Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця

БОЖАЯ ДАБРЫНЯ

ДЛЯ НАС І НАШАЙ КАРЫСЦІ

МЯСЦІНЫ, ЯКІЯ ПАМЯТАЮЦЬ…
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры

ДЖАВАНІ ПАПІНІ І ДАНТЭ
Асобы
Пераклады

БЕЛАРУСКІ СЛЕД СТАЛЕМА

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва

ПАРТРЭТЫ ФУНДАТАРАЎ
З куфэрка памяці

ВЕЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

Уладзімір ЯГОЎДЗІК

БЕЛАРУСКІ СЛЕД СТАЛЕМА

 
Алэксандр Олэсь   Алесь Траяноўскі

Першым перакладчыкам Алэксандра Олэся (1878–1944) на беларускую мову быў Максім Багдановіч, які змясціў два вершы ўкраінскага паэта на старонках свайго цудоўнага «Вянка». А новыя пераклады з Олэся, падрыхтаваныя Алесем Траяноўскім, з’явіліся праз дзевяноста гадоў у кнізе «Імем няўмольным свабоды» (2002), прысвечанай творчасці паэтаў, імёны і творы якіх замоўчваліся ва ўкраінскай савецкай літаратуры.

«Пачатак яго літаратурнай дзейнасці, — сказана ў прадмове да гэтай публікацыі, — прыйшоўся на той час, калі яшчэ жылі і плённа працавалі Іван Франко, Леся Украінка, Міхайла Кацюбінскі, калі ў тагачаснай турме народаў — Расійскай імперыі, ужо наспявалі рэвалюцыйныя падзеі. Правадніком ідэяў свабоды і незалежнасці Украіны была нацыянальна свядомая інтэлігенцыя, у яе шэрагах знаходзіўся і Алэксандр Олэсь...”

Паэзія Олэся, прасякнутая нязломным народным духам, актульна гучыць і сёння, па-ранейшаму хвалюючы людскія сэрцы. Яскравым сведчаннем таму – гэтая нізка вершаў, пераствораных па-беларуску А. Траяноўскім.

Алесь Траяноўскі (1925–2005) – адметная постаць у нашай культуры. Нарадзіўся ён на Случчыне, у ваеннае ліхалецце змагаўся з фашыстамі ў складзе партызанскага атраду, быў цяжка паранены на фронце. У пасляваенныя гады, скончыўшы Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут, працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда» і часопіса «Мастацтва Беларусі». Адначасова ён плённа займаўся перакладчыцкай дзейнасцю і выдаў дзве паэтычныя анталогіі, што ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.

У зборніку «Там, дзе Шпрэвя шуміць» (1969) прадстаўлена паэзія лужыцкіх сербаў — самага нешматлікага славянскага народа, які спрадвеку жыве на роднай зямлі ў межах сучаснай Нямеччыны. Алесь Траяноўскі шмат разоў гасцяваў у лужыцкіх сяброў, наладзіў з імі цесныя творчыя стасункі. У яго перакладзе ўбачылі свет дзіцячыя аповесці сербалужыцкіх пісьменнікаў Юрыя Брэзана «Чорны млын» (1984) і Кшэсцяна Краўца «Малька і сабака Люі» (1991). У сваю чаргу творы беларускіх паэтаў і празаікаў выходзілі ў Будзішыне — культурнай сталіцы лужычанаў. Максім Танк запісаў у сваім дзённіку 23.09. 1985 г.: «У „Голасе Радзімы“ цікавы артыкул А. Траяноўскага пра лужычан, пра іх культуру. Піша, што ў выдавецкіх планах іхняй „Домовіны“ мой зборнік казак. Ніколі не спадзяваўся, што мой „Бай“ завандруе аж на берагі Шпрэвы, да нашых лужыцкіх пабрацімаў...»

Яшчэ большы розгалас у свеце атрымала анталогія кашубскай паэзіі «За даляглядам край Сталемаў» (1980). Кашубы спрадвеку жывуць у Польшчы, на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Удзячная кашубская грамадскасць узнагародзіла перакладчыка найвышэйшай сваёй узнагародай – медалём Сталемаў. Сталемы, паводле легендаў — лагодныя працавітыя волаты, якія калісьці жылі на кашубскай зямлі. Напэўна, пан Алесь (так звярталася да яго Ларыса Геніюш, з якой ён шчыра сябраваў) быў іх нашчадкам, бо калісьці ягоны прадзед перасяліўся ў Беларусь з Польшчы.

У апошнія гады жыцця Алесь Траяноўскі часта прыходзіў у касцёл святых Алены і Сымона. У парафіі высока цанілі яго багаты літаратурны вопыт. І сімвалічна, што ён памёр не ў шпіталі, а на плябаніі Чырвонага касцёла, пакінуўшы пасля сябе беларускі след Сталема.

Уладзімір Ягоўдзік

Гл. таксама:
Алэксандр ОЛЭСЬ :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY