|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
Некаторыя хваласпеўцы сябе саміх і сучаснай Італіі вынайшлі наступны «закон»: калі Італія была вялікай, Дантэ вывучаўся шмат. Непазбежная выснова: у наш час шмат займаюцца Дантэ, значыць наш час — вялікі, а мы, тыя, хто займаецца Дантэ, удзельнічаем у гэтай велічы. Такое разважанне нашых дантыстаў вельмі суцяшальнае для іх і для Італіі, аднак адразу бачна, што яно пабудавана на двухсэнсоўным слове: вывучэнне. Паспрабуем раз і назаўсёды пазбавіцца ад гэтай двухсэнсоўнасці, не зважаючы на тое, наколькі прыемнай і прадуктыўнай яна можа быць. Калі б пад вывучэннем Дантэ мелася на ўвазе зразумець, адчуць, пражыць «Боскую камедыю»; калі б гэта азначала далучыцца да велічнай душы Аліг’еры і, я б сказаў, прыпадабняцца яму, як хрысціяне прыпадабняюцца Хрысту; калі б гэта насамрэч азначала адчуваць тое, што ёсць тытанічным і звышчалавечым у канцэпцыі гэтага чалавека пяра, гэтага фларэнційскага прыёра, які раптоўна зрабіўся суддзёй усіх часоў і стваральнікам іншага свету, тады б я зразумеў, чаму лічыцца велічным народ, здольны нарадзіць падобных знаўцаў, якія б паказалі, што валодаюць па меншай меры водбліскам агромністага дантаўскага генія. Але калі мы паглядзім вакол і ўбачым тое, што маецца на ўвазе пад вывучэннем Дантэ, калі мы заглыбімся на нейкі час у лес бібліяграфій, тлумачэнняў, параўнанняў, спасылак, адкрыццяў, каментараў, загадак, якія «дантысты» ўзгадавалі вакол надзвычайнай паэмы; калі пранікнем хоць крыху ў матывы, генезіс, мэты і вынікі гэтай філалагічнай і гістарычнай палкасці, калі заўважым ва ўсіх зусім не дантаўскі2, а ўсяго толькі дантысцкі або дантаманіякальны менталітэт, тады мы будзем вымушаныя ўсміхнуцца лісліўцам і тым, каму ліслівяць. Аднак трэба мець смеласць, каб раней ці пазней абвясціць, што сённяшняя Італія не можа зразумець «Боскую камедыю». І не таму, што не хапае розумаў, а таму што не хапае розумаў дантаўскага тыпу, і таму, што духоўная атмасфера нашага часу занадта адрозніваецца ад трынаццатага стагоддзя. Дантэ ўжо ў свой час меў нетыповую італьянскую душу. Яго сумны гонар, яго велічная вера, грандыёзнасць яго светапогляду і асабліва яго сур’ёзнасць нагадваюць хутчэй нешта этрускае ці германскае, чым лацінскае. Дантэ не быў практычным чалавекам: ён быў чалавекам поглядаў, і поглядаў у першую чаргу этычных і містычных, а значыць рэлігійных. Дастаткова параўнаць яго з той лініяй італьянскай літаратуры, што наследавала язычнікаў, — Петраркам, Бакачыа, Арыёста, — каб адразу заўважыць кантраст паміж яго змрочнай, суворай, веруючай душой і душою зусім іншай — радаснай, лёгкай і крыху скептычнай, што задала тон Італіі аж да нашых часоў. Дынастыя дантаўскага духу аказалася карацейшай: толькі Мікеланджэла змог стаць упоравень з Дантэ, намаляваўшы ў Сікстынскай капэле адзіную ілюстрацыю, вартую «Боскай камедыі». У не вельмі даўнія часы нешта падобнае да дантаўскай традыцыі прамільгнула ў змрочнасці Фоскала і ў якабінскай ярасці Кардучы, аднак не з’явіўся чалавек, якога можна было б назваць прадаўжальнікам, калі не роўняй, гэтых двух найвышэйшых фармавальшчыкаў мастацтва і нашых розумаў. Душа сучаснай Італіі — хутчэй практычная і нерэлігійная, асцярожная і легкаважная, прыхільніца вытанчаных мелодый, прыстойных глупстваў, элегантных жартаў, хуткіх заробкаў і пэўнай кланавасці. Хрысціянства не з’яўляецца больш вялікай жывой сілай, аднак няма і нейкай антыхрысціянскай веры, каб стварыць хоць у якасці артэфакта што-небудзь лепшае за «Гімн Сатане»3. Італьянская душа жыве кампрамісамі і палавіннымі пачуццямі. Да тых, хто застаецца сам па сабе і мае смеласць асудзіць горкімі словамі, як зрабіў Дантэ, сваіх