|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
Міхась СКОБЛА
САПЕГАЎСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ — ПОГЛЯД З ДЗЯРЭЧЫНАГісторыя Сапегаў: жыццяпісы, маёнткі, фундацыі. —Мінск, Выдавецтва Віктара Хурсіка, 2017. — 604 стар.
Найлепшую формулу патрыятызму, успёршыся на свой друкарскі варштат, накрэсліў для нас Францішак Скарына. Кожны беларус мусіць ведаць гэтыя словы на памяць, іх не зашкодзіць і ў соты раз паўтарыць: «Як звяры, што блукаюць у пушчах, ведаюць норы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і рэках, адчуваюць віры свае, як пчолы бароняць вуллі свае — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся, вялікую ласку маюць». Пяцьсот гадоў таму сказаныя словы не састарэлі, не пабляклі і ў нашым зырка-шумлівым часе. Пэўна ж, пішучы гэтыя радкі, беларускі першадрукар думкамі вяртаўся ў свой родны Полацак. Чытаючы іх, кожны прыгадае мясціну, дзе ўпершыню зірнуў на свет з калыскі. Мяне ж памяць кліча ў знаёмае змалку мястэчка Дзярэчын, якому летась споўнілася 600 гадоў. Са студэнцкай лаўкі мне здавалася, што Скарынавы словы адрасаваныя таксама ж і дзярэчынцам. Сказана ж — «пчолы бароняць вуллі свае». А Дзярэчын, на маю думку, заснавалі калісьці якраз пчаляры-бортнікі. Бо дзярэча — гэта выдзіранне мёду з калодаў. Этымалогія, як бачым, даволі празрыстая, хоць савецкія тапанімічныя слоўнікі назву майго роднага мястэчка чамусьці выводзілі ад словаў драться, драчуны (іх у ХV стагоддзі проста не існавала). …Гулі пчолы на дзярэчынскіх пасеках, смакавалі грэчку і канюшыну з навакольных палеткаў, мёд і воск мае землякі па Шчары вазілі на продаж у блізкія і далёкія гарады – ажно да Караляўца. Паселішча багацела і пашыралася, пераходзячы ад Дрэмутаў да Копцяў, ад Копцяў да Сангушкаў, ад Сангушкаў да Вішнявецкіх, ад Вішнявецкіх да Адзінцэвічаў, Валовічаў, Нарбутаў, Палубінскіх, Сапегаў… Пры Сапегах Дзярэчын і спазнаў свой зорны час — як Рым пры Актавіяне Аўгусце. Канцлер ВКЛ Аляксандр Міхал у 1786 годзе перанёс у Дзярэчын галоўную родавую рэзідэнцыю, якая перад гэтым знаходзілася ў Ружанах. Ягоны сын Францішак (генерал літоўскай артылерыі ў 21 год!) нанова адбудаваў дзярэчынскі палац, значна ўзбагаціў і без таго нябедную фамільную карцінную галерэю, папоўніў бібліятэку, кнігі для якой выпісваліся з Вільні, Варшавы і Лондана. Наступны Сапега — Яўстах Каятан — праявіў сябе добрым гаспадарнікам, але, калі выбухнула паўстанне 1830 года, без ваганняў прадаваў і закладаў маёнткі, каб дапамагчы паўстанцам. Урэшце сам пажыццёва стаў Паўстанцам — пад такой мянушкай і дажываў свой век у Парыжы…
Падрабязныя жыццяпісы названых асобаў (і яшчэ звыш васьмідзесяці выдатных прадстаўнікоў роду) чытач знойдзе на старонках кнігі «Гісторыя Сапегаў». Многія з іх вартыя адмысловых даследаванняў — як прыхільнікі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага, творцы ягонай гісторыі, удзельнікі нацыянальна-вызвольных паўстанняў, як той жа малады генерал Францішак — паплечнік Тадэвуша Касцюшкі, заўзяты падарожнік і шукальнік прыгодаў, якому ў Пецярбургу было захоладна, у Лісабоне — загорача, у Лондане — завільготна, у Варшаве і Вільні бракавала адпаведнай кампаніі. Усё, чаго князю не хапала ў еўрапейскіх сталіцах, ён знаходзіў, дайце веры, у Дзярэчыне. Гэткае нечаканае прызнанне пачуў ад Францішка і ў «паперку запісаў» граф Лявон Патоцкі — нараджэнец Віцебшчыны, якога наўрад ці можна западозрыць у «дзярэчынскім патрыятызме», як аўтара гэтых радкоў. (“Дзярэчынскі патрыятызм” аўтара кінуўся ў вочы некаторым рэцэнзентам пасля выхаду ў свет маёй кнігі «Дзярэчынскі дыярыюш» (1999).) Пятнаццаць пакаленняў Сапегаў адчувалі сябе патрыётамі ВКЛ, шмат зрабілі для яго эканамічнага і палітычнага ўмацавання (адзін Літоўскі Статут чаго варты!). Даходзіла да таго, што Сапегі за ўласныя грошы ўтрымлівалі войска на ўсходняй мяжы, баронячы супольную дзяржаву Рэч Паспалітую ад агрэсіўнай Масковіі.
Прызнацца, я лічыў, што беларуская форма імя Алесь узнікла прыкладна ў 20-я гады мінулага стагоддзя, калі маладыя пісьменнікі (найперш Уладзімір Дубоўка) старанна збеларушвалі свае і чужыя імёны і прыдумвалі новыя словы. Аднак яшчэ ў 1740 годзе адзін з Сапегаў — Юзаф Станіслаў, — аддаўшы на дзядзькаванне свайго пляменніка, потым ледзь атрымаў яго назад і радаваўся ў лісце да сваяка, што нарэшце “вытаргаваў Алеся”, у якасці маральнай кампенсацыі паабяцаўшы таму, яшчэ непаўналетняму, цэлае староства. А ў 1751 годзе, пасварыўшыся з маці, шаснаццацігадовы Міхал Ксавэры Сапега ўцёк да дзядзькі Міхала Антонія, падляшскага ваяводы. Трэба думаць, той не быў у захапленні ад пляменніка, бо неўзабаве напісаў брацісе-ўдаве, што наш Міхась — невук. І сярод Сапяжанак сустракаюцца не толькі заморскія Гермініі ці Тэафілы — князі называлі сваіх дочак Тэклямі, Гальшкамі, Тадорамі, Анэлямі і Васілісамі… У Дзярэчын у XVIII–XIX стагоддзях прыязджалі не толькі віцебскія графы. Сапегаўская зорка высока ззяла над Краем і вабіла да сябе французскіх дон-жуанаў, італьянскіх артыстаў, нямецкіх прадпрымальнікаў і турэцкіх гандляроў коньмі, якія прыганялі цэлыя табуны на знакамітыя Ганненскія кірмашы ў недалёкай Зэльве, што ладзіліся штогод з лёгкай рукі яшчэ аднаго Сапегі — Антонія Казіміра. У тагачасным Дзярэчыне знатныя іншаземцы маглі паглядзець модны спектакль у Сапегавым прыдворным тэатры, патанцаваць мазурку з княгіняю Пелагеяй Сапяжынаю з Патоцкіх (якая, трэба зазначыць, не вельмі нудзілася падчас адсутнасці мужа Францішка), паслухаць страшнаватыя гісторыі пра мясцовую «чорную даму» — княгіню Палубінскую, якая сярод начы любіла з’яўляцца ў спальнях захмялелых гасцей. Той жа Лявон Патоцкі пакінуў нам падрабязнае апісанне Сапегавай скарбніцы, дзе на ўласныя вочы пабачыў вялізны залаты кубак з гербам князёў Шуйскіх, дванаццаць срэбных міфалагічных фігураў, гетманскія рэгаліі Льва Сапегі, аздобленую дыяментамі шаблю канцлера Аляксандра Міхала, ордэн Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, які існаваў у Рэчы Паспалітай хіба ў адзінкавым экзэмпляры, паколькі не быў зацверджаны Соймам (што не перашкодзіла аднаму з Сапегаў атрымаць той ордэн з рук караля Уладзіслава IV).
На жаль, у сённяшнім Дзярэчыне пра былую славу амаль нічога не нагадвае. На ўездзе ў мястэчка з боку Мастоў сіратліва ўзвышаецца мураваная калюмна, узведзеная калісьці манахамі дамініканамі (іх кляштар быў заснаваны ў Дзярэчыне ў 1629 годзе), ды з вежы збудаванага ў 1910 годзе касцёла час ад часу падасць голас стары звон, што калісьці гучаў у тым самым дамініканскім кляштары (год адліўкі — 1717). Сапегаўскі палац ператрываў усе войны і быў дарэшты разбураны пасля Другой сусветнай — на загад старшыні калгаса, былога партызанскага камандзіра, чыім імем у сённяшнім Дзярэчыне названыя ажно дзве вуліцы. Праўда, ашчадныя дзярэчынцы не далі прападаць дабру — хто з палацавай цэглы змайстраваў печ, хто разжыўся паліванай кафляй, у каго дзверцы ў грубцы да гэтай пары — Сапегавы… Прагульваючы ўрокі, мы, старшакласнікі Дзярэчынскай СШ, нярэдка бавілі час у занядбаным касцёле, што стаяў без страхі і вокан, са спарахнелай лесвіцай на хоры. Аднойчы, разгрэбшы смецце на касцёльнай падлозе, я пабачыў мармуровыя пліты з помніка, на якіх ледзь прачытваліся надпісы на лаціне, — там некалькі разоў паўтаралася слова Сапега. Дзе стаяў той помнік — невядома. Ад дзярэчынскай пахавальні Сапегаў не засталося і следу, як, зрэшты, і ад тых плітаў — падчас аднаўлення касцёла (ужо ў пачатку 90-х) заезджыя рэстаўратары пахавалі іх пад тоўстым слоем бетону…
І ўсё ж удзячная памяць пра Сапегаў жыла ў Дзярэчыне: кафляю на печы, дзверкаю ў грубцы, звонам на касцёльнай вежы, легендамі пра ўлюбёнага ў дзярэчынскія краявіды Францішка, мемарыяльнай дошкай Яўстаху Каятану Паўстанцу, усталяванай у касцёле дзярэчынскім прадпрымальнікам Валянцінам Дубатоўкам (пазней В. Дубатоўка даследаваў былыя сапегаўскія маёнткі і напісаў цікавую кнігу — «Архіпелаг Сапегаў» (2002) — акурат над тымі забетанаванымі плітамі. Аднойчы мы з Валянцінам, выпадкова даведаўшыся, што ў далёкай Кеніі жыве прамы нашчадак дзярэчынскіх Сапегаў, даслалі яму тэлеграму з запрашэннем пашпацыраваць дарогамі продкаў. Князю Яўстаху Севярыну было тады ўжо за восемдзесят, і, шчыра кажучы, мы не вельмі спадзяваліся на ягоны прыезд. Але ён адказаў сцвярджальна, і праз нейкія два тыдні мы ўжо сустракалі тытулаванага госця на гарадзенскім чыгуначным вакзале.
