|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
Калі Іван Антонавіч заходзіў у рэдакцыю часопіса «Роднае слова» і сядаў каля майго стала (ад чаго я ў момант бянтэжылася), па рэдакцыі з дзвярэй у дзверы разбягалася вестка: «Брыль прыйшоў!». Заходзіў ён рэдка і нічога, апрача свайго радаводу (ўгаварылі!), у нас не друкаваў — проста жыў побач, на вуліцы Дразда, а мы — на Гвардзейскай. Ён любіў пагартаць наш часопіс, хоць тады ўжо чытаў менш, бо страціў вока. У мяне нават пыталіся, чаму ён сядае менавіта каля майго стала і называе мяне Лідачкаю. А вось так — былі ў яго свае сімпатыі, а мы яго любілі (і ён гэта адчуваў) ужо са школы, калі перажывалі за яго Галю з аднайменнага апавядання «Галя» (1953) і за яе балючае каханне да адзінага ва ўсім свеце Сярожкі з яго трактарам і гармонікам. З гэтага апавядання мы, якім бацькі пра каханне не расказвалі і свайго не дэманстравалі, разумелі, што каханне ёсць, што яно бывае і на ўсё жыццё, і нават тады, калі ты замужам за іншым, і што яно светлае, чыстае і таямнічае, бо кахаеш не за пшанічны чуб над блакітнымі вясёлымі вачыма, а немаведама за што, і што каханне па-над усім — ёсць жа ў Брылёвым апавяданні тое, што называюць сацыяльным кантэкстам, а хвалююць толькі Галіны перажыванні. І адкуль мужчына, Янка Брыль, ведае, што робіцца ў жаночым сэрцы? «А трактар гудзе і гудзе… Там — не Сярожка. Ды гэта нічога. Ноччу будзе зноў ён. Зноў будзе балець па ім яе душа, да самага світання… Няхай сабе. Абы толькі гудзеў». І пераважаюць у гэтым апавяданні — лета, жніво, шчодрасць, напоўненасць і перапоўненасць прыроды, яе багацце, яе плён. І гэткая ж Галіна душа, у якой каханне нібыта аднятае (не з ёю ж Сярожка!), а яна напоўненая і перапоўненая — багатая, бо каханне — Божы дар, а Яго дары беднымі не бываюць… Дзіўны гэты занятак — пісьменніцтва. З аднаго боку — самасцвярджэнне, з другога — агаленне ўласнай душы, яе амаль безабароннасць — заўсёды «пад прыцэлам», пад крытыкаю. Творчыя людзі, асабліва ў нас, часта гавораць пра неспрыяльныя ўмовы для творчасці, укручанай у абставіны, залежнай ад падзеяў у грамадстве, у гісторыі, але жыццё паказвае, што і неспрыяльнасць можа быць спрыяльнаю, калі ёсць талент, вядома. Стаў жа Кастусь Міцкевіч Якубам Коласам, а Ясь Луцэвіч — Янкам Купалам («Пакіньма на́пуста на лёс свой наракаць…»). Што спрыяла Янку Брылю? Нарадзіўся ў 1917 годзе, шасцігадовым хлопчыкам стаяў каля бацькавай труны, яшчэ не асэнсоўваючы страты. У літаратуру прыйшоў у 1937 годзе, у свае 20 гадоў. Пра што можна было пісаць у гэты час? Ён напісаў шчымліва-горкае апавяданне «Марыля» пра тое, як было знявечанае, растаптанае, знішчанае жыццё без віны вінаватай жанчыны. У 1938 годзе ў Кіеве па даносе быў расстраляны яго родны брат Валодзя. У 1939 годзе салдат польскай арміі Іван Брыль трапіў у нямецкі палон, дзе было складана не страціць чалавечай годнасці; у 1941 годзе ўцёк з палону (пасля другой спробы!), прайшоў (якое лёгкае слова!) вайну ў партызанах… І пасля вайны выпрабаванняў яму хапіла. «Выпрабаванні некалькімі дыктатурамі рознага кшталту і калібру. Выпрабаванні яўным і тайным кіраўніцтвам, цэнзурай, якая называлася “галоўлітам”, і рэдактурай, якая была па сутнасці цэнзурай» (Янка Брыль, «Блакітны зніч», 2004).
«Что сказать мне о жизни, // что оказалась длинной, — пытаўся Іосіф Бродскі, — только с горем я чувствую солидарность, // но пока мне рот не забили глиной, // из него раздаваться будет лишь благодарность»… А наш Янка Брыль быў «солидарным» з радасцю, са святлом («З далечыні гадоў паклічу толькі светлае», — пісаў ён). Ён нарадзіўся светлым, і на яго шляху было нямала светлых людзей, якія цягнуліся да яго святла, распазнаючы ў ім духоўную роднасць па закладзеным, удыхнутым Богам генетычным кодзе. І гэта яму спрыяла. Светлаю была яго маці, якая любіла, каб ёй чыталі кніжкі ўслых («наслуханая», — казаў Іван Антонавіч), светлаю была яго любімая настаўніца ў Турэцкай сямігодцы Мар’я Пранеўская, якая падчас акупацыі загінула ў канцлагеры Калдычэва. «Прыехаўшы ў 1973 г. у Варшаву для атрымання літаратурнай прэміі імя Уладзімежа Петшака, Я. Брыль запрасіў на сваё свята сына пані Мар’і, цяпер вядомага медыка, Юрэка Пранеўскага, перапісваўся з яго сястрой Янінай, што працавала бібліятэкарам у Шчэціне. Абое яны паслужылі прататыпамі вобразаў дзяцей настаўніцы ў «Сірочым хлебе». Вобраз пані Мар’і — гэты першы ў творчасці Я. Брыля вобраз інтэлігенткі, ён свеціцца святлом чалавечнасці… Яе вобраз адпавядае таму ідэалу, пра які пісаў А. Чэхаў…» (У. Калеснік, «Янка Брыль», 1990). Да А. Чэхава ў Івана Антонавіча была асаблівая любоў, пра якую ён светла, радасна, удзячна напісаў у эсэ «Мой Чэхаў» (1959). «Чэхаву, — піша Янка Брыль, — я абавязаны вельмі многім <...> Антон Паўлавіч першы з найбольш любімых пісьменнікаў унёс папраўку ў маё юнацкае безагаворачнае захапленне Талстым — не толькі непараўнальным мастаком, але і філосафам. Праўда, папраўкі такія ўносіла перш за ўсё само жыццё <...> сама заходнебеларуская рэальнасць, у якой я жыў і шукаў сваю сцежку. А вось першай чэхаўскай папраўкай быў іменна “Ванька” <...> Не памятаю, дзе гэта ён, Чэхаў, гаварыў, што любоў да чалавека трэба насіць не толькі ў сэрцы, але і ў галаве. Не ведаю… лепш будзе сказаць — не думаў ніколі над тым, скрозь сэрца ці скрозь розум прапушчана яго любоў, скажам, да Ліпы з мёртвым сыночкам на руках, калі яна ідзе пад зорным вясновым небам… Аднак такога глыбокага, чыстага, невымоўна паэтычнага выяўлення любві да простага, пакрыўджанага чалавека няма, здаецца, ні ў аднаго з пісьменнікаў» (Янка Брыль, Збор твораў у пяці тамах. Том 1. 1979).
…Добра было Янку Брылю — яму спрыялі і Гогаль, і Талстой, і Чэхаў! А колькі яшчэ, з усяго свету, імёнаў, якіх не пералічыць, — мудрых, чалавечных, дасціпных і нават вясёлых. Можа, гэта яны дапамаглі Янку Брылю вытрываць той боль, з якім пісаліся «Птушкі і гнёзды» (1963), апавяданні «Адзін дзень» (1946–1952), «Маці» (1957), «Memento mori» (1958), дапамаглі прайсці, як казаў Алесь Адамовіч, «па дантавых кругах хатынскай памяці народнай», калі шмат гадоў разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам запісвалася кніга «Я з вогненнай вёскі…» (1975). Што ён думаў пра існаванне Бога, пра хрысціянства? Чулы да дзяцей, да кожнай безабароннай істоты, да «братоў нашых меншых», Іван Антонавіч хацеў мець адказ на балючае пытанне: за што? Вось адзін з яго запісаў з кніжачкі «Блакітны зніч»: «Цяжка чытаю “Розу Мира” Данііла Андрэева. Над нагрувашчваннем прамудрых разваг і тлумачэнняў, скрозь іх і за імі раптам убачыліся першыя хрысціяне ў рымскім цырку, перад тым найстрашнейшым момантам, калі на арэну, дзе застылі ў жаху ахвяры, вырвуцца галодныя ільвы. Сярод ахвяраў — дзеці. Як жа ім іхнія бацькі, маці, дзядулі і бабулі, у душах, у свядомасці якіх ёсць тое, за што звяры будуць іх разрываць, як усе тыя