|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
Святы Ян ад Крыжа
УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬТрактат пра тое, як павiнна падрыхтавацца душа, каб за кароткi час дасягнуць злучэння з Богам. Парады i вучэннi як для пачынальнiкаў, гэтак i для дасведчаных, вельмi карысныя, каб вызвалiцца ад усiх рэчаў дачасных, не абцяжарваць сябе духоўнымi прывязанасцямi i застацца Ў найвышэйшай аголенасцi i свабодзе духу, неабходных для злучэння з Богам. Напiсаны айцом кармэлiтам босым, братам Янам ад Крыжа.Працяг. Пачатак у № 2 (76)/2016.
КНIГА ДРУГАЯ
Разуменне
Раздзел 1 1. У гэтай другой страфе песнi душа апявае свой шчаслiвы лёс, бо яна здолела агалiць свой дух i пазбавiцца ўсiх духоўных недасканаласцяў i жадання валодаць духоўнымi рэчамi. I тым больш шчаслiвы яе лёс, чым большыя высiлкі яна зрабiла, каб усыпiць дом духоўнай часткi душы i ўвайсцi ва ўнутраную цемру — гэта значыць у духоўную аголенасць, адкаснуўшыся ад усiх рэчаў, як пачуццёвых, гэтак i духоўных, абапiраючыся толькi на чыстую веру i праз яе ўзыходзячы да Бога. Менавiта таму душа называе веру таемнымi сходамi, бо ўсе яе прынцыпы — таемныя, схаваныя для пачуццяў i для розуму. Вось чаму душа занураецца ў суцэльную цемру, у поўную адсутнасць натуральнага святла для пачуццяў i розуму. Яна выходзiць па-за межы прыроды i розуму, каб па гэтай Божай лесвiцы веры ўзысцi i пранiкнуць у самыя глыбiнi Бога. I таму гаворыцца ў песнi пераапранутая, бо, узыходзячы па сходах веры, душа змяняе сваю вопратку, свае людскiя паводзiны i мэты на Божыя. I з прычыны гэтага пераапранання яе не пазнаюць i не спыняюць нi прамінальныя рэчы, нi рацыянальныя, нi д’ябальскiя. Нiводная з гэтых рэчаў не можа пашкодзiць таму, хто крочыць у веры. Больш за тое, душа настолькi схаваная, абароненая i недасяжная для ашуканстваў сатаны, што сапраўды крочыць, як тут гаворыцца, у змроку, нiкiм не заўважаная, бо для д’ябла святло веры цямнейшае за змрок. I таму мы можам сцвердзiць, што душа крочыць таемна i прыхавана, незаўважна для сатаны. Далей гэта стане больш зразумелым. 2. Душа кажа, што яна выйшла ў змроку з упэўненасцю. I гэта таму, што той, каму пашчасцiла ўвайсцi ў цемру веры, як мы казалi, рушыць гэтым шляхам вельмi ўпэўнена, бо абапiраецца на веру, як сляпы на павадыра, пакiдаючы ў баку ўсе прыродныя вобразы i духоўныя сэнсы. Душа дадае таксама, што, калi яна выйшла ў ноч, увесь дом заснуў, а гэта значыць, што, калi яна дасягае злучэння з Богам, яе духоўная i рацыянальная частка, усе яе прыродныя здольнасцi, яе парываннi i пачуццёвыя ўзрушэннi засынаюць. Вось чаму нельга сказаць, што душа выйшла ўзрушаная, як у першую Ноч пачуццяў. Бо для таго, каб увайсцi ў Ноч пачуццяў i агалiцца з усяго пачуццёвага, неабходна было, каб душа ўзрушылася пачуццёваю любоўю. Адначасова, каб усыпiць дом духу, неабходна, каб усе духоўныя здольнасцi, упадабаннi i жаданнi адмовiлiся самi ад сябе ў чыстай веры. Як толькi гэта адбудзецца, душа злучыцца з Каханым у простым паяднаннi чысцiнi, любовi i падабенства. 3. Неабходна заўважыць, што ў першай страфе, калi гаворыцца, што душа выйшла ў цёмную ноч, маецца на ўвазе яе пачуццёвая частка, у другой жа страфе гаворка iдзе пра яе духоўную частку, i гэта яна выходзiць у цемру, паколькi змрок духу значна большы за цемру пачуццяў. Змрок ночы значна цямнейшы за цемру, у якой, нягледзячы на адсутнасць святла, яшчэ можна нешта разгледзець. Але ў змроку нiчога не бачна. Такiм чынам, у цемры Ночы пачуццяў застаецца невялiчкае святло, таму што разуменне i розум пакуль не аслепленыя, у той час як на працягу Ночы духу, гэта значыць веры, розум i пачуццi пазбаўляюцца ўсялякага святла. I таму гаворыцца, што душа выходзiць у змроку, але з упэўненасцю, бо, чым менш яна дзейнiчае, выкарыстоўваючы свае прыродныя здольнасцi, тым больш упэўнена яна крочыць у веры. Пра ўсё гэта я буду гаварыць больш падрабязна ў другой кнiзе, але неабходна, каб верны чытач вельмi ўважлiва сачыў за маiмi разважаннямi, бо я буду тлумачыць вельмi важныя рэчы для тых, хто мае сапраўдную духоўнасць. I нават калi гэтыя рэчы трохi цьмяныя, я ўпэўнены, што разуменне адной адкрые шлях да яснага разумення наступных.
Раздзел 2 1. З гэтага моманту я пачну гаварыць пра другую частку Цёмнай ночы — веру, якая, як я ўжо казаў, з’яўляецца найвыдатнейшым сродкам для дасягнення мэты, якой ёсць Бог, якi з’яўляецца для душы прычынаю трэцяй часткi гэтай ночы. Вера, як сродак, параўноўваецца тут з поўначчу1. Вось чаму можна сказаць, што для душы яна значна больш змрочная, чым першая частка ночы, i пэўным чынам яна таксама змрачнейшая, чым трэцяя яе частка. Бо сапраўды, першая частка, гэта значыць Ноч пачуццяў, падобная да прыцемкаў, калi паступова становяцца нябачнымi ўсе пачуццёвыя рэчы, але святло яшчэ не цалкам знiкла, як гэта бывае апоўначы. Падчас трэцяй часткi ночы, калi пачынае вiднець i наблiжаецца дзённае святло, ужо не так змрочна, як апоўначы, бо ўжо зусiм блiзка яўленне i пазнанне дзённага святла, якое параўноўваецца з Богам. Таму, гаворачы зямною моваю, сапраўды Бог для душы — гэта абсалютная цёмная ноч, гэтаксама, як i вера. Але калi душа пройдзе праз усе тры часткi ночы, якiя для душы натуральна з’яўляюцца цемраю, напрыканцы Бог пачынае звышнатуральна асвячаць душу промнем свайго Божага святла, гэта i будзе пачаткам дасканалага злучэння, бо яно адбываецца адразу ж пасля трэцяй часткi ночы, i таму можна сказаць, што гэта апошняя частка менш змрочная. 2. Другая частка ночы больш змрочная, чым першая. Першая ноч датычыць нiжэйшай часткi чалавечай душы — пачуццёвай, i, як вынiк, яна больш знешняя. Другая ж частка ночы — ночы веры — датычыць найвышэйшай часткi чалавечай душы — рацыянальнай, i, як вынiк, яна больш унутраная, а значыць i больш цёмная, бо яна пазбаўляе душу рацыянальнага святла цi, дакладней кажучы, асляпляе. I таму справядлiва параўнаць яе з поўначчу — самым глыбокiм і змрочным часам ночы. 3. Цяпер жа я паспрабую прадэманстраваць, якiм чынам другая частка ночы з’яўляецца ноччу для духу, падобна як першая яе частка ёсць ноччу для пачуццяў. Далей я таксама скажу, што гэтай ночы духу перашкаджае i што душа павiнна дзейсна зрабiць, каб увайсцi ў яе. I ўжо ў трэцяй кнiзе мы пагаворым пра бяздзейнасць душы i пра тое, як Бог дзейнiчае ў ёй без яе ўдзелу, каб увесцi яе ў цёмную ноч веры.
Пераклад з іспанскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|