|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
Заснаванне беларускага кнігадруку — самая значная і выдатная падзея ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, самая яркая старонка Залатога веку Беларусі. Адбылося гэта 6 жніўня 1517 года. І гэта была чацвёртая хрысціянская Біблія на нацыянальнай мове. Выданне беларускай Бібліі ў чэшскай Празе — справа надзвычай маштабная і шматгранная, за якою стаіць тытанічная падрыхтоўчая праца: пераклад Бібліі на даўнюю беларускую мову, праца перакладчыка, пісьменніка і рэдактара. Францыск Скарына амаль да кожнай кнігі напісаў свае прадмовы і пасляслоўі. Былі вынайдзеныя, створаныя і адлітыя шрыфты. Да кожнай кнігі створаны кампазіцыі ілюстрацыяў, заставак, загалоўных літараў, выраблены дошкі (клішэ) ілюстрацыяў (дрэварыты). Апрача гэтага, трэба было падрыхтаваць прыезд Скарыны ў Прагу і ўладкаваць у сталіцы Чэхіі сваю майстэрню або арандаваць друкарню, набраць работнікаў або прывезці іх з сабою і ўсім забяспечыць пражыванне ў вялікім горадзе. І ўсё гэта каштавала немалых грошай. Мяркую, што значную падрыхтоўчую працу Скарына правёў дома, у Вялікім Княстве. Але дзе? У Полацку ці Вільні? Мяркую, што ў Вільні — усё ж сталіца, сувязі, прадпрымальніцкія колы, улады і г. д. Зразумела, што такую маштабную працу можна было ажыццявіць пры магутнай фінансавай падтрымцы фундатараў Францыска Скарыны, але зараз мы будзем гаварыць выключна пра партрэт Ф. Скарыны, змешчаны ім у дзвюх кнігах Бібліі, у 1517 і 1518 гг. Перад намі графічны партрэт Францыска Скарыны, надрукаваны ў кнізе «Ісус Сірахаў» (1517 г.) і ў кнізе «Царствы» (1518 г.). Гэта дрэварыт, для якога выкарыстоўвалі самшыт — цвёрдую пароду дрэва, магчыма, грушу. Партрэт Скарыны — твор выдатны, унікальны паводле ўсіх патрабаванняў кампазіцыі і зместу, а таксама яго ролі ў нашай гісторыі і культуры. Вось ужо 500 гадоў гэты партрэт з’яўляецца неад’емнай часткаю беларускай культуры і актыўна сімвалізуе Рэнесанс у ВКЛ, які ўзняў нашу культуру на сусветныя вышыні. Перад намі адметны партрэт у інтэр’еры, які выдатна дэманструе канцэптуальныя падыходы да мастацтва эпохі Адраджэння. Партрэт з той галерэі партрэтаў, якія стваралі выдатныя прадстаўнікі эпохі Вітторэ Карпаччо, Леанарда да Вінчы, Альбрэхт Дзюрэр, Рафаэль. Скарына максімальна набліжаны да гледача, свядома вылучаны на пярэдні план кампазіцыі. Такі кампазіцыйны прыём цалкам адпавядае духу рэнесанснага мастацтва, але і інтэр’ер гаворыць пра тое ж самае. Ён максімальна нагружаны духоўна і матэрыяльна. Тут кожная рэч гаворыць пра значнасць героя выявы і напоўніцу раскрывае вобраз асветніка. На партрэце Ф. Скарына паказаны як пісьменнік і перакладчык. Справа ад яго на падстаўцы — кніга, у якую асветнік пазірае вельмі выразным поглядам. Леваруч ад асветніка мы бачым кнігі і на падаконніку, і на лаўцы. Тут, у спецыяльнай скрынцы, захоўваюцца дошкі (клішэ) дрэварытаў. Злева ад асветніка, на ўзроўні плячэй, змешчана кляпсэдра — пясочны гадзіннік, які сімвалізуе адметны час Скарыны і няўмольны поступ наперад. Важным элементам кампазіцыі партрэта з’яўляецца свечка з люстэркам-адбівальнікам. Вядома, гэта ўтылітарная рэч для святла, але ў мастацкім сэнсе гэтая свечка сімвалізуе святло навукі і мастацтва. Пчала сімвалізуе працаздольнасць і працу наогул як дзейнасць чалавека. Столік, за якім сядзіць Ф. Скарына, накрыты ручніком з вышытым арнаментам, які ў спрошчаным выглядзе нагадвае беларускі. Унізе буйным планам паказаны герб Ф. Скарыны, прамяністае сонца і месяц з людскімі тварамі, якія сімвалізуюць асвету і святло навукі і кнігі як светачу Адраджэння. У верхнім левым куце кампазіцыі мы бачым армілярную сферу, якая сведчыць пра Скарыну як пра выдатнага навукоўца, гуманіста, асветніка, аднаго з самых адукаваных людзей эпохі Адраджэння. Вянчае вобраз Ф. Скарыны трыумфальная брама, якая знаходзіцца за спінаю асветніка, а ў самым версе над брамаю — вянец з дубовага лісця, над якім вісіць табліца з вядомаю датаю, напісанай кірыліцаю, — 1517. Гэта пачатак кнігадруку ў ВКЛ. А ўнізе дрэварыту — табліца з надпісам «Доктар Францыск Скарына».
А зараз мы звернем увагу на вельмі важныя дэталі партрэта. Злева і справа ад постаці Ф. Скарыны на геральдычных шчытах, на якія абапіраюцца ільвы (постаці таксама геральдычныя), змешчаны два знакі:
У пошуках пацвярджэння ўдзелу ў грандыёзным мерапрыемстве вялікага гетмана ВКЛ К. Астрожскага мне пашчасціла выявіць і іншых фундатараў. Даследуючы партрэт Ф. Скарыны, варта сказаць яшчэ наступнае: сам факт змяшчэння ў кнігах Бібліі, у сакральнай літаратуры, партрэта свецкай асобы, партрэта выдаўца, пісьменніка, асветніка, у пэўнай ступені аўтара аўтапартрэта — з’ява абсалютна ўнікальная. Скарына — не святы, не царкоўнік, не манах. Ён асветнік і рэфарматар думкі чалавецтва, першы вядомы дэмакрат у гісторыі ВКЛ. Гэта першы прыклад працы такога кшталту ў еўрапейскай культуры, у еўрапейскім мастацтве. Так, напрыклад, партрэт Ё. Гутэнберга з’яўляецца больш чым праз 100 гадоў пасля ягонага жыцця, у канцы XVI ст. Невядома, па якіх візуальных прыкметах ці вусных успамінах мастак кіраваўся ў працы над вобразам германскага першавыдаўца. Гэта амаль фантастычны партрэт, не параўнальны з партрэтам Ф. Скарыны, з ягонай мастацкай канцэпцыяй. І ў такім выпадку дапушчальная думка, што галоўную ролю ў драматургіі партрэта, пабудове ягонай кампазіцыі адыграў і выканаў сам Ф. Скарына. Без ягонай канцэптуальнай задумы, магчыма, нават падрыхтоўчых эскізаў, партрэта ў такім выглядзе не было б наогул. Эстэтычная крыніца, вытокі партрэта Скарыны беларускімі даследчыкамі вызначаюцца досыць дакладна. Ён вынікае з літоўскіх летапісаў, рукапісаў і рукапіснай кнігі, якія былі добра ілюстраваныя. Гэта мініяцюрныя партрэты з «Княскай сям’ёй», выява якой змешчаная ў «Ізборніку Святаслава» (1073), князя Яраполка, які княжыў у 1078–1086 гг. у Тураве, і ягонай жонкі; Аршанскае Евангелле XII ст. паказвае Луку і Мацвея пішучымі за столікамі, як і Скарыну. Вобразы «святых пісьменнікаў» адлюстраваныя ў Лаўрышаўскім, Шарашоўскім, Жыровіцкім і іншых Евангеллях. Вобразы сонца і месяца вядомыя ў еўрапейскай мастацкай культуры. Але толькі ў Радзівілаўскім летапісе сонца і месяц аб’яднаныя ў адзін вобраз. У беларускай народнай казцы «Удовін сын» гэты беларускі казачны герой, зваяваўшы цмока, вызваляе сонца з месяцам і вяртае іх на неба. Мяркую, што казку гэтую, калі не чытаў Франак, то чуў у аповедах сваіх бацькоў і бабуль з дзядулямі. Радзівілаўскі летапіс складаўся ў XIII–XVI стст. Малюнкаў у ім было больш за 600. Гэта ёсць своеасаблівая сярэднявечная энцыклапедыя па многіх галінах культуры, гісторыі і мастацтва ВКЛ. І Скарына гэты летапіс мог вывучаць. А яшчэ было шмат іншых крыніцаў, якіх мы не ведаем. Радзівілаўскі летапіс у свой час быў вывезены ў Санкт-Пецярбург, дзе і захоўваецца цяпер. І Скарына — кніжнік, навуковец, пісьменнік — гэта ведаў і меў на ўвазе падчас працы над партрэтам уласнай персоны, захоўваючы і прымяняючы старажытныя традыцыі беларускага мастацтва ў працы над уласным партрэтам. Але як мастак, асветнік эпохі Адраджэння Ф. Скарына напоўніў свой партрэт усімі неабходнымі адзнакамі Рэнесанса, гуманістычным зместам, падняўшы выяву Чалавека да рэнесансных вышыняў.
Пра Біблію Ф. Скарыны пачыналі пісаць ужо ў XVI–XVIII стст. Адкрыццё ж партрэта належыць расейскаму навукоўцу І. Снегірову, які ў 1830 г. даў яго апісанне, хаця гэтае апісанне было зроблена паводле копіі А. Фларова. У 1864 г. партрэт Скарыны прыгадаў расейскі навуковец і культурны дзеяч У. Стасаў. Ён сказаў: «…гэты партрэт з’яўляецца самай лепшай гравюрай у Бібліі Скарыны». Пазней партрэт даследавалі І. Каратаеў, Д. Равінскі і многія іншыя даследчыкі. Але, як правіла, яны карысталіся копіяй партрэта. Упершыню арыгінал партрэта рэпрадукаваў П. Уладзіміраў на франтыспісе сваёй манаграфіі ў 1888 г.
Уласна беларускае скарыназнаўства пачалося з навуковай дзейнасці прафесара Віленскага ўніверсітэта, доктара тэалогіі, філосафа, беларускага славіста Міхала Баброўскага, прыхільніка адраджэння беларускай дзяржаўнасці і культуры, які ў 1823 г. знайшоў Супрасельскі рукапіс у бібліятэцы Супрасельскага ўніяцкага кляштара, у якім быў змешчаны спіс прадмоваў Скарыны да ягонага пражскага Псалтыра 1517 года. М. Баброўскі напісаў працу, у якой разглядаў друкарскую дзейнасць Ф. Скарыны і ягоных паслядоўнікаў. На пачатку беларускага адраджэнння, у навейшым часе, у 1909 г., С. Палуян апублікаваў кароткую нататку пра Ф. Скарыну ў газеце «Наша Ніва». У «Каляднай пісанцы» 1913 г. прыгадваецца Скарына і ягоная дзейнасць. У далейшым, у другой палове 1910-х гадоў, М. Багдановіч напіша вершы, прозу і навукова-папулярныя артыкулы на тэму дзейнасці Скарыны. У 1920 г. М. Гарэцкі ў «Гісторыі беларускай літаратуры» (ІV выданне, Вільня) змясціў біяграфічны нарыс пра Ф. Скарыну, у якім быў надрукаваны і партрэт першадрукара. У наступным выданні партрэт быў змешчаны на вокладцы. Пра Ф. Скарыну М. Гарэцкі пісаў і ў іншых публікацыях.
Беларускія патрыятычныя, культурна-грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі ўпершыню пачалі папулярызаваць дзейнасць Скарыны і, зразумела, яго партрэт. Больш за 100 гадоў таму ў Вільні ў 1915 г. была выдадзеная паштоўка, а ў 1918 г. выйшла ў свет марка новай незалежнай дзяржавы – БНР, з выяваю Ф. Скарыны. Так пачаліся даследаванне і папулярызацыя дзейнасці Ф. Скарыны ў Беларусі ў навейшым часе. Але і гэтыя праекты трымаліся на копіі і на саматужных малюнках, у аснове якіх ляжаў не арыгінальны партрэт, а ў лепшым выпадку самастойныя версіі партрэта. У Савецкай Беларусі нацыянальнае скарыназнаўства пачало развівацца ў 1920-я гады. Па-ранейшаму досыць імкліва і вынікова складвалася і развівалася скарыназнаўства ў Заходняй Беларусі ў Вільні. Аднак для таго, каб аддзяліць аўтэнтычны арыгінальны партрэт Ф. Скарыны ад недасканалых копій, спатрэбілася вельмі шмат часу, амаль усё XX стагоддзе. Аб гэтым і будзе размова на завяршэнні нашага аповеду пра партрэт Скарыны. Нават такі выдатны даследнік беларускага мастацтва, у тым ліку мастацкай скарыніяны, як М. Шчакаціхін у сваіх публікацыях спасылаўся на копіі партрэта, а не на арыгінал. Даследавалі партрэт першадрукара і іншыя навукоўцы: В. Ластоўскі, І. Дварчанін, У. Пічэта, М. Кацар, М. Алексютовіч, С. Александровіч, А. Коршунаў, В. Чапко, Я. Неміроўскі, Л. Царанкоў, Л. Баразна, У. Калеснік, Я. Юхо, М. Прашковіч і іншыя. Але ў іх публікацыях часцей за ўсё фігуравалі копіі. У 1972 г. з друку выйшаў альбом «Гравюры Францыска Скарыны», падрыхтаваны Лявонам Баразною — выданне своечасовае і грунтоўнае для засваення мастацкай спадчыны першадрукара. Аднак і Лявон Баразна не здолеў вылучыць і аддзяліць копіі XIX ст. ад арыгінальнага партрэта Францыска Скарыны. Найвялікшы ўклад у вывучэнне партрэта і ўсёй мастацкай спадчыны