявечча з амаль нерухомай аскетычнасцю і з жудаснымі вогнішчамі інквізіцыі. Але чым далей я ішоў па залах-келлях былога кляштара, тым больш у маёй свядомасці руйнаваліся міфы аб самотным жыцці суровых галаў, якія знішчылі ўсцешаны свет Рымскай імперыі. Такія тонкія карункі казачнага арнаменту капітэляў маглі выткаць у камені толькі Майстры, якія вельмі любілі жыццё, марылі аб вечным, чэрпалі натхненне ў старажытных паданнях. Вось там, сярод драўляных скульптураў шматлікіх Мадоннаў з прымружанымі «кранахаўскімі» мігдалавымі вачыма на вытанчаных тварах, я ўбачыў... таямніцу вечнага жыцця...

Гэта была скульптурная кампазіцыя «Святая Сям’я». У праваслаўнай традыцыі гэтая іканаграфія вядомая як «Багародзіца Трох Радасцяў». На праваслаўных абразах, што «прыходзілі» да мяне на рэстаўрацыю, лёгка ўгадвалася вядомая кампазіцыя карціны вялікага італьянскага майстра Рафаэля Madonna della seggiola («Мадонна ў фатэлі»). Арыгінал гэтай карціны знаходзіцца ў Фларэнцыі, а сама кампазіцыя ўпісана ў круг — тонда. Апроч мастацкіх альбомаў, упершыню я ўбачыў гэты сюжэт на нашай палескай іконе ХІХ стагоддзя, мілай і сардэчнай у сваёй цеплыні і наіўнасці. Кампазіцыя абраза была таксама ўпісаная ў тонда, а куты мясцовы майстар упрыгожыў фантастычнымі велізарнымі букетамі ружаў. Такія вялікія кветкі маглі быць, на думку іканапісца, толькі райскімі.

Трохі пазней да мяне трапіў абраз сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў срэбранай шаце. Гэта ўжо быў прафесійны акадэмічны жывапіс Санкт-Пецярбурга, і кампазіцыя была дапоўненая святым Юзафам, які паважна стаяў за Багародзіцаю, трымаючай на руках Дзіцятка Езуса. А вось тут, у Парыжы, за шклом музейнай вітрыны разгортвалася чарадзейства ў аб’ёмным выкананні — у скульптурнай кампазіцыі. Багародзіца, адарваўшыся ад кнігі, з замілаваннем назірала, як святы Юзаф гуляе з Дзіцяткам... Нечакана для сябе я па-новаму зірнуў на гэты сакральны сюжэт — перада мною паўстаў мой дзядуля, які з радасцю забаўляецца са сваім маленькім унукам. Немаўля з задавальненнем і з усмешкаю на вуснах гуляе кудзеркамі калматай барады старога. Здаецца, такі просты жэст, такія простыя пачуцці! Як жа ўдала мастак аскетычнага ў пачуццях Сярэднявечча злавіў гэты кранальны жэст, поўны сакральнай таямніцы жыцця! Тут да мяне і прыйшоў адказ: калі ўнук гуляе кудзеркаміі барады свайго дзядулі — жыццё працягваецца.

Яно вечнае…


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY