Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку

КРЫНІЦЫ НАТХНЕННЯ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
In memoriam

СВЯТАР ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ

КЛЮШЧАНЫ КАЗІМІРА СВАЯКА

КАСЦЁЛ У КЛЮШЧАНАХ
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Асобы

«ПАКЛІЧУ ТОЛЬКІ СВЕТЛАЕ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Асобы

ЛТІОЎСКІ АРЫСТЫД

ПЕСНЯ — ДУША НАРОДА
Музыказнаўства
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Прэзентацыя

Аркадзь ШПУНТ

ПАМЯЦІ КСЯНДЗА ЯНА ШУТКЕВІЧА

Кс. Ян Шуткевіч з кардыналам Казімірам Свёнткам,
кс. А. Парахневічам, кс. М. Сапелем,
дыяканамі А. Клімантовічам і Я. Крэмісам.
Мінск. 1995 г.

…У той час яшчэ не было сотавых тэлефонаў, але трубка ўжо не была прывязаная да тэлефона провадам, што дазваляла свабодна рухацца, калі не сядзелася падчас размовы. Голас, які я пачуў у тэлефоне, добра пастаўлены, упэўнены, меў адметны тэмбр. Была ў ім лёгкая арыстакратычная высакамернасць. Словы гучалі няспешна, з ледзьве ўлоўным незразумелым акцэнтам, што надавала рытміцы і мелодыцы маўлення абаяльную своеасаблівасць. Уладальнік голасу сказаў, што ён ксёндз Ян Шуткевіч, і тэлефануе мне па рэкамендацыі арцыбіскупа Казіміра Свёнтка. Ксёндз прапанаваў мне сустрэцца па адрасе Плошча Свабоды, 9.

Мы сустрэліся ў адным з пакояў прыбудовы фасада «Дома фізкультуры», які шмат гадоў хаваў фасад касцёла XVIIІ стагоддзя. Дні гэтай прыбудовы заканчваліся, і я падумаў, што і пакой — месца, дзе мы сустрэліся, таксама хутка знікне, быццам яго і не было, і застанецца толькі прывід, захаваны ў маёй памяці на ўзроўні другога яруса вежаў адноўленага касцёла… Цяпер тое жыццё, напоўненае радаснымі ілюзіямі, здаецца шчаслівым сном, прадвесцем новага жыцця… Размова ішла пра даследаванне сценаў і скляпенняў помніка архітэктуры на прадмет наяўнасці роспісаў.

Гледзячы на маладжавага ксяндза, я намагаўся вызначыць яго ўзрост і зразумець, хто перада мною: наперадзе была доўгая сумесная праца, у якой важным было агульнае разуменне праблемаў рэстаўрацыі. Высветлілася, што ксёндз Ян, будучы студэнтам дырыжорскага факультэта Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, сябраваў з рэстаўратарам. У нас раптам адшукаўся агульны знаёмы — Віктар Васільевіч Філатаў, вядомы аўтар адзінага ў СССР падручніка па рэстаўрацыі тэмпернага жывапісу. Гэта зрабіла нашы адносіны больш даверлівымі…

На жаль, ксёндз Ян нядоўга (1994–1997) выконваў абавязкі пробашча ў мінскай архікатэдры. Думаю, калі б ён прадоўжыў служыць пасля кансэкрацыі касцёла, то і катэдра сёння выглядала б інакш, ва ўсялякім разе скляпенні бакавых наваў пэўна былі б раскрытыя. Пацвярджэннем гэтаму — касцёлы ў Паставах і Лынтупах, да рэстаўрацыі якіх ксёндз Ян прыклаў сваю энергію, веды і густ. Ды і касцёл беларускай дыяспары ў Вільнюсе, падняты з разрухі і занядбання, таксама сведчыць пра творчыя і арганізатарскія здольнасці ксяндза Яна. Аднак ці ж мне з нартэкса разважаць пра святароў? Не ўмеючы спасцігнуць святасць рэчаіснага, я толькі назіраў за тым, хто чыніў святыя дзеянні. Намагаючыся прывесці сваю душу ў адпаведнасць з малітваю і казаннем таго, хто абвяшчаў Божае слова, я думаў пра рознае. Зрэшты, пра ксяндзоў я мяркую па іх адносінах да маёй справы — справы рэстаўрацыі мастацкіх помнікаў…

Магіла кс. Яна Шуткевіча
на Гродзенскіх могілках.
Фота Ул. Хільмановіча.

Ксёндз Ян у мае сумненні не паглыбляўся. З яго рук я прыняў святы хрост і ўзяў шлюб з маёю жонкаю пад рыштаваннямі ў алтарнай частцы архікатэдры падчас яе адраджэння. І гэта назаўжды жыве ўва мне як сімвал майго духоўнага станаўлення…

Кантактуючы з ксяндзом Янам, я міжволі памятаў, што ён некалі быў музыкантам. Часам мне здавалася, што ён, стоячы перад парафіянамі, уяўляе сябе дырыжорам самага дасканалага па сваіх выканаўчых магчымасцях аркестра...

Яму было ўласціва вострае, чулае ўспрыманне жыцця. У яго быў сапраўды багаты ўнутраны свет. Ведаючы пра нягоды, якія выпалі на долю ксяндза Яна, можна было толькі падзівіцца яго заўважнай інфантыльнасці і капрызлівасці, невядома як ацалелым і да сталага ўзросту… Ён быў рамантыкам. Адным з апошніх, напэўна…

Ксёндз Ян цікавіўся старым жывапісам і калекцыянаваў яго. Аднойчы ён паказаў мне абраз і, наракаючы на яго стан, папрасіў адрэстаўраваць. Той абраз быў у такім стане, што і абразом яго ўжо назваць не выпадала, але ксёндз Ян настойваў, і я, не гарантуючы поспеху, узяўся за працу. Вынік быў нечаканы, і я запрасіў ксяндза Яна ў майстэрню, каб параіцца з ім. Дзверы былі адчыненыя, і ён увайшоў неяк непрыкметна. Увайшоў — і заспяваў! Напэўна, гэтак натхніў яго выгляд абраза. Я замёр у здзіўленні — такой непасрэднай і шчырай рэакцыі на вынік рэстаўрацыі я ніколі не бачыў. І ўжо не ўбачу. Але я і цяпер чую яго голас, адценні маўлення, інтанацыі, помню мелодыку яго голасу і тэмбр…

Адышоў — і дзе ён? У маёй памяці ён жыве ў прыбудове перад сённяшнім фасадам адроджанага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі на Плошчы Свабоды ў Мінску.

Неардынарны, яркі чалавек — ксёндз Ян Шуткевіч.

Аркадзь Шпунт

Гл. таксама:
Дыякан Мікола ГРАКАЎ :: СВЯТАР ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ ::
Крыстына ЛЯЛЬКО :: ІМГНЕННІ ЖЫЦЦЯ Ў ЗДЫМКАХ І ЎСПАМІНАХ ::
Данута БІЧЭЛЬ :: ЗАМЕСТ БЕЛЫХ ПІВОНЯЎ НА СВЕЖУЮ МАГІЛУ КСЯНДЗА ЯНА ШУТКЕВІЧА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY