|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
— Тамара Віктараўна, Вы падышлі да свайго жыццёвага юбілею знаным гісторыкам айчыннага дойлідства, стваральнікам выразнай мастацтвазнаўчай канцэпцыі беларускага барока. Але што было на пачатку Вашага навуковага шляху, што стала штуршком да яго? — У адным з сваіх вершаў, якія я называю «габкамі», я напісала: «Свой шлях ў жыцці знайсці няпроста, рассеяць будучыні цень…». І гэта сапраўды так, і для кожнага. Але я заўсёды адчувала, што нехта накіроўвае мяне, дапамагае вызначыцца ў выбары, знайсці адзінае рашэнне, якое ў далейшым сапраўды было найлепшым. У школе я была выдатніцаю і аднолькава радавала настаўнікаў матэматыкі, хіміі, рускай мовы, гісторыі, малюнка і чарчэння, перамагала ў розных алімпіядах і конкурсах. Гэткая аднолькавая схільнасць да прыродазнаўчых і гуманітарных навук моцна абцяжарыла мой выбар прафесіі. У 1960-я гады, калі азначыўся відавочны падзел інтэлігентнай моладзі на «фізікаў і лірыкаў», я апынулася паміж імі. У IX класе я прачытала аповесць Аляксея Талстога «Голубые города» — сімвал светлай будучыні — і ў нейкай праграме па беларускім радыё заявіла, што мару быць архітэктарам. Далей хістацца і адступаць было ўжо няёмка. У гэты «хрушчоўскі» час мне давялося, нягледзячы на залаты медаль, адолець вялікі конкурс на архітэктурнае аддзяленне Беларускага політэхнічнага інстытута: я здавала ажно 6 экзаменаў — па малюнку, чарчэнні, матэматыцы, фізіцы, рускай і англійскай мовах. Шэсць гадоў я вучылася толькі на «выдатна» і атрымала даволі рэдкі сярод архітэктараў дыплом з адзнакаю. У студэнцкія гады я рабіла даволі смелыя, авангардныя па тым часе праекты, за якія не раз атрымоўвала найвышэйшую адзнаку «5 фонд», а гэта значыць, што яны павінны былі захоўвацца ў архіве факультэта. Я марыла, як кожны творчы архітэктар, пакінуць свой след у абліччы роднага горада і нават усёй краіны. Прафесійную дзейнасць я пачала ў «Белпрампраекце», які размяшчаўся па вуліцы Леніна каля Мастацкага музея, а потым пераехаў на другі канец вуліцы, да Нямігі. І тое, і другое, на мой погляд, было для мяне знакавым, невыпадковым. З вуглавых вокнаў 8-га паверха адкрываўся прыгожы від на архітэктурныя ансамблі Верхняга горада — былыя кляштары бэрнардынаў і бэрнардынак. Зверху былі бачныя рэшткі вежаў касцёла езуітаў, перабудаванага пад клуб таварыства «Спартак», куды ў дзяцінстве я хадзіла ў бібліятэку. Але цяпер я глядзела на ўсё гэта іншымі вачыма. Справа ў тым, што летам 1968 года, праз некалькі дзён пасля заканчэння БПІ, мяне запрасілі далучыцца да групы «фізікаў і лірыкаў», якія ўпершыню збіраліся ў вандроўку па тых цудоўных мясцінах Беларусі, што цяпер складаюць асноўныя турыстычныя маршруты. Гэтую групу пад эгідаю ЦК ВЛКСМ сфарміравала і ўзначаліла мастацтвазнаўца Элеанора Вецер, якая тады працавала экскурсаводам у Мастацкім музеі і адначасова выкладала на мастацкім факультэце БТМІ (цяпер Акадэмія мастацтваў). У нашу групу ўваходзілі мастакі Генадзь Сакалоў, Віктар Сташчанюк, Любоў Міньковіч, фізікі Уладзімір Карэлін, Людміла Катомцава і іншыя. Я была адзіным сярод іх архітэктарам. Змена арыенціраў з апантанага творчага прагрэсу на заглыбленне ў айчынную гісторыю мастацтва адбылася для мяне на самым пачатку экспедыцыі, у Нясвіжы, каля касцёла Божага Цела, дзе я застыла ашаломленая і ўражаная. Справа ў тым, што падчас вучобы ў нас былі цікавыя азнаямляльныя практыкі ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, але айчынную архітэктуру нам не выкладалі зусім. Пра тое, што ў Беларусі ёсць творы архітэктуры еўрапейскага ўзроўню, мы не ведалі! Мне, «хранічнай» выдатніцы, было асабліва сорамна за тую духоўную пустэчу. Гэтае вострае пачуццё і стала стымулам для вывучэння гісторыі і культуры Беларусі, якому я прысвяціла ўсё далейшае жыццё. Увосень таго ж года я апублікавала ў «ЛіМе» свой першы артыкул пад назваю «Мы ехалі не па адкрыцці».
— Хто далей уплываў на фармаванне Вашых прафесійных арыенціраў? Ці быў для Вас свой «духоўны камертон», шчаслівы прыклад? — Быў. Найперш — Элеанора Вецер, якая выступала актыўным папулярызатарам нашай культурнай спадчыны. Мне пашчасціла ў той час пазнаёміцца з Уладзімірам Караткевічам, Зянонам Пазняком, Лявонам Баразною, Міхасём Раманюком, Яўгенам Куліком і іншымі знакавымі асобамі беларускага адраджэння. Усе яны ставіліся да мяне з увагаю і павагаю з-за маіх рэдкіх на той час навуковых інтарэсаў у галіне гісторыі айчыннай архітэктуры. У 1969 годзе я падпісала складзенае Зянонам Пазняком пісьмо ў абарону гістарычнай забудовы Верхняга горада і раёна Нямігі ў Мінску, якое было надрукавана ў «Праўдзе» і выклікала шырокі рэзананс у грамадстве. Дарэчы, у тым жа годзе мы разам з Зянонам паступілі ў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР: ён – на гісторыю тэатральнага мастацтва, а я — на гісторыю архітэктуры, у сектар «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», які толькі што быў створаны. Я была тут першаю аспіранткаю. Помню, як рызыкоўна я сфармулявала тэму сваёй кандыдацкай дысертацыі, якія тады пісалі толькі па-руску: «Становление стиля барокко в монументальной архитектуре Беларуси». Слова «барока» пасля арышту знакамітага Шчакаціхіна і рэпрэсій 1930-х гадоў проста не існавала ў беларускім мастацтвазнаўстве, але прапанаваную мною тэму Вучоны савет інстытута зацвердзіў на наступны дзень. Гэта быў для мяне яскравы знак Боскай волі. А паколькі барока — архітэктурна-мастацкі стыль XVII–XVIII стагоддзяў, які найбольш яскрава выявіўся ў каталіцкім храмабудаўніцтве, мне давялося вывучаць у асноўным мастацкія характарыстыкі касцёлаў Беларусі, на той час паўсюдна зачыненых, разбураных і разрабаваных.
— 70 гадоў — немалы адрэзак і для жыцця чалавека, і для гісторыі краіны. І гэта быў нялёгкі перыяд. Як Вы асэнсоўваеце яго сёння, калі стала амаль нормаю наракаць на савецкі час? — Па маіх адчуваннях, канец 60-х — пачатак 90-х гадоў былі шчаслівымі і для нас, і для краіны — нібы сам вецер гісторыі спадарожнічаў нам, хаця нельга сказаць, што не было подласці, беспрынцыповасці, зайздрасці, наўмысных і злосных перашкодаў, што моцна атручвалі жыццё. Але былі незабыўныя экспедыцыі па Беларусі, праца ў архівах, адкрыццё нязведанага, кантакты з унікальнымі людзьмі, нават пэўнае адчуванне свайго адметнага месца ў прасторы і часе. Дарэчы, у пінскім францішканскім касцёле мы сустрэліся з ксяндзом Казімірам Свёнткам, які вадзіў нас на гарышча касцёла, каб паказаць палескія далягляды і кроквенную сістэму даху храма. У той час у Элеаноры Вецер і майго брата, фізіка Юрыя Хадыкі, якія кіравалі навуковымі экспедыцыямі, нарадзілася ідэя збіраць артэфакты для стварэння Музея старажытнабеларускай культуры, што і было паспяхова рэалізавана.
— Што рабілі канкрэтна Вы? Маёй часткаю гэтай праграмы былі абмеры помнікаў архітэктуры шэрагу раёнаў, іх апісанне, выяўленне гістарычнай беларускай будаўнічай тэрміналогіі, а пазней рэдагаванне тома па помніках Брэсцкай вобласці ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». Давялося яшчэ бачыць на чале выдавецтва Петруся Броўку. У памяці засталіся і словы іншага галоўнага рэдактара «Энцыклапедыі...» Алеся Петрашкевіча, які сказаў, што дзякуючы мне беларускае дойлідства заняло пачэснае месца ў выданнях «БелСЭ». Вялікую цікавасць да дзейнасці сектара «Збору помнікаў…» праяўляў Уладзімір Караткевіч.
— Ваша жыццё заўсёды было вельмі насычаным, цікавым на падзеі, знаёмствы, у тым ліку з сынам Якуба Коласа Данілам Канстанцінавічам Міцкевічам, пад кіраўніцтвам якога вы ўдзельнічалі ў рэстаўрацыі мясцінаў Якуба Коласа на Стаўбцоўшчыне — у Акінчыцах, Альбуці, Ластку і Смольні ў 1973–1974 гадах. — Так, у той час мне давялося сустракацца з дзядзькам Юзікам і цёткаю Міхалінаю — братам і сястрою Якуба Коласа. У маёй сям’і, дарэчы, пануе агульнае захапленне творчасцю Якуба Коласа: мой старэйшы сын Міхась яшчэ ў першым класе ведаў на памяць некалькі раздзелаў з «Новай зямлі», і я лічу адным з самых любімых сваіх твораў «Сымона-музыку». У канцы 80-х я была ініцыятарам стварэння ў Старым парку Нясвіжа галерэі скульптурных партрэтаў звязаных з ім гістарычных асобаў: князя Радзівіла Сіроткі, картографа Тамаша Макоўскага, архітэктара Бернардоні, паэта і краязнаўцы Уладзіслава Сыракомлі, а таксама Якуба Коласа.
— Я ведаю, што Нясвіж — адзін з Вашых любімых гарадоў, у якім Вы любіце бываць у кожную пару года… — Нясвіж для мяне лёсавызначальны. Акрамя таго, што касцёл Божага Цела значна змяніў мой прафесійны кірунак, мне давялося разам з гісторыкам Галенчанкам увесці ў навуковы ўжытак праектныя чарцяжы гэтага касцёла — першыя ў архітэктурнай практыцы Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Гэтая найкаштоўнейшая калекцыя чарцяжоў канца XVI стагоддзя прыдворнага архітэктара Радзівілаў манаха езуіта Бернардоні цалкам апублікаваная ў Рыме. Кожны год я прымаю ўдзел ў фестывалі «Музы Нясвіжа». Але яшчэ задоўга да фестываляў, да абвяшчэння Нясвіжа адным з еўрапейскіх культурных цэнтраў гэты горад прыцягваў мяне да сябе. У 1976 годзе мяне запрасілі правесці экскурсію ў Міры і Нясвіжы для дэлегацыі Пушкінскага Дома (Інстытута рускай літаратуры РАН у Санкт-Пецярбургу). Тады мне давялося пазнаёміцца з яго кіраўніком — акадэмікам Ліхачовым, які праз тры дні даслаў мне сваю кнігу з удзячнасцю за экскурсію. Я атрымала ад яго прапанову напісаць артыкул пра разбурэнне драўлянай царквы ў вёсцы Дастоева, з якой звязаны род Фёдара Дастаеўскага. Пазней Дзмітрый Ліхачоў успамінаў пра наша знаёмства ў сваіх «Письмах о прекрасном» і нават даслаў у Маскву свой водгук на абарону маёй кандыдацкай дысертацыі.
— Сёння шмат гаворыцца пра тое, што кожная навука павінна мець практычнае прымяненне. Якія практычныя вынікі мае Ваша навуковая і грамадская дзейнасць? — Каля чвэрці стагоддзя я ўзначальвала архітэктурныя секцыі Мінскага гарадскога і Мінскага аблас- нога саветаў Беларускага добраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, актыўнымі ўдзельнікамі якога былі таксама Уладзімір Дзянісаў, Вячаслаў Чарнатаў, Алег Трусаў. Мы зрабілі шмат карыснага. У свой асабісты «залік» я адношу вяртанне да жыцця цудоўных барочных касцёлаў святога Андрэя ў Слоніме, а таксама дамініканаў у Наваградку і Клецку. Зразумела, гэта не толькі мая заслуга, але калі ў сярэдзіне 70-х яны былі на мяжы знішчэння, мною, у адказ на запыты Вярхоўнага Савета БССР, былі складзены заключэнні аб іх гісторыка-культурнай каштоўнасці. На працягу 45-ці гадоў навуковых распрацовак асаблівасцяў барока ў беларускім дойлідстве прыблізна палова з іх была прысвечана папулярызацыі помнікаў архітэктуры барока, іх ахове і выратаванню. Я прачытала безліч лекцый у Таварыстве «Веды», на курсах для экскурсаводаў, напісала мноства артыкулаў для «Збору помнікаў», «БелСЭ», розных навуковых зборнікаў і часопісаў, для шматтомных калектыўных выданняў, такіх як «Гісторыя беларускага мастацтва», «Памяць», «Скарына і яго час» і іншых.
— Такім чынам Вы паступова набліжаліся да ўкладання кнігі «Страчаная спадчына», якая мела ў грамадстве вялікі рэзананс. — У 1992 годзе выдавецтва «Полымя» выступіла з ініцыятываю стварэння кнігі энцыклапедычнага характару, прысвечанай зруйнаваным помнікам архітэктуры Беларусі, і звярнулася з гэтай ідэяй да патрыятычна скіраваных аўтараў. З-за неабсяжнасці і нявызначанасці крытэрыяў у падачы матэрыялу я нават спачатку адмовілася ад удзелу ў праекце, але затым распрацавала канцэпцыю выдання па архітэктурна-тыпалагічным прынцыпе і сацыяльных прычынах знішчэння айчынных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Я адмовілася ад нейтральнасці энцыклапедычных крытэрыяў, аддаўшы перавагу публіцыстычнасці, і ў выніку стала аўтарам-укладальнікам кнігі, названай мною «Страчаная спадчына». Сярод іншых я была аўтарам раздзела «Зруйнаваныя святыні». Мною былі ўключаны і апрацаваны раздзелы ўжо адышоўшых аўтараў — вядомага гісторыка Міхася Ткачова і маскоўскай даследчыцы Алены Квітніцкай. Пры накладзе ў 3000 асобнікаў «Страчанай спадчыны» ў кнігарнях не было ўжо праз месяц, і ў 2003 годзе з’явілася яе другое выданне.
— Зразумела, што запатрабаванасць «Страчанай спадчыны» стала для Вас стымулам для напісання ўласных кніг. Мы ведаем, што Ваша шматгадовая даследчыцкая праца была абагульненая ў кнізе «Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока», якая стала асноваю для Вашай доктарскай дысертацыі. — Так. У гэтай працы мною абгрунтавана мастацтвазнаўчая канцэпцыя спецыфікі архітэктуры беларускага барока ў сусветным кантэксце гэтага стылю, вылучаны этапы яго станаўлення — нясвіжскае, сармацкае і віленскае барока — акрэслены прыярытэты і самабытныя рысы айчыннага храмабудаўніцтва. Мае навуковыя распрацоўкі былі ўважліва ўспрынятыя вядомымі гісторыкамі мастацтва суседніх краінаў. За апошнія 10 гадоў выйшлі ў свет яшчэ тры мае кнігі і тры вялікія раздзелы ў шматтомным выданні «Архітэктура Беларусі: Нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэсце», дзе распрацавана навуковая канцэпцыя самабытнасці беларускага дойлідства. Апошняя кніга рэпрэзентуе лепшыя ўзоры архітэктурнай спадчыны Беларусі, яе мураваны летапіс і драўляныя шэдэўры. У гэтай справе мне вельмі дапамаглі нашы таленавітыя фотамастакі — Уладзімір Багданаў, Андрэй Дыбоўскі, Мікола Мельнікаў.
— Вы з’яўляецеся сябрам трох творчых саюзаў — архітэктараў, мастакоў і беларускіх пісьменнікаў, што сапраўды ўнікальна. Як гэта адбылося? — Цікавасць да разнастайных архітэктурных формаў і стыляў натуральна прывяла мяне да мастацтвазнаўства, а затым — да манументальнага мастацтва. Я ідэйна спрыяла ўстаноўцы шэрагу скульптурных помнікаў славутым дзеячам Беларусі ў Нясвіжы, Мінску, Полацку, Оршы, Іванаве, у тым ліку Язэпу Драздовічу і Напалеону Орду. Ужо ў статусе доктара мастацтвазнаўства я стала членам Рэспубліканскага экспертнага савета па манументальным мастацтве Беларусі (2003–2008 гады), удзельнічала ў вырашэнні мастацкага афармлення Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У гэтым мой унёсак у мастацкае жыццё рэспублікі, а вось далучэнне да кагорты пісьменнікаў — справа асобная...
— Многія ведаюць Вашы паэтычныя мініяцюры, віншаванні і сяброўскія прысвячэнні, якія Вы, паводле свайго прозвішча, называеце «габкамі»… — Складаць вершы я пачала недзе ў пятым класе і з імі трапіла на кансультацыю да Сяргея Грахоўскага ў часопіс «Бярозка». Там жа ўпершыню сустрэлася з маладымі Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным, якія расплюшчылі мне вочы на пашыранасць у Беларусі майго прозвішча Хадыка і на тое, што мае вершы… нельга лічыць паэзіяй. Дарэчы, першы верш на беларускай мове я склала ў 15 гадоў рэальна на беразе Нёмана, каля Стоўбцаў:
Але да складання вершаў я вярнулася ўжо ў сталым узросце — і з гумарам. Я лічу сябе не паэткаю, а «канструктарам вершаў», пішу іх толькі з пільнай патрэбы: каб павіншаваць сяброў і блізкіх, да розных датаў. Аднак Рыгор Іванавіч Барадулін (дарэчы, мой былы сусед па доме) ставіўся да маіх «габак» вельмі прыхільна і даў мне рэкамендацыю ў пісьменніцкі саюз, але, калі сур’ёзна, я трапіла туды з-за маіх нарысаў пра беларускую архітэктуру.
— А хто даў іншыя дзве рэкамендацыі? — Вельмі паважаныя асобы — Арсень Ліс і Вячаслаў Чамярыцкі.
— Сёння некаторыя беларусы, вяртаючыся з замежных вандровак, гавораць, што Мінск «пасля Парыжа» падаецца ім шэрым. А Вам? — Я карэнная мінчанка і ніколі так не думала, асабліва калі гаварыць пра фарбы. Самым прыгожым месцам на свеце мне сёння здаюцца ваколіцы Неапаля. Дарэчы, знакамітая фраза «Убачыць Парыж — і памерці» нарадзілася з фразы «Убачыць Неапаль — і памерці». Але маё самае любімае месца — Наваградак. А Віцебск — гэта ўвогуле маленькі Парыж… Чамусьці ўспомнілася, як плакаў ад замілавання роднымі краявідамі Ігнацій Дамейка, калі на старасці гадоў прыехаў на Беларусь…
— Ваш юбілей супадае з юбілеем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ведаю, што Вы любіце гэтае свята — дзень Перамогі, і любіце «ваенныя» песні. — Гэтае супадзенне вельмі істотнае ў маім лёсе. Я сама вызначаю сябе як «пераможнае дзіця». Нарадзілася ў спустошаным, зруйнаваным Мінску, калі ў ім было ўсяго каля 200 тысяч жыхароў. Без Перамогі я б увогуле, відаць, не нарадзілася. У гадавалым узросце я захварэла на пакінутую вайною эпідэмію поліяміэліту, ад якога ў той час не было выратавання. Адзіным сродкам было пераліванне крыві, але і яе не было. У галодным 1946 годзе мая маці атрымоўвала па картачцы 200 грамаў хлеба ў дзень. Доўгі час я не магла хадзіць, «кантавалася» ў бальніцах, аперыравалася, хадзіла ў спецыяльным абутку. У падлеткавым узросце ўсвядоміла: ці я ўсё жыццё буду выклікаць спачуванне да сябе, ці не буду зважаць на свае абмежаваныя магчымасці — і выбрала апошняе.
— Гэта выбар аптыміста, і менавіта сваім аптымізмам Вы па-добраму ўражваеце тых, хто Вас ведае. — Так, аптымізм для мяне — гэта філасофія жыцця, заснаваная на асэнсаванні свайго ўласнага крыжа, свайго абавязку перад Богам, Айчынаю, народам, а таксама… на пачуцці гумару, які я лічу найвялікшым Божым дарам чалавеку. І яшчэ — прыгажосць. Яна штодня сапраўды выратоўвае свет — толькі трэба бачыць яе. Яшчэ я ўдзячная Богу за кола даўніх і надзейных сяброў і аднадумцаў.
— Раскажыце крыху пра Вашу сям’ю. — Мой бацька, Віктар Лукіч, родам з Сенненскага раёна, адзін з першых інжынераў-будаўнікоў беларускай школы. Мама таксама мела тэхнічную адукацыю. Брат, Юры Хадыка — доктар фізіка-матэматычных навук, ініцыятар стварэння Музея старажытнабеларускай культуры. Сястра Ларыса — матэматык. Муж — Іван Габрусь, кандыдат філасофскіх навук, з «вогненнай вёскі» на Бабруйшчыне — Казулічы, дзе ў маладосці настаўнічаў Пімен Панчанка. Сыны, Міхась і Юрась, таксама добра адукаваныя хлопцы. Яшчэ ёсць унук Цімох і рыжы з белым кот Свелінк.
— Аднойчы, вярнуўшыся з чарговага падарожжа па Беларусі, у размове са мной па тэлефоне, Вы сказалі: «Як я люблю глытаць прастор!», і зноў уразілі сваім уменнем любіць жыццё і ўсе яго праявы. Жадаю Вам бясконцасці прастораў і лёгкага дыхання ў іх паветры. Дзякуй за цікавую размову. Размаўляла Лідзія Камінская.
|
|
|
|