Пераадолеўшы самалётам і цягнікамі звыш сямі тысячаў кіламетраў, апошні пазасталы ў жывых прадстаўнік ружанска-дзярэчынскай лініі Сапегаў аказаўся дасведчаным сапегазнаўцам — мы слухалі ягоныя аповеды, затаіўшы дыханне. Пра тое, як расійскія ўлады разрабавалі Дзярэчын у 1831 годзе, вывезшы ў Пецярбург больш за 200 скрыняў з фамільнымі каштоўнасцямі, карцінамі і кнігамі. Пра тое, як ягоны выгнаны з Бацькаўшчыны прадзед па мянушцы Паўстанец, жывучы на горкім эмігранцкім хлебе, рыхтаваў у Парыжы новае паўстанне ў забраным Краі, але яму не суджана было дажыць да 1863 года. Пра тое, як бацька князя, міністр замежных спраў ва ўрадзе Пілсудскага, у 1939 годзе трапіў на Лубянку і некалькі месяцаў правёў у камеры смяротнікаў. Пра тое, як сам князь ваяваў у Арміі генерала Андэрса, а потым, каб пракарміць сям’ю, стаў паляўнічым у Афрыцы і паміж выездамі на сафары, пры газніцы ў намёце, пад ільвінае рыканне пісаў гісторыю свайго славутага роду... На другі дзень знаходжання ў Беларусі Яўстах Севярын Сапега папрасіў звазіць яго ў Дзярэчын. Папярэджаныя аб візіце, дзярэчынцы вялікай грамадой сустрэлі князя хлебам-соллю на даматканым ручніку. Адмыслова на ўрачыстасць прыехаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, які пасля Імшы ў касцёле звярнуўся да шаноўнага госця з прывітальнай прамовай. Ад імя дзярэчынцаў, а заадно чамусьці і за цара Мікалая І, які адабраў княскія маёнткі, і за бальшавікоў, якія ледзь не расстралялі бацьку князя, у госця папрасіў прабачэння старшыня мясцовага калгаса. А калі расчулены да слёз Яўстах Севярын пакідaў Дзярэчын, на вежы развітальна бомкнуў старадаўні звон. «Ён пазнаў мяне!» — эмацыйна ўсклікнуў князь і папрасіў запісаць тыя гукі на дыктафон. У Гародні, у гасцінным доме Валянціна Дубатоўкі, князь ледзь не за кожным тостам прасіў паўтарыць голас звона і неяк замілавана паглядаў на мой, яшчэ плёначны, дыктафон. Скарыстаўшыся тым замілаваннем, я запісаў тады з князем невялікую гутарку (яна сталася першым і апошнім інтэрв’ю Яўстаха Сапегі ў Беларусі).
— Шаноўны князь, сёлетні кастрычнік у Беларусі выдаўся з замаразкамі. Ці ўтульна Вы сябе адчуваеце без звыклага афрыканскага сонца? — Я на гэтай зямлі нарадзіўся і больш за дваццаць гадоў пражыў, таму мне гэты клімат добра вядомы. Я адчуваю сябе добра, мне тут не холадна, хоць і жыву я цяпер на экватары. — Беларусь восемдзесят тры гады таму сталася для Вас радзімай. Аднак вось ужо больш за паўвека вы жывяце ў Кеніі. Чым для Вас Беларусь з’яўляецца сёння? — Тут я ў 1916 годзе нарадзіўся. Але, як Сапега, я тут ужо 500 гадоў. Менавіта тут, а не дзесьці ў іншым месцы. Мы паходзім адсюль. Мае продкі мусілі быць на эміграцыі — у Англіі, у Галіцыі — і вярнуліся сюды. Для мяне гэты Край — гэта мой Край, нягледзячы на тое, што я потым апынуўся ў Афрыцы, а тут пазаўчора была Расія, учора — Польшча, а сёння ёсць Беларусь. Гэта мой Край, мая Айчына, тут мае карані. — Калі б у Беларусі быў прыняты закон аб вяртанні зямлі і маёмасці былым уладальнікам, як гэта зроблена ў Прыбалтыцы, ці прэтэндавалі б Вы на колішнія ўладанні Сапегаў? — Аднойчы мы гэты Край ужо страцілі — пасля вядомага паўстання ў 1831 годзе. На сто гадоў забралі, але ў 1933 годзе вярнулі. I вядома, калі б цяпер я мог вярнуць сваю зямлю, то зрабіў бы гэта з прыемнасцю. Ружаны існуюць, Спуша існуе, Дзярэчын існуе... Вядома, каб вярнулі... Але хадзіць і прасіць альбо купляць, кажучы, што маю на гэта грошы, я не хачу. — Падчас сваіх прыездаў з Афрыкі Вы спыняецеся ў Варшаве. Калі б у Вас была магчымасць, дзе б Вы пабудавалі дом у Беларусі? — Я хацеў бы вярнуцца ў Спушу пад Шчучынам, дзе яшчэ стаіць наш лес, пажыць у сваім радзінным кутку. Ведаеце, быў вельмі шчымлівы момант, калі я ў Спушы сустрэў старэнькую бабульку, якая памятала мяне маладым і пазнала праз шэсцьдзясят пяць гадоў! Але будаваць дом... Мабыць, я ўжо занадта стары для гэтай справы. Я ж у Афрыку выязджаў не назаўсёды. Думаў, папрацую там і вярнуся сюды, дзе з’явіліся на свет пятнаццаць пакаленняў Сапегаў. Не атрымалася. Ці захочуць вярнуцца ў Беларусь мае дочкі? Пра гэта трэба ў іх спытаць. Яны нарадзіліся ў Афрыцы, былі замужам у Швецыі і Польшчы, але пасля смерці мужоў прыехалі дадому ў Найробі. На жаль, у іх ужо няма такога сантыменту да Беларусі, як у бацькі. — Сёння ў дзярэчынскім касцёле Вы прысутнічалі пры асвячэнні мемарыяльнай дошкі Вашаму прадзеду Яўстаху Каятану Сапегу (Паўстанцу). Мой сябра Валянцін Дубатоўка спрабаваў знайсці яго магілу ў Парыжы. На якіх могілках ён пахаваны? — На старых могілках на Манмартры. Трыццаць гадоў таму да мяне звярнуўся загадчык тых могілак. Размова ішла пра апеку над магілаю майго прадзеда. Я аднавіў пахавальню і паставіў прыгожы помнік. Тады ж я выкупіў усю пахавальню ў парыжскіх гарадскіх уладаў. Потым побач з прадзедам пахаваў свайго брата. Мабыць, і самога там пакладуць. Гэта яшчэ канчаткова не вырашана. Але я, пакуль жывы, раблю захады, каб дастаць добрае месца ў якім-небудзь сапегаўскім касцёле ў Беларусі. Фамільная пахавальня ў Парыжы — святое для нашага роду месца, і я цяпер ім апякуюся. Ведаю, што гэта нерэальна, але мне хацелася б перанесці яе ў Беларусь. — Якімі ўражаннямі Вы падзеліцеся са сваімі дочкамі, вярнуўшыся ў Найробі? — Калі мы ад’язджалі з Дзярэчына, на касцёльнай званіцы зазваніў звон. Як мне растлумачылі, гэта яшчэ сапегаўскі звон, на ім выбіта дата — 1717 год. Мне здаецца, што ягоны голас я цяпер буду чуць і ў Афрыцы. Усё ў гэтым Краі за мінулае паўстагоддзе моцна змянілася. Адзінае, што засталося без зменаў, — гэта зямля і лес. Разумееце, каля Ружанаў яшчэ расце наш лес! Я ў Афрыцы дваццаць гадоў быў прафесійным паляўнічым. I мне прыемна было б папаляваць у сваім лесе. Але, кажуць, трэба пісаць ліст Лукашэнку, каб дазволіў... Мая старэнькая сястра жыве ў Лондане, і я хацеў завезці ёй хоць кавалачак цагліны ад нашага старога маёнтка ў Спушы. I — не знайшоў. Нічога не засталося. Людзі таксама змяніліся. Раней мы не ведалі, што такое «калхозы», іх не было. Я хацеў бы бачыць вольных людзей, якія працуюць на сваёй зямлі, а не працаўнікоў «калхозаў». — На гербе Сапегаў спрадвеку была і «Пагоня». У аздабленні кнігі «Dom Sapieżyński», якую Вы падрыхтавалі і выдалі тры гады таму ў Варшаве, выкарыстаныя ўзоры слуцкіх паясоў, але на яе старонках нячаста згадваецца Польшча. Ці не азначае гэта, што этнічна Вы адчуваеце сябе ўсё ж беларусам? — На гэтае пытанне мне складана адказаць... Усе мы, Сапегі, і я ў тым ліку, былі грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага, што ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. I я адчуваю сябе грамадзянінам Рэчы Паспалітай, але, бясспрэчна, паходжаннем з Вялікага Княства. Цяпер тут Літва, Беларусь, Украіна... Мы ж былі грамадзянамі Княства. I потым, заўважце, гэта вельмі істотна: мы, Сапегі, чатырыста гадоў змагаліся за незалежнасць свайго Краю, мы не хацелі быць жыхарамі Польскага Каралеўства.
Апошнія словы з таго інтэрв’ю нечакана для мяне пацвердзіліся і назаўтра, калі мы з Валянцінам, плануючы вандроўку ў Спушу (там князь нарадзіўся ў 1916 годзе), прапанавалі Сапегу з’ездзіць і ў Нясвіж, агледзець замак Радзівілаў. Яўстах Севярын рашуча адмовіўся і патлумачыў, што калі яны, Сапегі, змагаліся за Айчыну, Радзівілы пілі гарэлку і каталіся на мядзведзях, а таму мы з Валянцінам, сыны сялянаў-хутаранцаў, вырашылі не ўмешвацца ў княскія разборкі... У знак удзячнасці за пагасціны на радзіме князь падараваў нам укладзены ім важкі фаліянт на польскай мове «Dom Sapieżyński» з гэткім надпісам: «Спадарам Валянціну Дубатоўку і Міхалу Скоблу на памяць пра мілае спатканне ў новым Гродне і з пажаданнем поспеху ў працы над гісторыяй Дзярэчына». І на словах дадаў, што марыць убачыць выданне кнігі на мове таго Краю, за незалежнасць якога са зброяй у руках змагаліся яго продкі. Я паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб тая мара спраўдзілася. З таго часу прайшло амаль два дзясяткі гадоў. У 2004 годзе ў Кеніі Яўстах Севярын Сапега пакінуў гэты свет, паспеўшы даслаць нам з Валянцінам па асобніку сваіх мемуараў «Так byłо», дзе апісанае і падарожжа па Беларусі. Тыя мемуары таксама чакаюць сустрэчы з варштатам Скарыны, бо ў іх — пераважна пра жыццё ў міжваеннай Заходняй Беларусі. Пакуль жа да чытача прыйшоў беларускі варыянт «Domu Sapieżyńskiego» — «Гісторыя Сапегаў», якую можна назваць своеасаблівай Сапегаўскай энцыклапедыяй. У ёй — падрабязныя жыццяпісы найбольш вядомых прадстаўнікоў роду (іх ажно 85), апісанні фамільных маёнткаў (іх налічваецца 72) і фундацый — пераважна храмаў розных канфесій, многія з якіх захаваліся да нашых дзён, напрыклад, Троіцкі касцёл у Ружанах, Троіцкая царква ў Быхаве, касцёл і кляштар бэрнардынак у Гродне... Нарэшце я ўздыхнуў з палёгкаю — мара беларускага князя з Найробі збылася, а маё абяцанне выкананае. Абяцанне, дадзенае ў маім родным старадаўнім Дзярэчыне, які прыгадвае, нібы гістарычны пароль, слова-першапачатак — дзярэча, дзе, як і шэсцьсот гадоў таму, гудуць мёдадайныя ліпы і чабаровыя лугі. Дзе і сёння не звяліся пчаліныя раі, што «бароняць вуллі свае»… Фотаздымкі з архіва аўтара.
|
|
|
|