|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
Манашка стаяла ў адчыненых дзвярах залы на першым паверсе неўралагічнай бальніцы Luigi Sacco ў Мілане. Лучана Бачэта і Франчэска Фікароці заўважылі яе крыху раней — калі яна ішла па доўгім калідоры. Сярод ночы яны спачатку ўбачылі толькі няяркае святло, а потым заўважылі нейкі цень. Яны думалі, што медсястра ідзе да хворага з лякарствам, але святло рабілася ўсё мацнейшым. Раптам яны ўбачылі ў ім манашку. «Што яна тут робіць, ды яшчэ ў такі час?» — дзівіліся яны. «Напэўна, нейкая вар’ятка», — сказаў Лучана. Была трэцяя гадзіна ночы з 20 на 21 красавіка 2004 года. Манашка паглядзела на паралізаванага Лучана, які ляжаў бліжэй да дзвярэй, потым — на Франчэска, які пасля лёгкага інсульту гаварыў невыразна. Урэшце яна скіравала свой позірк на трэцяга пацыента, які спаў у глыбіні пакоя, — яго імя гэтыя двое не запомнілі. Пасля манашка зрабіла тры крокі і стала каля ложка Лучана паблізу яго ног. «Не бойся! Я прыйшла да цябе». Лучана запомніў гэтую сустрэчу да самых драбніцаў. «Я не разумеў, што адбываецца. Вельмі спалохаўся. Яна зноў зрабіла тры крокі і падышла да мяне вельмі блізка. Паклала правую руку на мае грудзі, вось сюды...» Лучана, апрануты ў светлы ўзорысты світар, паказвае сярэдзіну грудной клеткі. «Я адчуў моцны боль і цяпло». Яна сказала: «Я прыйшла цябе аздаравіць і аздараўлю. Адзінае, аб чым прашу, каб ты прыйшоў да мяне, калі будзеш здаровы». «Яна гаварыла, а я дрыжаў і плакаў ад страху». «Ты штосьці мне сказаў?» «Я заікаўся, мне цяжка было гаварыць, але штосьці такое прамовіў: „Вядома, як выздараўлю, то прыйду да цябе, але я цябе не ведаю. Я не ведаю, хто ты такая і дзе цябе шукаць“. Тады яна прыняла руку з маіх грудзей і паказала адкрытую далонь. На яе руцэ з’явіўся касцёл. Мне здавалася, што я знаходжуся на яго дзядзінцы. „Што я тут раблю?“ — падумаў я. Я бачыў касцёл вельмі выразна. Ён быў невялікі, з чырвонай цэглы, да выхаду вялі чатыры ўзроўні па тры прыступкі, з левага боку быў бетонны мур, з правага — будынак з чырвонай цэглы. Па звычцы я палічыў нават вокны, бо быў муляром, іх было па 11 на першым і другім паверхах. Я раней ніколі не бачыў гэтага касцёла і таму нічога не разумеў. А яна гаварыла: „Я знаходжуся тут. Гэта мой дом. Памятай, што для цябе ён заўсёды адчынены: ці прыйдзеш удзень, ці ўночы — я заўсёды буду цябе чакаць. А цяпер я павінна ісці“». І пайшла. Візіт працягваўся не больш за 10 хвілінаў. Франчэска таксама бачыў манашку, але толькі да таго моманту, калі яна стаяла пры ўваходзе. Але ён чуў, што Лучана з кімсьці размаўляе. Ён доўга клікаў яго па імені, але той не рэагаваў. Калі Лучана ўрэшце ачнуўся як бы ад здранцвення, ён сказаў, што размаўляў з манашкаю, якая прыйшла яго аздаравіць. — Няхай бы аздаравіла цябе ды і мяне таксама, — сказаў з сумам у голасе Франчэска. Разам з Лучана я шукала Франчэска, якому ў 2004 годзе было каля сямідзесяці гадоў, але безвынікова. У спартыўным