|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
Ёсць праўды святой веры, якія нібы ведаюць і пра якія часта ўспамінаюць, але добра іх не разумеюць і не жывуць імі. Так было са мною ва ўспрыманні праўды пра Божую міласэрнасць. Я столькі разоў думаў пра яе падчас медытацый, асабліва на рэкалекцыях, столькі разоў гаварыў пра яе ў казаннях і паўтараў у літургічных малітвах, але не заглыбляўся ў яе змест і значэнне для духоўнага жыцця; асабліва не разумеў і пакуль што не мог пагадзіцца з тым, што Божая міласэрнасць — гэта найвышэйшая ўласцівасць Стварыцеля, Адкупіцеля і Асвяціцеля. Патрэбна была толькі простая пабожная душа, моцна з’яднаная з Богам, якая — я веру — па Божым натхненні сказала мне пра гэта і заахвоціла да вывучэння, даследаванняў і роздуму на гэтую тэму. Гэтаю душою была святой памяці сястра Фаўстына (Гэлена) Кавальская з Кангрэгацыі Дачок Маці Божай Міласэрнасці1. Сястра Фаўстына паволі дабілася таго, што сёння я лічу справу культу Божай міласэрнасці, і асабліва ўстанаўленне свята Божай Міласэрнасці ў першую нядзелю пасля Вялікадня, адной з галоўных мэтаў свайго жыцця. З сястрою Фаўстынаю я пазнаёміўся летам (у ліпені ці жніўні) 1933 года2 як з пенітэнткай у Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Вільні (вул. Сенатарская, 25), дзе я ў той час быў звычайным спаведнікам. Яна звярнула на сябе маю ўвагу незвычайнаю чуласцю сумлення і глыбокаю еднасцю з Богам: пераважна не было матэрыі для разграшэння, і яна ні разу не абразіла Бога цяжкім грахом. Ужо напачатку яна сказала мне, што ведае мяне даўно з якогасьці бачання, што я павінен быць для яе кіраўніком сумлення і мушу ажыццявіць нейкія Божыя планы, пра якія яна скажа. Я недаацаніў гэты яе аповед і падвергнуў яе аднаму выпрабаванню, з-за якога сястра Фаўстына з дазволу настаяцельніцы пачала шукаць іншага спаведніка. Праз пэўны час яна вярнулася да мяне і сказала, што вытрывае ўсё, але ад мяне ўжо не адыдзе. Не буду паўтараць, а, дакладней, раскрываць усе падрабязнасці нашай размовы, якая часткова ёсць у яе дзённіку, што яна пісала па маім даручэнні, бо я забараніў ёй пасля гэтага распавядаць пра свае перажыванні на споведзі. Пазнаёміўшыся з сястрою Фаўстынаю бліжэй, я зразумеў, што дары Духа Святога дзейнічаюць у ёй скрыта, але ў пэўныя даволі частыя хвіліны выступаюць больш яўна, надзяляючы часткова інтуіцыяй, якая жыва ахоплівала яе душу, абуджала парывы любові [да] ўзнёслых гераічных актаў ахвярнасці і самаадрачэння. Асабліва часта праяўлялася дзеянне дароў умеласці, розуму і мудрасці, дзякуючы якім сястра Фаўстына выразна бачыла марнасць зямных рэчаў, важнасць цярпення і прыніжэння, проста пазнавала ўласцівасці Бога і найболей — Яго бясконцую міласэрнасць, часам зноў углядалася ў незразумелае шчасцядайнае ззянне, пэўны час узіралася ў гэтае неспасцігальна шчасцядайнае святло, адкуль выходзіла постаць Хрыста, які благаслаўляў свет праваю рукою, а леваю прыўзнімаў адзенне ў вобласці сэрца; з-пад узнятага адзення выплывалі два прамяні — бледны і чырвоны3. Сястра Фаўстына мела такія і іншыя пачуццёвыя і разумовыя бачанні ўжо на працягу некалькіх гадоў і чула звышнатуральныя словы, якія ўспрымала з дапамогаю слыху, уяўлення і розуму. Баючыся аблуднасці, галюцынацый і ілюзій сястры Фаўстыны, я звярнуўся да сястры настаяцельніцы, маці Ірэны, каб яна праінфармавала мяне, хто такая сястра Фаўстына, якую рэпутацыю яна мае ў кангрэгацыі і ў сясцёр настаяцельніцаў, а таксама прасіў абследаваць яе псіхічнае і фізічнае здароўе. Атрымаўшы адказ, пахвальны для яе з усіх бакоў, я і далей пэўны час займаў чакальную пазіцыю, часткова не давяраў, задумваўся, маліўся і даследаваў, у тым ліку раіўся з некалькімі разумнымі святарамі аб тым, што рабіць, не раскрываючы, пра што і пра каго ідзе гутарка. А гутарка ішла пра ажыццяўленне нібыта катэгарычных патрабаванняў Пана Езуса, каб быў намаляваны абраз, які сястра Фаўстына бачыць у візіях, і ўстаноўлена свята Божай Міласэрнасці ў першую нядзелю пасля Вялікадня. Урэшце, хутчэй з цікаўнасці, які гэта будзе абраз, чым з-за веры ў праўдзівасць візіяў сястры Фаўстыны, я вырашыў прыступіць да малявання гэтага абраза. Дамовіўся з мастаком Яўгенам Казімяроўскім4, які жыў са мною ў адным доме і ўзяўся за пэўную суму маляваць, а таксама з сястрою настаяцельніцаю, якая дазволіла сястры Фаўстыне два разы на тыдзень прыходзіць да мастака, каб даваць указанні, якім павінен быць гэты абраз. Праца працягвалася некалькі месяцаў, і ўрэшце ў чэрвені ці ліпені 1934 года абраз быў скончаны. Сястра Фаўстына скардзілася, што абраз не такі прыгожы, як яна бачыць, але Пан Езус супакоіў яе і сказаў, што [такога], які ёсць, дастаткова, і дадаў: «Я даю людзям начынне, з якім яны павінны прыходзіць па ласкі да Мяне. Гэтым начыннем з’яўляецца гэты абраз з надпісам: Езу, давяраю Табе»5. Пакуль што сястра Фаўстына не магла растлумачыць, што азначаюць прамяні на абразе, але праз некалькі дзён сказала, што Пан Езус на малітве растлумачыў ёй: «Прамяні на гэтым абразе азначаюць кроў і ваду — бледны прамень азначае ваду, якая апраўдвае душы; а чырвоны азначае кроў, якая з’яўляецца жыццём душы. Яны выплываюць з Майго Сэрца, якое было адкрытае на крыжы. Гэтыя прамяні засланяюць душы ад гневу Айца Нябеснага. Шчаслівы той, хто будзе жыць пад іх заслонаю, бо яго не дасягне справядлівая рука Бога»6; «Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу»7; «Я прагну, каб першая нядзеля па Вялікадні была святам Божай Міласэрнасці»8; «Хто ў гэты дзень прыступіць да Сакрамэнту Любові, той атрымае адпушчэнне ўсіх правінаў і караў. Чалавецтва не знойдзе супакаення, пакуль не звернецца з даверам да Божай Міласэрнасці»9; «Перш чым Я прыйду як Справядлівы Суддзя, Я прыходжу як Валадар Міласэрнасці, каб ніхто не адгаворваўся ў дзень Суду, які ўжо не далёкі…»10 і г.д. Гэты абраз быў крыху новага зместу, і таму я не мог павесіць яго ў касцёле без дазволу арцыбіскупа, якога саромеўся прасіць аб гэтым і тым больш расказваць пра паходжанне гэтага абраза. Таму я змясціў яго ў цёмнай галерэі каля касцёла св. Міхала (у кляштары сясцёр бэрнардынак), рэктарам якога я ў той час быў прызначаны. Цяжкасці майго прабывання ў гэтым касцёле прадказала мне сястра Фаўстына, і сапраўды незвычайныя здарэнні развіваліся даволі хутка. Сястра Фаўстына патрабавала, каб я любым коштам змясціў абраз у касцёле, але я не спяшаўся. Урэшце на Вялікім тыдні 1935 года яна паведаміла мне, што Пан Езус патрабуе, каб я змясціў абраз на тры дні ў Вострай Браме, дзе будзе трыдуум на заканчэнне Юбілею Адкуплення, які павінен адбыцца у дзень плануемага свята, у Белую нядзелю. У хуткім часе я даведаўся, што будзе гэты трыдуум, і вастрабрамскі ксёндз пробашч, канонік С. Завадзкі, папрасіў мяне прамовіць [падчас яго] казанне. Я згадзіўся з умоваю, што гэты абраз будзе ў якасці дэкарацыі змешчаны ў акне крытай галерэі, дзе ён выглядаў велічна і звяртаў на сябе ўвагу людзей больш, чым абраз Маці Божай. Пасля набажэнства абраз [Езуса Міласэрнага] быў змешчаны на старым месцы ва ўкрыцці і заставаўся там яшчэ два гады. Толькі 1 красавіка 1937 года я прасіў Яго Эксцэленцыю арцыбіскупа Мітрапаліта Віленскага [аб згодзе] на тое, каб гэты абраз быў павешаны ў касцёле св. Міхала, рэктарам якога я быў яшчэ ў той час. Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп мітрапаліт сказаў, што не хоча сам гэта вырашаць, а даручыць агледзець абраз камісіі, якую арганізуе ксёндз канонік Адам Савіцкі, канцлер Мітрапалітальнай курыі. Канцлер наказаў 2 красавіка [1937 года] выста-віць абраз у сакрыстыі касцёла св. Міхала, бо не ведаў, у якую гадзіну адбудзецца яго агляд. Заняты працаю ў Духоўнай семінарыі і ва ўніверсітэце, я не прысутнічаў пры аглядзе абраза і не ведаю, у якім складзе была гэта камісія. 3 красавіка 1937 года Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Мітрапаліт Віленскі паведаміў мне, што мае ўжо дакладную інфармацыю пра гэты абраз і дазваляе асвяціць яго і павесіць у касцёле з агаворкаю, каб [яго] не вешалі ў алтары і нікому не гаварылі пра яго паходжанне. У той жа дзень абраз быў асвечаны і павешаны каля вялікага алтара з боку амбоны, адкуль яго некалькі разоў бралі ў парафію св. Францішка (былую бэрнардынскую) на працэсію Божага Цела для змайстраваных алтароў. 28 снежня 1940 года сёстры бэрнардынкі перанеслі яго ў іншае месца, пры гэтым абраз быў крыху пашкоджаны, а ў 1942 годзе, калі сясцёр арыштавалі нямецкія ўлады, абраз вярнуўся на ранейшае месца каля вялікага алтара, дзе застаецца да гэтага часу, атулены вялікаю пашанаю вернікаў і аздоблены шматлікімі вотамі.
Праз некалькі дзён пасля трыдуума ў Вострай Браме сястра Фаўстына распавяла мне пра свае перажыванні, [якія яна спазнала] ў час гэтай урачыстасці. Яны падрабязна апісаныя ў яе дзённіку. Затым, 12 мая, яна бачыла духоўным позіркам канаючага маршалка Ю[зафа] Пілсудскага і распавядала пра яго страшныя цярпенні. Пан Езус нібыта паказаў ёй гэта і сказаў: «Глядзі, чым заканчваецца веліч гэтага свету». Затым яна бачыла суд над ім, а калі я спытаў, чым гэты суд скончыўся, адказала: «Здаецца, Божая міласэрнасць праз заступніцтва Маці Божай перамагла»11. У хуткім часе пачаліся прадказаныя сястрою Фаўстынаю вялікія цяжкасці (у сувязі з маім прабываннем у касцёле св. Міхала), якія ўсё павялічваліся і ўрэшце дайшлі да кульмінацыйнага моманту ў студзені 1936 года. Пра гэтыя цяжкасці я амаль нікому не казаў і толькі ў крытычны дзень прасіў сястру Фаўстыну аб малітве. Да майго вялікага здзіўлення, у адзін і той самы дзень усе цяжкасці лопнулі, як мыльная бурбалка. А сястра Фаўстына адказала, што прыняла маё цярпенне на сябе і ў той дзень спазнала іх столькі, як ніколі ў жыцці. Калі яна потым у капліцы прасіла Пана Езуса аб дапамозе, то пачула словы: «Ты сама прыняла цярпенне за яго, цяпер уздрыгваеш? Я дапусціў на цябе толькі частку яго цярпенняў»12. Тут яна з поўнай дакладнасцю расказала мне аб прычыне маіх цяжкасцяў, якія, напэўна, былі ёй паведамленыя звышнатуральным чынам. Гэтая дакладнасць мяне вельмі моцна здзівіла, тым больш што пра дробязі яна сама ніякім чынам ведаць не магла. Падобных выпадкаў было некалькі. У палове красавіка 1936 года сястра Фаўстына па распараджэнні генеральнай настаяцельніцы выехала ў Валендаў, а затым — у Кракаў, а я больш сур’ёзна задумаўся над ідэяй Божай міласэрнасці і пачаў шукаць у айцоў Касцёла пацвярджэння таго, што яна — найбольшая ўласцівасць Бога, як гаварыла сястра Фаўстына, бо ў пазнейшых тэолагаў нічога на гэтую тэму не знайшоў. З вялікаю радасцю я сустрэў падобныя выказванні ў св. Фульгенцыя, у св. Ільдэфонса, а найбольш — у св. Тамаша і св. Аўгустына, які, каментуючы псальмы, грунтоўна апісваў Божую міласэрнасць, называючы яе найвышэйшаю ўласцівасцю Бога. Тады я ўжо не меў сур’ёзных сумненняў адносна звышнатуральнасці аб’яўленняў сястры Фаўстыны і пачаў час ад часу змяшчаць артыкулы на тэму Божай міласэрнасці ў тэалагічных часопісах, лагічна абгрунтоўваючы і літургічную неабходнасць свята Божай міласэрнасці ў першую нядзелю [пасля] Вялікадня, а ў чэрвені 1936 года выдаў у Вільні першую брашуру «Божая Міласэрнасць» з абразком Найміласэрнейшага Хрыста на вокладцы. Гэтую публікацыю я паслаў перш за ўсё [Іх] Эксцэленцыям біскупам, сабраным на Канферэнцыі Епіскапату [Польшчы] у Чэнстахове, але ні ад аднаго з іх не атрымаў адказу. У 1947 годзе я выдаў у Познані другую брашуру пад назваю «Божая Міласэрнасць у літургіі», рэцэнзію на якую знайшоў у некалькіх тэалагічных часопісах, наогул вельмі прыхільную. Я таксама змясціў некалькі артыкулаў у віленскіх газетах, але нідзе не раскрываў, што сястра Фаўстына была гэтаю causa movens. У жніўні 1937 года я наведаў сястру Фаўстыну ў Лагеўніках і знайшоў у яе дзённіку навэнну пра Божую Міласэрнасць13, якая мне вельмі падабалася. На пытанне, адкуль яна яе мае, сятра Фаўстына адказала, што гэтую малітву ёй прадыктаваў сам Пан Езус. Ужо да гэтага нібыта Пан Езус навучыў яе вяночку да гэтай жа Міласэрнасці14, а таксама іншым малітвам, якія я вырашыў апублікаваць. На аснове некаторых выразаў з гэтых малітваў я склаў Літанію пра Божую Міласэрнасць, якую разам з вяночкам і навэннаю аддаў пану Цыбульскаму15 (Кракаў, вул. Шэўска, 22) з мэтаю атрымаць imprimatur у Кракаўскай курыі і надрукаваць гэта з абразком Божай Міласэрнасці на вокладцы. Кракаўская курыя дала imprimatur пад № 671, а ў кастрычніку гэтая навэнна з вяночкам і літаніяй з’явілася на паліцах кнігарняў. У 1939 г. я адправіў пэўную колькасць гэтых абразкоў і навэннаў у Вільню, а пасля выбуху вайны і ўваходу войскаў СССР (19 верасня 1939 г.) прасіў у Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Мітрапаліта Віленскага дазволу на іх распаўсюджанне з інфармацыяй пра паходжанне абраза, які змешчаны з гэтымі вяночкамі, і атрымаў на гэта вусную згоду. У той час я пачаў пашыраць прыватны культ гэтага абраза і распаўсюджваць малітвы, складзеныя сястрою Фаўстынаю і адобраныя ў Кракаве. Калі кракаўскі наклад скончыўся, я вымушаны быў размнажаць гэтыя малітвы на машынцы, а калі не паспяваў з-за вялікай запатрабаванасці, прасіў у віленскай Мітрапалітальнай курыі дазволу на перавыданне з дадаткам на першай старонцы тлумачэнняў адносна зместу абраза. Я атрымаў дазвол з подпісам цэнзара, ксяндза прэлата Ляона Жаброўскага, ад 6 лютага 1940 года, а таксама Яго Эксцэленцыі біскупа суфрагана Казіміра Міхалькевіча і натарыуса курыі, ксяндза Я. Астрэйкі, ад 7 лютага 1940 года пад № 35. Падкрэсліваю, што я не ведаў, ці будзе падпісаны imprimatur і хто яго падпіша, і ў гэтай справе не дамаўляўся з Яго Эксцэленцыяй біскупам суфраганам, які праз некалькі тыдняў пасля гэтага памёр. Ксёндз прэлат Жаброўскі зрабіў як цэнзар пэўныя стылістычныя папраўкі ў тэксце кракаўскага выдання, але шырокае кола вернікаў жадала пакінуць гэты тэкст без зменаў. І таму я са згоды цэнзара звярнуўся ў курыю яшчэ раз (ужо пасля смерці Яго Эксцэленцыі біскупа суфрагана) з просьбаю зацвердзіць гэтыя малітвы без паправак. Ксёндз натарыус Я. Астрэйка аднёс заяву мітрапаліту, які праз таго ж натарыуса сказаў, каб я карыстаўся зацвярджэннем, падпісаным св. п. біскупам суфраганам, што я і зрабіў. Я апісваю гэтыя акалічнасці па той прычыне, што пасля гэтага пачалі казаць (у афіцыйных колах), нібыта я атрымаў гэтае зацвярджэнне нейкім падманам. Яшчэ ў Вільні сястра Фаўстына распавядала, што адчувае натхненне прыспешыць свой выхад з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці з мэтаю заснаваць новую манаскую кангрэгацыю. Я лічыў гэта спакусаю і раіў не ўспрымаць яго сур’ёзна. Затым, у лістах з Кракава, яна і далей пісала пра гэтае прыспешванне і ўрэшце атрымала ад свайго новага спаведніка16 і генеральнай настаяцельніцы17 дазвол выйсці з умоваю, што я на тое згаджуся. Я асцерагаўся браць гэта пад сваю адказнасць і адпісаў, што згадзіўся б толькі тады, калі б кракаўскі спаведнік і генеральная настаяцельніца не толькі дазволілі, але і загадалі выйсці. Такога загаду сястра Фаўстына не атрымала, таму супакоілася і засталася ў сваёй кангрэгацыі да смерці. У 1938 годзе, у сярэдзіне верасня, я прыбыў у Кракаў на З’езд тэалагічных установаў і знайшоў ў інфекцыйным шпіталі ў Прондніку сястру Фаўстыну, ужо падрыхтаваную да смерці. Я наведваў яе на працягу тыдня і размаўляў у тым ліку на тэму той кангрэгацыі, якую яна хацела заснаваць, а цяпер памірае, адзначаючы, што гэта было памылкаю, як памылкаю, можа, былі і ўсе іншыя рэчы, пра якія яна гаварыла. Сястра Фаўстына абяцала на гэтую тэму размаўляць з Панам Езусам на малітве. У наступны дзень я служыў у інтэнцыі сястры Фаўстыны святую Імшу, падчас якой мне прыйшла думка, што паколькі яна не магла намаляваць гэтага абраза, а толькі ўказала [які ён павінен быць], то не магла б і заснаваць новай супольнасці, а толькі дала агульныя ўказанні; прыспешванні ж азначаюць неабходнасць гэтай новай кангрэгацыі ў найбліжэйшым часе. Калі я потым прыбыў у шпіталь і спытаў, ці хоча яна штосьці сказаць па гэтай справе, яна адказала, што не мусіць нічога казаць, бо падчас святой Імшы Пан Езус мяне ўжо прасвятліў. Затым дадала, што я павінен галоўным чынам клапаціцца пра свята Божай Міласэрнасці ў першую нядзелю пасля Вялікадня, што новаю кангрэгацыяй не павінен надта займацца, што пасля пэўных знакаў спазнаю, хто і што павінен у гэтай справе чыніць, што ў казанні, якое я ў той дзень прамовіў па радыё, не было цалкам чыстай інтэнцыі (на самай справе так і было), што я павінен перш за ўсё клапаціцца ва ўсёй гэтай справе менавіта пра чыстую інтэнцыю, што яна бачыць, як у малой драўлянай каплічцы я ноччу прымаю манаскія абяцанні ад першых шасці кандыдатак у гэтую кангрэгацыю; што хутка яна памрэ і ўсё, што яна павінна была сказаць і напісаць, яна ўжо зрабіла. Яшчэ да гэтага яна апісала мне выгляд невялікага касцёла і першага дома кангрэгацыі, а таксама спачувала лёсу Польшчы, якую вельмі любіла і за якую часта малілася. Кіруючыся парадаю св. Яна ад Крыжа, я амаль заўсёды абыякава ўспрымаў аповеды сястры Фаўстыны і не пытаў пра падрабязнасці. У гэтым выпадку я таксама не запытаў, які менавіта лёс павінен напаткаць Польшчу, што яна так перажывае. Сама ж яна мне гэтага не сказала, толькі, уздыхнуўшы, закрыла твар ад жахлівай карціны, якую, напэўна, у той час бачыла. Амаль усё, што яна прадказвала ў справе гэтай кангрэгацыі, вельмі дакладна споўнілася. І калі 16 лістапада 1944 года ў Вільні я прымаў уночы прыватныя манаскія абяцанні першых шасці кандыдатак у драўлянай капліцы сясцёр кармэлітак альбо калі праз тры гады прыбыў у першы дом гэтай кангрэгацыі ў Мыслібожы, я быў уражаны дзіўным падабенствам да таго, што мне гаварыла святой памяці сястра Фаўстына. Яна таксама даволі падрабязна прадказала цяжкасці і нават пераследы, якія мяне напаткаюць у сувязі з пашырэннем культу Божай Міласэрнасці і з клопатам аб устанаўленні свята [з] гэтаю назв[аю] ў Праводную нядзелю (лягчэй было ўсё гэта перажыць, усведамляючы, што такая была ва ўсёй гэтай справе Божая воля ад пачатку). 26 верасня сястра Фаўстына прадказала мне сваю смерць, кажучы, што праз дзесяць дзён памрэ, і 5 кастрычніка памерла. З-за недахопу часу я не змог прыехаць на пахаванне. Што можна сказаць пра сястру Фаўстыну і яе аб’яўленні? Паводле прыроджанага характару, гэта была вельмі ўраўнаважаная асоба, без ценю псіханеўрозу ці істэрыі. Натуральнасць і прастата былі характэрныя для яе адносінаў як з сёстрамі кангрэгацыі, так і з чужымі людзьмі. Не было ў ёй ніякай штучнасці і тэатральнасці, ніякай змушанасці і жадання звярнуць на сябе ўвагу. Наадварот, яна нічым не адрознівалася ад іншых, а пра свае ўнутраныя перажыванні не казала нікому, апрача спаведніка і настаяцельніцаў. Эмацыйнасць у яе была нармальная, падпарадкаваная волі, і не выяўлялася імпульсіўна ў зменлівых настроях і хваляваннях. У яе не было ніякай псіхічнай дэпрэсіі, хвалявання, калі здараліся няўдачы, якія яна зносіла спакойна, падпарадкоўваючыся Божай волі. З інтэлектуальнага пункту погляду яна была разважліваю і вызначалася цвярозым меркаваннем пра рэчы, хоць не мела амаль ніякай адукацыі: яна толькі ўмела пісаць з памылкамі і чытаць. Сястра Фаўстына давала трапныя парады сваім супольніцам, калі яны звярталіся да яе, а некалькі разоў я сам для выпрабавання падсунуў ёй пэўныя сумненні, якія яна вельмі трапна развеяла. Яе ўяўленне было багатае, але не экзальтаванае. Часта яна сама не магла адрозніць дзеянні свайго ўяўлення ад звышнатуральных дзеянняў, асабліва калі справа датычылася ўспамінаў з мінулага. Аднак, калі я звярнуў на гэта яе ўвагу і наказаў падкрэсліць у дзённіку толькі тое, аб чым яна можа прысягнуць, што гэта дакладна не з’яўляецца пладом яе ўяўлення, яна шмат што са сваіх даўніх успамінаў прапусціла. З маральнага пункту погляду сястра Фаўстына была цалкам шчырая, без ніякага перабольшання і ценю падману. Заўсёды гаварыла праўду, хоць часам гэта прыводзіла да прыкрасці. Летам 1934 года я некалькі тыдняў адсутнічаў, а сястра Фаўстына не давярала іншым спаведнікам сваіх перажыванняў. Вярнуўшыся, я даведаўся, што яна спаліла свой дзённік пры наступных акалічнасцях. Ёй нібыта з’явіўся анёл і загадаў укінуць дзённік у печ, кажучы: «Глупства пішаш і толькі падвяргаеш сябе і іншых вялікім прыкрасцям. Што ж ты маеш з гэтай міласэрнасці? Навошта траціш час на апісанне нейкіх мрояў? Спалі ўсё гэта — і будзеш спакайнейшаю і шчаслівейшаю!» і г.д. Сястра Фаўстына не мела з кім параіцца, і калі візія паўтарылася, яна споўніла даручэнне ўяўнага анёла. Потым яна зарыентавалася, што зрабіла дрэнна, расказала мне ўсё і выканала даручэнне напісаць усё нанава. Што датычыць звышнатуральных цнотаў, то яна іх заўважна развівала. Па праўдзе, я ад пачатку бачыў у ёй укаранёную і выпрабаваную цноту чыстасці, пакоры, стараннасці, паслухмянасці, убоства, а таксама любові да Бога і бліжняга, але можна было лёгка канстатаваць пастаяннае, паступовае іх узрастанне, асабліва пад канец жыцця ў ёй узмацнілася любоў да Бога, якую яна праяўляла ў сваіх вершах. Цяпер я не памятаю дакладна іх зместу (але ўвогуле памятаю сваё захапленне гэтым зместам (не формаю), калі ў 1938 годзе іх прачытаў. Аднойчы я бачыў сястру Фаўстыну ў экстазе. Было гэта 2 верасня 1938 года, калі я наведаў яе ў шпіталі ў Прондніку і развітаўся з ёю, каб выехаць у Вільню. Крыху адышоўшы, я ўзгадаў, што прынёс ёй некалькі дзясяткаў экзэмпляраў складзеных ёю і выдадзеных у Кракаве малітваў (навэнна, літанія, вяночак) пра Божую Міласэрнасць. Я адразу ж вярнуўся, каб аддаць іх. Калі адчыніў дзверы ў ізалятар, дзе знаходзілася сястра Фаўстына, убачыў яе заглыбленаю ў малітве; седзячы, яна амаль уздымалася над ложкам. Яе позірк быў утароплены ў нейкі нябачны прадмет, зрэнкі крыху расшыраныя, пакуль яна не звярнула ўвагі на мой уваход, а я не хацеў ёй перашкаджаць і намерваўся выйсці; аднак у хуткім часе сястра Фаўстына апамяталася, заўважыла мяне і перапрасіла, што не чула, як я грукаў у дзверы і ўвайшоў. Я аддаў ёй гэтыя малітвы і развітаўся, а яна сказала: «Да сустрэчы ў небе!» Калі я затым 26 верасня наведаў яе апошні раз у Лагеўніках, яна ўжо не хацела са мною размаўляць, а можа, хутчэй, не магла, і сказала: «Я занятая размоваю з Нябесным Айцом». Сапраўды, яна рабіла ўражанне незямной істоты. Тады я ўжо не меў ніякіх сумненняў адносна таго, што аповед з яе дзённіка пра святую Камунію, удзеленую ў шпіталі анёлам, адпавядае рэчаіснасці. Што датычыць прадмета аб’яўленняў сястры Фаўстыны, то ў ім няма нічога, што