|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.
Раздзел V Адмовіцца заглыбіцца ў каханне цалкам і памятаць пра лёгкасць, нават калі ўсё вельмі сур’ёзна — гэта асабліва важна ў сувязі з тым станам, у які магутнасць Венеры прыводзіць большасць (спадзяюся, што не ўсіх) закаханых. У мужчыну, хоць і ненадоўга, абуджаецца надзвычайная дэспатычнасць, уладарнасць, уласцівая заваёўніку ці захопніку, а ў жанчыне — у такой жа празмернай ступені — падданасць і ахвярнасць. Гэтым бывае абумоўленая жорсткасць і бязлітаснасць любоўных гульняў: «балючае і жаданае любоўнае сцісканне», як у Шэкспіра1. Як могуць нармальныя людзі нават падумаць пра гэта? Як хрысціяне могуць сабе гэта дазволіць? Я лічу, што гэта можа быць бясшкодным і бяскрыўдным пры адной умове. Неабходна ўсведамляць, што ў каханні мы сутыкаемся з пэўнага роду «язычніцкім сакрамэнтам». У сяброўстве, як мы гаварылі, кожны выступае выключна самім сабою, асобаю, індывідуальнаю адзінкаю. Але ў каханні мы — не толькі мы самі, а прадстаўнікі нечага іншага. Гэта не прыніжэнне, а ўзбагачэнне — усведамляць, што праз нас дзейнічаюць сілы, больш даўнія за нас і менш асабовыя. На імгненне мы становімся кропкаю, у якой факусіруюцца мужчынскасць і жаноцкасць свету, тое, што заваёўвае, і тое, што паддаецца. Мужчына грае ролю неба-айца, жанчына — зямлі-маці, ён увасабляе форму, яна — матэрыю. Мы мусім надаваць тут адпаведнае глыбокае значэнне выразу «грае ролю». Ён ні ў якім разе не азначае «быць крывадушным, прыкідвацца». Мы прымаем удзел, граем — з аднаго боку, у містэрыі, абрадзе, а з іншага боку — у маскарадзе або нават шарадзе. Жанчына, успрымаючы як рэальнасць ролю поўнай ахвярнасці, становіцца ідалапаклонніцаю, аддае чалавеку тое, што належыць аднаму Богу. Мужчына, усур’ёз прэтэндуючы на ўладу, да вяршыняў якой каханне на нейкі час узносіць яго, звычайнага чалавека, паводзіць сябе як самы фанабэрысты блазан і да таго ж блюзнерца. Але калі на законных падставах немагчыма патрабаваць нечага або згадзіцца на нешта, гэта на законных падставах можна абыграць. Па-за абрадам, па-за спектаклем ён і яна — дзве несмяротныя душы, дзве вольнанароджаныя дарослыя асобы, два грамадзяніна. Мы, хутчэй за ўсё, памылімся, калі палічым, што сужэнствы, дзе ўладарнасць мужа вельмі моцна выяўляецца і прызнаецца ў любоўным акце, характарызуюцца гэткімі ж дамінантнымі адносінамі і ў іншых сферах сямейнага жыцця, больш імаверна нават, што ўсё наадварот. Але ўнутры абраду і пастаноўкі двое становяцца богам і багіняю, між імі няма роўнасці, і ў адносінах няма сіметрыі. Некаторыя палічаць дзіўным, што я знаходжу элемент абраду або маскараду ў дзеянні, якое часам лічыцца самым рэальным, самым шчырым і абсалютна непадробным з усіх. Ці ж мы не найбольш з’яўляемся самімі сабою, калі аголеныя? У пэўным сэнсе — не. Само слова «аголены» — дзеепрыметнік мінулага часу, аголены чалавек — той, якога агалілі, аблупілі або знялі скурку, як у арэха або плода. З незапамятных часоў нашыя продкі лічылі, што аголены чалавек выглядае ненатуральна, ненармальна. Гэта не той, хто не пажадаў апрануцца, а той, каго з нейкіх прычынаў распранулі. Лёгка