|
|
|
№
3(73)/2015
Год кансэкраванага жыцця
З гісторыі хрысціянства
Навучанне Касцёла
Андрэй АГАПАЎ
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЦІ ЯК АДКАЗ НА СУЧАСНЫ КРЫЗІС ЕЎРОПЫ Ў СВЯТЛЕ НАВУЧАННЯ ЁЗАФА РАТЦЫНГЕРА (БЭНЭДЫКТА XVI) Да 750-годдзя Дантэ Аліг’еры
Асобы
Пераклады
Паэзія
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
Мастацтва
З куфэрка памяці
|
Разам з помнікамі архітэктуры, якія вельмі вобразна і красамоўна выяўляюць аблічча Оршы, як і іншых літоўскіх (беларускіх) гарадоў, мястэчак і вёсак, існуе сакральная культура горада, якая на могілках рэзка падзяляецца адпаведна носьбітам рознай культуры. І веравызнанне тут мае толькі знешнюю абалонку з’явы. Гэта культура могілак. Каталіцкія могілкі ў Оршы размешчаны на вялікім узвышшы, якое цягнецца ўздоўж ракі Аршыцы па яе правым беразе. Зразумела, што гэтая культура складалася ў апошнія дзесяцігоддзі (магчыма, апошняе стагоддзе) Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Тут хавалі парафіянаў аршанскіх каталіцкіх храмаў, якіх у горадзе была абсалютная большасць. Напэўна, на гэтым могільніку хавалі і парафіянаў двух гарадскіх уніяцкіх храмаў і базыліянскіх кляштараў. Згадаем, што пасля 1839 г., калі царызм, груба парушыўшы літоўскія законы, духоўныя ўстоі і традыцыі нашага народа, скасаваў Уніяцкую Царкву Вялікага Княства Літоўскага, жыццё асноўнай і самай масавай рэлігійнай супольнасці ВКЛ паступова пачало згасаць і да ХХ ст. зусім перастала існаваць. Таму ўжо ў мінулым стагоддзі на каталіцкіх могілках хавалі толькі католікаў — прадстаўнікоў розных станаў шляхты, а пазней — пераважна збяднелай шляхты, мяшчанаў і гарадской інтэлігенцыі. У 1950–1960 гг. тут былі рэдкія пахаванні нашчадкаў колішняй збяднелай шляхты, якія традыцыйна звязвалі свой радавод з гісторыяй Рэчы Паспалітай. У народным побыце могілкі называліся «польскімі», бо абсалютная большасць надпісаў на надмагільных помніках была зроблена на польскай мове. Гэта былі надмагіллі з шыкоўнага чорнага, чырвонага, шэрага граніту і белага мармуру з металёвымі дэталямі. Былі і літыя металёвыя помнікі. І гэтыя надмагіллі ўражвалі нашае дзіцячае, а потым юначае ўяўленне сваёй дасканаласцю і прыгажосцю. Мы часта хадзілі сюды паглядзець і падзівіцца на іх, як у музей на выставу. Пазней, у маладосці, калі я ўжо трохі ведаў асновы беларускай гісторыі і мог вольна прачытаць польскі тэкст, я бачыў на помніках беларускія прозвішчы, некаторыя з якіх былі такія, як у людзей, што жылі сярод нас: Бахановіч, Барткевіч, Карповіч, Баравік, Падбярозавік, Козел ды іншыя. У жыцці гэтыя людзі не выяўлялі сваіх адносінаў да мовы суседняга народа, і мы не чулі, каб яны ці іх дзеці размаўлялі па-польску. І наогул, у Оршы ў 1950-я гады польскай мовы не было чуваць, а вось па-беларуску гаварыла абсалютная большасць карэннага насельніцтва. Зразумела, што на каталіцкіх могілках пахаваныя не палякі, а мясцовыя католікі. Гэта тая частка нашага грамадства, праз якое пракацілася і так моцна паўплывала на свядомасць паланізацыя, што людзі з лёгкасцю ўспрынялі мову сваіх суседзяў і духоўную культуру, якая для іх была толькі моваю і культураю Касцёла, духоўнай памяццю пра мінулае, а ў выніку змяніла ўсё культурнае аблічча Вялікага Княства Літоўскага. З 1970 г. на могілках дазволілі хаваць каго заўгодна, але на свабоднай новай тэрыторыі. Аднак кіраўніцтву горада гэтага падалося мала, і яно выдала загад руйнаваць старыя польскамоўныя помнікі, знішчаць магілы, а на іх месцы рабіць пахаванні новаўтворанай, ужо русіфікаванай, часткі новага савецкага грамадства. Карціна вельмі хутка змянілася: на месцы паланізаваных беларускіх жыхароў пачалі хаваць прадстаўнікоў русіфікаванага савецкага грамадства. І ўжо даўно на могілках не ўбачыш старых польскамоўных помнікаў, але няма і беларускамоўных. На жаль, грамадства не змагло самаарганізавацца і прыняць сваю родную мову як асноўны элемент культуры, як самы неабходны яе чыннік. І ўсё ж пашанцавала аднаму надмагільнаму помніку, які не здолелі знішчыць. Гэта металёвая пліта з тэкстам... на чэшскай мове — абсалютнае дзіва з усіх пазіцый. Пліту абхапіла дрэва, і больш чым за сто гадоў яна натуральным чынам урастала ў гэта тоўстае дрэва, якое расце ва ўсе бакі, а памятная пліта яшчэ больш урастае ў ствол і разам з дрэвам адрываецца ад зямлі, паднімаецца ўгору... Ніхто не гарантуе, што па загадзе начальства з гарвыканкама не прыйдуць дзядзькі з піламі і не спілуюць гэта дрэва, а пліту здадуць ва ўтыль. У 60–70-я гады мінулага стагоддзя здавалася, што Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў горадзе зусім не было, бо менавіта ў тыя гады вандалы знішчылі мноства помнікаў архітэктуры! А сёння, каб уратаваць гэты помнік, узяць яго на ўлік, трэба падключаць да гэтай праблемы не толькі Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, але і Беларускае таварыства аховы прыроды. У тыя ж 1970-я гады Беларуская грамадзянская супольнасць у Оршы толькі нараджалася, таму рэагаваць на дзеянні гарадскога начальства яшчэ не было каму.
Хто такі Людвік Унгерман? Што ён рабіў у Оршы, як ён туды трапіў? Кім была тая аршанка, у якую так закахаўся Людвік, але, не знайшоўшы ўзаемнасці, пайшоў тапіцца ў Аршыцу? Чаму ён так жорстка абышоўся з сабою? У Оршы дагэтуль пераказваецца легенда пра палымянае каханне і гвалтоўную смерць Людвіка... Надмагільная пліта ў памяць Людвіка досыць простая, але зроблена з густам, якасна. На ёй такі тэкст:
LUDVUK UNGERMAN Верх пліты ўрос у дрэва, таму не ўвесь тэкст чытаецца. Усталяванне гэтай надмагільнай пліты гаворыць пра тое, што ў Оршы было каму паклапаціцца, каб спраектаваць і зрабіць пліту з пісьменным надпісам на чэшскай мове. З іншага боку, калі наш герой саматапелец, касцёл мог не дазволіць хаваць яго на могілках. Аднак ён пахаваны... Магчыма, гэта публікацыя дапаможа ў далейшым даследаванні абставінаў смерці Людвіка. Можа, знойдуцца людзі, якія чулі яго гісторыю і нешта змаглі расказаць. Заўважым, што пры амаль поўнай адсутнасці беларуска-чэшскіх адносінаў у пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі гэта адзін са значных і кранальных прыкладаў двухбаковых дачыненняў, якія трэба даследаваць. Мікола Купава
|
|
|
|