|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
Здаецца, няма патрэбы тлумачыць шырокай публіцы значэнне творчасці Дантэ Аліг’еры, аднак новыя пакаленні зноў і зноў адкрываюць яго для сябе, імкнуцца спасцігаць таямніцы дантаўскага свету і вытокі яго філасофіі, часам адмаўляючы ці, прынамсі, моцна крытыкуючы набыткі як папярэднікаў, так і сучаснікаў. Так адбылося і з вядомым італьянскім мысляром і пісьменнікам Джавані Папіні, супярэчлівым у сваіх літаратурных, палітычных і рэлігійных пошуках, за якімі, тым не менш, стаіць імкненне спасцігаць ісціну. Яго жыццёвы шлях пачаўся ў родным горадзе Дантэ — Фларэнцыі — у 1881 г. у сям’і гандляра мэбляй, былога гарыбальдзійца, які ў дадатак быў яшчэ і атэістам, так што маці хрысціла сына ўпотай. Ужо ў юным узросце ён пачаў займацца літаратурнай і культурнай дзейнасцю, разам з сябрамі-літаратарамі ў 1903 г. заснаваў часопіс «Леанарда» (існаваў да 1907 г.), які арыентаваўся на Ніцшэ і Штэйнера, і меў на мэце руйнаванне італьянскай акадэмічнай культуры, адначасова супрацоўнічаў з іншымі выданнямі, у тым ліку нацыяналістычнай скіраванасці. Папіні выступіў і як аўтар літаратурных твораў — метафізічных апавяданняў «Трагічная штодзённасць» (1903) і «Сляпы пілот» (1907). Заўзяты праціўнік шлюбу ў ранняй маладосці, у 1907 г. ён жэніцца з Джачынтай Джаваньёлі і неўзабаве становіцца бацькам дзвюх дачок. У тым жа годзе Дж. Папіні апублікаваў сваю першую філасофскую кнігу «Змярканне філосафаў», у якой ён выступае супраць поглядаў такіх знакавых асобаў сучаснай культуры як Кант, Гегель, Шапенгаўэр, Спенсер, Ніцшэ і абвяшчае мёртвай усю філасофію ў імя віталістычнага ірацыяналізму. Пазней Дж. Папіні засноўвае часопісы «Аніма» і «Лачэрба». Апошні, дзякуючы супрацоўніцтву з Альда Палацэскі1, робіцца выказнікам італьянскага футурызму — свае разважанні пра гэтую плынь мастацтва Дж. Папіні выклаў у кнізе «Вопыт футурыста» (1919). У гэты ж перыяд ён піша кнігу «Знішчэнні» (1916), у якой адмаўляецца ад класічных твораў («Фаўста» Гётэ, «Гамлета» Шэкспіра, «Дэкамерона» Бакача і іншых) дзеля авангардыстаў. Адначасова піша і творы іншага кшталту: паэтычную прозу «Сто старонак паэзіі» (1915) і кнігу вершаў «Першы твор» (1917), скіраваныя да ўзнёслага, лірычнага, містычнага. Такога ж плану і самы вядомы твор Джавані Папіні — аўтабіяграфічная кніга «Кончаны чалавек» (1913), экзістэнцыйны дзённік, у якім аўтар ставіць пытанні пошуку ісціны, у тым ліку і рэлігійнай. Раннія творы Дж. Папіні былі прасякнутыя атэістычным і антыклерыкальным духам, аднак у пачатку 20-х гг. ён прыходзіць да каталіцызму: у 1921 г. абвяшчае пра сваё навяртанне і публікуе «Гісторыю Хрыста» (1922) і «Святога Аўгустына» (1928). Сярод гісторыка-біяграфічных прац Папіні найбольш вядомыя «Жывы Дантэ» (1933) і «Жыццё Мікеланджэла на фоне жыцця яго часу» (1949). У гады фашызму Джавані Папіні становіцца ў пэўным сэнсе афіцыйным пісьменнікам, абіраецца на розныя акадэмічныя пасады. Тым не менш, ён заўсёды выступаў супраць расавых законаў. У 1942 г. на з’ездзе Еўрапейскага саюза пісьменнікаў у Веймары ён выступіў з прамовай аб цывілізацыйнай ролі каталіцызму, што выклікала незадавальненне нацыстаў. У 1943–1944 гг. пад імем брата Бонавэнтуры Дж. Папіні жыў у кляштары францішканаў на гары Верна як тэрцыярый. Апошнія гады жыцця Джавані Папіні былі асабліва цяжкімі. Вызваленая ад фашызму Італія не магла дараваць яму кампрамісы з рэжымам, а маладыя пісьменнікі абвінавачвалі ў здрадзе ідэалам юнацтва. Між тым, да апошняга дня Дж. Папіні працаваў над тэкстам «Страшны суд», пачатым яшчэ ў 1903 г., які так і застаўся няскончаным; спаралізаваны і сляпы, ён дыктаваў «Д’ябла» (1953) і «Аскепкі» свайму сакратару. Памёр 8 ліпеня 1956 года ў Фларэнцыі. Цікавасць Дж. Папіні да Дантэ ўзнікла яшчэ ў маладосці. У артыкуле «За Дантэ супраць „дантыстаў“», апублікаваным у 1905 г., ён крытыкуе навукоўцаў (не заўсёды і не ўсіх аб’ектыўна), бо, на яго думку, яны імкнуліся абмежавацца павярхоўным вывучэннем славутага твора, не прыкладаючы намаганняў узняцца да «велічнай душы» вялікага паэта. Тэкст, звернуты да інтэлектуальнага грамадства, мае цікавасць і для шырокага чытача. Гэтую ж тэму Дж. Папіні закранае і ў артыкуле «Наперад, „дантысты“!», надрукаваным у 1921 г. да гадавіны смерці паэта. У кнізе «Жывы Дантэ», якая складаецца з пяці частак, Дж. Папіні стварае вобраз не толькі пісьменніка, але найперш чалавека. Многія меркаванні Дж. Папіні пра аўтара «Боскай камедыі» і яго твор застаюцца спрэчнымі, аднак яго заклік не бачыць за дакладнасцю навуковага даследавання жывую душу твора і яго хрысціянскі змест актуальны для сучасных чытачоў «Боскай камедыі» і прыхільнікаў творчасці Дантэ. Прапануем чытачам «Нашай веры» нашумелы ў свой час артыкул Дж. Папіні.
Гл. таксама:
|
|
|
|