клубе, куды ён зазіраў яшчэ некалькі гадоў таму, не засталося ніякіх звестак. Казалі, што ён выехаў з хвораю жонкаю ў Мілан, у свой родны край, але куды — ніхто не мог сказаць. Лучана быў вельмі ўзрушаны візітам таямнічай манашкі. — Ты бачыў яе твар? Як яна выглядала? — пыталася я, калі на мармуровую кухонную сталешніцу няспешна ставілася эспрэса. — Я бачыў твар, яе невысокую постаць і манаскае ўбранне. Гэта быў не прывід, не дух. Яна мела цела, як мы. Выглядала дакладна так. Лучана хапае сотавы тэлефон, і на экране ў выглядзе застаўкі з’яўляецца здымак святой. — Я шукаў яе на працягу чатырох месяцаў. 57-гадовы Лучана Бачэта мае сівыя валасы, драцяныя акуляры, выглядае спакойным. Ён жыве ў Пэро пад Міланам. Прыгарадны цягнік з цэнтра Мілана даязджае сюды за дваццаць хвілінаў. Адлегласць ад вакзала — нейкі кіламетр, можа, крыху больш, і адразу трапляеш у пасёлак двухпавярховых дамоў-блізнятаў, схаваных ад вуліцы заўсёды зялёнаю агароджаю. У канцы дарогі, акружаны садам з дрэвамі, якія даюць жоўта-аранжавыя плады хурмы, стаіць дом Лучана. Ужо некалькі месяцаў Лучана праводзіць у ім больш часу, бо выйшаў на пенсію. Ён апякуецца хвораю цешчаю, якая ляжыць у суседнім пакоі. Жонка Лучана, Фіарэла, працуе ў аўтамабільнай фірме, дачка Іларыя — студэнтка-эканамістка. Праз гадзіну са школы вернецца чатырнаццацігадовы Джакома. 14 красавіка 2004 г., калі бацьку паралізавала, Джакома было 4 гады. Тады маці пайшла забіраць яго з садка, а Лучана выбег з дома, каб забраць дачку са школы. Ён сядаў у машыну, і ў яго раптоўна падскочыў ціск. Жонка знайшла яго паралізаваным. Выкліканая машына «хуткай дапамогі» завезла яго ў шпіталь Луіджы Сака за дзесяць кіламетраў ад дома. Лучана паказвае сваю гісторыю хваробы, у якой урачы напісалі дыягназ: ішэмічны ўдар мозгу, параліч з левага боку, высокі артэрыяльны ціск. Шэсць дзён лячэння, з 14 да 20 красавіка, у аддзяленні неўралогіі не далі вынікаў, ва ўрачоў не было на гэта асаблівай надзеі. 29 красавіка, пасля абеда, кансіліум урачоў прыняў рашэнне перавезці Лучана Бачэта ў аддзяленне рэабілітацыі. Праз некалькі гадзін пасля гэтага яго наведала манашка. Візіт незнаёмай манашкі адабраў у Лучана сон да самай раніцы. На світанні ён паволі, са страхам і надзеяй у сэрцы, пачаў правяраць, ці знік параліч. — Я адчуваў часткі цела, зноў мог рухаць пальцамі левай ступні, падымаць левую руку. Паціху ўстаў, яшчэ трымаючыся за ложак, зрабіў некалькі крокаў. А потым я абуў туфлі і пайшоў у шпітальную капліцу. У 08.30 у адзяленне прыйшла неўролаг Франчэска Клерычы. Убачыўшы паралізаванага пацыента на калідоры каля батарэі, яна вельмі здзівілася і паклікала медсястру. Яна загадала завесці яго ў палату, а праз хвіліну прыйшла з іншым доктарам. Той, убачыўшы, што да Лучана вярнулася адчувальнасць у канечнасцях, запытаўся, як гэта адбылося. Лучана добра памятае свой адказ: — Калі я скажу вам, вы не паверыце. Таму нават не буду гаварыць. — Я не хацеў тлумачыць, што здарылася, бо баяўся, што мяне палічаць вар’ятам. Урач праводзіў абследаванне далей: стукаў малаточкам па левым калене, якое падскочыла ўверх; прасіў дакрануцца левай рукой да носа — я дакрануўся, потым дакрануцца да нагі — дакрануўся. Урэшце ён загадаў прайсці і вярнуцца. Прайшоў. Калі ён другі раз запытаўся: «Што адбылося?», — я сказаў яму, што ноччу да мяне прыйшла манашка. — «Не гаварыце глупоты! Святары, манашкі... Супакойцеся!» — урач пагардліва махнуў рукою і выйшаў. У палаце засталася урач Клерычы. І тады ўмяшаўся Франчэска. Ён сказаў, што ноччу іх наведала манашка, якая некалькі хвілінаў размаўляла з Лучана. — Я сказаў урачу: «Добра, пакінем манашку ў спакоі. Учора пасля абеда я ляжаў у ложку паралізаваны, прыйшлі сем урачоў, якія сказалі, што маё лячэнне будзе доўгае, што я не вылечуся да Божага Нараджэння, і што вы вымушаны перавезці мяне ў іншае аддзяленне. А сёння раніцаю я стаю на нагах, магу хадзіць. Што гэта значыць? Хіба я вар’ят?». Урач прадпісала Лучану шмат усебаковых абследаванняў. Яны доўжыліся з серады да панядзелка, але нічога не выявілі, апроч таго, што ён здаровы. Лучана паказвае выпіску з бальніцы, у якой неўролаг, доктар медыцыны Франчэска Клерычы, коратка напісала: «Падчас шпіталізацыі ў пацыента было заўважана паступова прагрэсіруючае паляпшэнне ў рухах і адчувальнасці ў левай частцы цела. Аб’ектыўныя неўралагічныя абследаванні ў норме». — Урачы сказалі мне: «Знайдзіце для сябе іншую бальніцу, бо мы нічога ў вашай гісторыі хваробы не разумеем». Лучана з усмешкаю ўзгадвае бездапаможнасць медыкаў: «Яны не маглі зразумець, як сталася, што я раптоўна вылечыўся». Лучана выйшаў з бальніцы 28 красавіка. Праз два дні ён быў ужо на працы, на будоўлі. З бальніцы ён атрымаў накіраванне на больш грунтоўнае абследаванне ў іншую вядомую бальніцу San Rafaello, аснашчаную самаю сучаснаю спецыялізаванаю апаратураю. Першы раз ён з’явіўся там у чэрвені, а потым — у жніўні. Урачы гэтага цэнтра пацвердзілі, што некалькі месяцаў назад ён быў сур’ёзна хворы. Яны зрабілі яму ўсебаковае кантрольнае абследаванне. Урэшце яны пацвердзілі, што не ў стане растлумачыць, што адбылося, але ён здаровы. Толькі тады жонка Лучана, якая да гэтага часу не вельмі верыла ў яго цудоўнае аздараўленне, усвядоміла гэта. У бальніцы Luigi Sacco, апрача накіравання на комплекснае абследаванне, мужчына атрымаў мазь, якой павінен быў націраць чырвоныя плямы на грудзях. Пяць чырвоных плямак. Іх заўважыў кардыёлаг падчас ЭКГ і выклікаў дэрматолага. Той сказаў, што пасля праведзенага лячэння плямы знікнуць. Лучана не тлумачыў урачу іх паходжання. Ён намазаў маззю іх толькі раз — у бальніцы. Сляды самі па сабе зніклі толькі праз шэсць гадоў, у 2010 годзе. Лучана паказвае здымак, які заўсёды мае з сабою, у сотавым тэлефоне: пяць слядоў ад пальцаў манашкі. Яны засталіся на тым месцы, да якога яна дакранулася, і яго працялі боль і такая гарачыня, нібыта яго абдало кіпенем. Выйшаўшы з бальніцы, Лучана пачаў шукаць манашку і касцёл, паказаны ёю, каб нанесці візіт. У пошуках яму дапамагала яго сястра Джавана, якая жыла з сям’ёю у Баранзатэ, пад Міланам. Гэта амаль паўтара кіламетра ад шпіталя, дзе лячыўся Лучана. Джавана штодзённа наведвала брата, размаўляла з урачамі і малілася аб яго выздараўленні. Яна не здзівілася яго цудоўнаму аздараўленню. Яе здзівіла штосьці іншае: — Я была ўражаная дабрынёю Бога, якую ён учыніў для майго брата, такога далёкага ў той час ад Касцёла, ад святых і анёлаў, але ён мог спазнаць іх рэальнае існаванне, становячыся візуальным сведкам сілы Божай міласэрнасці, — гаворыць Джавана. Невысокая, са светлымі валасамі, у чорным гольфе, без макіяжа, сардэчным жэстам яна запрасіла мяне ў дом. У калідоры каля дзвярэй вісіць невялікі абраз Маці Божай разам з самымі каштоўнымі сямейнымі памяткамі — здымкам прабабкі Джаны разам з Лучана. Джавана прызнаецца, што спачатку не разумела таго, што гаварыў Лучана пра манашку. Думала, што ў тую ноч перад братам аб’явілася Маці Божая, да якой яна малілася ў ружанцовай малітве, а дакладней, Маці Божая з Ларэта, да якой яна мае асаблівае набажэнства. Спачатку Джавана прынесла Лучана паштоўку з Ларэта, а потым з іншых італьянскіх Марыйных санктуарыяў. Але адказ заўсёды быў адзін і той жа: «Не, гэта не тая». — Я адчуваў, што гэты касцёл знаходзіцца не ў Італіі, бо ён адрозніваўся ад нашых святыняў. Ён быў меншы, без высокай званіцы побач, збудаваны з чырвонай цэглы, — гаворыць Лучана, які прафесійна звяртае ўвагу на структурныя і архітэктурныя дэталі. — Мы шукалі далей, — апавядае Джавана. Лучана прасіў дапамогі ў сяброў, Джавана пыталася ў манашак і святароў. Пра цудоўнае аздараўленне брата яна распавяла таксама дону Грыгорыа Віталі, рэктару Марыйнага санктуарыя Мадонны дэла Бацола ў Гарласка, недалёка ад Павіі, куды яна ездзіла ў пілігрымкі. Святар папрасіў прыехаць яе з братам. Яны паехалі ў чэрвені. Дон Грыгорыа быў вельмі таямнічы, амаль як тая манашка, якую шукаў Лучана. — Ён сказаў, што ведае, кім з’яўляецца гэта манашка, але не скажа мне, бо я павінен сам гэта высветліць, — апавядае Лучана. — Яшчэ дадаў: «Праз два месяцы, калі будзеш глядзець тэлевізар або чытаць газеты, ты даведаешся, дзе знаходзіцца гэты касцёл і кім з’яўляецца гэта манашка. А потым прыйдзеш да мяне». На жаль, дон Грыгорыа Віталі не памятае ні той сустрэчы, ні тых словаў. Але, напэўна, у той час ён ужо ведаў аб пасланні Божай міласэрнасці і гісторыі жыцця святой Фаўстыны, бо ў 1998 годзе ў адным з алтароў яго святыні вісеў абраз Езуса Міласэрнага. Лучана ж добра запомніў словы дона Грыгорыа, але іх сэнсу ён не разумеў. Яны здаваліся яму недарэчнымі. Ён думаў, што святар нічога не зразумеў з таго, аб чым ён казаў. Таму ён вырашыў далей працягваць пошук касцёла і манашкі. Джавана больш давярала дону Грыгорыа: «Раз так ён сказаў, то праз два месяцы даведаешся. І так будзе!» — зазначыла яна і спакойна чакала. Прайшло два месяцы. Ішоў жнівень 2004 года. Дажджлівая субота. Дзень, калі найахвотней сядзіцца дома і чытаюцца кнігі або глядзіцца тэлевізар. Лучана вярнуўся з магазіна, уключыў тэлевізар. Спартыўны канал паказваў веласіпедныя гонкі. Падчас рэкламы ён пачаў пераключаць каналы. На канале Rete 4 у праграме пра цуды нейкі амерыканскі біскуп распавядаў пра сваё незвычайнае аздараўленне, якое атрымаў у санктуарыі Божай міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, у Польшчы. Яго аповед суправаджаўся здымкамі касцёла і святой Фаўстыны. — Гэта быў касцёл, які я шукаў! І гэта была тая манашка! — у голасе Лучана чуліся ранейшыя эмоцыі. — Я заплакаў ад узрушэння. Праз хвіліну разам плакалі Лучана, яго жонка Фіарэла, дачка Іларыя і сын Джакома, які менш за ўсё разумеў гэту гісторыю. Лучана адразу ж патэлефанаваў Джаване. Яна рабіла якраз суботнія закупкі, як і палова Італіі гэтай парою, яе рэакцыя ўзрушыла яго. Калі паміж паліцаў у магазіне сястра пачула, што ён знайшоў касцёл і манашку, якую завуць Фаўстына, яна ўсклікнула: «Фаўстына Кавальская? У мяне дома ёсць пра яе кніга!». Джавана прывезла яму кнігу ў той жа дзень. Лучана другі раз убачыў у ёй здымак незнаёмкі з бальніцы. У яго не было ніякага сумнення: гэта яна. Кнігу пра святую Фаўстыну купіў муж Джаваны, Франчэска, угледзеўшы яе перад гэтым на выставе каталіцкай кнігарні. Гэта адбылося за год перад хваробаю Лучана або крыху раней. Напэўна, падчас знаходжання Лучана ў бальніцы і на працягу чатырох месяцаў пошуку касцёла і манашкі гэта кніга ляжала на начным століку каля ложка Джаваны. Франчэска прачытаў урыўкі з «Дзённіка», а Джавана — урыўкі з біяграфіі Фаўстыны, але абоім нават у галаву не прыйшло, што менавіта яе шукае Лучана. Сёння ў спальні Джаваны і Франчэска вісіць вялікіх памераў абраз Езуса Міласэрнага, прывезены з Лагеўнікаў... Тады, у жніўні 2004 года, Лучана знайшоў у кнізе нумар тэлефона касцёла Santo Spirito in Sasia ў Рыме, які знаходзіцца недалёка ад плошчы святога Пятра. Гэта месца, дзе па просьбе Яна Паўла ІІ з 1994 года дзейнічае духоўны Цэнтр Божай міласэрнасці, пра які добра ведаюць рымскія шанавальнікі святой Фаўстыны. — Я патэлефанаваў туды вельмі ўзрушаны, ледзь мог гаварыць. Манашка, з якою я размаўляў, запыталася, ці ведаю я гісторыю святой Фаўстыны. Я адказаў: «Так, бачыў яе ў бальніцы. Яна прыйшла і аздаравіла мяне». У верасні 2004 года Лучана Бачэта сустрэўся ў Рыме з рэктарам касцёла Святога Духа, ксяндзом Юзафам Бартам. Той скантактаваў яго з сёстрамі ў Лагеўніках. У тэлефоннай размове было ўзгоднена, што Лучана з сям’ёю і сябрамі прыедзе ў Польшчу ў красавіку 2005 года, адразу пасля Вялікадня. У Лагеўніках яны павінны былі сустрэць нядзелю Божай міласэрнасці, якая ў тым годзе прыпадала на 3 красавіка. Калі яны выязджалі з Мілана, у Ватыкане паміраў Ян Павел ІІ, і тысячы людзей накіроўваліся ў Рым, каб чуваць побач з Папам на плошчы святога Пятра, а яны ехалі ў адваротны бок — у Польшчу. Ехалі з візітам да святой Фаўстыны, у месца, дзе, паводле яе словаў, яна жыве і заўсёды чакае. Напэўна, не толькі яго. Яны выехалі ўдзевяцярых з Пэро, што пад Міланам, на дзвюх машынах. <...> У Лагеўнікі прыехалі ў пятніцу 1 красавіка, у 21.30. Праз дзень, у 21.37, памёр Ян Павел ІІ. Гэта сталася ў вігілію свята Божай міласэрнасці, якое ўстанавіў Папа для ўсяго Касцёла. Тры гады назад, у жніўні 2002 года, калі Ян Павел ІІ кансэкраваў у Кракаве-Лагеўніках новую базыліку і даручыў чалавецтва Божай міласэрнасці, ён паказаў гэтае месца ўсяму свету. Лучана ўбачыў яе на наступны дзень пасля прыезду — раніцаю 2 красавіка. — Усё было дакладна такім, як паказала мне Фаўстына: касцёл, вокны, лесвіца, вежа, мур з левага боку. Я адчуваў сябе так, нібы быў тут раней. Гэта выклікала страх і, напэўна, моцна ўзрушвала. У часе побыту ў Лагеўніках у Лучана былі вільготныя вочы. Ён плакаў на дзядзінцы, перад тым, як увайсці ў касцёл, плакаў у касцёле і калі з яго выходзіў. Плакаў ад раніцы суботы і да раніцы панядзелка, да таго часу, пакуль яны не выехалі ў адваротны шлях у Італію. Ён дзякаваў Богу і святой Фаўстыне за сваё аздараўленне, прасіў аб здароўі для кузіны з Брэшыі, якая хварэла на лімфому, і яна да гэтага часу адчувае сябе даволі добра. Пасля той нядзелі Божай міласэрнасці адбылося яшчэ штосьці: — Мне прысніўся дзіўны сон за месяц да выезду ў Польшчу. Мне снілася, што я знаходжуся ў Лагеўніках. Перад касцёлам я ўбачыў дзяўчыну з чырвонымі валасамі, без двух пярэдніх зубоў. Яна трымала ў руках талерку і прасіла міласціну разам з дзіцем, якому было не больш за пяць гадоў. Служба парадку спрабавала аддаліць яе ад касцёла, але яна вярталася. — Лучана робіць кароткую паўзу. — Калі я быў у Лагеўніках, то пасля ўрачыстасці ў нядзелю Божай міласэрнасці ўвайшоў у краму каля санктуарыя, каб скінуць на тэлефон карту. У краме было людна. Перада мною ў чаргу стала дзяўчына. У яе былі чырвоныя валасы, дакладна такія, як у дзяўчыны ў маім сне. З ёю было пяцігадовае дзіця, якое плакала. Яно аб нечым прасіла, напэўна, хацела марозіва, але маці яму адмаўляла. Хутчэй за ўсё, у яе не было грошай. Я размяняў купюру і даў ёй адну паперку, здаецца, пяцьдзясят злотых. Потым у краму ўвайшла Джавана, якой я пачаў распавядаць пра дзяўчыну з майго сна, але калі захацеў яе паказаць, не мог знайсці. Яе ўжо не было. Лучана да сённяшняга дня не можа растлумачыць, што тады адбылося. Ці гэта была просьба аб міласэрнасці для яго, які сам яе спазнаў? Пасля візіту святой Фаўстыны да Лучана ў бальніцы Luigi Sacco ў Мілане і наведвання Лучана яе ў Лагеўніках мінуў час. Лучана адчувае сябе добра і лічыць, што гэта святая Фаўстына апякуецца ім. — Яна як мама. Заўсёды дапамагае. Здаралася, што ў мяне не было працы, і я звяртаўся да святой Фаўстыны і праз два дні ўжо меў якое-небудзь даручэнне. Аздараўленне многае змяніла ў духоўным жыцці Лучана. — Я вырашыў, што павінен даваць атрыманае іншым людзям. Ласка была дадзеная мне задарма, а маё заданне — дзяліцца з іншымі тым, што атрымаў. <...> Мігранту з Егіпта, які жыў пад мостам, Лучана знайшоў працу, на працягу многіх гадоў ён дапамагаў парафіі ў розных рамонтах, як валанцёр ён возіць на сваёй машыне «дары» і моліцца. Штодзённа чытае Вяночак да Божай Міласэрнасці, «Дзённік», ездзіць на сустрэчы аазісу Божай міласэрнасці, заснаванага Джаванай. Не было месяца, каб ён хоць раз не распавядаў пра сваё цудоўнае аздараўленне праз заступніцтва святой Фаўстыны — ездзіць туды, куды яго запрашаюць (найчасцей, у рэгіён Ламбардзіі, але таксама ў П’емонт, Таскану, Трыдэнт). — Людзі просяць мяне, каб я маліўся за іх, хочуць даваць мне нават за гэта грошы. Яны думаюць, што раз я атрымаў аздараўленне, то Пан Бог напэўна мяне выслухае, — гаворыць збянтэжаны Лучана. — Я даю ім абразкі Езуса Міласэрнага і гавару: «Маліцеся самі. Калі вы знаходзіцеся ў цяжкай сітуацыі, то прасіце Бога змяніць яе». Ён таксама моліцца за іх. Паказвае здымкі хворых, знаёмых і незнаёмых, за якіх штодзённа моліцца перад сном да святой Фаўстыны. — Чаму сястра Фаўстына прыйшла да цябе? — Усе пра гэта мяне пытаюць. — Што адказваеш? — Што я не ведаю. Некаторыя святары раяць гаварыць, што я ўбачыў у малітоўніку набажэнства да Божай міласэрнасці і маліўся аб аздараўленні да святой Фаўстыны, але я не магу так адказваць, бо гэта няпраўда, — шчыра прызнаецца Лучана. — Калі яна прыйшла да цябе, ты быў веруючым? — Я быў такі, як шмат католікаў: хадзіў у касцёл. — Чаму святая Фаўстына аздаравіла менавіта цябе? — Не ведаю. Можа таму, што мая сястра вельмі пабожная... Яна моцна малілася за мяне. На фоне аповеду пра аздараўленне Лучана пастаянна з’яўляецца Джавана, нібы духоўная правадніца сям’і. Яна прасіла Бога падчас хваробы брата аб яго аздараўленні многімі малітвамі, звярталася па заступніцтва да многіх святых. Сярод іх таксама была святая Фаўстына. Але яна не вылучала св. Фаўстыну сярод іншых святых. Калі Лучана потым шукаў таямнічую манашку, Джавана нават і не падумала, што гэта можа быць яна. Абразок з яе абліччам і малітваю аб выздараўленні хворых Джавана знайшла каля алтара Езуса Міласэрнага ў санктуарыі ў Гарласка. Было гэта да хваробы брата, напэўна, па гэтай прычыне Франчэска купіў кнігу пра Фаўстыну. Джавана чытала малітву праз заступніцтва святой Фаўстыны ў інтэнцыі многіх хворых, якіх ведала, а потым прасіла яе аб здароўі для брата. Магчыма, падчас хваробы Лучана яна таксама малілася Вяночак да Божай Міласэрнасці, хоць цяпер не можа пацвердзіць гэтага цалкам. Відаць, як заўсёды, найважнейшаю тады была ружанцовая і спантанная малітва сэрца, скіраваная да Езуса. — Гэта Езус аздараўляе, а не святыя. Яны з’яўляюцца толькі нашымі пасрэднікамі. Святая Фаўстына малілася са мною за здароўе брата, — гаворыць Джавана. — Цяпер я ведаю, што гэты вялікі цуд быў учынены для таго, каб распаўсюджваць культ Божай міласэрнасці. <...>
Пераклала з польскай мовы
Паводле: Ewa K. Czaczkowska.
Гл. таксама:
|
|
|
|