супярэчыла б веры або добрым звычаям ці датычылася б пытанняў, спрэчных між тэолагаў. Наадварот, усё скіравана да лепшага пазнання Бога і любові да Яго. «Гэты абраз выкананы па-майстэрску і з’яўляецца каштоўным дасягненнем сучаснага рэлігійнага мастацтва» (Пратакол камісіі ў справе ацэнкі і кансервацыі абраза Найміласэрнейшага Збавіцеля ў касцёле св. Міхала ў Вільні ад 27 мая 1941 года, падпісаны экспертамі: прафесарам гісторыі мастацтва доктарам М. Маралёўскім, прафесарам дагматыкі ксяндзом доктарам Л. Пуцятам і кансерватарам ксяндзом доктарам П. Слядзеўскім). Культ Божай Міласэрнасці — як прыватны (у форме навэнны, вяночка і літаніі), так і публічны (у форме планаванага свята) не толькі ні ў чым не супярэчыць догмам і літургіі, але і скіраваны на пазнанне праўдаў святой веры і нагляднае выяўленне таго, што да гэтага часу ў літургіі было толькі ў зародку — на акцэнтаванне і дэманстрацыю таго, пра што грунтоўна пісалі айцы Касцёла, што меў на ўвазе аўтар літургіі і чаго сёння вымагае надзвычайнае людское ўбоства. Інтуіцыю простай законніцы, якая ведае толькі катэхізіс, у такіх далікатных, такіх трапных і адпаведных псіхалогіі сучаснага грамадства рэчах інакш немагчыма растлумачыць, як толькі звышнатуральным дзеяннем і прасвятленнем. Ніводзін тэолаг пасля доўгіх даследаванняў не змог бы хоць з большага вырашыць гэтыя цяжкасці так удала і лёгка, як гэта рабіла сястра Фаўстына. Праўду кажучы, да звышнатуральнага дзеяння ў душы сястры Фаўстыны часам далучалася дзеянне яе чалавечага, даволі жывога ўяўлення, у выніку чаго пэўныя рэчы яна несвядома крыху перайначыла. Але гэта здараецца ва ўсіх людзей такога тыпу, як сведчаць іх біяграфіі, напрыклад, у св. Брыгіты, Кацярыны Эмэрык, Марыі Агрэдскай, Жанны д’Арк і г.д. Гэтым можна растлумачыць неадпаведнасць аповеду сясты Фаўстыны пра тое, як яе прынялі ў кляштар, і сведчання правялебнай генеральнай маці Міхаэлы Марачэўскай, а можа, яшчэ і іншыя яе падобныя выказванні ў дзённіку. Зрэшты, гэта даўнія выпадкі, пра якія абодва бакі маглі забыцца або крыху [іх] змяніць, выпадкі, якія да сутнасці справы адносінаў не маюць. Вынікі аб’яўленняў сястры Фаўстыны пераўзышлі ўсялякія чаканні як у яе душы, так і ў душах іншых людзей. Наколькі спачатку сястра Фаўстына крыху трывожылася, асцерагалася магчымасці выконваць даручэнні і ўхілялася ад іх, настолькі яна паступова супакойвалася і дайшла да стану поўнай бяспекі, упэўненасці і ўнутранай глыбокай радасці. Яна станавілася ўсё больш пакорнаю і паслухмянаю, усё больш з’яднанаю з Богам і цярпліваю, ва ўсім поўнасцю згаджаючыся з Яго воляю. Напэўна, не трэба шмат гаварыць пра вынікі гэтых аб’яўленняў у душах іншых людзей, якія даведаліся пра гэтае аб’яўленне, бо факты найлепш гавораць самі за сябе. Шматлікія воты (каля 150) пры абразе Найміласэрнейшага Збавіцеля ў Вільні і многіх іншых гарадах дастаткова сведчаць пра ласкі, якія атрымалі тыя, хто ўшаноўвае Божую міласэрнасць у айчыне і за мяжою. З усіх бакоў прыходзяць звесткі пра тое, як дзівосным, часам яўна цудоўным чынам, былі выслуханыя малітвы да Божай міласэрнасці…
Беласток, Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: Wspomnienia o świętej
Гл. таксама:
|
|
|
|