|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
Міласэрнасць Бога, утоенага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце; голас Пана, які звяртаецца да нас з трону міласэрнасці: Прыйдзіце да Мяне ўсе.
Размова міласэрнага Бога — Езус: Не бойся, грэшная душа, свайго Збаўцы, Я першы набліжаюся да цябе, бо ведаю, што сама па сабе ты не здольная ўзняцца да Мяне. Не ўцякай, дзіця, ад свайго Айца, пажадай завесці размову сам-насам са сваім Богам міласэрнасці, які сам хоча сказаць табе словы прабачэння і абсыпаць цябе сваімі ласкамі. О, якая дарагая для Мяне твая душа. Я запісаў тваё імя на сваіх руках, і ты ўрэзалася глыбокаю ранаю ў Маё сэрца. — Душа: Пане, я чую Твой голас, які кліча мяне, каб я вярнулася з нядобрай дарогі, але ў мяне няма ні адвагі, ні сілы. — Езус: Я — твая сіла, Я дам табе моц для змагання. — Душа: Пане, я спазнаю Тваю святасць і баюся Цябе. — Езус: Чаму ж ты баішся, дзіця Маё, Бога міласэрнасці? Мая святасць не перашкаджае Мне быць да цябе міласэрным. Глядзі, душа, для цябе Я ўзвёў трон міласэрнасці на зямлі, гэтым тронам з’яўляецца табэрнакулюм, і з гэтага трону міласэрнасці Я прагну сыходзіць у тваё сэрца. Паглядзі, Я не акружыў сябе ані світаю, ані аховаю, ты маеш доступ да Мяне ў любы момант, у кожную пару дня Я хачу размаўляць з табою і прагну ўдзяляць табе ласкі. — Душа: Пане, я баюся, ці прабачыш Ты мне такую вялікую колькасць грахоў, мая мізэрнасць напаўняе мяне трывогаю. — Езус: Мая міласэрнасць большая, чым твая мізэрнасць і мізэрнасць усяго свету. Хто змераў Маю дабрыню? Дзеля цябе Я зышоў з неба на зямлю, дзеля цябе дазволіў прыбіць сябе да крыжа, дзеля цябе дазволіў прабіць дзідаю сваё найсвяцейшае сэрца і адкрыў для цябе крыніцу міласэрнасці; прыходзь і чэрпай ласкі з гэтай крыніцы начыннем даверу. Прыніжанага сэрца Я ніколі не адкіну, твая мізэрнасць патанула ў бездані Маёй міласэрнасці. Навошта ж табе весці са Мною размову пра тваю мізэрнасць. Ты зробіш Мне прыемнасць, калі аддасі Мне ўсе свае беды і ўсю сваю мізэрнасць, а Я напоўню цябе скарбамі ласкаў. [81] — Душа: О Пане, Ты перамог маё каменнае сэрца сваёю дабрынёю; вось я з даверам і пакораю прыходжу на суд Тваёй міласэрнасці, Ты сам адпусці мне грахі рукою свайго намесніка. О Пане, я адчуваю, як ласка і спакой увайшлі ў маю бедную душу. Я адчуваю, што мяне ўсю атуліла Твая міласэрнасць, Пане. Ты прабачыў мне больш, чым я асмельвалася спадзявацца, больш, чым я магла сабе ўявіць. Твая дабрыня пераўзышла ўсе мае жаданні. А цяпер, поўная ўдзячнасці за гэтулькі ласкаў, я запрашаю Цябе ў сваё сэрца. Я блукала, як марнатраўнае дзіця, але Ты не пераставаў быць для мяне Айцом. Памнажай ува мне Тваю міласэрнасць, бо Ты бачыш, якая я слабая. — Езус: Дзіця, не гавары больш пра сваю мізэрнасць, бо Я ўжо пра яе не памятаю. Паслухай, дзіця Маё, што Я хачу табе сказаць: прытуліся да Маіх ранаў і чэрпай з крыніцы жыцця ўсё, чаго толькі можа пажадаць тваё сэрца. Пі ўволю з крыніцы жыцця, і ты не стомішся ў дарозе. Глядзі на ззянне Маёй міласэрнасці і не бойся ворагаў свайго збаўлення. Праслаўляй Маю міласэрнасць. <...>
+ Размова міласэрнага Бога — Езус: Душа, Я бачу, як моцна ты церпіш, бачу, што ў цябе няма сілы нават размаўляць са Мною. Таму, душа, Я буду сам прамаўляць да цябе. Нават калі твае цярпенні будуць [86] найбольшыя, ты не падай духам і не расчароўвайся. Але скажы Мне, дзіця Маё, хто асмеліўся зраніць Тваё сэрца? Раскажы Мне пра ўсё, будзь шчырая са Мною, адкрый Мне ўсе раны свайго сэрца, Я іх вылечу, а тваё цярпенне стане крыніцаю твайго асвячэння. — Душа: Пане, мае цярпенні вельмі вялікія і самыя розныя, а з-за іх працягласці мяне ахоплівае расчараванне. — Езус: Дзіця Маё, нельга расчароўвацца; Я ведаю, што ты бязмежна