папярэднікаў і сучаснікаў, ставяцца з падазрэннем і падазраюць у подласці. Свяшчэнная кніга сучаснай Італіі — не Біблія, не «Боская камедыя», а «Галатэо»4, мастацтва рабіць мярзотнасці так, каб ніхто іх не заўважыў. Як жа можна хацець, каб падобны народ мог узняцца да ўзроўню Дантэ? Можна рабіць поўныя сафізмаў і цытатаў каментары, праводзіць канферэнцыі, здольныя прыцягнуць увагу высакародных дамаў, выдаваць часопісы глупстваў і рэбусаў, карысныя слоўнікі, крытычныя выданні, бібліяграфічныя падручнікі; можна нават смакаваць стрыманую прыгажосць пэўных вядомых тэрцынаў, але застацца гэтаксама далёка ад таго свету вернікаў і святых, што атрымаў свой голас у суровай паэзіі фларэнційскага візіянера. Для таго, каб трапіць туды, неабходна мець смелую і сур’ёзную душу, варагіню паўмераў і рэверансаў, а галоўнае — душу хрысціянскую. Неабходна набыць духоўную моц, ненавідзець многія рэчы, якія сёння любяць, не губляць час на вытанчаныя спрэчкі і кабалістычныя тлумачэнні. Нашыя «дантысты», ад першага да апошняга, няздольныя да такіх узыходжанняў. Іх любоў да Дантэ не выходзіць за межы ўласных схемаў. Сярод найноўшых толькі Карлейль, Дэ Санкціс і Кардучы змаглі напісаць колькі вартых згадкі старонак пра Дантэ. Усе нашы вядомыя «дантысты»: Дэль Лунга5, Скартацыні, Тарака, Казіні, Пародзі, Дзынгарэлі, Д’Авідыё практыкуюцца ў гісторыі, эрудыцыі, бібліяграфіі, герменеўтыцы, філалогіі, казуістыцы, мастацтве складання загадак і рэбусаў, ва ўсім чым заўгодна, але, безумоўна, не ў пранікненні ў сэнс дантаўскага тэксту. Яны рыхтуюць свае бедныя вязанкі сухога галля вакол храма, але не маюць агню, неабходнага для таго, каб запаліць іх і асвятліць полымем тры таемныя навы да самага алтара іх Бога. Якім жа чынам патлумачыць безумоўную прадуктыўнасць «дантыстаў» нашай краіны? Яе лёгка патлумачыць, калі зразумець, што такое насамрэч «дантызм», інакш кажучы, не рэальная любоў народа да паэта, які даў яму адно з першых месцаў у царстве духу, а звычайная трансфармацыя дзейнасці, што мела раней іншыя мэты. Гэтая дзейнасць выяўлялася ў мінулым у наступных формах: казуістыка, акадэмічнасць і класічная філалогія. У краіне з такой старажытнай культурай як Італія заўсёды знойдзецца пэўная колькасць людзей, прыдатных да літаральнага, да раскрыцця таямніцаў, да чароўных гульняў у каментары, да выкрыцця двайных і трайных сэнсаў. Гэтыя асобы прыктыкавалі некалі вакол права, вакол тэалогіі, вакол этыкі, вакол класічных тэкстаў, але ва ўсіх гэтых практыкаваннях яны захоўвалі густ да таго роду дыялектычнай і падступнай казуістыкі, што знаходзіць задавальненне ў цяжкіх пытаннях, цьмяных урыўках і невырашальных праблемах. Сёння, калі тэалогія і этыка меней папулярныя і прыносяць менш прыбыткаў, частка гэтых асобаў знайшла сабе «выпас» у «Боскай камедыі», і менавіта ім мы абавязаны бясконцымі размовамі наконт «piè fermo», «Pape Satan aleppe», наконт знявагі Гвіда, наконт таго, хто зрабіў «вялікую адмову» і падобных рэчаў. Такога роду аматары паспрачацца нясуць адказнасць за фальшывае эстэтычнае бачанне, пад якое трапляюць многія чытачы паэмы. Увага засяроджваецца на самых цьмяных і заблытаных урыўках, і такім чынам фарміруецца ідэя — назіраючы за ўсёй валтузнёй, якая адбываецца вакол іх, — маўляў, менавіта яны з’яўляюцца самымі важнымі, у той час як іншыя, менш зацяганыя і часта больш прыгожыя, прагортваюцца без неабходнага роздуму. А да гэтай групы магільшчыкаў «Боскай камедыі» належаць нават тыя, хто, прагны да алегорый і сімвалаў, шукае таемныя дзверы ў вялікай паэме, сакрэтны шыфр цёмнай Мінервы, як рабіў нават Джавані Паскалі. Аратарскія і тэатральныя формы «дантызму» тлумачацца яшчэ і іншым густам, што