|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
Ксёндз Ян Шуткевіч меў звычку падпісваць свае фотаздымкі разгорнута, падрабязна, часам пішучы на адвароце цэлую нататку. Напрыклад, як вось на гэтым, які я атрымала ад яго з Вільні на Вялікдзень 1998 года: «Вялікі чацвер каля касцёла св. Барталамея. Прыбіў да сцяны круцыфікс, а да брамы прымацаваў дзве вербачкі. Асвяціў і памаліўся. Было віленскае тэлебачанне для беларусаў. Гэта штурм ужо 6-га касцёла для беларускіх католікаў. Такі мой лёс…» Пра свой няпросты, драматычны лёс ксёндз Ян распавёў нам неяк адразу пасля прыезду ў Мінск, у маі 1994 года. Так здарылася, што рэдакцыя часопіса «Ave Maria» тады мясцілася ў пакойчыку на другім паверсе архікатэдры, дзе якраз распачыналася рэстаўрацыя. Тады ўвогуле ўсё распачыналася. Ксёндз Ян часам заходзіў да нас выпіць гарбаты і проста паразмаўляць. Ён толькі што прыехаў з Паставаў, яшчэ сумаваў па сваёй былой парафіі, цяжка прывыкаў да шумнага і тлумнага Мінска… Ніколі не забуду тае першай нашай размовы, калі ён распавядаў пра сваё маленства, пра палац Тышкевічаў пад Трокамі, у якім ён нарадзіўся, пра смерць бацькі, пра ўцёкі з маці ў Гродна, пра іх напаўгалоднае тулянне, пра матулін страх за ягонае жыццё і пра тое, як з-за гэтага страху яна змяніла іх графскае прозвішча Тышкевіч на звыклае і непрыкметнае — Шуткевіч…
Чамусьці з тае першай размовы вельмі выразна запомніўся акуратна зацыраваны на локцях яго чорны світар… Значна пазней, калі ксёндз Ян паказаў мне вышытыя ім касцёльныя арнаты, я зразумела, што цыраваў ён той світар сам… Але, нягледзячы на некаторыя знешнія дэталі, якія, здавалася, аніяк не адпавядалі яго графскаму паходжанню, у ім адчуваўся прыроджаны арыстакратызм: у яго тонкім адухоўленым абліччы, у прыгожых руках, у манерах, якія ён часам знарок хаваў за ўяўнаю простасцю, а часам, наадварот, падкрэслена дэманстраваў. Усё залежала ад настрою і ад тых, хто быў побач… Зразумела, што яму нялёгка было насіць у сабе драму перажытага ў маленстве і ў раннім юнацтве страху, прыніжэння, беднасці, стратаў… Здавалася, ён пастаянна жыў з гэтаю ўнутранаю драмаю, не могучы ад яе адкаснуцца і яе забыць. Яна адчувалася ў ім, у яго характары: ён быў вельмі ранімы, эмацыйны, успыльчывы, часам калючы і не вельмі лёгкі ў стасунках… І пры тым у яго было добрае, чулае сэрца, якое заўсёды адгукалася на чужы боль і на патрэбы іншых… Ксёндз Ян быў ад прыроды багата адоранаю, рознабаковаю асобаю: у яго быў абсалютны слых, ён ведаў і любіў музыку, тонка разумеў і цаніў жывапіс, архітэктуру і мастацкае слова, цікавіўся тэатрам... Аднойчы ён падараваў мне два свае здымкі яшчэ з часу вучобы ў Маскоўскай кансерваторыі. І з аднаго, і з другога пазіраў прыгожы юнак з сумным вытанчаным абліччам. На адвароце аднаго было напісана: «Пасля экзамена ў кансерваторыю. Пробны здымак для фільма „Рамэо і Джульета“. На жаль, мама і мой дзядзька, ксёндз з Рыгі, не дазволілі здымацца, а шкада, можа, быў бы другі Жан Марэ… Масква, 1960 г.» Іншы здымак быў падпісаны больш лаканічна і сур’ёзна: «Для афішы дыпломнага канцэрта… І што з таго? Масква, 1965 г.» А «з таго», дарэчы, быў таксама не абы-які вынік — прэстыжная праца дырыжора струннага аркестра ў маскоўскім Вялікім оперным тэатры. І невядома, як бы далей склалася музычная кар’ера адоранага гродзенскага хлопца, каб не перамагло іншае пакліканне — пакліканне да святарства… Ён пакінуў Маскву, вярнуўся ў Гродна, працаваў нейкі час выкладчыкам у музвучэльні... У нашых з ім размовах ксёндз Ян не раз згадваў, як прыязджаў у маю Белагруду на Лідчыне, да ксяндза Казіміра Шаняўскага і іграў падчас Імшы на старажытных белагрудскіх арганах за слоік вясковай смятаны, якую пасля адвозіў маме ў Гродна. Такая тады была плата і такія былі заробкі…
У Каўнаскую духоўную семінарыю ён паступіў толькі напрыканцы 70-х і таму сакрамэнт святарства атрымаў ужо ў сталым узросце, маючы за плячыма добрага паўвеку. Можа, таму і подпіс такі іранічны зрабіў на адным з першых святарскіх здымкаў: « Святой отец Иоан… Лынтупы, 1984 г.» Гэта быў пачатак яго святарскай працы на Віцебшчыне: у Лынтупах, Лучаі, Камаях, Паставах, дзе засталіся адноўленыя ім не толькі будынкі касцёлаў з густоўным інтэр’ерам, але і жывы Касцёл, які дасюль яго ўдзячна памятае…
Шмат здымкаў у маім архіве з мінскага перыяду жыцця ксяндза Яна Шуткевіча (1994–1997). Вельмі шкадую, што не змагла адшукаць тых, якія ў свой час зрабіў вядомы фатограф Віктар Жылін для публікацыі артыкула ксяндза Яна ў часопісе «Беларусь». На жаль, Віктар таксама ўжо даўно адышоў у вечнасць. Памятаю, што на адным з тых здымкаў ксёндз Ян быў з крыжам, з тым самым, з якім прыйшоў у нашу катэдру 15 мая 1994 года, і які ў свой час, яшчэ на пачатку 50-х гадоў, уратаваў, пакрыёма вынесшы з мінскай катэдры, калі бязбожныя ўлады канчаткова разбуралі і рабавалі галоўную каталіцкую святыню, ператвараючы яе ў Дом фізкультуры. Гэты адноўлены ім і адрэстаўраваны старажытны барокавы крыж, які цяпер стаіць каля галоўнага алтара архікатэдры і служыць як працэсійны падчас касцёльных урачыстасцяў, адна з нямногіх катэдральных святыняў, якую ўдалося ўратаваць і захаваць. Гэта таксама заслуга ксяндза Яна і памяць пра яго… Зразумела, ксёндз Ян пакінуў гэты крыж тут, калі ад’язджаў у чэрвені 1997 года з Мінска ў Вільню. Ад’язджаў неяк спешна, не дачакаўшыся рэкансэкрацыі катэдры, у рэстаўрацыю якой уклаў гэтулькі сваіх фізічных і духоўных сілаў… «Пакінуць крыж свой і пайсці — якое простае рашэнне…», — напісала я тады ў вершы, прысвечаным яму. Ведаю, што гэтым яго пакрыўдзіла. Пасля зразумела, што рашэнне з’ехаць з Мінска было для яго далёка не простым і нялёгкім, але на тое былі свае прычыны і, напэўна, такая была Божая воля. Відавочна, трэба было вярнуць яшчэ адзін, шосты па ліку касцёл, цяпер ужо для віленскіх беларусаў, касцёл св. Барталамея на Зарэччы. І ксёндз Ян з гэтым выдатна справіўся. Са знішчанага, закуранага ангара, у які літоўскія бязбожнікі ператварылі старажытную святыню, каб адліваць у ёй скульптуры сваіх бальшавіцкіх ідалаў, ксёндз Ян зрабіў прыгожы, светлы Божы дом. На здымках, якія я ў той час атрымлівала ад яго з Вільні, адлюстраваныя многія старонкі адраджэння гэтага касцёла пры старым Полацкім шляху…
Адзін з апошніх здымкаў ксяндза Яна, датаваны 2010-м годам, я атрымала з такім подпісам: «Ці ўсё ў сваім жыцці я зрабіў добра?..» Менавіта гэты павялічаны здымак суправаджаў святара ў яго апошняй дарозе, стаяў каля ягонай труны ў гродзенскім пабэрнардынскім касцёле, у якім цэлебравалася пахавальная св. Імша... «Ці ўсё ў сваім жыцці я зрабіў добра?..» Хочацца верыць, што ксёндз Ян ужо атрымаў адказ на гэта пытанне, якое яго так хвалявала. І адказ напэўна станоўчы… Ён усё ж вярнуўся ў Беларусь, якую любіў, пра якую думаў, за якую перажываў і пастаянна маліўся. Шкада толькі, што вяртанне гэтае было амаль незаўважаным для тых, з кім і для каго ён тут працаваў, — для вернікаў з яго любімых Паставаў, з Мінска і Гродна… Няхай жа наша малітоўная ўдзячная памяць будзе суцяшэннем і падтрымкаю для яго светлай душы. Крыстына Лялько
Гл. таксама:
|
|
|
|