Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця

БОЖАЯ ДАБРЫНЯ

ДЛЯ НАС І НАШАЙ КАРЫСЦІ

МЯСЦІНЫ, ЯКІЯ ПАМЯТАЮЦЬ…
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры

ДЖАВАНІ ПАПІНІ І ДАНТЭ
Асобы
Пераклады

БЕЛАРУСКІ СЛЕД СТАЛЕМА

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва

ПАРТРЭТЫ ФУНДАТАРАЎ
З куфэрка памяці

ВЕЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

Эва К. ЧАЧКОЎСКАЯ

«ТЫ — МОЙ БОГ ЦІ НЕЙКІ ПРЫВІД?»

Урывак з кнігі «Сястра Фаўстына. Біяграфія святой».

«Усё гэта было яшчэ цярпіма. Але калі Пан запатрабаваў, каб я малявала гэты абраз, тады ўжо насамрэч пачалі гаварыць і глядзець на мяне як на нейкую істэрычку і фантазёрку» (Дз., 125), — пісала сястра Фаўстына ў «Дзённіку» пра свае перажыванні ў 1931 годзе. «Фантазёрка», а дакладней, «фантастка», а таксама «істэрычка», «візіянерка», «дзівачка», «мізэрнасць»… Колькі яшчэ эпітэтаў яна павінна была сцярпець?

І ўсё гэта з прычыны аб’яўлення Езуса, які загадаў ёй намаляваць, вядомы сёння ва ўсім свеце абраз з подпісам «Езу, давяраю Табе». Гэта быў таксама пачатак рэалізацыі місіі: перадаць свету пасланне Божай міласэрнасці. На працягу амаль двух гадоў сястра Фаўстына не сустрэла нікога, хто ўмацаваў бы яе перакананасць у тым, што аб’яўленні Езуса — не плод яе ўяўлення. Гэта быў вельмі складаны час у яе жыцці. Бадай што, самы цяжкі. Ён распачаўся 22 лютага 1931 года.

Сястра Фаўстына ўжо шэсць гадоў была манашкаю і амаль год жыла ў кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Плоцку. Была першая нядзеля Вялікага посту. Вечар. Фаўстына якраз вярнулася ў сваю келлю пасля вячэры і малітваў у кляштарнай капліцы. Яна збіралася ісці спаць. Раптам убачыла ў келлі Езуса. «Адна Яго рука была ўзнятая для благаслаўлення, а другая дакраналася да адзення на грудзях. Са складкі на грудзях сыходзілі два вялікія прамяні: адзін — чырвоны, а другі — бледны, — пісала Фаўстына ў «Дзённіку». — Моўчкі я ўглядвалася ў Пана, душа мая была ахоплена бояззю, але і вялікай радасцю. Праз хвіліну Езус мне сказаў: Намалюй абраз паводле выявы, якую ты бачыш, з подпісам: „Езу, давяраю Табе“. Прагну, каб гэты абраз быў шанаваны найперш у вашай капліцы і ва ўсім свеце.

Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу» (Дз., 47, 48).

«Сёстры, якія праходзілі ў гэты час каля флігеля, бачылі нейкае святло ў вакне, ярчэйшае, чым ад керасінавай лямпы», — паўтарае тое, што захавалася ў кангрэгацыі ў вусных пераказах, нядаўняя настаяцельніца плоцкага дому сястра Клявера Вольская.

Сустрэча ў келлі не была ілюзіяй. Сястра Фаўстына гэта ведала дакладна. Ужо раней яна некалькі разоў бачыла Пана. Ён прамовіў да яе перад уступленнем у кангрэгацыю, прыспешваючы да гэтага кроку, і пазней, калі адначасова з манаскаю фармацыяй яна ўдасканальвалася на шляху містычнага жыцця.

Пасля ачышчэння пачуццяў і духу падчас вядомай толькі містыкам так званай цёмнай ночы, Фаўстына ўсё часцей у нечаканыя моманты прасвятлення, якое Бог дае душы, спазнавала Яго Сутнасць і перажывала паяднанне з Богам у любові. Для Фаўстыны, якая раней нічога не ведала пра містычнае жыццё, гэта быў вялікі і нялёгкі досвед. Аднак пакуль усё адбывалася ўнутры яе душы і датычыла толькі яе самой, гэта было радасцю яе сэрца. Але ў тую нядзелю, 22 лютага 1931 года, усё змянілася. У той дзень Езус даверыў ёй місію абвяшчасць пасланне Божай міласэрнасці ўсяму свету. Маляванне абраза было першаю часткаю гэтай місіі.

Праз чатыры гады Езус скажа Фаўстыне, што яна павінна падрыхтаваць свет да Яго апошняга прыйсця. Тым не менш ужо тады, у Плоцку, яна была ўражаная веліччу задання, якое з часам будзе яшчэ больш пашырацца.

Няма чаго дзівіцца: яна сама не магла намаляваць абраза, бо ў яе не было такіх здольнасцяў. Езус загадаў ёй, каб усё, пра што Ён ёй гаворыць, яна перадавала настаяцельніцам, аднак тыя ёй не верылі: «праяўлялі да мяне літасць, як быццам я падманвалася альбо была пад уплывам фантазій» (Дз., 38), — скардзілася Фаўстына ў душы Богу, а пасля запісала ў сваім «Дзённіку». Яна спадзявалася, што настаяцельніцы, якія, на яе думку, павінны былі лепш разбірацца ў духоўным жыцці, дапамогуць ёй.

Першы, каму Фаўстына сказала пра аб’яўленне Езуса, быў спаведнік. На жаль, мы не ведаем, хто ім быў. У той час у плоцкім кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці спавядалі тры святары: Адольф Мадзалеўскі, Людвік Вільконьскі і Вацлаў Язусак. Гэты апошні пасля Другой сусветнай вайны (памёр у 1950 годзе) шмат і ўзрушана апавядаў клерыкам плоцкай семінарыі пра аб’яўленні сястры Фаўстыны, але гэта не значыць, што раней ён мог не давяраць перажыванням Фаўстыны. Вядома, што спаведнік, якому Фаўстына сказала пра аб’яўленне Езуса, успрыняў гэта з вялікім недаверам. Насамрэч ён адпрэчыў наказ Езуса, сказаўшы Фаўстыне: «Малюй гэты абраз у сваёй душы» (Дз., 49). Калі сястра Фаўстына, супакоеная такою інтэрпрэтацыяй аб’яўлення, адышлася ад канфесіянала, яна пачула словы Езуса: «Мой вобраз ёсць у тваёй душы. Я жадаю, каб было свята Міласэрнасці. Я хачу, каб гэты абраз, які ты намалюеш пэндзлем, быў урачыста асвечаны ў першую нядзелю пасля Вялікадня, гэтая нядзеля павінна стаць святам Міласэрнасці» (Дз., 49). Езус сказаў таксама, што ў гэты дзень святары павінны абвяшчаць людзям Яго «вялікую міласэрнасць да грэшных душаў» (Дз., 50).

Такім чынам Езус сфармуляваў чарговае пажаданне: устанаўленне свята Божай Міласэрнасці. Культ Езуса ў абразе і свята Божай Міласэрнасці — гэта былі дзве першыя формы новага набажэнства да Міласэрнасці, пра рэалізацыю якіх з гэтага часу пастаянна клапацілася сястра Фаўстына, а яе прыспешваў Хрыстус, які ў чарговых аб’яўленнях даваў ёй спазнаць, чым ёсць Божая міласэрнасць.

Не знаходзячы зразумення ў спаведніка, Фаўстына сказала пра аб’яўленні Езуса настаяцельніцы плоцкага кляштара — маці Ружы Клабукоўскай. Але і яна ёй не давярала. «Калі я расказала маці настаяцельніцы пра тое, чаго Бог патрабуе ад мяне, маці настаяцельніца адказала, каб Езус даў зразумець гэта больш выразна праз нейкі знак.

Калі я прасіла Пана Езуса аб якімсьці знаку для сведчання таго, што Ён — сапраўды Бог і мой Пан і ад Яго сыходзяць гэтыя патрабаванні, то пачула такі ўнутраны голас: Я дам зразумець настаяцельніцам праз ласкі, якія ўдзялю праз гэты абраз» (Дз., 51).

