|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
Па-рознаму ўваходзяць кнігі ў наша жыццё. І ніводная, якая нам сустрэлася на жыццёвым шляху, не выпадковая. З «Дзённікам» сястры Фаўстыны Кавальскай я ўпершыню пазнаёмілася не праз чытанне, а праз друкаванне. Так сталася, што мне давялося набіраць на камп’ютары свежаперакладзеныя на беларускую мову старонкі. Неяк выйшла, што не было каму на той момант гэтую працу выконваць, і я неспадзявана для самой сябе прапанавала: «А што, калі я?..» Прапанавала і сама спалохалася, бо непрафесіянал у гэтай справе, ды і камп’ютар мой па старасці гадоў паводзіў сябе капрызна і мог раптоўна адключыцца, не захаваўшы набранага тэксту. Але адступаць было позна, і з Божаю дапамогаю я ўзялася за справу. Што з Божаю дапамогаю, то сумненняў ніякіх няма, бо камп’ютар раптам «палагоднеў» і ягоныя «глюкі», вы не паверыце, спыніліся. За ўвесь час працы ніводнага кавалка тэксту не прапала. А ўласна чытаць «Дзённік» я пачала, калі ён пабачыў свет асобнай кніжкай. Здавалася, што гэты тэкст я бачу ўпершыню, бо калі набіраеш, у разважанні надта не заглыбляешся, іначай справа ідзе вельмі марудна. І раптам адкрыла для сябе, што гэта сястра, якая з васямнаццацігадовага, амаль што дзіцячага ўзросту прысвяціла сябе Богу, пайшоўшы ў кляштар, ведае ўсё пра наша жыццё і можа слушна падказаць, як быць у любой сітуацыі. «Душы трэба даць зразумець сваю памылку, але не трэба яе ламаць». «Ніколі нікога не асуджаць, на іншых глядзець паблажліва, а на сябе — сурова». «Запомні гэта на ўсё жыццё: як воды сплываюць з гораў у даліны, так і ласкі Божыя сплываюць толькі на пакорныя душы». «Асцерагаймася дадаваць цярпенняў іншым, бо гэта не падабаецца Пану». «У цярпеннях быць цярпліваю і спакойнаю, ведаючы, што з часам усё праміне». Ці вось гэта: «У выпрабаваннях я буду старацца ўгледзець любячую руку Божую». Гэта тое, пра што мы амаль заўсёды забываемся, спаткаўшы на сваім шляху нават не выпрабаванні яшчэ, а проста праблемы. І раптам для мяне высветлілася, што гэта сястра, якая не атрымала ніякай адукацыі, валодае несумненным літаратурным талентам. Яе вобразнасці могуць пазайздросціць многія прафесійныя літаратары. «Бог не кантактуе з балбатліваю душою, якая, быццам труцень у вуллі, шмат брынчыць, але пры гэтым не вырабляе мёду». «І як малая фіялка, схаваная ў траве, не раніць нагі чалавека, які яе топча, але, цалкам забываючы пра сябе, распаўсюджвае водар, імкнучыся зрабіць прыемнае таму, хто яе топча». «Я хачу быць маленькаю фіялкаю, схаванаю ў траве, невядомаю сярод цудоўнага закрытага саду, дзе растуць прыгожыя ружы і лілеі. Прыгожую ружу і цудоўную лілею відаць здалёк, але, каб убачыць маленькую фіялку, трэба нізка схіліцца — яе выдае толькі водар». «Я ведаю, што пшанічнае зерне, каб стаць пасілкам, павінна быць знішчана і перацерта ў жорнах; гэтак і я, каб быць карыснаю Касцёлу і душам, павінна быць знішчана, хоць знешне ніхто не заўважыць маёй ахвяры». «Хачу, каб мая любоў заўсёды была скіраваная на Цябе, як кветка, што заўсёды паварочваецца да сонца». І гэта толькі маленькая частка прыкладаў, усе іх прывесці немагчыма, як бы ні хацелася. І раптам мне стала зразумела, як мала мы давяраем Богу на справе — не на словах. На словах у нас з гэтым усё ў парадку. «Я адчувала, што змусіла Бога ўдзяліць ёй ласку. Калі разважаю над усім гэтым, то бачу сапраўдны цуд. Я цяпер бачу, якую вялікую сілу мае малітва заступніцтва перад Богам». «Дачка Мая, уяві сабе, што ты — валадарка ўсяе зямлі і маеш магчымасць распараджацца ўсім, як табе падабаецца, і ў цябе ёсць усе магчымасці чыніць дабро, як табе захочацца, і вось стукае ў твае дзверы нейкае малое дзіця, усё ў дрыжыках, са слязьмі на вачах, але з вялікаю вераю ў тваю дабрыню, і просіць кавалка хлеба, каб не памерці з голаду. Як бы ты паступіла з гэтым дзіцем? Адкажы Мне, дачка Мая». І раптам востра адчулася, як мала ў нас любові — і да Бога, і да бліжняга, бо «я радуюся, што магу хоць трохі цярпець дзеля Цябе», — рэдкі чалавек паўтарыць зможа. Не ўслых, а пра сябе. Каб толькі Бог і пачуў. Ёсць кнігі, якія нельга прачытаць раз і назаўсёды. Іх можна проста прыняць у сваё жыццё. І тады яны час ад часу патрабуюць, каб іх перачыталі або проста раскрылі, пагарталі, знайшлі нейкія словы — яны заўсёды аказваюцца патрэбнымі нам менавіта ў гэты момант. «Дзённік» менавіта з такіх кніг. «Калі не ведаеш, што лепш, трэба падумаць і паразважаць, папрасіць парады, бо нельга дзейнічаць, калі сумленне неспакойнае. Калі адчуваеш няўпэўненасць, трэба сказаць сабе: «Што б я ні зрабіла, гэта будзе добра, у мяне намер рабіць дабро; Пан Бог прымае тое, што мы лічым добрым, значыць і гэта Пан Бог прымае і лічыць добрым». Не трэба перажываць, калі з часам справы акажуцца нядобрымі, — Пан Бог глядзіць на намер, з якім мы іх распачынаем, і паводле яго будзе ўзнагароджваць. Гэта той прынцып, якога мы павінны прытрымлівацца». Кожны дзень ёсць днём успаміну якога-небудзь святога. Пра адных мы ведаем больш, пра іншых — менш або і зусім нічога. Затуманеныя стагоддзямі, іх зямныя біяграфіі амаль не вядомыя нам. Усё жыццё святой сястры Фаўстыны Кавальскай на старонках гэтага «Дзённіка». Людзі, якія прыгадваюцца на яго старонках, нашы сучаснікі, многія з якіх адышлі з гэтага свету ўжо ў нашы дні. І зусім не стагоддзі, а толькі некалькі дзясяткаў гадоў аддзяляюць нас у часе. Мы маглі ступаць па тых самых камянях на брукаванках Вільні або Кракава, па якіх некалі ступала маладая манашка Фаўстына Кавальская. Сёння мы чытаем яе «Дзённік», разважаем над яе жыццём, думаем пра яе. А яна — яна думала пра нас. «Сённяшні дзень я ахвяравала за Расію — усе свае цярпенні і малітвы я ахвяравала за гэту бедную краіну. Пасля святой Камуніі Езус сказаў мне: Я не магу больш выносіць гэту краіну, не звязвай Мне рук, дачка Мая. Я зразумела, што калі б не малітвы душаў, мілых Богу, то Ён увесь гэты народ ператварыў бы ў нішто. О, як я цярплю з-за гэтага народа, які прагнаў са сваіх межаў Бога». Калі ўлічыць, што Расіяй за мяжой тады называлі тэрыторыю Савецкага Саюза, у якім большасць з нас нарадзілася і пражыла вялікі кавалак жыцця, то гэта для нас яна прасіла літасці ў Бога, за нас малілася, з-за нас цярпела. І ўсе мы зведалі на ўласным досведзе, што бывае з краінай, якая прагнала са сваіх межаў Бога. «Сёння ў мяне не было жадання пісаць, і тут я пачула ў душы голас: Дачка Мая, ты жывеш не для сябе, а для душаў, пішы для іх карысці. Ты ведаеш Маю волю адносна тваіх запісаў…» Пан Бог загадаў сястры Фаўстыне пісаць для карысці душаў, гэта значыць — для нас з вамі. Яна выканала Божую волю і напісала. Думаецца, што Божая воля распаўсюджваецца і на нас — напісанае прачытаць. Іначай як мы тую карысць атрымаем? Вера Галубовіч
Гл. таксама:
|
|
|
|