Мне давяраеш, ведаю, што ты адчуваеш Маю дабрыню і міласэрнасць, — таму, можа, паразмаўляем падрабязна пра ўсё, што цябе найбольш хвалюе. — Душа: У мяне так шмат усяго, што я не ведаю, пра што сказаць найперш і як усё гэта выказаць. — Езус: Гавары са Мною проста, як сябра з сябрам. Ну, скажы Мне, дзіця Маё, што цябе стрымлівае на шляху святасці? — Душа: Недахоп здароўя стрымлівае мяне на шляху святасці. Я не магу выконваць абавязкаў, такая бездапаможная. Я не магу займацца ўтаймаваннем, строга пасціць, як гэта рабілі святыя; [87] зноў жа, мне не вераць, што я хворая, і да фізічных цярпенняў дадаюцца маральныя, і з гэтага выходзіць шмат прыніжэнняў. Бачыш, Езу, як мне тут стаць святою? — Езус: Сапраўды, дзіця, усё гэта — цярпенні, але іншай дарогі на неба, апрача крыжовай, няма. Я сам першы прайшоў яе. Ведай, што гэта найкарацейшая і самая надзейная дарога. — Душа: Пане, яшчэ адна перашкода і цяжкасць на шляху святасці: з-за таго, што я верная Табе, мяне пераследуюць і прычыняюць мне шмат цярпенняў. — Езус: Ведай, што з-за таго, што ты не з гэтага свету, свет ненавідзіць цябе. Спачатку ён пераследаваў Мяне; гэты пераслед — знак таго, што ты верна ідзеш следам за Мною. — Душа: Пане, яшчэ мяне расхалоджвае тое, што мяне не разумеюць у маіх духоўных цярпеннях ані настаяцельніцы, ані спаведнік. Цемра азмрочыла мой розум, і як тут ісці наперад? Так мяне ўсё гэта расхалоджвае, і я думаю, што вышыні святасці не для мяне. — Езус: Вось, дзіця Маё, на гэты раз ты Мне шмат сказала. Я ведаю, што гэта вялікая пакута — быць [88] незразуметаю, ды яшчэ тымі, каго любіш і з кім маеш шчырыя адносіны, але няхай табе будзе дастаткова таго, што Я разумею цябе ва ўсіх тваіх бедах і няшчасцях. Мяне радуе, што, нягледзячы на ўсё, у табе ёсць глыбокі давер да Маіх намеснікаў; але ведай, што людзі не могуць да канца зразумець душу, бо гэта вышэй за іх магчымасці; таму Я сам застаўся на зямлі, каб суцешыць тваё збалелае сэрца і ўмацоўваць тваю душу, каб не спынялася ў дарозе. Ты кажаш, што вялікая цемра засцілае твой розум, а чаму ж у гэтыя хвіліны ты не прыходзіш да Мяне, Я ж — святло і магу ў адно імгненне ўліць у тваю душу столькі святла і разумення святасці, колькі ты не атрымаеш ні ў якіх кнігах; ніводзін спаведнік не здольны так навучыць і асвяціць душу. А яшчэ ведай, што гэтую цемру, на якую ты скардзішся, Я спачатку перажыў дзеля цябе ў Аліўным садзе. Мая душа была прыгнечаная смяротным смуткам, і Я даю табе частку гэтых цярпенняў — дзеля Маёй асаблівай любові да цябе і дзеля высокай ступені святасці, якую Я табе [89] прызначаю ў небе. Церпячая душа бліжэй за ўсё Майму сэрцу. — Душа: Але яшчэ адно, Пане: што рабіць, калі я адпрэчаная і адкінутая людзьмі, асабліва тымі, на каго я мела права разлічваць, прытым у хвіліны найбольшай патрэбы? — Езус: Дзіця Маё, прымі пастанову ніколі не абапірацца на людзей. Ты многага даб’ешся, калі цалкам даверышся Маёй волі і скажаш: «Няхай будзе не так, як я хачу, а па Тваёй волі няхай мне станецца, о Божа». Ведай, што гэтыя словы, сказаныя ад усяго сэрца, у адзін момант узносяць душу на вяршыні святасці. Такая душа Мне асабліва падабаецца, такая душа аддае Мне вялікую хвалу, такая душа напаўняе неба водарам сваёй цноты; але ведай, што тою сілаю, якая дапамагае табе зносіць цярпенні, ты абавязана частай святой Камуніі, і таму часцей прыходзь да гэтай крыніцы міласэрнасці і чэрпай начыннем даверу ўсё, што табе неабходна. — Душа: Дзякую Табе, Пане, за Тваю неспасцігальную дабрыню, за тое, што Ты пажадаў застацца з намі на гэтым выгнанні і прабываеш з намі як Бог міласэрнасці [90], і сееш вакол сябе ззянне сваёй літасці і дабрыні. У святле промняў Тваёй міласэрнасці я зразумела, як моцна Ты мяне любіш.
Размова міласэрнага Бога — Езус: Мне прыемныя твае высілкі, душа, што імкнешся да дасканаласці. Але чаму ж Я так часта бачу цябе сумнаю і прыгнечанаю? Скажы Мне, дзіця Маё, што значыць гэты сум і ў чым яго прычына? — Душа: Пане, прычына майго суму ў тым, што, нягледзячы на мае шчырыя пастановы, я ўвесь час раблю памылкі, прычым тыя самыя. Раніцаю прымаю пастанову, а вечарам бачу, як далёка я адышла ад гэтых пастановаў. — Езус: Бачыш, дзіця Маё, хто ты сама па сабе, а прычына тваіх упадкаў у тым, што ты залішне разлічваеш сама на сябе і занадта мала абапіраешся на Мяне. Але няхай цябе гэта не засмучае празмерна, ты маеш справу з Богам міласэрным, твая мізэрнасць не вычарпае яе, Я ж прабачаю без абмежаванняў. — Душа: Так, я ўсё гэта ведаю, [91] але мяне атакуе мноства спакусаў, і розныя сумненні абуджаюцца ўва мне, і пры гэтым усё мяне раздражняе і прыгнятае. — Езус: Дзіця Маё, ведай, што найбольшаю перашкодаю да святасці з’яўляюцца прыгнечанасць і беспадстаўны неспакой, які адбірае ў цябе магчымасць практыкавацца ў цноце. Усе разам спакусы не павінны ні на хвіліну парушыць твайго ўнутранага спакою, а раздражнёнасць і прыгнечанасць — гэта плод твайго самалюбства. Табе трэба не расчароўвацца, а імкнуцца да таго, каб на месцы твайго самалюбства змагла заваладарыць Мая любоў. І таму — больш даверу, дзіця Маё; ты не павінна расчароўвацца, а павінна прыходзіць да Мяне па прабачэнне, бо Я заўсёды гатовы табе прабачыць. Колькі разоў ты аб гэтым Мяне просіш, столькі разоў праслаўляеш Маю міласэрнасць. — Душа: Я разумею, што найбольш дасканалае і што Табе найбольш падабаецца, але перада мною такія вялікія перашкоды, якія не даюць мне выканаць тое, што я ўсведамляю. — Езус: Дзіця Маё, жыццё на зямлі — гэта барацьба, вялікая барацьба за Маё валадарства, але не бойся, бо ты не адна. Я заўсёды цябе падтрымліваю [92], і таму абапрыся на Маё плячо і змагайся, нічога не баючыся. Вазьмі начынне даверу і чэрпай з крыніцы жыцця не толькі для сябе, але падумай і пра іншыя душы, і асабліва пра тыя, якія не давяраюць Маёй дабрыні. — Душа: О Пане, я адчуваю, што маё сэрца напаўняецца Тваёю любоўю, што промні Тваёй міласэрнасці і любові пранялі маю душу. Вось я іду, Пане, на Твой заклік, вось я іду заваёўваць душы, падтрыманая Тваёю ласкаю. Я гатова ісці за Табою, Пане, не толькі на Табор, але й на Кальварыю. Я прагну прыводзіць душы да крыніцы Тваёй міласэрнасці, каб на ўсіх душах адбілася ззянне промняў Тваёй міласэрнасці, каб дом нашага Айца быў запоўнены, а калі вораг пачне кідаць у мяне камяні, тады я, быццам шчытом, засланюся Тваёю міласэрнасцю.
Размова міласэрнага Бога — Душа: Пане і Настаўнік мой, я хачу паразмаўляць з Табою. — Езус: Гавары, Я слухаю цябе заўсёды, любае [93] дзіця; Я заўсёды чакаю цябе. Аб чым жа ты хочаш паразмаўляць са Мною? — Душа: Пане, найперш я адкрываю каля Твайго падножжа сваё сэрца з яго водарам удзячнасці за столькі ласкаў і дабрадзействаў, якімі Ты нястомна абсыпаеш мяне, і нават калі б я захацела іх палічыць, гэта было б немагчыма. Я памятаю толькі адно — што не было ў маім жыцці моманту, калі б я не адчувала Тваёй апекі і дабрыні. — Езус: Мне падабаюцца твае словы, а ўдзячнасць адкрывае табе новыя скарбы ласкаў, але, дзіця Маё, можа, мы пагаварылі б не так агульна, а падрабязней пра тое, што цябе найбольш хвалюе; паразмаўляйма даверліва, шчыра, як два сэрцы, якія любяць адно аднаго. — Душа: О мой міласэрны Пане, у маім сэрцы ёсць таямніцы, пра якія, апроч Цябе, ніхто не ведае і ведаць не будзе, бо калі б нават я захацела іх адкрыць, ніхто б мяне не зразумеў. Сёе-тое ведае Твой намеснік, бо я ж у яго спавядаюся, але ведае ён настолькі, наколькі я здольная яму гэтыя таямніцы адкрыць, а астатняе застанецца навечна паміж намі, мой Пане! [94] Ты ўкрыў мяне покрывам сваёй міласэрнасці, заўсёды прабачаючы мне грахі. Ты ані разу не адмовіў мне ў сваім прабачэнні, але, літуючыся нада мною, заўсёды адорваў мяне новым жыццём, жыццём ласкі. Каб у мяне ні ў чым не было сумнення, Ты аддаў мяне пад чулую апеку свайго Касцёла, гэтай чулай Маці, якая ад Твайго імя па-сапраўднаму пераконвае мяне ў праўдах веры і пільнуе, каб я ніколі не памылялася. Цэлае мора добразычлівасці мая душа спазнае ў судзе Тваёй міласэрнасці. Упалым анёлам Ты не даў часу для пакаяння, не падоўжыў ім часу міласэрнасці. О мой Пане, Ты паставіў на дарозе майго жыцця святых святароў, якія паказваюць мне верны шлях. Езу, ёсць у маім жыцці яшчэ адна таямніца, самая глыбокая і самая дарагая майму сэрцу — гэта Ты сам пад выглядам хлеба, калі Ты прыходзіш у маё сэрца. Тут уся таямніца маёй святасці. Тут маё сэрца, злучанае з Тваім, становіцца адзіным; тут ужо няма ніякіх таямніцаў, бо ўсё Тваё становіцца маім, а ўсё маё — Тваім. У гэтым усемагутнасць і [95] цуд Тваёй міласэрнасці. Нават усе чалавечыя і анёльскія мовы, злучаныя разам, не змогуць знайсці дастаткова словаў, каб выказаць гэтую таямніцу любові і Тваёй бяздоннай міласэрнасці. Калі я разважаю над гэтаю таямніцаю любові, маё сэрца зноў уваходзіць у экстаз любові, і я кажу Табе, Пане, аб усім моўчкі, бо мове любові не патрэбныя словы, бо не застанецца незаўважаным ніводзін рух майго сэрца. О Пане, нягледзячы на Тваё вялікае паніжэнне, Твая веліч яшчэ больш умацавалася ў маёй душы, і таму ў маёй душы абудзілася яшчэ большая любоў да Цябе, адзіны аб’ект маёй любові, бо жыццё любові і еднасці праяўляюцца ў дасканалай чысціні і глыбокай пакоры, у лагоднай ціхасці і вялікай руплівасці аб збаўленні душаў. О мой наймілейшы Пане, Ты кожную хвіліну пільнуеш мяне і даеш мне натхненне, як мне паступіць у дадзеным выпадку; калі маё сэрца ў чым-небудзь сумнявалася, Ты сам не раз вырашаў праблемы. О, колькі разоў Ты пры дапамозе нечаканага азарэння даваў [96] мне зразумець, што Табе больш падабаецца. О, як шмат разоў Ты прабачаеш, калі пра гэта ніхто не ведае. Колькі разоў Ты напаўняў маю душу сілаю і бадзёрасцю, каб я магла ісці наперад. Ты сам прыбіраў перашкоды — каб1 — з маёй дарогі, непасрэдна ўмешваючыся ў людскія справы. О Езу, усё, што я Табе расказала, — гэта толькі бляклы цень таго, што адбываецца ў маім сэрцы на самай справе. О мой Езу, як моцна я прагну навяртання грэшнікаў. Ты ведаеш, што я для іх раблю, каб прыцягнуць іх да Цябе. Мне вельмі баліць кожная абраза, нанесеная Табе. Ты бачыш, што я не ашчаджаю ні сілаў, ні здароўя, ні жыцця для абароны Твайго валадарства. Хоць на зямлі мае высілкі незаўважныя, у Тваіх вачах яны не менш вартыя. О Езу, я прагну прыводзіць душы да крыніцы Тваёй міласэрнасці, каб яны чэрпалі жывую ваду жыцця начыннем даверу. Калі душа жадае спазнаць на сабе большую Божую міласэрнасць, няхай з вялікім даверам наблізіцца да Бога, і калі яе давер да Бога будзе бязмежны, то і Божая міласэрнасць для яе будзе бязмежная. О мой Пане, [97] Ты ведаеш кожны рух майго сэрца, Ты ведаеш, як горача я прагну, каб усе сэрцы біліся выключна для Цябе, каб кожная душа праслаўляла веліч Тваёй міласэрнасці. — Езус: Маё любае дзіця, асалода Майго сэрца, твая мова для Мяне больш мілая і дарагая за анёльскі спеў. Для цябе адкрытыя ўсе скарбы Майго сэрца. Бяры з гэтага сэрца тое, што патрэбна для цябе і ўсяго свету. Дзеля тваёй любові Я адмяняю справядлівыя кары, якія заслужыла чалавецтва. Адзін акт чыстай любові да Мяне прыемней Мне, чым тысячы гімнаў недасканалых душаў. Адзін уздых тваёй любові кампенсуе мне шматлікія знявагі, якімі «кормяць» Мяне бязбожнікі. Найменшы ўчынак або акт цноты мае ў Маіх вачах бязмерную вартасць з-за тваёй вялікай любові да Мяне. У такой душы, якая жыве выключна Маёй любоўю, Я валадару, быццам у небе. Днём і ноччу Мой позірк чувае над ёю, Я знаходжу ў ёй сваю радасць, і Маё вуха чуе яе [98] просьбы і шэпт яе сэрца, а часта Я апярэджваю яе просьбы. О Маё асабліва любае дзіця, святло Маіх вачэй, адпачні хвіліну каля Майго сэрца і скаштуй той любові, якою ты будзеш цешыцца цэлую вечнасць. Але, дзіця, ты пакуль яшчэ не ў айчыне, а таму ідзі, умацаваная Маёю ласкаю, і змагайся за Маё валадарства ў людскіх душах, змагайся, як каралеўскае дзіця, і памятай, што дні выгнання хутка скончацца, а з імі — і магчымасць збіраць заслугі для неба. Я чакаю ад цябе, дзіця Маё, вялікай колькасці душаў, якія цэлую вечнасць будуць праслаўляць Маю міласэрнасць. Дзіця Маё, каб годна адказаць на Мой заклік, прымай Мяне штодзённа ў святой Камуніі — яна дасць табе сілу… [99] Езу, не пакідай мяне адну ў цярпенні. Пане, Ты ведаеш, якая я слабая, я — бездань убоства, я — сама мізэрнасць, і таму не будзе нічога дзіўнага, што, застаўшыся адна, я ўпаду. Пане, я — немаўля, я не даю сабе рады, але, нягледзячы на адзіноту, я спадзяюся, спадзяюся насуперак свайму пачуццю, я ўся ператвараюся ў давер, іншы раз насуперак таму, што адчуваю. Ні ў чым не змяншай маёй пакуты, дай мне толькі сілу яе знесці. Пане, рабі са мною ўсё, што Табе заўгодна; толькі дай мне ласку, каб я ўмела любіць Цябе ва ўсіх сітуацыях і абставінах. Пане, не змяншай келіха горычы, толькі дай мне сілы, каб я магла яго выпіць. О Пане, іншы раз Ты ўзнімаеш мяне ажно да святла натхненняў і зноў апускаеш мяне ў цёмную ноч і ў бездань маёй мізэрнасці, і душа адчувае сябе адзінокаю, быццам пасярод вялікай пустыні… Аднак, нягледзячы на ўсё, я давяраю Табе, Езу, бо Ты нязменны. Мой настрой зменлівы, а Ты заўсёды адзін і той жа, поўны міласэрнасці.
Пераклад з польскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|