Ф. Скарыны ўнёс выдатны беларускі навуковец Віктар Шматаў, які па гэтай тэме абараніў доктарскую дысертацыю. Ён разам з У. Конанам даў грунтоўнае апісанне ўсіх ілюстрацыяў, змешчаных у кнігах беларускай Бібліі, і навуковы аналіз партрэта Ф. Скарыны, і, самае галоўнае, паказаў, што ў публікацыях партрэта 1517 і 1518 гг. фігуруе адзін партрэт, надрукаваны з адной аўтарскай дошкі; у кнізе «Царствы» (1518 г.) стаіць тая ж самая дата, напісаная кірыліцаю, — 1517, толькі знікла пчала. Ад сябе мушу дадаць, што другі партрэт — 1518 года — на 1 мм большы за партрэт 1517 года. І гэта лагічна: кожны мастак-практык ведае, што з цягам часу дошка ад ўздзеяння прэса расплюшчваецца. В. Шматаў паказаў, што арыгінальны партрэт Ф. Скарыны — гэта выдатны твор графічнага мастацтва Вялікага Княства Літоўскага, найвышэйшае дасягненне ў галіне выяўленчага мастацтва эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Шматаў таксама даказаў, што копіі — толькі аддаленае падабенства да арыгінала, якія да творчасці Скарыны ніякага дачынення не маюць. Гэта адбылося ў 1986–1989 гг. Дзякуючы аналітычнаму розуму В. Шматава, яго эрудыцыі, энергіі і пошукаваму ўмельству партрэт Ф. Скарыны заняў сваю пачэсную нішу ў беларускім мастацтве. Тым не менш, яшчэ і сёння з’яўляюцца публікацыі пра Ф. Скарыну, нават у прэстыжных выданнях па гісторыі беларускага мастацтва, якія ілюструюцца не арыгінальным партрэтам 1517 г., а копіяй 1830 г., што ў значнай ступені тлумачыцца некампетэнтнасцю мастацкіх рэдактараў і бескантрольнасцю аўтараў. Гэта адбываецца нават сёлета, падчас 500-годдзя беларускага кнігадруку. У свой час В. Шматаў са скрухаю заўважыў, што ў матэрыяле пра партрэт, змешчаным у «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», нават не згадваецца пра партрэт нашага асветніка (БелСЭ, т. 8, с. 112, 1975 г.). Затое ў новай Энцыклапедыі (т. 12, 2001 г. выдання) у артыкуле «Партрэт» ёсць згадка пра партрэт Ф. Скарыны ў аб’ёме двух радкоў — прагрэс відавочны... Сёння дзейнасць Ф. Скарыны, ягоную спадчыну вывучаюць у многіх краінах Еўропы: у Літве, Латвіі, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Італіі, Даніі, Брытаніі, Украіне, а таксама ў ЗША. Увага да навуковага скарыназнаўства павінна панаваць у доме Скарыны — у Беларусі. На тэарэтычным і мастацкім узроўні мы павінны ўсведамляць, што беларускае скарыназнаўства прайшло два этапы: пачатковы і развіты, які сімвалізуе працу ў гэтай галіне В. Шматава. У ХХІ ст. ні ролю Скарыны, ні ягоную мастацкую творчасць нельга ацэньваць меркамі XX ст. Партрэт Ф. Скарыны 1517 года — найярчэйшы твор мастацтва эпохі Адраджэння еўрапейскага ўзроўню. Калі мы дагэтуль не ведаем гравёра партрэта і хто хаваецца за манаграмаю ЗМ, то за зместам і формаю, ягонаю этнічнай і духоўнай напоўненасцю, гуманістычнай рэнесанснай ідэяй стаіць, безумоўна, сам Францыск Скарына. Мяркую, Лявон Баразна меў рацыю, калі пісаў пра аўтарства Ф. Скарыны ў стварэнні партрэта. Наогул, улучыўшыся ў вывучэнне мастацкай спадчыны Ф. Скарыны, разумееш, наколькі вялікая і неабдымная планета Скарыны, і можна дапусціць, што грунтоўнае даследаванне ўсёй спадчыны першадрукара па-сапраўднаму толькі што і пачалося, сягае да сваёй будучай вышыні. Невыпадкова сённяшнія чэшскія скарыназнаўцы называюць Ф. Скарыну чалавекам свету. І гэта лагічнае і справядлівае меркаванне. Нас жа асабліва ўзрушаюць і цешаць ягонае полацкае (літоўскае) паходжанне, ягоныя беларускія матывы і тытанічная ахвярная праца першадрукара, перакладчыка і пісьменніка на карысць нашай Бацькаўшчыны.
Гл. таксама:
|
|
|
|