блізка-дарослыя скажуць дзецям, святым у сваім няведанні, за што ім гэты жах звышпакутлівай смерці? А потым я сігануў з той старадаўняй далечы ў свой час, у гады фашысцкай акупацыі, у апавяданні тых, што ўвайшлі ў кнігу памяці “Я з вогненнай вёскі…”, у жахі дарослых і дзяцей, у моманты перад расстрэлам, у тую самую немагчымасць сказаць, растлумачыць свята-нявінным: што гэта…» Адсутнасць адказу, безабароннасць і бездапаможнасць Божых стварэнняў, вядома ж, выклікалі нямала розных думак і развагаў. «Я буду маліцца за вас, — кажа і Папа Рымскі, больш істотна не могучы дапамагчы ў бядзе» (Янка Брыль, «Парастак», 2006). Прачытаўшы ў «Аргументах і фактах» пра тое, што сын ярага нацыста Бормана, даведаўшыся, кім быў яго бацька, стаў святаром, Янка Брыль пераказвае жудасную гісторыю пра тое, як падчас Варшаўскага паўстання салдаты вермахту «зачышчалі» бункеры ад паўстанцаў. «З аднаго такога сховішча раптоўна выскачыла і кінулася наўцёкі шасцігадовая дзяўчынка, але спатыкнулася і ўпала… “Пырні гэтую поскудзь штыком!” — сказаў обер-лейтэнант, і салдат забіў дзяўчынку. Яе карыя вочы, звернутыя да яго з жахам і просьбай-умольваннем, ён памятаў дваццаць пяць гадоў. Не займеў сваіх дзяцей, не мог бачыць чужых і глядзець ім у вочы». Гэты салдат прыходзіў на споведзь да Бормана-малодшага, жадаючы сам сабе найбольшых пакутаў у пекле, а праз тыдзень пасля споведзі павесіўся…
Вядома, Іван Антонавіч чытаў Біблію і нават параўноўваў тэксты на розных мовах. Яму «цікава было параўноўваць гучанне пэўных мясцін у тэксце — польскае з царкоўна-рускім, што даўно засела ў памяці ўзнёслай красою» («Парастак»). Маці Івана Антонавіча Анастасія Іванаўна была веруючай і хадзіла на абедню ў царкву, а брат Ігнат (1901–1960), «ва ўладзе маральнага максімалізму», як напісаў У. Калеснік, начытаўшыся Ф. Дастаеўскага, пад уплывам вобраза Алёшы Карамазава ў 13 гадоў спрабаваў уцякаць у манастыр, а праз гады, трохі павучыўшыся ў медыцынскім інстытуце, а потым у сельскагаспадарчым, потым стаўшы настаўнікам, ажаніўшыся, урэшце вырашыў стаць святаром. Іван Антонавіч неахвотна разважаў услых пра тое, што для яго было невытлумачальным, але перакананні бліжніх (і дальніх) паважаў і не раз думаў пра тое, «…што ўсё яно не так сабе, а павінна ж мець пэўны найвышэйшы сэнс. Занадта вялікі, занадта прыгожы наш свет, каб яму існаваць толькі каб існаваць, без высока-разумнай мэты» («Парастак»). У асобных апавяданнях Янкі Брыля нашы літаратуразнаўцы (Д. Бугаёў, У. Калеснік) бачылі выразныя біблейскія сімвалы (поле, каласы, жніво) і вобразы, у якіх увасоблены Крыжовы шлях Хрыста і Яго Галготы. Такі вобраз старой жанчыны з апавядання «Маці» (1957). Па сутнасці яна зрабіла тое, што рабілі многія сумленныя людзі падчас вайны — прытуліла ў хаце партызанаў і, загадзя ведаючы, што ёй пагражае за гэта, прыняла смерць. «Перад намі відовішча апошняга шляху маці. У свядомасці яе самой ён асацыіруецца са шляхам пакут Хрыста, з вядомым ёй пакутлівым шэсцем на Галгофу. Праўда, аўтар з назвай “пакутлівы шлях”, якая перадае матчына ўспрыманне падзеі, уводзіць паралельна сваё свецкае, рэалістычнае разуменне, у якім сутыкаюцца прыгожы, узвышаны пачатак са зніжаным канцом. Гэта шлях “ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах”. <...> Кранаюча апісана гэта шэсце маці і злоўленых ворагамі чатырох байцоў. Аўтар, як кінааператар, высвечвае тут рукі. Рукі байцоў скручаны ззаду калючым дротам, ворагі не перасталі баяцца гэтых мужных рук, а рукі маці не страшныя забойцам, худыя, свабодныя, і яна трымала іх, як на споведзі — “мазалямі да мазалёў”. <...> У фінале апавядання аўтар уводзіць імправізаваную малітву маці. Гэта малітва за жыццё родных сыноў, што па сваёй волі, па абавязку сумлення пайшлі ў пекла вайны выганяць захопнікаў, і за сыноў названых, за сыноў іншых мацярок» (У. Калеснік, «Янка Брыль», 1990). Зразумела, што старая жанчына ў сваім шляху на смерць не думала пра тое, што яна гераіня. «Не думала аб тым, што не з адным толькі жахам глядзелі на іх паход сустрэчныя, — што вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам, што вочы і рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душ апошні страх перад начной партызанскай атакай» (Янка Брыль, «Маці». Збор твораў у пяці тамах. Том 1. 1979). Дарэчы, у старой жанчыны з апавядання «Маці» няма ўласнага імя — магчыма, гэтак Янка Брыль, для якога ў літаратуры і жыцці не было дробязяў, падкрэсліў наканаванасць кожнага, хто прыйшоў на свет з іменем «чалавек», годна прыняць і пранесці на ўласную Галготу свой крыж…
…Усе мы створаныя па Божым вобразе і падабенстве, але ў большасці з нас гэты вобраз з цягам жыцця скажаецца, заплямліваецца, здрабняецца — так марнуецца Божы дар. У кімсьці Божы вобраз пакутуе, але ў кімсьці радуецца, хоць, як і ўсе, чалавек цягне свой нялёгкі крыж. Іван Антонавіч быў вылеплены надзвычай хораша, прыгожа, моцна, скульптурна — на вуліцах на яго азіраліся. У ім гарманічна, натуральна спалучалася мужнае і чулае, чуллівае, дарослае і дзіцячае. Жыццё, гады, узрост адбіралі фізічнае, скульптурнае, але душа яго была светлаю, прыгожаю — самая таемная Божая задума («Господи! Душа сбылась: умысел Твой самый тайный», — як пісала М. Цвятаева) рэалізавалася ў Янку Брылю напоўніцу — наўрад ці ён страшэнна парушыў хоць адну з Божых запаведзяў, а як ён сапраўды любіў бліжняга, могуць расказаць не толькі яго самыя бліжнія, але і дальнія. Чалавек быў яму цікавы сам па сабе, а не з-за яго значнасці ў грамадстве, а для сябе, для дасканалення ў сабе чалавечнасці, у яго быў цвёрды прынцып: быць лепшым, але лепшым не за кагосьці, а за самога сябе ўчарашняга. Дзве апошнія прыжыццёвыя кніжачкі Янкі Брыля — «Блакітны зніч» (2004) і «Парастак» (2006) — выйшлі ў нашым каталіцкім выдавецтве «Про Хрысто». Было ў гэтым нешта знакава-сімвалічнае: замыкалася яго жыццёвае кола, і ён, народны пісьменнік Беларусі, беларускі Чэхаў, які меў добры пяцітомнік сваіх твораў і выданне ў «Кнігазборы», у руках трымаў (з радасцю!), нібы пачатковец у літаратуры, танюсенькія кніжачкі ў мяккіх вокладках — напрыканцы жыцця і творчасці, як напачатку… У «Блакітным знічы» Іван Антонавіч яшчэ раз развітаўся са сваёй Ніначкаю, змясціўшы ў кніжачцы частку іх перапіскі і, сярод іншага, запытаўся: «Няўжо мы ўсе панараджаліся, жывем дзеля таго, каб паміраць? Наіўна простае, глыбока страшнае і крыўднае пытанне»… Будучы народным пісьменнікам, ён і на могілках лёг сярод народу (у Калодзішчах), каб і тут быць побач са сваёю Ніначкаю, любасць і бязмерную павагу да якой пранёс праз усё жыццё. Ён памёр 25 ліпеня 2006 года. Многія пісьменнікі ў гэты час былі на сваіх лецішчах, у вёсках, у ад’ездзе, і таму атрымалі па пошце яго кніжачку «Парастак» з аўтографам ужо пасля яго смерці — і ў гэтым таксама праявілася яго любоў, яго ўвага і павага да бліжняга. Я атрымала ад яго кніжачку ў дзень свайго нараджэння — 8 ліпеня. …Дарэчы, прадзеда Янкі Брыля звалі Іосіф (Ёсіп, Язэп) Брылевіч, а Брыль — гэта вясковая мянушка. Каталіцтву Іван Антонавіч сімпатызаваў праз сяброўства з Хрысцінаю Лялько, а яго ўнукі — Антон-Францішак Брыль і Оля Брыль, якая і ў замужжы пакінула сабе дзедава прозвішча, сталі католікамі…
Гл. таксама:
|
|
|
|