заўсёды быў вельмі жывым у Італіі пасля ХІV стагоддзя: акадэмічным. Што датычыцца павагі, то ў наш час літаратурныя акадэміі былі пераўзыдзеныя навуковымі. Аднак літаратары не маглі страціць у адно імгненне старыя звычкі, і «дантызм» са сваімі канферэнцыямі, публічнымі чытаннямі, таварыствамі спецыялістаў даў цудоўны і разнастайны матэрыял для акадэмічных адхаркванняў. Дантаўскія чытанні (Lectura Dantis), якія хутка распаўсюдзіліся па ўсёй Італіі і ў якіх удзельнічалі ўсе дантолагі, якімі ганарыцца ці якіх саромеецца Італія, сталі новым увасабленнем вечнага прафесійнага акадэміка. Дантэ стаў нагодай для таго, каб асвяжыць арсеналы і рэпертуар нашых перапрадаўцоў рыторыкі. Іншая дзейнасць, што пераарыентавалася ў бок «дантызму», — дзейнасць філалагічная. Яшчэ з часоў першых гуманістаў мастацтва каментавання квітнела ў Італіі. У мінулым стагоддзі Германія пераўзышла нас у дакладных і скрупулёзных даследаваннях тэкстаў, у крытычных выданнях, у кампаратывістыцы, у тлумачэнні твораў далёкага мінулага. Да нядаўняга часу лічылася, што толькі антычныя аўтары заслугоўваюць такіх намаганняў, аднак з ростам прапановы перастала хапаць інтэлектуальнай працы антычных аўтараў, і тады вакол класічнай філалогіі ўзнікла сучасная філалогія, у якой «дантызм» — адна з найбольш папулярных галінаў. Тыя, хто ў пазамінулыя часы прысвяціў бы сябе ўзнаўленню тэксту Піндара або рэканструкцыі біяграфіі Плаўта, сёння з прычыны павышанай канкурэнцыі збіраюць варыянты «De Vulgari Eloquio»6 і ідуць па слядах Аліг’еры ў Казэнціна. І гэты люд паклікаў да вывучэння Дантэ не магутны і глыбокі ўнутраны інстынкт, а ўсяго толькі неабходнасць набыць званні для конкурсаў і кафедраў, іх не моцна турбавала, ці варта вывучаць Дантэ, а не александрыйскага граматыка. Некаторыя з гэтых эрудытаў у пошуках занятку ўтвараюць таварыства, што рыхтуе канчатковае крытычнае выданне твораў Аліг’еры, якое, баюся, не здолее парадаваць яшчэ больш, не зважаючы на цьмяныя намаганні якога-небудзь Райны ці Вандэлі7; і да яго належаць тыя выкладчыкі сярэдніх школаў, а таксама выпускнікі і тыя, хто заканчвае ўніверсітэты, хто запаўняе сваімі нататкамі, успамінамі і ўнёскамі «Giornale dantesco»8 і іншыя падобныя выданні «дакладнай данталогіі». «Дантызм», такім чынам, вывучаны ў сваіх праявах, гэта не праява шчырага вяртання да дантаўскага свету і да вышыні дантаўскай душы, а не што іншае, як новы росквіт або працяг літаратурных педанцкіх звычак, што ўжо шмат стагоддзяў квітнеюць у Італіі. Усё гэта, натуральна, датычыцца шчырага «дантызму». Калі б давялося выкрыць (заявіць) усё тое, што належыць да дробязнага славалюбства, асабістых інтарэсаў, імкнення да моды, кар’ернага суперніцтва і стаіць за многімі кнігамі і многімі працамі «дантыстаў», то варта б было стаць больш жорсткімі. Але такія рэчы здараюцца не толькі ў «дантызме», і не толькі ў Італіі. Тое, што ёсць асаблівага ў «дантызме», і ў першую чаргу ў італьянскім «дантызме», гэта яго смяхотная ганарлівасць, быццам ён з’яўляецца прыкметай нацыянальнай велічы і вялікай майстэрняй высокай духоўнай культуры. Ганарлівасць смешная не таму, што яна ганарлівасць, а сваёй неадпаведнасцю дробным душам даследчыкаў, якія займаюцца дантаўскай тэматыкай. Я не прэтэндую на тое, каб гэтыя адукаваныя сіньёры перасталі каментаваць Дантэ згодна са сваімі слабымі сродкамі. Але няхай яны не гавораць нам, дзеля ўсяго святога, што, абдумваючы свае заўвагі, яны разумеюць вялікага празарліўца і дапамагаюць італьянцам зразумець яго. Паміж паэтам і падобнымі схаластамі стаіць вогненная агароджа кшталту той, якую іх Дантэ здолеў перайсці каля ўваходу ў чысцец.
Прадмова і пераклад
Гл. таксама:
|
|
|
|