Езус вымагаў, але не аблягчаў выканання задання. Толькі праз гады Фаўстына зразумее і Езус ёй выразна скажа, што цяжкасці неабходныя для пацвярджэння праўдзівасці аб’яўленняў. Апрача таго, найбольшую вартасць у вачах Бога мае не эфект ад дзейнасці чалавека, а сама інтэнцыя, з якою яна распачынаецца, і цярпенне, звязанае з ёю.

Аднак тады, у 1931 годзе, Фаўстына была разгубленая і збітая з толку: «…я хадзіла ад настаяцельніцаў да спаведніка, ад спаведніка да настаяцельніцаў, а супакаення не знаходзіла», — пісала яна (Дз., 122).

Аднак у Фаўстыніных настаяцельніцаў заданне было таксама нялёгкае. Напэўна, яны былі моцна здзіўленыя і ўстрывожаныя, калі аднойчы маладая законніца другога хору прызналася ім, што ёй аб’явіўся Езус і загадаў намаляваць рэлігійны абраз новага тыпу. Больш за тое, загадаў, каб Касцёл устанавіў новае рэлігійнае свята. Несумненна, Фаўстыніны настаяцельніцы бачылі ў ёй добрую і пакорную, з’яднаную з Езусам, але простую і неадукаваную манашку, якая яшчэ не склала вечных абяцанняў. Яны маглі думаць: «Чаму гэта ёй павінен аб’яўляцца Езус? Чаму ёй павінен перадаваць пасланне? І што можа яна ведаць пра містыку? Дзе можа перажываць такі духоўны стан: за прылаўкам булачнай альбо каля кухоннай пліты падчас сваёй працы?».

Прыватныя аб’яўленні — гэта складаная справа. Яны не ўяўляюць праблемы, пакуль належаць толькі самому чалавеку і прызначаныя для ягонага навяртання альбо ўзрастання веры. Але становяцца праблемаю, калі візіянер аб’яўляе, што атрымаў місію: пераказаць свету словы Бога, Марыі ці святых. Для Касцёла адзіным і канчатковым Аб’яўленнем Бога з’яўляецца Хрыстус, Сын Божы. Гэтае найважнейшае Аб’яўленне, якое называецца публічным, знаходзіцца ў Святым Пісанні. Касцёл не адпрэчвае прыватных аб’яўленняў у тым выпадку, калі ў доўгім і, як правіла, складаным працэсе, пераканаецца, што яны не выходзяць за рамкі публічнага Аб’яўлення і не змяняюць яго, а выводзяць з яго якіясьці забытыя ці недаацэненыя высновы, важныя для дадзенай гістарычнай эпохі. Другая не менш істотная акалічнасць — гэта ўпэўненасць у тым, што візіянер не абвяшчае аб’яўленняў з эгаістычных прычынаў, не шукае славы, не заспакойвае сваіх амбіцый, што ён вядзе цалкам хрысціянскае жыццё. У ацэнцы праўдзівасці аб’яўленняў вельмі важна падпарадкоўвацца касцёльнай дысцыпліне, пастановам настаяцеляў, нават цаною цярпення.

Адна з найбольшых небяспекаў аб’яўленняў, — падкрэслівае кс. Ян Махняк, прафесар тэалогіі духоўнасці, аўтар шэрагу кніг, прысвечаных духоўнасці сястры Фаўстыны, — вынікае з таго, што яны адбываюцца ў сферы пачуццяў і ўздзейнічаюць на зрок, слых, на дотык і абанянне. «Усё, што ўздзейнічае на нашы пачуцці, таксама паддадзена дзеянню злога духу, які можа зводзіць чалавека, — тлумачыць ксёндз Ян Махняк. — Таму святы Ян ад Крыжа раіў адкідваць усе аб’яўленні, нават тыя, што набліжаюць нас да Бога, каб не трапіць у пастку, якую можа паставіць для чалавека злы дух».

<...>

У Фаўстыніных настаяцельніцаў і спаведнікаў, напэўна, былі яшчэ іншыя прычыны дыстанцыявацца ад таго, што яна казала. Відаць, яны не аднойчы ў сваім жыцці сутыкнуліся з асобамі, «аб’яўленні» якіх былі проста вынікам псіхічнай хваробы. Унутраныя перажыванні вельмі моцна ўздзейнічаюць на псіхіку чалавека, таму часам вельмі цяжка адрозніць досвед містыка ад псіхічнай хваробы. Тут неабходная вялікая асцярожнасць і нават псіхіятрычнае абследаванне. Таму праз некалькі гадоў у Вільні ксёндз Міхал Сапоцька, перш чым ён стаў духоўным кіраўніком сястры Фаўстыны і памочнікам у абвяшчэнні паслання пра Божую міласэрнасць, папрасіў абследаваць будучую святую ў псіхіятра.

Была яшчэ адна прычына недаверу да Фаўстыніных аб’яўленняў. Езуіт айцец Юзаф Андраш, які стаў духоўным кіраўніком сястры Фаўстыны напрыканцы яе жыцця, сцвярджаў, што яе супольнасць увогуле скептычна адносілася да надзвычайных аб’яўленняў, бо проста не спадзявалася на іх. Кангрэгацыя Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, «выхаваная на аскезе святога Ігнацыя», заснавальніка Таварыства Езуса, была «далёкаю ад усялякай экзальтацыі», у яе былі ўжо вызначаныя метады і кірунак працы: «Праз свае статуты, праз духоўныя практыкі, праз штогадовыя рэкалекцыі, праз канферэнцыі, што праводзілі святары і настаяцельніцы, супольнасць прывівае сваім сёстрам вялікую павагу не да надзвычайнасці, а спакойнай, грунтоўнай працы, пачынаючы ад пакаяння і пакоры і заканчваючы гарачаю і разам з тым ахвярнаю любоўю да Бога і душаў. <...> Можна з усёю ўпэўненасцю сказаць, што духоўная глеба кангрэгацыі зусім не прыдатная для таго, каб на ёй развіваліся містычныя візіі сумніўнай вартасці», — зрабіў выснову айцец Андраш, які ў 30-я гады мінулага стагоддзя быў добра знаёмы з жыццём кангрэгацыі.

Такім чынам, з людскога пункту погляду сястра Фаўстына засталася адна з аб’яўленнямі, якія былі прызначаны не толькі для яе, але для ўсяго свету. З ёю быў Езус, прысутнасць і любоў якога да канца жыцця давалі ёй сілы ў рэалізацыі даверанай місіі. Аднак гэта не значыць, што Фаўстыну не даймалі сумненні і супярэчнасці. Іх нагняталі настаяцельніцы, якія не давяралі яе словам, прыўносілі сумненні ў яе сэрца. Гэта працягвалася да сустрэчы са спаведнікамі, якія распазналі характар яе духоўнага жыцця. Тым часам у Плоцку сястра Фаўстына, якую не разумелі і адчытвалі настаяцельніцы, пачала, па яе словах, «трохі адступацца», гэта значыць пазбягаць унутраных натхненняў. «Я пачала пазбягаць сустрэчы з Панам ва ўласнай душы, бо не хацела быць ахвяраю падману». Але ўсё было марна, паколькі «Божая мова яскравая, і нішто не можа яе заглушыць», — пісала Фаўстына. Пан як бы пераследаваў яе «сваімі дарамі»: «сапраўды, я папераменна перажывала мукі і радасць» (Дз., 130). Калі яна спрабавала ўцякаць ад загадаў Езуса, Ён тым больш змушаў яе да дзеяння. Сястра Леакадзія Джазга памятала праз гады, што пры нейкай нагодзе, у Плоцку, сястра Фаўстына сказала ёй: «За гэтых людзей, якія маюць аб’яўленні і візіі, трэба моцна маліцца, бо ў іх так шмат перажыванняў, сумненняў і няўпэўненасці, што яны могуць упасці ў адчай».

Аднаго разу сястра Фаўстына, змучаная сумненнямі, звярнулася да Езуса: «Езу, Ты — мой Бог ці нейкі прывід? Бо настаяцельніцы мне кажуць, што бываюць розныя ілюзіі і прывіды. Калі Ты — мой Пан, то прашу Цябе, паблагаславі мяне». Тады Езус учыніў вялікі знак крыжа нада мною, а я перажагналася. Калі я папрасіла прабачэння ў Езуса за маё пытанне, Езус мне адказаў, што гэтым пытаннем я зусім не засмуціла Яго і сказаў, што Яму вельмі падабаецца мой давер», — запісала Фаўстына (Дз., 54). Аднак міналі месяцы, а Фаўстына не магла выканаць ніводнага з наказаў Езуса. Сястры Даміяне Зёлак, з якою яна пасябравала ў Плоцку, Фаўстына неяк сказала, што «адна з сясцёр» бачыла «прыгожага Пана Езуса <...>, які ўвесь ззяў у промнях», і пра тое, што сястра хацела намаляваць Пана Езуса, але не магла». І хоць Даміяна бачыла захапленне, з якім Фаўстына пра гэта апавядала, яна не дадумалася, што гаворка ідзе пра саму Фаўстыну. Тым часам Фаўстына папрасіла дапамогі ў іншых сясцёр, не пасвячаючы іх у сутнасць справы. Сястра Бажэна Пнеўская згадвае: «Я не ўмела маляваць партрэтаў, не ведала, што яна мела на ўвазе абраз новага тыпу, і прапанавала ёй выбраць любы абразок, бо мела іх шмат і прыгожых. Яна падзякавала мне за прапанову, але не прыняла яе».

Восенню 1931 года настаяцельніца плоцкага дому маці Ружа Клабукоўская расказала маці генеральнай Міхаэле Марачэўскай пра перакананасць сястры Фаўстыны ў тым, што Езус загадаў ёй намаляваць абраз.

З успамінаў маці Міхаэлы Марачэўскай: «…міжволі, пры ўсёй маёй зычлівасці, я спрычынілася да цярпенняў сястры Фаўстыны. <...> Пакуль яе багатыя ўнутраныя і містычныя перажыванні абмяжоўваліся кляштарнымі мурамі і былі таямніцаю паміж Богам, яе душою і настаяцельніцамі, я радавалася, бачачы ва ўсіх гэтых ласках вялікі Божы дар для кангрэгацыі. Аднак усё змянілася, калі аб’яўленні сястры сталі вядомыя больш шырокаму колу. Я тады вельмі баялася, каб не ўвесці ў жыццё Касцёла хоць бы найменшай сумніўнай навінкі, фальшывых набажэнстваў і г.д., а паколькі была галоўнаю настаяцельніцаю, то адчувала сябе адказнаю за нашу кангрэгацыю». Яна таксама прызнаецца, што асцерагалася, каб у Фаўстыны не было ўсё гэта «на аснове буйнай фантазіі альбо нейкай істэрыі, бо не заўсёды тое, што яна прадказвала, збывалася». <...> Таму маці генеральная кажа, што ахвотна слухала, калі Фаўстына апавядала пра «свае глыбокія і прыгожыя думкі, пра надзвычайныя прасвятленні», але да таго моманту, калі яна пачынала прасіць «пра якіясь вонкавыя пачынанні».

Невядома, што маці Марачэўская параіла настаяцельніцы кляштара ў Плоцку адносна Фаўстынінай справы. Магчыма, быць вельмі асцярожнаю і не паддавацца яе прапановам. Калі ў лістападзе 1932 года Фаўстына прыехала з Плоцка ў Варшаву і асабіста сказала маці генеральнай пра загад Езуса, тая адказала: «Добра, дам сястры фарбы і палатно, і можаш маляваць». Фаўстына адышла засмучаная.

Не знаходзячы ні ў кога зразумення, яна горача малілася аб духоўным кіраўніку, які дапамог бы зразумець, што робіцца ў яе душы, і аблегчыў бы выкананне наказаў Езуса.