заўважыць, напрыклад, у мужчынскай лазні, што аголенасць падкрэслівае агульначалавечае і сцірае індывідуальнае. У гэтым сэнсе мы больш з’яўляемся самі сабою, калі апранутыя. Распрануўшыся, каханкі перастаюць быць выключна Янам і Марыяй, у іх узрастае ўніверсальнае «Ён» і «Яна». Можна сказаць, што яны апранаюцца ў аголенасць, як у цырыманіяльны ўбор або ў касцюм, гуляючы ў шарады. Але ўсё адно трэба асцерагацца, каб не стаць памылкова сур’ёзнымі, асабліва тады, калі мы прымаем удзел у язычніцкім сакрамэнце нашых любошчаў. Неба-айцец — толькі язычніцкая мара пра Таго, Хто нашмат магутнейшы за Зеўса і нашмат больш мужны за мужчыну. А смяротны чалавек — нават не неба-айцец і не можа надзець на сябе гэтую карону. Ён носіць толькі яе падабенства, выразанае з бліскучай паперы. Я не кажу пра ўсё гэта з пагардаю. Мне падабаюцца абрады, я люблю хатнія тэатральныя пастаноўкі, мне мілая нават гульня ў шарады. Папяровымі каронамі можна карыстацца як сапраўднымі і (у адпаведным кантэксце) з сур’ёзнымі мэтамі. У рэшце рэшт яны не нашмат больш недаўгавечныя, «калі ім дапаможа ўяўленне»2, за любыя іншыя зямныя знакі ўлады і велічы. Але я не магу разважаць пра язычніцкі сакрамэнт, не падкрэсліваючы, не перасцерагаючы ад небяспекі пераблытаць яго з непараўнальна вышэйшаю таямніцаю і сакрамэнтам. Прырода карануе мужчыну ў адным кароткім дзеянні, хрысціянскі закон карануе яго ў сталых адносінах сужэнства, даючы ў дар (а можа, варта сказаць, навязваючы яму?) такую ўладу. Гэта зусім іншая каранацыя. Мы можам лёгка памыліцца, занадта сур’ёзна ўспрыняўшы прыродную таямніцу, і гэтак жа можам паставіцца да хрысціянскай таямніцы недастаткова сур’ёзна. Пісьменнікі хрысціяне (асабліва Мільтан) часам гавораць пра ўладу мужа з такім самазадавальненнем, што кроў у жылах стыне. Трэба ізноў звярнуцца да Святога Пісання. Муж кіруе жонкаю толькі ў той меры, у якой Хрыстус кіруе Касцёлам. Ён мусіць любіць яе, як Хрыстус палюбіў Касцёл і, чытаем, «аддаў сябе за яго» (Эф 5, 25). Такім чынам, падобная ўлада найпаўней ўвасабляецца не ў тых мужах, якімі мы ўсе павінны імкнуцца стаць, а ў тых, чыё сужэнства больш падобнае да ўкрыжавання, дзе жонка атрымлівае шмат, а дае мала, дзе яна зусім нявартая свайго мужа і па самой сваёй натуры менш здольная любіць. Бо ў Касцёле няма іншай прыгажосці, апроч той, якой надзяляе Жаніх, Ён не атрымлівае, а сам робіць Касцёл прыгажуняю. Намашчэнне на гэтае жудаснае валадарства выяўляецца для мужа не ў радасцях сужэнства, а ў яго смутках, у слабасці і пакутах добрай жонкі і хібах дрэннай, у яго нястомнай і заўжды сапраўднай апецы і ў яго невычэрпнай здольнасці прабачаць: прабачаць, а не згаджацца на злое. Як Хрыстус бачыць у заганным, ганарлівым, фанатычным, вялым і абыякавым зямным Касцёле тую Нявесту, што аднойчы стане перад ім без адзінай плямы і заганы, і дзейнічае, каб зрабіць Касцёл менавіта такім, гэтак жа і муж, чыя ўлада падобная да ўлады Хрыстовай (а іншай яму і не дадзена), ніколі не адчайваецца. Ён — кароль Кафетуа, які і праз дваццаць гадоў усё яшчэ спадзяецца, што дзяўчынка-жабрачка аднойчы перастане хлусіць і пачне мыць за вушамі. Гаворачы пра гэта, я зусім не маю на ўвазе, што можа быць мудра або годна стварыць сужэнства, заснаванае на такіх пакутах. Няма ні мудрасці, ні годнасці ў тым, каб шукаць непатрэбнага мучаніцтва або наўмысна набівацца на ганенне і пераслед. Але, тым не менш, у пераследаваным і пакутуючым хрысціяніне найбольш ясна ўвасабляецца вобраз яго Пана. Такім чынам, у гэтых жудасных сужэнствах, калі яны ўжо займелі месца, «валадарства» мужа, калі ён толькі здолее яго стрываць, найбольш падобнае да Хрыстовага. Самая заўзятая феміністка не павінна зайздросціць майму полу і кароне, ускладзенай на мужчынаў язычніцкім або хрысціянскім сакрамэнтам, бо адна з іх — папяровая, а другая — цярновая. Сапраўдная небяспека не ў тым, што мужы занадта ахвотна ўхопяцца за другую карону, а ў тым, што яны дазволяць жонкам або прымусяць іх забраць яе сабе. Ад Венеры-жарсці, пачуццёвага складніка Эрасу-кахання, я звярнуся цяпер да Эрасу ў цэлым. Тут паўтараецца тая самая схема. Як Венера ў межах Эрасу насамрэч не ставіць сабе за мэту атрымаць задавальненне, гэтак жа і Эрас не ставіць сабе за мэту шчасце. Мы можам думаць, што ставіць, але досвед даказвае нам іншае. Кожны ведае, што бессэнсоўна спрабаваць разлучыць каханкаў, даводзячы ім, што іх сужэнства будзе нешчаслівым. Не толькі таму, што яны вам не павераць. Часцей за ўсё, яны і праўда не вераць. Але нават калі і вераць, гэта не пераканае іх разысціся, таму што найвыразнейшая прыкмета кахання менавіта ў тым, што закаханы лепш раздзеліць няшчасце з каханаю асобаю, чым згодзіцца быць шчаслівым на любых іншых умовах. Нават калі абое каханкі — сталыя і дасведчаныя людзі, якія цудоўна ведаюць, што разбітыя сэрцы ў рэшцэ рэшт загойваюцца, і ясна прадбачаць, што, рашуча прымусіўшы сябе прайсці праз агонію расстання, яны гадоў праз дзесяць амаль абавязкова дасягнуць большага шчасця, чым гэтае сужэнства ў прынцыпе здольнае ім даць, нават тады яны ўсё ж не разлучацца. Для Эрасу ўсе гэтыя разлікі неістотныя, гэтак жа, як халодныя жорсткія суджэнні Лукрэцыя неістотныя для Венеры. Нават калі ўжо не атрымліваецца адпірацца, бо цалкам зразумела, што сужэнства з каханаю асобаю ніколі не будзе шчаслівым, калі гэты саюз нават прэтэндаваць не можа на тое, каб прапанаваць у жыцці нешта іншае, апроч апекі над невылечным інвалідам, безнадзейнай беднасці, выгнання, прыніжэння і ганьбы, Эрас без ваганняў скажа: «Усё гэта лепш, чым расстанне. Лепш быць няшчасным з ёю, чым шчаслівым без яе. Няхай нашыя сэрцы разаб’юцца, але яны разаб’юцца разам». Калі наш унутраны голас гэтак не гаворыць, значыць гэта не голас Эрасу. Вось веліч і жуда любові. Але звярніце ўвагу на тое, што, як і раней, поруч з веліччу ідзе гуллівасць. Каханне, як і жарсць, заўжды з’яўляецца прадметам бясконцых жартаў. Нават калі абставіны, у якіх апынаюцца закаханыя, настолькі трагічныя, што назіральнікі не могуць стрымаць слёзы, яны самі — у патрэбе, у шпітальнай палаце, падчас візіту ў вязніцу — час ад часу нечакана напаўняюцца радасцю, якая глыбока ўражвае выпадковага гледача (але не іх) сваёю невыноснаю кранальнасцю. Мы вельмі памыляемся, думаючы, што насмешка заўсёды бывае зласліваю. Пакуль у каханкаў не з’явіцца дзіця, з якога можна пасмейвацца, яны заўжды смяюцца адно з аднаго. Менавіта ў велічы Эрасу хаваецца зерне небяспекі. Каханне прамаўляе як бог. Яго поўная адданасць, безразважнае грэбаванне асабістым шчасцем, тое, як яно выходзіць за межы сябелюбства, гучыць як пасланне з вечнага свету. Аднак жа каханне не можа само па сабе, такім, якое ёсць, стаць голасам Бога. Бо Эрас, прамаўляючы так велічна і дэманструючы выхад па-за межы сябе, можа заахвоціць закаханага як да добрага, так і да злога. Вельмі павярхоўна было б лічыць, што пачуццё, якое схіляе да граху, заўсёды ніжэйшай якасці, больш жывёльнае або нязначна-дробнае, чым тое, што вядзе да вернага, плённага хрысціянскага сужэнскага саюзу. Любоў, што стварае саюзы, поўныя жорсткасці, клятвапарушэнняў, якія змушаюць да самазабойстваў і даводзяць да забойстваў, не заўсёды бывае проста неўпарадкаванаю жарсцю або марнымі сантыментамі. З гэткай жа імавернасцю гэта можа быць высокае каханне, што ўзнікае ва ўсім сваім бляску, ва ўсёй сваёй неімавернай да болю шчырасці, гатовае на любую ахвяру, апроч адрачэння. Некаторыя філасофскія школы лічылі, што голас Эрасу пераўзыходзіць усе межы, і гэта апраўдвае абсалютнасць яго загадаў. Платон лічыў, што каханне — гэта калі на зямлі душы пазнаюць адна адну пасля таго, як былі разлучаныя ў папярэднім, нябесным існаванні. Сустрэць каханую асобу — значыць зразумець, што «мы кахалі яшчэ да нараджэння». Гэта цудоўная алегорыя, якая раз’ясняе нам пачуцці закаханых. Але, прыняўшы яе за літаральную праўду, мы сутыкнемся з цяжкасцямі і збянтэжанасцю, бо трэба будзе прызнаць, што ў тым нябесным забытым жыцці справы ішлі не лепш, чым тут, на зямлі, бо Эрас можа звязаць мужоў і жонак, якія зусім не падыходзяць адно аднаму. Мноства нешчаслівых (і гэтае няшчасце можна было прадбачыць) сужэнстваў былі заключаныя па ўзаемным каханні. У нашыя часы часцей прымаюць за праўду тэорыю, якую можна назваць тэорыяй Шоў. Сам Шоў назваў бы яе «метабіялагічным» рамантызмам. Паводле рамантызму Шоў, голас Эрасу — гэта голас elan vital, жыццёвай сілы, «інстынктыўнай патрэбы эвалюцыі». Апаноўваючы тую ці іншую пару, гэтая сіла шукае бацькоў (або продкаў) для з’яўлення звышчалавека. Яна абыякавая і да асабістага шчасця гэтых людзей, і да правілаў маралі, бо мае за мэту тое, што Шоў лічыць нашмат больш важным: будучае ўдасканальванне нашага біялагічнага віду. Але, калі б гэта было праўдаю, усё адно застаецца незразумелым, ці мы павінны, і, калі так, чаму мы павінны, слухацца гэтай сілы. Усе вобразы звышчалавека, якія нам малявалі да гэтай пары, настолькі агідныя, што хочацца адразу прыняць цэлібат, каб толькі пазбегнуць рызыкі зачаць падобную істоту. Па-другое, гэтая тэорыя непазбежна вядзе да высноваў, што жыццёвая сіла не вельмі добра разумее сваю ўласную справу. Дагэтуль, нават калі мы бачым моцнае каханне паміж двума асобамі, гэта не гарантуе, што іх дзеці будуць «добрага гатунку», і нават не гарантуе, што ў іх наогул будуць дзеці. Двое добрых «пародзістых вытворцаў» (як кажуць у жывёлагадоўлі), а не двое добрых каханкаў — вось гарантыя нарадзіць удалых дзяцей. І наогул, у якіх краях блукала гэтая жыццёвая сіла на працягу безлічы пакаленняў, калі нараджэнне дзяцей вельмі рэдка адбывалася ва ўзаемным каханні і вельмі часта — у сужэнствах па дамоўленасці, у нявольніцтве і гвалце? Ці ў яе толькі нядаўна з’явілася гэтая прыўкрасная ідэя паляпшэння чалавечага віду? Хрысціяніну не дапаможа тэорыя трансцэндэнтнасці Эрасу паводле Платона або Шоў. Мы не пакланяемся жыццёвай сіле і нічога не ведаем пра сваё ранейшае існаванне. Мы не мусім безумоўна падпарадкоўвацца голасу кахання, калі яно прамаўляе да нас як боства. Аднак мы не можам таксама ігнараваць яго або адмаўляць яму ў богападабенстве. Гэты від любові насамрэч падобны да самой Любові. У ім ёсць сапраўдная блізкасць да Бога (паводле падабенства), і, адпаведна, ніякім чынам няма блізкасці праз набліжэнне. Эрас, калі яго ўшаноўваць, не забываючы пра любоў да Бога і міласэрнасць да бліжняга, можа стаць для нас сродкам набліжэння. Поўная адданасць, уласцівая каханню, — гэта ўбудаваная ў саму нашую прыроду парадыгма або ўзор любові, якую мы мусім выказваць Богу і іншым людзям. Як для тых, хто любіць прыроду, прырода напаўняе зместам паняцце «слава», гэтак жа каханне напаўняе зместам слова «міласэрнасць». Быццам бы сам Хрыстус прамаўляе да нас праз Эрас: «Адпаведна гэтак жа, з такою ж шчодрасцю, без разліку, вы мусіце любіць Мяне і найменшых з Маіх братоў». Ушанаванне кахання абумоўленае для нас рознымі чыннікамі, і, зразумела, залежыць ад абставінаў. Некаторыя мусяць цалкам адмовіцца ад Эрасу (але не пагарджаць ім). Некаторыя, выкарыстоўваючы каханне як паліва і мадэль для свайго сужэнства, могуць узяць шлюб. Але аднаго Эрасу для гэтага будзе недастаткова, каханне застанецца жыццяздольным толькі тады, калі яго няспынна стрымліваць і падмацоўваць больш высокіміі прынцыпамі. Эрас, якому бязмежна пакланяюцца і якога безумоўна слухаюцца, становіцца дэманам. Але менавіта такіх пакланення і паслухмянасці ён патрабуе. Богападобна абыякавае да вымаганняў чалавечага эгаізму, каханне дэманічна паўстае супраць любых вымаганняў Бога і чалавека, калі яны пярэчаць яму. Як казаў паэт:
Закаханых людзей дабрыня не ўзрушыць, «Пакутнікі» — вельмі дакладнае слова. Некалі даўно, пішучы пра сярэднявечную любоўную паэзію, я звяртаў увагу на ўласцівы ёй дзіўны, напалову выдуманы «культ любові» і быў настолькі сляпы, каб паставіцца да яго як да чыстага літаратурнага феномена. Цяпер я лепш дасведчаны. Эрас па сваёй уласнай натуры вітае падобнае пакланенне. З усіх відаў любові каханне, на сваёй вяршыні, найбольш богападобнае, таму найбольш схільнае патрабаваць ад нас пакланення. Эрас па сутнасці імкнецца ператварыць каханне ў культ. Тэолагі заўжды баяліся ў каханні пагрозы ідалапаклонства. Мне здаецца, яны мелі на ўвазе, што каханкі схільныя абагаўляць адно аднаго. Я не лічу гэта рэальнаю пагрозаю, не ў сужэнстве — дык дакладна. Мілая і простая будзённасць, практычныя звычкі сямейнага жыцця робяць падобнае пакланенне абсурдным, гэтак жа, як і прыязнасць, якая амаль заўжды атуляе каханне сужэнцаў. Я вельмі сумняваюся, што нават у рамантычны перыяд заляцанняў той, хто хоць раз адчуваў тугу па Вечным або хаця б марыў яе адчуць, дапусціць думку, што каханая можа задаволіць гэтую тугу. Як пілігрым-паплечнік, якога пранізвае такое самае імкненне, як сапраўдны сябра, каханая можа стаць выдатным і важным памочнікам у гэтай справе, але яна сама ў якасці аб’екта, на які скіраваная гэтая надпрыродная туга, будзе выглядаць (прабачце за грубасць) проста як ідыётка. Мне здаецца, што сапраўдная небяспека не ў тым, што каханкі пачнуць абагаўляць адно аднаго, а ў тым, што яны пачнуць абагаўляць само каханне. Зразумела, я не маю на ўвазе, што яны пачнуць будаваць Эрасу алтары і чытаць малітвы. Ідалапаклонства, пра якое я кажу, можна заўважыць у вельмі распаўсюджанай памылцы, з якою інтэрпрэтуюць словы Хрыста: «Даруюцца ёй грахі многія, таму што яна вельмі палюбіла» (гл. Лк 7, 47). З кантэксту, асабліва з прыпавесці пра даўжнікоў, якую Езус распавядае перад гэтымі словамі, становіцца зразумела, што яны павінны значыць: «Яе вялікая любоў да Мяне сведчыць пра тое, наколькі вялікія грахі, якія Я прабачыў ёй». (Словы «таму што» ў кантэксце фразы маюць тое ж значэнне, што і ў такім прыкладзе: «Ён, мусіць, яшчэ не выйшаў з хаты, таму што яго капялюш яшчэ ляжыць пры ўваходзе». Тое, што яго капялюш яшчэ ляжыць, з’яўляецца не прычынаю таго, што ён яшчэ ў хаце, а доказам таго, што ён яшчэ тут.) Але мноства людзей разумеюць словы Хрыста зусім інакш. Па-першае, яны невядома з якой прычыны лічаць, што грахі той жанчыны абавязкова звязаныя з блудам, хаця з гэткай жа імавернасцю яна магла пазычаць грошы пад вялікі працэнт або несумленна займацца гандлем, або быць жорсткаю з дзецьмі. І далей яны так інтэрпрэтуюць словы Пана: «Я прабачаю ёй распусту, таму што яна была вельмі моцна закаханая». Атрымліваецца, што вялікае каханне апраўдвае і амаль дазваляе — амаль асвячае — любыя дзеянні, прычынаю якіх становіцца. Заўважце, якім тонам закаханыя кажуць пра ганебны ўчынак: «Мы зрабілі так, таму што кахаем». «Я зрабіў так, бо баяўся», ці «Я зрабіў так, бо раззлаваўся», — чалавек кажа зусім інакш. Ён гаворыць, вылучаючы прычыну, якая можа яго апраўдаць, бо адчувае, што яму неабходнае прабачэнне. А закаханыя рэдка так робяць. Заўважце, з якім хваляваннем, з амаль рэлігійнаю палкасцю яны вымаўляюць слова «каханне». Яны не хадайнічаюць перад судом, нагадваючы пра «змякчальныя акалічнасці», а нібыта апелююць да закону. Споведзь амаль ператвараецца ў пахвальбу, нават з адценнем выкліку. Яны сапраўды лічаць сябе пакутнікамі. У самых крайніх выпадках словы закаханых сапраўды з’яўляюцца выразам спакойнай і сур’ёзнай, але непахіснай вернасці богу кахання. «Паводле законаў кахання ўсё гэта будзе годна», — кажа Даліла ў Мільтана. У гэтым увесь цымус: «паводле законаў кахання». «У каханні» мы маем «свае законы», уласную рэлігію, свайго ўласнага «бога». Там, дзе ёсць сапраўдны Эрас, супраціў яго загадам адчуваецца як адступніцтва, здрада, а тое, што па-хрысціянску называецца спакусамі, набывае ў каханні голас абавязкаў, амаль рэлігійных абавязкаў, выяваў пабожнага і палкага служэння каханню. Эрас выбудоўвае вакол каханкаў сваю рэлігію. Бэнжамен Канстант3 зазначыў, што каханне за некалькі тыдняў ці месяцаў стварае для дваіх агульнае мінулае, якое, як здаецца закаханым, доўжыцца са спрадвечных часоў. Яны бясконца звяртаюцца да яго з захапленнем і пашанаю, як псальміст да гісторыі Ізраэля. Гэтае мінулае — Стары Запавет у рэлігіі кахання, летапіс прысудаў і міласцяў Эрасу да выбранай пары аж да таго моманту, калі яны зразумелі, што кахаюць адно аднаго. Тады пачынаецца іх Новы Запавет. Цяпер яны падпарадкуюцца новаму закону — таму, які ў іх рэлігіі адпавядае Боскай ласцы. Яны — новыя стварэнні. «Дух» Эрасу пераўзыходзіць усе іншыя законы, і яны не маюць права яго «засмучаць». Для іх каханне апраўдвае любыя ўчынкі, на якія яны без яго не адважыліся б. Я не маю на ўвазе толькі тыя (або ў асноўным тыя), што закранаюць цнатлівасць. У роўнай меры гэта ўчынкі несправядлівасці або неміласэрнасці да ўсіх, хто «ў знешнім» свеце. Яны ўспрымаюцца як доказы адданага і заўзятага кахання. Закаханыя могуць сказаць адно аднаму з амаль фанатычным ахвярным агнём у голасе: «Дзеля кахання я забыўся пра сваіх бацькоў, я пакінуў сваіх дзяцей, падмануў свайго партнёра, пакінуў сябра ў вялікай патрэбе». Усё гэта годна паводле законаў кахання. Вызнаўцы рэлігіі Эрасу могуць нават адчуваць асаблівую заслугу ў падобных ахвярах, бо які дар, ускладзены на алтар кахання, можа быць даражэйшы за ўласнае сумленне? У той жа час Эрас жорстка жартуе са сваімі адэптамі, бо, прамаўляючы, здавалася б, з берагоў вечнасці, каханне застаецца зменлівым пачуццём. Яно — самае крохкае з усіх відаў любові. Свет гудзе ад скаргаў пра непастаянства кахання. Дзівіць і бянтэжыць, як спалучаюцца ў каханні гэтая зменлівасць і ўрачыстыя запэўненні ў тым, што яно будзе вечным. Закахацца — значыць імкнуцца і абяцаць быць верным некаму ўсё жыццё. Закаханы прыносіць клятвы тады, калі яго пра гэта не просяць, і ніяк не можа ўстрымацца ад гэтага. «Так будзе заўжды, гэта сапраўднае» — амаль адразу скажа закаханы, і скажа шчыра, не крывадушнічаючы. Ніякі досвед не здольны пазбавіць ад гэтай ілюзіі. Усе мы ведаем людзей, нанова закаханых праз кожныя пару гадоў, і кожны раз яны шчыра ўпэўненыя, што «цяпер усё па праўдзе», што іх блуканні завяршыліся і яны знайшлі сапраўднае каханне, і будуць верныя адно аднаму да смерці. Аднак у пэўным сэнсе Эрас мае права даваць такія абяцанні. Каханне мае такую прыроду, што мы маем рацыю, не дапускаючы нават думкі пра тое, што яно праміне. Адным скачком каханне пераадолела высачэзную сцяну нашага эгаізму, ператварыла прагавітасць у альтруізм, адкінула асабістае шчасце прэч як нешта нязначнае і цвёрда паставіла інтарэсы іншага чалавека ў цэнтр нашага існавання. Нечакана і без аніякіх высілкаў мы выканалі ў адносінах да аднаго канкрэтнага чалавека запаведзь любіць бліжняга, як сябе самога. Гэта вобраз, прадчуванне таго, якімі мы мусім стаць, калі Бог, які ёсць Любоў, запануе ў нас бязмежна. Каханне можа быць нават (калі скарыстацца ім правільна) падрыхтоўкаю да гэтага. Проста «выпасці» з яго, «раскахаць», гэта падобна да — дазвольце назваць гэта не вельмі прыгожым прыдуманым словам — «разадкуплення». Эрас вымушаны абяцаць тое, што сам выканаць не ў стане. Ці магчыма для нас знаходзіцца ў гэтым стане неэгаістычнай свабоды ўсё жыццё? Ды хоць бы тыдзень пратрымацца! Нават у самых шчырых каханкаў гэты ўзнёслы стан мінае. Нешта падобнае мы перажываем і пасля навяртання да веры: старое «эга» аказваецца зусім не памерлым, як здавалася б. І там, і там «эга» можна збіць з ног і пакласці на лапаткі, але хутка яно зноў выпрастаецца, і калі нават не ўстане адразу на ногі, то, прынамсі, прыўзнімецца на локцях, калі няздольнае будзе раўсці ва ўсю сілу, то працягне пахмурна бурчэць і па-жабрачы скавытаць. А Венера часта можа скаціцца назад да адной толькі сексуальнай пажадлівасці. Але такія памылкі і падзенні не змогуць зруйнаваць сужэнства дваіх «годных і разважлівых» людзей. Калі яны ставяць сужэнства пад пагрозу і, магчыма, руйнуюць, значыць пара абагаўляла сваё каханне. Яны палічылі, што Эрас мае ўладу і праўдзівасць Бога. Яны чакалі, што адно толькі пачуццё назаўжды дасць ім тое, што ім патрэбна. Калі гэтыя чаканні не апраўдваюцца, людзі пачынаюць вінаваціць само каханне або, часцей, сваю пару. Насамрэч задача Эрасу, які прынёс свае велізарныя абяцанні і на адно імгненне бліскавічна паказаў вам, да чаго падобнае спаўненне гэтага абяцання, на гэтым выкананая. Ён, як хросны бацька, прынёс прысягу, але выконваць яе мусім мы. Мы павінны працаваць, каб зрабіць сваё штодзённае жыццё як мага больш блізкім да таго, што мільгнула перад намі ў тым бліскавічным адкрыцці. Мы павінны выконваць працу Эрасу, калі самога Эрасу ўжо няма. Добрыя закаханыя ведаюць усё гэта, а тыя з іх, хто не схільны да рэфлексіі або не вельмі добра ўмее выказваць свае думкі, скажуць ўсяго некалькі агульнапрынятых фразаў, накшталт «любіш ездзіць — любі і саначкі цягаць», «не трэба чакаць зашмат», варта мець «хоць кроплю здаровага розуму» і гэтак далей. І ўсе добрыя закаханыя хрысціяне ведаюць, што гэтую задачу, якою б сціплаю яна ні выглядала, можна выканаць толькі з дапамогаю пакоры, міласэрнасці і Божай ласкі, бо гэта па сутнасці і ёсць жыццё хрысціяніна з адной канкрэтнай перспектывы. Такім чынам Эрас, як і іншыя віды любові, адкрывае сваё праўдзівае аблічча, і яно ашаламляе нас больш за іншыя з прычыны сваёй магутнасці, слодычы, грознасці і ўзвышанасці. Але каханне не можа аднымі сваімі сіламі зрабіцца тым, чым мусіць зрабіцца. Яму патрэбны дапамога, кіраванне. Боства Эрасу памірае або становіцца дэманам, калі толькі не падпарадкуецца Богу. Добра, калі каханне проста памірае. Але яно можа жыць, бязлітасна скаваўшы разам двух людзей, якія катуюць адно аднаго, перапоўненыя ўшчэнт атрутаю сваёй любові-нянавісці, калі кожны з усіх сілаў прагне забраць і няўмольна адмаўляецца хоць нешта даць, калі кожны раўнуе, падазрае, абураецца і крыўдуе, змагаецца за ўладу, рашуча імкнецца быць вольным і не даваць волі, падсілкоўваючыся скандаламі. Пачытайце «Ганну Карэніну» і не спадзявайцеся, што такое можа адбыцца толькі ў Расіі. Той збіты шаблонны выраз, калі каханкі гавораць, што «з’елі б» адно аднаго, можа стаць жудасна блізкім да праўды.
Пераклад з англійскай мовы
Паводле: «The Four Loves»,
|
|
|
|