|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ
|
|
Ад моманту нараджэння значную ролю ў станаўленні асобы, выпрацоўцы ёю індывідуальнай быційнай канцэпцыі, вызначэнні маральна-этычных прыярытэтаў як асновы жыццёвага выбару і рэгулятара сацыяльных паводзінаў у грамадстве адыгрывае сям’я. Заснаваная на хрысціянскіх прынцыпах любові і павагі да бліжняга, яна садзейнічае духоўнаму развіццю чалавека, гарманізацыі яго стасункаў з навакольным светам.
З вядомых на сённяшні час матэрыялаў не толькі біяграфічнага, але і гістарычна-культуралагічнага характару вынікае, што фарміраванне індывідуальнасці Яся Луцэвіча — у будучыні паэта Янкі Купалы, крышталізацыя яго хрысціянскіх поглядаў на самым значным першапачатковым этапе жыцця адбывалася ў сямейным асяроддзі збяднелай беларускай шляхты, якая належала паводле веравызнання да рымска-каталіцкай канфесіі і з пашанаю ставілася да рэлігійных традыцый.
Паводле біяграфіі Івана Дамінікавіча Луцэвіча, ён прыйшоў на свет 7 ліпеня (па новым стылі) 1882 года ў сям’і Дамініка Ануфрыевіча і Бянігны Іванаўны Луцэвічаў. Бацькі паэта з самога дзяцінства былі далучаны да веры Хрыстовай. Дамінік Ануфрыевіч, які нарадзіўся 4 мая 1846 г. у шляхецкай сям’і Ануфрыя і Валерыі Луцэвічаў — уладальнікаў засценка Лазараўшчына Ігуменскага павета Мінскай губерні, 12 мая быў ахрышчаны паводле рымска-каталіцкага абраду ўздзенскім вікарыем, ксяндзом Юзафам Свянціцкім1. З’яднаўшыся з Касцёлам, ён на працягу ўсяго свайго жыцця не парываў гэтай повязі, а калі адчуў блізкі подых ранняй смерці, папрасіў, каб яго пахавалі на цвінтары кораньскага касцёла святога Антонія2.
Згодна з успамінамі пляменніцы Янкі Купалы Я.Ю. Раманоўскай, сям’я Валасевічаў, з якой паходзіла маці паэта Бянігна Іванаўна, таксама вызначалася адданасцю ў веры. Бабуля паэта Кацярына не толькі выдаткавала грошы на ўзвядзенне касцёла ў Рубяжэвічах і амбоны ў ім, але і «падаравала касцёлу ікону Маці Божай Вастрабрамскай...3
Будучы шчырымі католікамі, Дамінік і Бянігна Луцэвічы ў адпаведнасці з традыцыяй праз абрад хросту далучылі да Хрыстовай веры свайго першынца, аб чым сведчаць запісы ў метрычнай кнізе радашковіцкага касцёла Вілейскага дэканата Вілейскай епархіі за 1882 год: «Тысяча восемьсот восемьдесят второго года июля двенадцатого дня в Радошковичском р[имско-] к[атолическом] приходском костеле крещен младенец по имени Иван кс. Станиславом Сульжинским, вилейским деканом, с совершением всех обрядов таинства. Дворян: Доминика и Богумилы с Волосевичей Луцевичей зак[онных супр[угов], сын, родившийся 25 июня сего года в имении Вязынке. Восприемниками были Иосиф Банцаревич с Олимпиею Замбржицкою»4.
Гэты дакумент цікавы яшчэ і тым, што на прыкладзе асобнай сям’і ён яскрава перадае пануючую атмасферу ў беларускім грамадстве напрыканцы ХІХ ст. Так, згодна з вышэйпрыведзеным запісам, бацькі Янкі Купалы па-ранейшаму адносілі сябе да шляхты, хоць у 1860-я гг. былі пераведзены ў стан мінскіх мяшчанаў, бо не змаглі пацвердзіць сваю прыналежнасць да гэтага саслоўя. На думку Г. Кісялёва, будучы «ўнутрана нязгодныя» з рашэннем уладаў, сваімі паводзінамі яны сведчылі аб «пэўнай апазіцыйнасці»5 да царскага ўраду. Выяўляючы цвёрдасць уласнай пазіцыі, бацькі паэта такім чынам заяўлялі пра непрымальнасць несправядлівага стаўлення да сваіх правоў, баранілі свой чалавечы гонар. Не менш істотна і тое, што іх смелы ўчынак быў падтрыманы святаром — духоўным настаўнікам, які не пабаяўся выказаць хрысціянскую салідарнасць з вернікамі. Думаецца, што гэта мела глыбокі сімвалічны змест і, магчыма, прадвызначыла лёс Янкі Купалы як абаронцы пакрыўджаных, прарока, які сілаю свайго таленту клікаў беларусаў змагацца за права «людзьмі звацца» і верыць у шчаслівую будучыню, асветленую Хрыстовай любоўю, знаходзячы на гэтым няпростым шляху паплечнікаў сярод святарства, што шчыра падтрымлівала ідэі нацыянальнага адраджэння.
Далучыўшы дзіця да жыцця Касцёла, бацькі садзейнічалі таму, каб яно магло выконваць неабходныя абрады. Паколькі на той час службы адпраўляліся на польскай мове, то з яе засваення распачынаўся працэс навучання ў каталіцкіх сем’ях, даючы магчымасць маладому пакаленню «…шаптаць пацеры, мовіць пахвалёнку, уваходзіць у хату, карыстацца рэлігійнымі кніжкамі і катэхізісам, малітоўнікам, кантычкай (зборнікам рэлігійных песняў)…»6.
Бацька будучага паэта быў арандатарам, таму яго сям’і даводзілася часта пераязджаць, што не спрыяла сістэматычнай адукацыі сына. Аднак, клапоцячыся аб тым, каб Ясь атрымаў першапачатковыя веды, Дамінік Ануфрыевіч наймаў для яго так званых вандроўных настаўнікаў. З гэтай мэтай у сям’ю Луцэвічаў быў запрошаны і настаўнік Патаповіч. Яго падыход да працэсу навучання заключаўся ў тым, каб вучань запамінаў малітвы, якія здольны Ясь спасціг «з ходу»7. Затым ён адправіўся па веды ў Аўгустова і Слабодку да бацькавых знаёмых Стацкевіча і Ляскоўскага, дзе па чарзе правучыўся адну зіму8 ў двух «дарэктараў».
Пазней, раскрываючы прычыны распаўсюджанасці такога тыпу настаўніцтва сярод беларусаў напрыканцы ХІХ ст., Янка Купала ў адным з лістоў да Л. Клейнбарта пісаў, што было вельмі мала школаў і навучалі ў іх пераважна па-польску. «Не абыходзілася і без пераследу вандроўных настаўнікаў, а таксама бацькоў»9.
Імкненне царскіх уладаў разбураць культурныя і рэлігійныя асновы быцця беларускай шляхты, ствараючы перашкоды ў рэалізацыі права на свабоду сумлення, выклікала ў мясцовага насельніцтва не толькі ўнутраны супраціў, але і ўзмацняла яго прывязанасць да традыцыйных каштоўнасцяў, нягледзячы на пагрозу пакарання. Бацькам Яся Луцэвіча няпроста было адшукаць настаўніка, які б не толькі даў іх сыну неабходныя веды, але і садзейнічаў яго духоўнаму росту. Таму, калі будучы паэт перастаў наведваць хатняга настаўніка ў Гаянах, бацька аддаў яго пад апеку фельдфебеля з ваеннага лагера, што мясціўся недзе пад Мінскам. У выніку Ясю давялося засвойваць на памяць трапары (тэксты малітоўных спеваў праваслаўнага набажэнства)10. Для таго, каб вучыць іх, Ясь павінен быў валодаць рускай мовай. У аўтабіяграфіі, напісанай у 1940 г., Янка Купала адзначаў: «Грамоте меня учили сначала по-польски при посредстве вольнонаёмных бродячих учителей. Но однажды мне попался русский «календарь», на котором написано было «Дозволено цензурой». Впоследствии я вспоминал эту, казавшуюся мне безобидной, надпись с горькой иронией, но тогда меня заинтересовал русский шрифт, отличный от знакомого мне латинского, и с помощью няньки я быстро овладел русской грамотой»11.
Аднак у асяроддзі, дзе гадаваўся будучы творца, гучала не толькі польская, але і беларуская мова. Нягледзячы на тое, што першая з іх «была ў сям’і Луцэвічаў... афіцыйнай, святочнай, параднай», якой «карысталіся, калі прымалі паважаных гасцей, калі звярталіся да пана, калі ездзілі на фэст, калі маліліся ў касцёле»12, другая займала не менш значнае становішча і выкарыстоўвалася значна часцей у побыце, пры стасунках з людзьмі.
Паходзячы з сям’і беларускай шляхты рымска-каталіцкага веравызнання, паэт з дзяцінства, дзякуючы выхаванню бацькоў, далучыўся да каталіцкай традыцыі, засвоіў хрысціянскія духоўныя каштоўнасці, якія сталі асноваю яго светапогляду.
|
|
|