Тым часам у плоцкім кляштары сярод сясцёр пачала разыходзіцца чутка, быццам Фаўстына бачыла Езуса. Сёстры пачалі з цікаўнасцю прыглядацца да яе і адкрыта назіраць за ёю. А паколькі яна знешне нічым, апроч асаблівай замілаванасці да малітвы, не вылучалася, то большасць сясцёр гэтым чуткам не давярала. Некаторыя перасцерагалі Фаўстыну, каб не паддавалася падману, казалі, што яна фантазёрка, істэрычка. Былі таксама сёстры, якія зычліва адносіліся да Фаўстыны, сярод іх і Даміяна Зёлак. Невядома, ці яна, ці іншая законніца прасіла Фаўстыну, каб тая баранілася ад плётак. «Гэта была шчырая душа, і што яна чула — пра тое шчыра распавяла мне. Але падобнае я павінна была выслухоўваць штодзённа», — пісала Фаўстына (Дз., 125). І хоць гэта яе ўнутрана мучыла, яна вырашыла нікому нічога не тлумачыць, а ўсё зносіць моўчкі, з пакораю. «Адных гэта маё маўчанне раздражняла, і асабліва найбольш цікаўных. Іншыя, якія думалі больш глыбока, казалі, што ўсё ж сястра Фаўстына, напэўна, блізкая да Бога, калі мае сілу стрываць гэтулькі цярпенняў. І я бачыла перад сабою як бы дзве групы суддзяў. Я дбала пра ўнутраную і знешнюю цішу. Я не казала нічога, што датычыла б мяне самой, хоць некаторыя сёстры наўпрост пыталі мяне пра гэта. Мае вусны замоўклі. Я цярпела, як галубка, не скардзячыся. Аднак некаторым сёстрам было як быццам прыемна нейкім чынам зрабіць мне прыкрасць. Іх раздражняла мая цярплівасць, аднак Бог даваў мне гэтулькі душэўнай сілы, што я трывала гэта спакойна» (Дз., 126). У «Дзённіку», распачатым толькі ў 1934 годзе, Фаўстына яшчэ раз вярнулася да сітуацыі ў плоцкім кляштары, а гэта сведчыць пра тое, што той час быў для яе цяжкі. Пасля перыяду цікаўнасці сясцёр да яе асобы, наступіла кароткае зацішша, а пасля бура зноў выбухнула з вялікаю сілаю, і спрычыніліся да таго нейкія знешнія няўдачы, якіх, аднак, Фаўстына не назвала. «Цяпер я бачу, што мяне, як злодзея, пільнуюць усюды — у капліцы, у часе выканання абавязкаў, у келлі. Цяпер я ўжо ведаю, што апрача Божай прысутнасці, ёсць заўсёды прысутнасць людская. Сапраўды, гэтая людская прысутнасць мяне часта мучыла. Былі моманты, калі я сумнявалася, распрануцца мне, каб памыцца, ці не. Сапраўды, бедны мой ложак, яго таксама шмат разоў пераглядалі. Часам мяне разбіраў смех, калі даведвалася, што нават ложка не пакідаюць у спакоі. Адна з сясцёр сама мне сказала, што кожны вечар яна назірала за мною ў келлі, як я сябе ў ёй паводжу» (Дз., 128).

Сястра Фаўстына, абвінавачаная ў істэрыі, пад абстрэлам позіркаў настаяцельніцаў, спаведнікаў і сясцёр, часам не давяраючы самой сабе, не пераставала маліцца, просячы ў Бога духоўнага кіраўніка. Яе просьбы былі пачутыя ў 1933 годзе, калі ў Вільні яна пазнаёмілася з ксяндзом Міхалам Сапоцькам, сёння благаслаўлёным. Праз год з’явіўся абраз Езуса Міласэрнага. Але павінна было мінуць амаль паўвеку, каб прыватныя аб’яўленні сястры Фаўстыны былі прызнаныя Касцёлам.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

Паводле: Ewa K. Czaczkowska. «Siostra Faustyna.
Biografia Świętej». Wydawnictwo «Znak», Kraków, 2012.

Гл. таксама:
Сястра Марыя Канстанцыя ЮРАЛАЙЦЬ ZMBM :: «Я ПАСЫЛАЮ ЦЯБЕ ДА ЎСЯГО ЧАЛАВЕЦТВА З МАЁЮ МІЛАСЭРНАСЦЮ...» ::
Кс. Міхал САПОЦЬКА :: УСПАМІНЫ ПРА СВЯТУЮ СЯСТРУ ФАЎСТЫНУ КАВАЛЬСКУЮ ::
«ПРЫЙДЗІЦЕ ДА МЯНЕ ЎСЕ…» ::
Св. сястра Фаўстына КАВАЛЬСКАЯ ZMBM :: БОЖАЯ ДАБРЫНЯ ::
Вера ГАЛУБОВІЧ :: ДЛЯ НАС І НАШАЙ КАРЫСЦІ ::
Эва К. ЧАЧКОЎСКАЯ :: ПЯЦЬ ПАЛЬЦАЎ СВЯТОЙ ФАЎСТЫНЫ ::
Крыстына ЛЯЛЬКО :: МЯСЦІНЫ, ЯКІЯ ПАМЯТАЮЦЬ… ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY