|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
Кароткае зямное жыццё святой сястры Фаўстыны Кавальскай звязана пераважна з яе роднаю Польшчаю. Аднак у тым неспакойным 1905 годзе, калі 25 жніўня будучая святая прыйшла на свет у сям’і Станіслава і Марыяны Кавальскіх, Польшча была разарваная і падзеленая паміж Расіяй, Аўстра-Венгрыяй і Прусіяй, а родная Фаўстыніна вёска Глаговец у Калішскай губерні знаходзілася на заходніх ускраінах агромністай Расійскай імперыі. Парафіяльны касцёл, у якім хрысцілі малую Гэленку, і цяпер стаіць у суседняй вёсцы Свініцы Варцкія, назву якой калісьці даў яе заснавальнік, Гнезненскі арцыбіскуп Якуб Свінка. Гэтай святыні, збудаванай у ХІХ ст. пад тытулам св. Казіміра, у 2002 г. быў нададзены новы тытул санктуарыя Нараджэння і хросту святой Фаўстыны. Сціплы аднанававы касцёл ужо даўно не змяшчае шматлікіх пілігрымаў, якія прыбываюць у Свініцы з розных канцоў свету, таму ў апошнія гады святыню разбудавалі і пашырылі. Толькі цэнтральная частка касцёла выглядае гэтаксама, як і ў 1905 годзе, калі праз два дні пасля нараджэння, 27 жніўня 1905 года, бацькі прынеслі сюды сваю трэцюю дачку, просячы для яе сакрамэнту хросту ў тагачаснага свініцкага пробашча, кс. Юзафа Хадынскага. Дасюль захавалася ў касцёле маўклівая сведка тае падзеі — драўляная паліхромная хрысцільня. На працягу 16-ці гадоў (амаль паловы свайго кароткага жыцця) Гэлена Кавальская малілася ў парафіяльнай святыні. Тут у 1914 г. яна прыняла Першую св. Камунію, тут кленчыла перад абразом Маці Божай Чэнстахоўскай, які тады знаходзіўся ў галоўным алтары. Пазней у сваім «Дзённіку» Фаўстына пісала: «Як горача я магла маліцца ў гэтым касцёліку. Я прыгадала ўсе ласкі, якія я атрымала ў гэтым месцы і якіх тады не разумела…» (Дз., 400).
Бацькоўскі дом, у якім цяпер знаходзіцца музей святой сястры Фаўстыны, таксама выглядае крыху інакш, чым пры яе жыцці. У 2003 г. была завершана яго рэканструкцыя, замененыя вокны і дзверы, пакладзены новы дах. У садзе каля хаты ўжо няма тых старых дрэваў, якія цяпер можна ўбачыць толькі на фотаздымку 1935 года, зробленым у тыя дні, калі сястра Фаўстына першы і апошні раз за ўсё манаскае жыццё наведала сваю малую радзіму (гл. Дз., 397–403). Цяпер перад домам Кавальскіх цвітуць кусты ружаў — на тым самым месцы, дзе калісьці іх садзіла Гэлена…
У 16-гадовым узросце яна назаўсёды пакінула бацькоўскі дом і пайшла служыць, каб зарабіць сабе на пражыццё і дапамагчы сваёй вялікай сям’і. Гэлена гадавала дзяцей у заможных людзей у мястэчку Аляксандраў, а пасля служыла ў Лодзі, дзе аднойчы ў парку «Венецыя» падчас вечаровай забавы ёй аб’явіўся Езус і яна ўпершыню пачула Ягоны папрок, які стаў штуршком для змены ўсяго яе жыцця: «У гэту хвіліну сціхла прыемная музыка, знікла з маіх вачэй кампанія, у якой я была, засталіся Езус і я. <...> Праз хвіліну пакрыёма я пакінула кампанію і сястру і пайшла ў катэдру св. Станіслава Косткі. Ужо пачало шарэць, людзей у катэдры было мала, не звяртаючы [ўвагі] на тое, што робіцца навокал, я ўпала крыжам перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і прасіла Пана, каб Ён дазволіў мне зразумець, што я павінна рабіць далей. У гэты час я пачула такія словы: Едзь зараз жа ў Варшаву, там уступіш у кляштар» (Дз., 9–10). 1 жніўня 1925 года, 90 гадоў таму, Гэлена Кавальская ўступіла ў кляштар Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Варшаве на вул. Жытняй, 3/9. «Нарэшце настаў момант, калі для мяне адчынілася кляштарная брама, — гэта было першага жніўня, вечарам, у вігілію Маці Божай Анёльскай. Я адчувала сябе бязмежна шчасліваю, мне здавалася, што я ўступіла ў райскае жыццё. З майго сэрца вырывалася толькі малітва падзякі» (Дз., 17). Кляштар і сёння знаходзіцца на тым самым месцы, толькі ягоныя будынкі, якія згарэлі падчас Варшаўскага паўстання ў Другую сусветную вайну, пасля адбудовы выглядаюць інакш, чым у 1925 г., калі сюды ўпершыню прыйшла Гэлена Кавальская. У гэтым варшаўскім доме яна жыла ў 1928-м, 1929-м, 1932-м, 1935-м і 1936 гадах, у розныя перыяды свайго манаскага і духоўнага станаўлення, праводзячы тут іншы раз некалькі тыдняў або месяцаў, а часам — усяго некалькі дзён, робячы толькі кароткі перапынак паміж пераездамі ў чарговы манаскі дом, куды яе пасылалі настаяцельніцы.
Цяпер на сцяне кляштара Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці на вул. Жытняй змешчаны словы Езуса, звернутыя да сястры Фаўстыны: «Сюды Я цябе паклікаў <...> і падрыхтаваў для цябе шмат ласкаў». Тут яна перажыла свой першы містычны досвед цёмнай ночы, тут навучылася спалучаць нялёгкую фізічную працу з нястомнаю малітваю і кантэмпляцыяй, тут прайшла суровую школу пакоры і паслухмянасці. Праз паўгода пасля ўступлення ў кангрэгацыю, 23 студзеня 1923 года, Фаўстына (тады яшчэ Гэлена Кавальская) упершыню прыехала ў Лагеўнікі пад Кракавам. У Лагеўніцкім кляштары яна павінна была закончыць пастулат і прайсці навіцыят. Лагеўнікі, якія цяпер знаходзяцца каля аўтатрасы, што вядзе на Закапанэ, каля так званай Закапянкі, сталі часткаю Кракава толькі ў 1941 годзе. У 1926 г. яны былі яшчэ вялікаю вёскаю. Менавіта ў той час тут пачалі з’яўляцца цагельні, млыны, пякарні, а ў суседнім Фалэнцкім Барку была заснавана фабрыка соды «Сольвай», дзе падчас Другой сусветнай вайны працаваў Караль Вайтыла — будучы святы папа Ян Павел ІІ. Кляштар Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці і выхаваўчая ўстанова пры ім былі заснаваныя ў Лагеўніках напрыканцы ХІХ ст. Чырвоная неагатычная будыніна кляштара, узведзеная па праекце архітэктара Караля Зарэмбы, сёння добра вядомая ўсім прыхільнікам культу Божай Міласэрнасці.
Капліца, кляштар, а таксама двухпавярховы дом выхаванак выглядаюць у наш час гэтаксама, як і ў студзені 1926 года, калі іх упершыню ўбачыла Гэлена Кавальская. Толькі на месцы былога флігеля пры ўязной браме цяпер пабудаваны новы двухпавярховы дом, у якім размясціліся Таварыства Faustinum, выдавецтва Misericordia і пакоі для пілігрымаў. У галоўным алтары кляштарнай капліцы стаіць тая самая фігура Маці Божай, а ў бочным левым алтары, дзе калісьці быў абраз Сэрца Езуса, цяпер вісіць цудадзейны абраз Езуса Міласэрнага і стаіць невялічкі саркафаг святой Фаўстыны, а таксама змешчаны яе партрэт, намаляваны мастаком Вальдамарам Чайкоўскім. З таго часу непазнавальна змянілася наваколле Лагеўнікаў і тэрыторыя каля кляштара. Над старымі кляштарнымі мурамі ўзнесла свае вежы новая вялікая базыліка Божай Міласэрнасці, спраектаваная архітэктарам Вітальдам Цанцкевічам і кансэкраваная ў жніўні 2002 года Янам Паўлам ІІ… Але вернемся ў Лагеўнікі 1926 года. Там 30 красавіка Гэлена Кавальская перажыла ўрачыстасць аблучынаў, атрымала габіт і манаскае імя Марыя Фаўстына. Імя Марыя ў гонар Маці Божай у кангрэгацыі атрымлівала кожная сястра, а сястра Фаўстына дадала сабе яшчэ «ўдакладненне»: «ад Найсвяцейшага Сакрамэнту» і так пасля падпісвала свой «Дзённік»… У Лагеўніках сястра Фаўстына стала навіцыяткаю і распачала новы перыяд сваёй манаскай фармацыі. Яе прызначылі працаваць на кухні. Ужо тады здароўе ў яе было слабое і фізічныя сілы таксама. Менавіта ў Лагеўніках здарыўся цуд, які сястра Фаўстына пазней апісала ў «Дзённіку»: замест бульбы ў рондлі, які ёй цяжка было падымаць, каб зліваць ваду, аднойчы яна ўбачыла пукі чырвоных ружаў і пачула ў душы голас: «Такую цяжкую тваю працу Я ператвараю ў букет найпрыгажэйшых кветак, а іх водар узносіцца да Майго трону». У Лагеўніках, напрыканцы першага году навіцыяту распачаўся ў сястры Фаўстыны працэс містычнага духоўнага ачышчэння (гл. Дз., 77, 78). Падчас гэтага цяжкага выпрабавання 30 красавіка 1928 года сястра Фаўстына склала першыя манаскія абяцанні. Такія абяцанні яна аднаўляла яшчэ чатыры разы, год за годам, каб праз пяць гадоў, таксама ў Лагеўніках, скласці вечныя абяцанні… Было гэта ў 1933 годзе падчас другога яе прыезду. Сястра Фаўстына ўжо мела досвед манаскага містычнага жыцця ў кляштарах у Варшаве, Вільні, Кекшы, Валендаве і ў Плоцку… Чаканы момант настаў 1 мая 1933 года. Урачыстую цырымонію ў кляштарнай капліцы ўзначаліў біскуп Станіслаў Распонд. Падчас урачыстасці адбылося асаблівае містычнае паяднанне сястры Фаўстыны з Езусам і прагучалі Яго словы: «Мая абранніца, нашыя сэрцы навекі паяднаныя. Памятай, каму ты прысягала…». У маі таго ж года сястра Фаўстына выехала ў Вільню, каб вярнуцца ў Лагеўнікі праз тры гады і застацца там ужо назаўсёды… У Вільні сястра Фаўстына была двойчы. Першы раз затрымалася ўсяго толькі на тры месяцы: з 21 лютага да 11 чэрвеня 1929 года, а другі раз — амаль на тры гады: з канца мая 1933 года да 21 сакавіка 1936 года. Гэта быў вельмі важны перыяд для яе самой і для развіцця ўсёй справы Божай міласэрнасці. Менавіта ў Вільні мясцовы мастак Яўген Казіміроўскі з дапамогаю парадаў сястры Фаўстыны намаляваў абраз Езуса Міласэрнага. Тут, у Вострай Браме, 26–28 красавіка 1935 года гэты абраз быў упершыню выстаўлены для публічнага ўшанавання, а старажытная Вільня атрымала праз яго асаблівае благаслаўленне. Вось як пра гэта піша Фаўстына ў сваім «Дзённіку»: «Калі быў выстаўлены гэты абраз, я ўбачыла імклівы рух рукі Езуса, які ўчыніў вялікі знак крыжа. У той жа дзень, вечарам, лёгшы спаць, я ўбачыла, як гэты абраз ішоў па-над горадам, а горад быў завешаны сеткаю і сецямі. Калі Езус прайшоў, Ён прарваў усе сеці, а напрыканцы ўчыніў вялікі знак святога крыжа і знік» (Дз., 416).
У віленскім кляштары Пан Езус прадыктаваў сястры Фаўстыне тэкст Вяночка да Божай Міласэрнасці і паставіў перад ёю новае заданне: стварыць манаскую супольнасць, якая выпрошвала б Божую міласэрнасць для ўсяго свету. Гэтую супольнасць — Кангрэгацыю Сясцёр Езуса Міласэрнага — ужо пасля Фаўстынінага адыходу ў вечнасць заснаваў яе спаведнік і духоўны настаўнік, сёння благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька, якога сястра Фаўстына сустрэла таксама ў Вільні. Гэта ён у 1933 г. даў ёй заданне запісваць «сустрэчы яе душы з Богам», пісаць «Дзённік». Пра кс. Сапоцьку Фаўстына пісала: «Надышоў тыдзень споведзі, і я з радасцю ўбачыла таго святара, якога ўжо ведала, перш чым прыехала ў Вільню. Я ведала яго з візіі. Тады я пачула ў душы такія словы: Вось Мой верны слуга, ён дапаможа табе выканаць Маю волю тут, на зямлі» (Дз., 263). Віленскі кляштар Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці знаходзіўся на Антокалі, на адным з гарадскіх узгор’яў, на левым беразе Вілейкі. Гэты раён Вільні некалі славіўся сваімі цудоўнымі краявідамі і садамі, што атулялі багатыя дачы месцічаў, славіўся магнацкімі палацамі і барокавым касцёлам святых Пятра і Паўла, які да сённяшняга дня захапляе сваёю знешняю і ўнутранаю аздобаю і прыгажосцю, скульптурамі італьянскіх майстроў П’етра Пэрці і Джавані Марыя Галегі. У віленскім кляштары сястра Фаўстына займалася агародніцтвам — вывучала новую для сябе справу з усёю стараннасцю і пакораю, на якія толькі яна была здольная. Сястра Фаўстына так апісвала віленскі кляштар: «Сёння я ўжо ў Вільні. Маленькія параскіданыя хацінкі складаюць кляштар. Мне гэта здаецца крыху дзіўным пасля юзэфаўскіх1 гмахаў. Сясцёр толькі васямнаццаць. Малы дамок, але вялікая супольная еднасць» (Дз., 261). Цяпер у Вільні на Антокалі, на вуліцы Грыбо, 29 (былая Сенатарская, 25) захаваўся менавіта гэты «малы дамок», у якім жыла сястра Фаўстына, адзіны з усіх, што належалі кангрэгацыі. Ён ацалеў у ваеннае ліхалецце, яго не закранула і ліхалецце атэістычна-камуністычнае. Цяпер у гэтым Фаўстыніным дамку знаходзіцца яе мемарыяльны пакой і малітоўна-пілігрымкавы цэнтр, якім кіруе ягоны кусташ Петрас Марцэля. Тут гучаць словы Вяночка да Божай Міласэрнасці на польскай, беларускай і літоўскай мовах. Спадар Петрас моліцца разам з пілігрымамі і не стамляецца апавядаць пра сястру Фаўстыну, якая сваім лёсам і сваім духам назаўсёды злучана з дарагою і блізкаю кожнаму з нас Вільняю. Крыстына Лялько
Гл. таксама:
Літаратура.
|
|
|
|