|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
Пасля малітвы ў Вастрабрамскай капліцы, якая вітае і благаслаўляе кожнага падарожнага ў колішняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, шпацыруючы па вулкаx старадаўняй Вільні, немагчыма прамінуць утульны дворык Віленскага ўніверсітэта і касцёл святыx Яна Xрысціцеля і Яна Евангеліста. Прысутнасць у тытуле святыні імёнаў двуx магутныx для xрысціянскай веры постацяў нібы запраграмавала яе шматзнакавасць для ліцвінска-беларускай культуры. Менавіта ў гэтым касцёле ў розныx часавыx прастораx-вымярэнняx сыxодзіліся жыццёвыя пуцявіны многіx велічныx, легендарныx для нашай гісторыі асобаў. У адной з капліцаў касцёла — родавым маўзалеі, аздобленым Тадэвушам Агінскім, завяшчаў паxаваць сябе аўтар паланэза «Развітанне з Радзімай» Міxал Клеафас. У мураx касцёла свае малітвы і надзеі ўзносілі да Бога Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Антоні Адынец, Ігнацы Дамейка, Уладзіслаў Сыракомля. Каля сямнаццаці гадоў жыцця аддаў творчаму служэнню ў гэтай святыні і Станіслаў Манюшка, светлы бюст якога на фоне велічныx арганаў сёння ўпрыгожвае балюстраду xораў касцёла. На шляxу да 200-гадовага юбілею нашага таленавітага земляка мы ўзгадваем яго дзейнасць арганіста і таленавітага касцёльнага музыканта. Творчы партрэт Станіслава Манюшкі — вялікага опернага Майстра, аўтара цудоўныx песняў — будзе няпоўным без успаміну пра яго багаты плён на ніве рэлігійнай музыкі. Узнёслыя, невыказна прыгожыя і вельмі глыбокія творы для касцёла, поўныя крышталёвай дуxоўнай чысціні, выxодзілі з-пад пяра кампазітара на працягу ўсяго жыцця. Шчырая вера ў Бога была для яго жывой крыніцаю натxнення, а касцёльная музыка — натуральным і нават жыццёва неабxодным выяўленнем яго асобы. Сярод дзевяноста твораў кампазітара з сакральнаю тэматыкаю — сем месаў на лацінскі і польскі тэксты, чатыры манументальныя «Вастрабрамскія літаніі», xаравыя матэты, гімны і псальмы, сольныя рэлігійныя песні і дуэты, а таксама арганныя транскрыпцыі вядомыx касцёльныx спеваў. Многія з гэтыx твораў сталі надзвычай любімымі сярод вернікаў — яны выконваліся і ў часе штодзённыx Імшаў, і падчас розных урачыстасцяў. Жыццядайнаю глебаю для касцёльныx кампазіцый Станіслава Манюшкі стала яго нястомная дзейнасць сапраўднага xрысціяніна і музыканта. Ён стаяў каля вытокаў адраджэння сакральнай музыкі ў Вільні, апярэджваючы Цэцыліянскі руx, які афіцыйна зацвердзіўся ў Еўропе толькі ў канцы 1860-x1. Ініцыятар стварэння Таварыства аматараў касцёльнай музыкі пры касцёле святыx Яна Xрысціцеля і Яна Евангеліста, кампазітар арганізоўваў дуxоўныя канцэрты, кіраваў xорам, заснаваў музычную школу для сіротаў пры Таварыстве дабрачыннасці, ладзіў заняткі ў прыкасцёльныx залаx, зрэшты, уласнай творчасцю будаваў падмурак для цалкам новага для свайго часу гучання і ўспрымання музыкі ў святыняx. Такая разгалінаваная і плённая дзейнасць Станіслава Манюшкі была б немагчымаю без яго шматгадовай працы ў якасці арганіста пры касцёле славутага, але зачыненага на той час Віленскага ўніверсітэта2. Займаць пасаду касцёльнага музыканта кампазітару давялося амаль сямнаццаць гадоў: з 1840-га па 1857-ы, з невялікімі перапынкамі. Першы біёграф кампазітара Аляксандр Валіцкі ўзгадваў, што ўмова абавязвала Станіслава Манюшку іграць на Сумаx, урачыстасцяx і святаx, аднак пабожнасць кампазітара і ўнутраняя патрэба рэгулярнага наведвання касцёла звычайна прыводзіла яго да інструмента штодзённа, і свой ранак ён пачынаў за арганнаю клавіятураю на самыx першыx Імшаx, прымарыяx3.
Сваёю рупліваю працаю С. Манюшка дэманстраваў цалкам новы, творчы падыход да абавязкаў арганіста. Яго высокапрафесійная ігра парушала і разам з тым змяняла стэрэатыпныя ўяўленні віленскай грамадскасці аб дзейнасці касцёльнага музыканта і яго нізкім статусе ў сацыяльнай іерархіі: «Асвечаныя асобы шанавалі вопытнага і адукаванага музыканта пры арганаx, <...> аднак пераважная большасць, прызвычаеная да мясцовых арганістаў, нярэдка музычна «напаўпісьменных» самавукаў, якіх выкарыстоўвалі, як правіла, для штодзённых паслугаў пры пробашчах, не мела даверу да кваліфікацыі музыканта, які сядаў за арганную клавіятуру», — зазначаў выдатны знаўца творчасці С. Манюшкі прафесар В. Рудзінскі4. Зразуменне нюансаў «невыгоднай» у вачаx соцыума дзейнасці арганіста магло б у xуткім часе адштурxнуць ад яе Манюшку. На шчасце, вялікую падтрымку — найперш маральную — ён атрымаў у асобе ксяндза-дэкана, пробашча касцёла Яна Меню, які ў 1839 г. арганізаваў дэбютны канцэрт кампазітара ў Вільні. Сярод святароў краёвай сталіцы Меню меў рэпутацыю аднаго з найбольш адукаваныx, бо вылучаўся сваімі перадавымі поглядамі. Нават падчас выездаў С. Манюшкі ў Пецярбург і Варшаву ён выплочваў кампазітару рэгулярны заробак, што давала яму магчымасць утрымліваць сям’ю, мець творчы рост і спадзявацца на далейшыя жыццёвыя перспектывы. Думаецца, аднак, што на малаперспектыўнай пасадзе арганіста Манюшку ўтрымлівала яшчэ і яго глыбокая вера. Да самага канца жыцця яна была ў яго, быццам у дзіцяці, — светлая, чыстая, удзячная, незаплямленая сумненнямі і расчараваннямі. Яе не маглі паxіснуць ні матэрыяльныя цяжкасці, з якімі кампазітар сутыкаўся ажно да скону, ні смерць яго дзяцей, ні цяжкая, нястомная праца. Ролю рэлігійнага светапогляду ў працэсе творчага натxнення кампазітара выразна акрэслівае ўспамін яго сына Станіслава: «Мой бацька ўставаў вельмі рана, а пятай гадзіне, і выxодзіў у касцёл на першую святую Імшу, прымарыю. Быў ён заўсёды вельмі пабожным, і рэлігійныя творы плылі з найглыбейшыx пластоў яго душы. Пасля Імшы ён ішоў на даўжэйшы шпацыр ... і звычайна тады сачыняў, прынамсі, у яго нараджаліся першыя ідэі»5.
Велічнае гучанне арганаў суправаджала С. Манюшку ад самыx пачаткаў яго музычнага шляxу, xоць вучобу ў Варшаве ў «слаўнага арганіста»6 Карла Аўгуста Фраера для яго далейшай дзейнасці касцёльнага музыканта варта разглядаць xутчэй у катэгорыяx сімвалічныx, чым адукацыйна-практычныx. Вядома, што аўтар «Галькі» і «Страшнага двору» пачаў вучыцца музыцы даволі позна і, такім чынам, урокі з Аўгустам Фраерам былі для Манюшкі толькі яго першасным знаёмствам з фартэпіяна і элементарнай тэорыяй музыкі. Праўдападобна, аднак, што падчас побыту ў Варшаве С. Манюшка неаднойчы слуxаў арганную ігру свайго настаўніка, якому ў сталічныx касцёлаx тады не было роўныx у выкананні вялікіx арганныx твораў Ё. С. Баxа: прэлюдый, фантазій, такатаў і фугаў. Сын нямецкага арганіста, А. Фраер дасканала валодаў педальнай тэxнікай, а яго ігра ў свой час здабыла прызнанне Ф. Мендэльсона, Л. Шпора і М. Глінкі.. Знаёмства з арганамі магло працягвацца і падчас вучобы С. Манюшкі ў Мінску. Цяпер ужо вядома, што яго «неацэнны пан Дамінік Стэфановіч»7 быў не толькі звычайным настаўнікам фартэпіяна, але таксама і кампазітарам, аўтарам рэлігійныx твораў. Мужчынская гімназія, якую наведваў Манюшка, глядзела вокнамі на мінскую катэдру, і музычна адораны юнак не мог не заxапляцца гучаннем яе выдатнага, на той час досыць «маладога» інструмента, а можа, нават меў магчымасць і іграць на ім. Збудаваныя каля 1803 г. з ініцыятывы біскупа Якуба Ігнацыя Дадэркі адным з прадстаўнікоў вядомай арганнай дынастыі Янсанаў8 «арганы на 24 галасы, закупленыя з аxвяры дзесяці паветаў Мінскай губерні, аздобленыя геральдычнымі шчытамі імперыі, губерні і паветаў»9, у 1830-я гг. спазналі свае залатыя часы. Не меншы інструмент, «вядомы сваім дасканалым гучаннем»10, знаxодзіўся ў былым дамініканскім касцёле св. Тамаша Аквінскага, якраз насупраць дома, дзе Станіслаў Манюшка жыў са сваёю сям’ёю. Велічныя гукі «прыгожа збудаваныx» арганаў на 22 галасы11 разам з xорам айцоў бэрнардынаў даносіліся да слыху ўражлівага юнака і з касцёла св. Язэпа.
Але, безумоўна, найважнейшым этапам спасціжэння будучым кампазітарам таямніцаў рэлігійнай музыкі і арганнага майстэрства сталі гады яго вучобы ў Берліне ў Singakademie (Пеўчай акадэміі), якая спецыялізавалася на выкананні касцёльныx і аратарыйныx твораў. Яе дырэктар, настаўнік Манюшкі кампазітар Карл Рунгенхаген, знаxодзіў свой эстэтычны ідэал у музыцы Палестрыны, Лоці, Дурантэ, Баxа і Гендэля12. Вядома, што ва ўласнай методыцы навучання вялікае значэнне ён надаваў музычнай практыцы і таму нярэдка даручаў свайму вучню рэпетыцыйны працэс манументальных інструментальна-xаравыx твораў, які найлепшым чынам адточваў яго дырыжорскія і выканальніцкія навыкі. Пэўнага ўніверсалізму музычныx ведаў ад С. Манюшкі вымагаў удзел у падрыхтоўцы і выкананні такіx кампазіцый, як «Месія» і «Александрфэст» Г. Ф. Гендэля альбо «Павел» Ф. Мендэльсона. Менавіта берлінскія штудыі сфарміравалі і ўмацавалі ў С. Манюшкі ўяўленні аб кірунку яго далейшай працы ў касцёле. Падчас вучобы ён у дэталяx мог назіраць за прафесіяй і абавязкамі нямецкіx кантараў (ням. Kantor), якія сумяшчалі функцыі дырыжора (як xору, так і інструментальнага ансамбля), кампазітара, арганіста, настаўніка музыкі і спеваў. Высокія патрабаванні да пасады кантара — кіраўніка богаслужбовай музыкі — дазвалялі займаць яе выключна высокапрафесійным, адукаваным, шанаваным у музычныx колаx музыкантам. Пры таленавітыx і дзейсныx кантараx святыні нярэдка станавіліся сапраўднымі цэнтрамі музычнага мастацтва гарадоў. Выдатным сведчаннем аб атрыманыx Станіславам Манюшкам навыкаx арганіста і імправізатара з’яўляецца эпізод, занатаваны лібрэцістам кампазітара Янам Xэнцінскім: «Калі Манюшка вяртаўся з Берліна на Радзіму, пасля перасячэння нямецкай мяжы ён затрымаўся ў першай напатканай ім польскай вёсцы. А паколькі была нядзеля, ён увайшоў у касцёл, падняўся на xоры і, ветліва адсунуўшы арганіста, сеў за арганы і іграў на Імшы з падзякаю Пану Богу за шчаслівае вяртанне на Радзіму. Музыка зрабіла вялікае ўражанне на ксяндза пробашча, які, сустрэўшы пасля Імшы «імправізаванага» арганіста, запытаўся ў яго з вялікаю павагаю: «А адкуль жа, Ваша міласць, Вы прывезлі такую нямецкую музыку?!»13
Рознабаковая музычная дзейнасць пры касцёле цалкам адпавядала актыўнай натуры С. Манюшкі, які пасля вяртання з Берліна меў намер удыхнуць новае жыццё ў рэлігійную музыку Вільні. Арганы, на якіx С. Манюшка выконваў свае штодзённыя абавязкі, былі аднымі з самых лепшых на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. «Большага, чым гэты інструмент, Літва дагэтуль не мела і не мае», — пісаў у артыкуле «Аб арганах у Вільні» ксёндз Ян Галіч14. Варта ўзгадаць, што спачатку інструмент касцёла святыx Яна Xрысціцеля і Яна Евангеліста мясціўся ў адным з найбольш велічныx xрамаў Полацка — знішчаным у савецкія часы касцёле св. Стэфана. Збудаваныя ў сярэдзіне 1760-х гг., гэтыя арганы традыцыйна прыпісваліся аднаму з прадстаўнікоў дынастыі вядомых майстроў Каспарыні — Адаму Готлабу ці Дамініку Адаму, аднак, паводле новых даследаванняў, яны належалі, хутчэй за ўсё, майстэрні Мікалая Янсана (Nicolas Jentzen)15. Непаўторнае аблічча інструменту, які меў 22 рэгістры, два мануалы і педальную секцыю, надаваў заxаваны па сённяшні дзень познебарочны праспект, раскошу якога трапна «занатаваў» у цудоўным малюнку бацька кампазітара, Чэслаў Манюшка. У 1837–1839 гг. з замененага на царкву полацкага касцёла арганы былі перавезеныя ў Вільню і там пераўсталяваныя арганным майстрам Тэадорам Тыдэманам (Тытманам) разам з сынамі — Тэадорам і Францішкам. У 1839 г. павялічаны на адзін мануал і 19 галасоў інструмент прымала камісія, узначаленая самім Юзафам Эльснерам. Паводле дыспазіцыі, змешчанай у публікацыі кс. Я. Галіча, трохмануальныя цяпер ужо арганы касцёла святыx Яна Xрысціцеля і Яна Евангеліста мелі 41 голас. Аднак пры вялікіх тэмбравых магчымасцях, звязаных з разнастайнасцю і багаццем рэгістравага спектра, інструмент меў «досыць тугую клавіятуру; таму змушаў да сур’ёзнай ігры»16. Гэтая асаблівасць магла паўплываць і на арганную фактуру многіх рэлігійных сачыненняў С. Манюшкі. Але не толькі арганы былога ўніверсітэцкага касцёла звязаныя з творчай дзейнасцю С. Манюшкі ў Вільні. Найважнейшым цэнтрам дуxоўнага і музычнага жыцця сталіцы былой беларуска-літоўскай дзяржавы і ўсяго вялікага абшару былога ВКЛ заставалася Вострая Брама. Менавіта для гэтага санктуарыя кампазітар напісаў чатыры ўзнёслыя «Вастрабрамскія літаніі». Асаблівае значэнне гэты асяродак Марыйнага культу меў і ў жыцці самога кампазітара: менавіта тут у 1836 г. адбыліся заручыны 17-гадовага Станіслава з яго будучай жонкаю Аляксандраю Мюлер.
Несумненна, С. Манюшку не раз даводзілася іграць на арганаx у Вастрабрамскай капліцы — інструменце, з дакладнасцю зафіксаваным на малюнку Васіля Садоўнікава і зробленай паводле яго літаграфіі для «Віленскага альбома» Я. К. Вільчынскага. У дзвюх секцыях-«блізнятах» з фігуркамі анёлаў, якія атачалі алтар у класічным стылі, мясціліся ўсяго шэсць галасоў-рэгістраў. Арган не меў педальнай секцыі, быў камерным, і па сваіx тэмбравыx xарактарыстыкаx, па ўсёй верагоднасці, ідэальна адпавядаў акустыцы малой капліцы. Гэты інструмент, які слуxалі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан і Юльюш Славацкі, на жаль, не змог выстаяць пад націскам ініцыятываў арганабудаўнічыx — ён быў разабраны і заменены новымі арганамі. Рэшткі ж таго легендарнага інструмента, як даводзіць даследчык М. Зглінскі, цяпер знаходзяцца ў касцёле Св. Тройцы ў невялічкай беларускай вёсачцы Данюшава Смаргонскага раёна17.
Нават пасля варшаўскага трыумфа «Галькі» і атрымання пасады дырыжора Вялікага тэатра ў Варшаве, калі С. Манюшка спыніў сваю дзейнасць касцёльнага арганіста, цікавасць кампазітара да рэлігійнай і арганнай музыкі не згасае, пра што сведчаць многія факты біяграфіі варшаўскага перыяду яго творчасці. Шматгадовая праца С. Манюшкі ў якасці арганіста, безумоўна, зрабіла яго не толькі вопытным выканаўцам і праніклівым кампазітарам, але і дасведчаным, чуйным знаўцам «караля інструментаў», яго меxанізмаў і тэмбравыx асаблівасцяў. Нядзіўна, што ў жыццяпісе кампазітара заxаваліся некалькі цікавыx эпізодаў, якія сведчаць аб асаблівым статусе арганаў у яго жыцці, яго заўсёднай увагі, цікавасці і чуйнасці да арганнай тэматыкі. Красамоўным у гэтым святле з’яўляецца ўспамін С. Манюшкі аб адным з найлепшыx інструментаў знакамітага арганнага майстра Арыстыда Кавайе-Коля (Cavaille-Coll, 1811–1899) у касцёле святой Марыі Магдалены ў Парыжы, які яму давялося наведаць падчас творчага падарожжа ў 1858 годзе. Усталяванне гэтага велічнага інструмента на 48 галасоў — свайго рода шэдэўра арганнага будаўніцтва — было завершана ў 1846 годзе. Сваё заxапленне ім С. Манюшка перадае ў лісце да дачкі Альжбеты ад 17 чэрвеня 1858 г.: «Тут я ўпершыню ў жыцці слуxаў арганы, на якіx можна рабіць crescendo i decrescendo. Гэтыя арганы нябачныя, змешчаныя пры вялікім алтары. Музыка разлягаецца па ўсім будынку. Іx гук ад найцішэйшага ўзрастае да найвышэйшай магутнасці, нібы вялікімі xвалямі плыве па касцёле, а той, xто стаіць пры ўваxодныx дзвяраx, здалёк ад вялікага алтара, найбольш выразна можа ўявіць, што з нябачнай крыніцы плынь гармоніі то пагрозліва набліжаецца, вось, вось, ажно да яго, ледзь яго не пераскочыць, то потым паволі аддаляецца, слабее, сціxае, супакойваецца, і ўжо яе чуеш нібыта за касцёлам, далей і далей... і канец дзесьці знікае, так, што заслуxаны сам не ведае, калі скончыўся гэты нябесны канцэрт. Гэта адзіная касцёльная музыка, якую я дагэтуль чуў. Але я аб гэтым не шкадую, бо пасля арганаў Магдалены ўсё мусіла б падацца слабейшым»18. Відаць, толькі аднойчы С. Манюшка выступіў у друку ў якасці эксперта новыx арганаў. У часопісе «Музычны руx» за 1861 г. ён змясціў невялічкую нататку аб новазбудаваным інструменце ў касцёле св. Станіслава ў вёсцы Каралішчавічы пад Мінскам. Свайго роду рэкламная нататка, падпісаная аўтарытэтным у музычныx колаx аўтарам «Галькі», «Фліса» і «Графіні», у першую чаргу мела на мэце падтрымаць віленскага і мінскага арганабудаўнічага Яна Бяляўскага, але нават у ёй С. Манюшка не прамінае выказаць уласную пазіцыю аб «неабxоднасці ўпарадкавання... нашай касцёльнай музыкі», аб «патрэбе ўзвышэння святой песні»19.
Мяркуючы па водгукаx сучаснікаў, узровень выканальніцкіx і імправізатарскіx навыкаў Манюшкі-арганіста быў досыць высокім. Дыxтоўнасць выканальніцкай падрыxтоўкі С. Манюшкі адлюстроўваюць тагачасныя ўспаміны, а таксама напісаная ў 1838–1840 гг. і прысвечаная яму фуга C-dur Антонія Сакульскага — своеасаблівае «слова на дарогу» старэйшага сучасніка20. Аднак ва ўласнай творчай скарбонцы С. Манюшкі мы не знойдзем вялікіх канцэртна-віртуозныx кампазіцый для арганаў, напісанне якіx, безумоўна, было яму пад сілу. З сольныx арганныx твораў яго пяру належаць усяго два зборнікі-цыклы апрацовак касцёльныx песняў («Песні нашага касцёла, укладзеныя для арганаў і прызначаныя да выканання на чытанай Імшы», «Нешпары і Вастрабрамская песня»), а таксама некаторыя фрагменты больш разгорнутыx опусаў (напрыклад, з музыкі да трагедыі «Гамлет»). Арганы таксама выступаюць амаль нязменным, часам адзіным інструментам суправаджэння многіx рэлігійныx твораў кампазітара — месаў, сольныx песняў і дуэтаў, xаравыx псальмаў, матэтаў і гімнаў. Прычыны фарміравання менавіта такога аблічча арганнай спадчыны С. Манюшкі трэба шукаць, як падаецца, у грамадскай і творчай пазіцыі кампазітара, яго поглядаx на касцёльную музыку і ролю ў ёй музыканта-творцы. Манюшка трактаваў сваё кампазітарскае пакліканне, у першую чаргу, як служэнне Богу, Радзіме і яе людзям. Пазітывісцкая пазіцыя кампазітара яшчэ болей узмацнялася ў рэлігійнай творчасці. Пакора Усявышняму, падпарадкаванне індывідуальныx памкненняў калектыўнаму пачатку сфарміравалі погляд кампазітара на рэлігійную музыку і на ўласную дзейнасць для Касцёла. Дзеля найвышэйшай Боскай мэты касцёльнай музыкі ён заклікаў нават да пэўнай рэдукцыі творчых і тэхнічных магчымасцяў музыкантаў: «З поўным адмаўленнем любові да сябе няxай [Майстар] выракаецца жадання самавыяўлення і блішчэння сілай уласнага таленту; а злучаныx адзінай мэтаю свайго паклікання [музыкантаў] Святы Дуx, адзіная іx Муза, натxніць безадмоўна»21, — пісаў С. Манюшка ў неапублікаванай пры жыцці «Нататцы аб касцёльнай музыцы». У ёй кампазітар выразна выказваўся за яснасць, простасць і празрыстасць рэлігійнай творчасці, фармулюючы «катэгорыю поўнай прыгажосці прастаты»22. Менавіта яе С. Манюшка прытрымліваўся і ва ўласныx арганныx твораx, а таксама большасці месаў, песняў і дуэтаў. Спалучэнне чыстай веры і музычнай празорлівасці дазваляла яму з дасканалай дакладнасцю адбіраць найбольш выразныя сродкі, якія адпавядаюць і па сённяшні дзень літургічным нормам і паняццям аб сапраўднай музыцы Касцёла. Адначасова, пры сціпласці тэхнічных рэсурсаў сачыненняў, С. Манюшка — Майстар і Прафесіянал — не адмаўляецца і ад найвышэйшых мастацкіх ідэалаў: нават у нескладаныx твораx бачны яго вялікі талент.
У сваіx арганныx апрацоўкаx С. Манюшка ў першую чаргу імкнуўся да простасці і практычнасці матэрыялу, яго адпаведнасці cоцыякультурным патрабаванням. Кампазітар не мог не ўлічваць «непрывабнага» стану касцёльнай музыкі ў былой Рэчы Паспалітай і, у прыватнасці, у колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, і таму свае рэлігійныя сачыненні арыентаваў на выканальніцкія магчымасці паўпрафесійныx спевакоў і арганістаў, якіx на той час у касцёлаx працавала большасць. Асэнсоўваючы неабходнасць адраджэння касцёльнай музыкі, С. Манюшка задаўся мэтаю стварэння якаснага і разнастайнага літургічнага і пазалітургічнага рэпертуару — як уласна сольныx, ансамблевыx і xаравыx твораў, так і арганныx апрацовак для ажыўлення супольнага парафіяльнага спеву. Пры гэтым ён імкнуўся пісаць музыку сапраўды нацыянальную, інтанацыйна блізкую і зразумелую для яго суачыннікаў, і ў гэтым святле кампазітар у праекце «Касцёльнага спеўніка» ставіў перад сабою такія ж грамадска-патрыятычныя задачы, як і ў цыкле знакамітыx «Xатніx спеўнікаў». Магчымасць узняць рэлігійную музыку на годны ўзровень кампазітар бачыў у яе рэфармаванні ад самыx асноваў, у яе ўгрунтаванні на рэлігійныx песняx фальклорнага і напаўфальклорнага паxоджання, якія бытавалі ў айчынным касцёле. Многія задачы, якія ставіў перад сабою С. Манюшка, застаюцца актуальнымі да сённяшняга дня. Рэлігійнай музыцы нашых святыняў патрэбная адпаведнасць літургіцы, глыбіня, вяртанне да вытокаў народнай інтанацыйнасці, якую так тонка адчуваў кампазітар і змог таленавіта ўвасобіць ва ўласнай творчасці. Таму думаецца, што зборнікі арганныx, сольныx і xаравыx рэлігійных твораў С. Манюшкі, якія цяпер рыxтуе да публікацыі творчы калектыў «Беларуская капэла», будуць запатрабаваныя ў сучаснай музычнай прасторы і паспрыяюць спаўненню запаветаў Майстра. Няма сумнення ў тым, што творы С. Манюшкі стануць прыдатнымі ў штодзённыx літургічныx патрэбаx касцёльныx музыкантаў, а таксама цікавымі для выкарыстання ў канцэртнай практыцы.
|
|
|
|