Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку

КРЫНІЦЫ НАТХНЕННЯ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
In memoriam

СВЯТАР ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ

КЛЮШЧАНЫ КАЗІМІРА СВАЯКА

КАСЦЁЛ У КЛЮШЧАНАХ
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Асобы

«ПАКЛІЧУ ТОЛЬКІ СВЕТЛАЕ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Асобы

ЛТІОЎСКІ АРЫСТЫД

ПЕСНЯ — ДУША НАРОДА
Музыказнаўства
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Прэзентацыя

Дыякан Мікола ГРАКАЎ

СВЯТАР ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ

Ксёндз Ян Шуткевіч у сваім доме ў Вільні.

У гісторыі ёсць нейкая дзіўная заканамернасць: людзі, дзякуючы якім адраджалася гістарычная памяць і аднаўлялася амаль разарваная сувязь пакаленняў, самі чамусьці заставаліся ў ценю. Так было з дзеячамі эпохі Адраджэння: іх імёны ведае кожны, іх унёсак у духоўную і культурную скарбонку чалавецтва цяжка пераацаніць, але пра іх саміх засталося вельмі мала дакладных звестак, і нават дасведчаныя даследчыкі не могуць сказаць, што гэта былі за асобы ў штодзённым жыцці. А між тым менавіта яны вярнулі Еўропе заніклую памяць пра яе вялікую антычную мінуўшчыну, паказалі яе непаўторную прыгажосць, аднавілі цэласнасць культурнага набытку Старога Свету. Дзякуючы ім тое, што было недаацэнена і занядбана ў часы змрочнага Сярэднявечча, заняло сваё належнае месца ў жыцці людзей, якія па-новаму асэнсавалі сваю чалавечую годнасць, адчулі сябе нашчадкамі вялікай цывілізацыйнай спадчыны і носьбітамі непрамінальных каштоўнасцяў. Развіццё сапраўднага, нескажонага гуманізму стала прадвеснем хрысціянскага персаналізму, які ў пастановах Другога Ватыканскага Сабору і ў вуснах Вялікага Папы-славяніна святога Яна Паўла ІІ прагучаў кароткім і ёмістым маніфестам: «Чалавек — гэта шлях Касцёла».

Хрысціянскі каталіцкі гуманізм у ХХ стагоддзі быў выпакутаваны ў цяжкім супрацьстаянні з пачварнымі, нялюдскімі ідэалогіямі марксізму-ленінізму і нацызму. Мы добра ведаем, да якіх жахлівых наступстваў прывяло змаганне з найвышэйшымі праявамі чалавечага духу: з непрамінальнымі каштоўнасцямі, з класічнай культурай, са свабодай слова і нават думкі, а перадусім — з верай у Бога і ў вечнае жыццё. Гэтае змаганне, што вялося пад цынічнымі хлуслівымі лозунгамі пабудовы «светлай будучыні», насамрэч мела на мэце поўнае зняволенне чалавека, яго выкарыстанне ў якасці жывой рэчы. Вынікі гэтага змагання на нашай зямлі — разбураныя і апаганеныя святыні, спустошаныя і пазбаўленыя годнасці чалавечыя душы. Сярод такога жудаснага разбурэння, перадусім духоўнага і маральнага, неабходна было пачынаць вялізную, тытанічную працу адбудовы і адраджэння, працу непасільную для слабых чалавечых магчымасцяў, а часта і няўдзячную.

Для гэтай працы былі неабходныя сапраўдныя тытаны духу, сапраўдныя Асобы, людзі маштабу эпохі Адраджэння. І адным з іх па Божай волі і з Божай ласкі стаў ксёндз Ян Шуткевіч — сапраўдны Чалавек і сапраўдны Святар. 4 чэрвеня на 85-м годзе жыцця ён адышоў у вечнасць, і цяпер, калі яго цела спачыла ў задуменнай цішы гродзенскіх могілак ва ўрочышчы Сакрэт, мне застаецца толькі запознена шкадаваць, што ў размовах з ім не распытаўся як след пра яго жыццёвы шлях. Таму, узгадваючы сёння ксяндза Яна, я магу падзяліцца не столькі фактамі з яго біяграфіі, колькі сваімі ўражаннямі ад гэтай яскравай, неардынарнай асобы, якая тут, на зямлі, так і застанецца для нас з вамі шмат у чым таямніцаю…

Сваё святарскае служэнне Ян Шуткевіч распачаў у 1983 годзе, калі паміраючай «імперыяй зла» кіраваў таксама смяротна хворы стары КДБшнік Юрый Андропаў. Апошнія канвульсіі бязбожнага нялюдскага рэжыму балюча адчуваліся тады ў грамадстве, у якім ужо многія прагнулі пераменаў: прагнулі нарэшце адчуць сябе людзьмі, прагнулі свежага паветра свабоды, прагнулі чыстай вады высокай культуры, прагнулі святла Божай праўды. І толькі лічаныя адзінкі валодалі гэтымі каштоўнасцямі ў такой ступені, што маглі дзяліцца імі з іншымі. І як толькі наогул выжылі гэтыя людзі (а менавіта такім і быў ксёндз Ян) у страшэнных жорнах савецкай сістэмы?

Пра сваё ранняе дзяцінства будучы святар, які прыйшоў на свет 3 ліпеня 1932 года, распавядаў няшмат: вялікі светлы пакой у прыгожым белым палацы на беразе маляўнічага возера, вялікі кудлаты сабака на бліскучай падлозе… А потым дзесьці загінуў бацька, і маці з маленькім Ясем уцякла на Гродзеншчыну, туляліся… З маленства чулы да прыгажосці, да гармоніі, разлітай у Божым свеце, Ян меў вялікія здольнасці да музыкі, што прывяло яго на дырыжорскае аддзяленне Маскоўскай кансерваторыі. Аднак не сімфанічным аркестрам было наканавана дырыжыраваць Яну Шуткевічу, а нязграным аркестрам душаў чалавечых: вучыць іх слухаць Божую гармонію і настройваць па ёй знявечаныя атэізацыяй свае інструменты-сэрцы. Не толькі санаты з кантатамі гучалі з-пад ягоных рук, але загучала з новаю прыгажосцю застылая ў камені музыка адноўленых руплівым святаром занядбаных святыняў у Паставах, Камаях, Лучаі, Лынтупах, мінскай архікатэдры…

Ксёндз Ян, які стаў святаром, ужо маючы за плячыма паўстагоддзя жыцця, вызначаўся сапраўды маладым запалам у сваім душпастырскім служэнні. Яго руплівасць і адданасць Касцёлу яшчэ да святарства была адзначана нават у савецкім друку, калі Ян Шуткевіч стаў героем… антырэлігійнага фельетона! Яму, няўрымсліваму, да рэшты адданаму справе, не заўсёды было лёгка стрымліваць свой кіпучы характар і вулканічную эмацыйнасць. Маючы далікатны, вытанчаны слых, ён не зносіў ніякага фальшу ні ў музыцы, ні ў жыцці і як патрабавальны дырыжор аднолькава рэзка рэагаваў і на фальшывыя ноты, і на фальшывыя паводзіны. Ксёндз Ян, які як ніхто ўмеў бачыць прыгажосць і твораў мастацтва, і кожнага Божага стварэння, абураўся, калі гэтая прыгажосць была скажоная штучнасцю, удаваннем, фарысействам, што, на жаль, часам сустракаецца ў паводзінах нясталых хрысціянаў і нават некаторых духоўных асобаў. Ён быў натурай выбуховай, але бязмежна чулай; чалавекам, поўным разумення і спачування да нашай кволасці, неабыякавым да патрэбаў тых, хто быў побач з ім, заўжды гатовым дапамагаць кожнаму, хто толькі да яго ні звяртаўся. Пры гэтым як бы цяжка не было яму самому, ён ніколі ні ў кога не прасіў дапамогі з-за сваёй вялікай сціпласці, якой у ім многія нават не падазравалі…

Апошнія дваццаць гадоў жыцця ксяндза Яна Шуткевіча прайшлі ў галоўным цэнтры хрысціянства на нашых землях, у нашай старажытнай сталіцы Вільні. Ніколі не забудуся ягоны дом ва ўтульным завулачку на Звярынцы, ціхім і зялёным віленскім раёне, яго заўсёды гасцінна адчыненыя дзверы і самога гаспадара, нязменна радага гасцям, з яго асаблівай паблажлівай і злёгку іранічнай усмешкай чалавека, які шмат бачыў, шмат перажыў, але не зламаўся, не расчараваўся, не ачарсцвеў душою, што захоўвала ў сабе шмат чыстых, дзіцячых рысаў непапраўнага рамантыка. Адкрытасць, шчырасць, шляхетная высакароднасць без ценю фанабэрыі ці самаўзвышэння — вось што было ўласціва ксяндзу Яну — чалавеку і святару, які па моцы веры, адукаванасці і ўзроўні культуры быў асобаю сапраўды маштабаў эпохі Адраджэння. Шчодра адораны Богам, ён не пакідаў толькі для сябе нічога, чым бы не быў гатовы ахвяраваць і падзяліцца.

Калі я наведаў яго ў апошні раз, я бачыў, як моцна ён быў стомлены, як цяжка пакутаваў ад хваробаў. Але ксёндз Ян па-ранейшаму з непадробнаю жывою цікаўнасцю распытваў мяне пра Беларусь, пра жыццё нашага Касцёла, з якім ён быў нават на адлегласці так моцна звязаны і які так аддана любіў. Каля ног пажылога святара сядзеў сабака: не такі, як быў у ягоным дзяцінстве, а невялікі французскі бульдог, што змяніў яго папярэдніх верных чацвераногіх сяброў — таксаў. Хіба што толькі ў адносінах з імі ксёндз Ян не саромеўся ў поўнай меры паказаць сваю кранальную пяшчоту і цеплыню, што не змяшчаліся ў ягоным вялікім сэрцы, якому ўжо патрэбна была дапамога кардыястымулятара. А са сценаў, з якіх калісьці паглядалі строгія і светлыя вочы святых са старажытных абразоў, — іх калісьці было нямала ў гэтага тонкага знаўцы і аматара сакральнага мастацтва, — сумна тырчэлі пустыя цвікі. Абразы былі прададзены, а грошы ўкладзены ў адбудову і аздабленне апошняй святыні, адноўленай святаром-адраджэнцам: віленскага касцёла святога Барталамея на Зарэччы, які стаў родным для беларусаў Вільні (сёння там рэгулярна цэлебруецца святая Імша на беларускай мове).

Ойча Яне, дзякуй Вам за дабрыню, якой на працягу Вашага вялікага жыцця карысталіся многія, у тым ліку не раз і я. Дзякуй за прыклад вернасці і адданасці ў служэнні Богу і людзям, за Вашу непадробную любоў, якая не магла схавацца, нягледзячы ні на што. Таму цяпер, стаўшы перад Езусам, Вы, напэўна, пачуеце з Ягоных вуснаў словы, падобныя да тых, якія Боскі Настаўнік скіраваў калісьці да свайго вучня Барталамея: «Вось сапраўдны чалавек, у якім няма падману. Сапраўды кажу табе: убачыш Анёлаў Божых і Сына Чалавечага, якому ты верна служыў на зямлі і з якім цяпер будзеш у небе навекі».

Дыякан Мікола Гракаў

Гл. таксама:
Крыстына ЛЯЛЬКО :: ІМГНЕННІ ЖЫЦЦЯ Ў ЗДЫМКАХ І ЎСПАМІНАХ ::
Аркадзь ШПУНТ :: ПАМЯЦІ КСЯНДЗА ЯНА ШУТКЕВІЧА ::
Данута БІЧЭЛЬ :: ЗАМЕСТ БЕЛЫХ ПІВОНЯЎ НА СВЕЖУЮ МАГІЛУ КСЯНДЗА ЯНА ШУТКЕВІЧА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY