Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку

КРЫНІЦЫ НАТХНЕННЯ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
In memoriam

СВЯТАР ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ

КЛЮШЧАНЫ КАЗІМІРА СВАЯКА

КАСЦЁЛ У КЛЮШЧАНАХ
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Асобы

«ПАКЛІЧУ ТОЛЬКІ СВЕТЛАЕ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Асобы

ЛТІОЎСКІ АРЫСТЫД

ПЕСНЯ — ДУША НАРОДА
Музыказнаўства
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Прэзентацыя

Андрэй ШПУНТ

ЛТІОЎСКІ АРЫСТЫД

«З Белапятровічам каго мы зараз змерым? »
Адам Міцкевіч, «Пан Тадэвуш».

Герб «Абданк».

Макіявэлі сцвярджаў, што палітыка і мараль — рэчы вельмі розныя, а таму для дасягнення палітычных мэтаў усе сродкі добрыя. У другой палове XVIII ст. наш суайчыннік Юрый Белапятровіч нагадаў і цвёрда засведчыў, што грамадска-палітычная дзейнасць можа і павінна падпарадкоўвацца нормам хрысціянскай маралі.

Трэба было мець сапраўды выдатныя цноты, каб не згубіцца ў тагачасным віры з усімі канфедэрацыямі, рокашамі*, свавольствам магнатаў, іншымі шляхецкімі «забавамі» і быць названым «літоўскім Арыстыдам».

Нярэдка россып адрывачных, ускосных звестак аб пэўнай постаці складаецца ў цэльны, яркі вобраз. Больш за тое, нават калі б і не было гэтых звестак, а была толькі нейкая дэталь, напрыклад, мянушка — і гэтага бывае дастаткова, бо, як ні дзіўна, пра людзей, якія жылі шмат стагоддзяў назад, мы ведаем часцей куды болей. Яны — нібы зорнае святло, водблеск якога падае на кагосьці з нашых забытых суайчыннікаў, і таму іх постаці становяцца выразнымі і зразумелымі. Ведаючы пра Арыстыда, мы ведаем і пра Белапятровіча, і тыя звесткі, што маем, тыя рысы, па сутнасці толькі робяць партрэт (якога няма) нашага героя больш поўным.

 

Статуя Арыстыда ў Ватыкане.

Арыстыд (каля 540–467 гг. да Н.Х.) — афінскі палкаводзец і дзяржаўны дзеяч эпохі грэка-персідскіх войнаў. Герой бітваў пры Марафоне, Саламіне і Платэях; камандуючы Афінскім флотам (478 г. да Н.Х.); стваральнік Дэласкага саюзу (Афіны і грэчаскія полісы Малой Азіі); захавальнік саюзнай касы (477 г. да Н.Х.).

На тле разнастайных выдатных афінскіх постацяў — Фемістокла, Кімона, Нікія, Алківіада, Дэмасфена і нават Перыкла — Арыстыд адзіны, у кім шматлікія антычныя аўтары — Герадот, Тымакрэонт Радоскі, Арыстафан, Платон, Карнэлі Непат, Плутарх — не знайшлі ніводнага недахопу: ён заўсёды справядлівы, сумленны, непадкупны і бедны. У ХІХ ст. да гэтых характарыстык далучыліся такія буйныя даследчыкі старажытнай Грэцыі, як Джордж Грот, Макс Дункер і Эрнст Курцыюс.

З-за інтрыгаў свайго апанента Фемістокла ў 482 г. да Н.Х. Арыстыд быў падвергнуты астракізму і з’ехаў у Эгіну. Паводле Плутарха, калі адбываўся збор астраконаў (чарапкоў), нейкі непісьменны селянін працягнуў Арыстыду — першаму, хто трапіўся яму насустрач, — чарапок і папрасіў напісаць імя «Арыстыд». Той запытаў, ці не пакрыўдзіў яго нейкім чынам гэты Арыстыд. «Не, — адказаў селянін, — я нават не ведаю гэтага чалавека, але мне надакучыла чуць на кожным кроку «справядлівы» ды «справядлівы». Арыстыд нічога не адказаў, напісаў сваё імя і вярнуў чарапок.

Падчас уварвання персаў у Грэцыю Фемістокл, карыстаючыся зручным момантам, прапанаваў, як сапраўдны палітык у сучасным разуменні гэтага слова, «план карысны і выратавальны для афінянаў», — спаліць увесь саюзны флот грэкаў, каб Афіны засталіся адзіным полісам Элады з ваенна-марскім флотам. Арыстыд адказаў, «што няма нічога больш карыснага, але ў той жа час больш несумленнага, чым тое, што задумаў Фемістокл», і афіняне адмовіліся ад гэтага плану.

Пасля бітвы пры Платэях, калі персы былі ўшчэнт разбітыя, паміж афінянамі і спартанцамі разгарэлася спрэчка, каму аддаць узнагароду за храбрасць. Арыстыд угаварыў іх аддаць яе нейкаму трэцяму гораду. Гэта былі Платэі.

Пасля адыходу ад палітыкі Арыстыд не стаў прымаць удзелу ў цкаванні свайго старога апанента Фемістокла.

 

Жыццяпіс Юрыя Белапятровіча (1740 г. – 16 сакавіка 1812 г.), змешчаны ў айчынных і замежных энцыклапедычных выданнях, на першы погляд, нічым асабліва не вылучаецца ў шэрагу шматлікіх пералікаў службовых пасадаў. Але толькі на першы погляд, пакуль вока не чапляюць эпітэты-аздабленні, якіх не ўдастоіўся ніводны з магнатаў (зразумела, адкідваючы ліслівую патаку сучаснікаў і іншых падхалімаў).

Адзіны з найдастойнейшых людзей ВКЛ паходзіў з беларускай шляхты герба «Абданк» — ён быў сын Юзафа, харунжага літоўскага, і Ганны з Панкевічаў; стражнік лідскі, які падпісаў элекцыю Станіслава Аўгуста (1764), лоўчы лідскі (1771), сакратар малой пячаткі літоўскай (1771–1784), суддзя гродскі-наваградскі (1780–1784), сябар Пастаяннай Рады, дарадца Дэпартамента справядлівасці (1780–1784), пісар вайсковы літоўскі (1783–1787), ротмістр Нацыянальнай кавалерыі (1787).

Ва «Успамінах ягамосці пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага» (Kraków, 1928), стылізаваным пад творы XVIII ст., творы, якія натхнілі Адама Міцкевіча на стварэнне «Пана Тадэвуша», Генрык Жавускі апісвае падзеі наваградскага сойміка 1781 г., калі на выбары земскага пісара з’ехалася больш за чатыры тысячы шляхты і сутыкнуліся дзве групоўкі ваяводы віленскага Караля Радзівіла (пане Каханку) і ваяводы наваградскага Юзафа Несялоўскага. У адным з эпізодаў чытаем: «На гэта мы ўсе <…> выхапілі шаблі і разбілі бы ўшчэнт партыю пана ваяводы наваградскага, бо нашых было ў чатыры разы болей, але пан Юрый Белапятровіч, які быў паўсюдна шанаваны і ў абодвух партыях меў вялікае значэнне, гэта прадухіліў. Упрасіў, каб мы ўсе склалі шаблі ў ножны».

На гарадзенскім Сойме ў 1784 г. большасць выказалася за пазбаўленне пісараў вайсковых голасу, і Белапятровіч выйшаў з Пастаяннай Рады, а таксама адмовіўся ад шэрагу пасадаў. (У бочку з дзёгцем трапіла і лыжка мёду — у верасні 1784 г. Станіслаў Аўгуст па дарозе на Сойм наведаў Белапятровіча ў яго маёнтку Брыцянкі і на развітанне падараваў жонцы гаспадара «прыгожы гадзіннічак».)

Некалькі гадоў Белапятровіч заставаўся ў баку ад грамадскіх справаў (калі не лічыць удзелу ў дэпутацыі па ўпарадкаванні новага праўнага кодэксу ў 1792 г.), азмрочаных 2-м падзелам Рэчы Паспалітай, але менавіта ён, найдастойнейшы Белапятровіч, 24 красавіка 1794 г. у Вільні, стоячы на ратушнай плошчы на ўзвышэнні пасярод карэ войскаў сталічнай залогі агучыў (і падпісаў) «Акт паўстання народу ВКЛ». Падчас паўстання Белапятровіч быў сябрам Вышэйшай літоўскай Рады, суддзёю крымінальным літоўскім, кіраўніком аддзелу вайсковых патрэбаў у Цэнтральнай дэпутацыі ВКЛ.

Пад назваю Крымінальны суд дзейнічаў рэвалюцыйны трыбунал, які на працягу 24 гадзінаў разглядаў справы, звязаныя са здрадаю Бацькаўшчыне. Адам Міцкевіч у тлумачэннях да «Пана Тадэвуша» дае сціслую характарыстыку Белапятровічу: «апошні пісар Вялікага Княства Літоўскага прымаў чынны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Ясінскага. Судзіў у Вільні палонных за здраду народнай справе. Чалавек справядлівы і патрыятычны, вельмі ў Літве паважаны». Зразумела, што адпраўляць на шыбеніцу людзей, нават калі гэта і ворагі Бацькаўшчыны, справа, мякка кажучы, малапрыемная, і трэба аддаць належнае кіраўніцтву паўстання, аддаўшага цяжар гэтых рашэнняў у чыстыя рукі Белапятровіча. Гэта таксама характарызуе ўладу, калі, напрыклад, параўнаць Белапятровіча з такімі людажэрцамі, як Андрэй Вышынскі ці Роланд Фрайслер.

Пасля падаўлення паўстання імя Белапятровіча зноў знікае з дакументаў. У 1808 г. яго імя сустракаецца ў якасці сябра судовай камісіі па пытаннях фінансавання асветы, а ў 1810 г. — заснавальніка і першага старшыні Таварыства дабрачыннасці ў Наваградку (аднаго з шэрагу, што паўставалі на землях былой Рэчы Паспалітай у пачатку ХІХ ст. замест скасаваных акупацыйнымі уладамі аналагічных касцёльных арганізацый).

 

Як вядома, адразу пасля Тыльзіцкага міру 1807 г. паміж Францыяй і Расеяй пачалі нарастаць супярэчнасці, у ходзе якіх абодва бакі, рыхтуючыся да іх канчатковага вырашэння на землях былога ВКЛ, разлічвалі на выкарыстанне мясцовых рэсурсаў. Але, пакуль Юзаф Выбіцкі абяцаў Напалеону 100 000 войска, якое будзе сустракаць яго на тым баку Нёмана, Аляксандр І рабаваў наш Край бесперапыннымі рэкруцкімі наборамі і разнастайнымі падаткамі, якія перавышалі агульнаімперскія ў пяць разоў! Нарэшце, калі было высмактана ўсё, што магчыма, расейскі імператар заклапаціўся аб пашырэнні сацыяльнай базы, аслабіў падаткі і пачаў праводзіць усялякія ліберальныя рэформы. Ён разлічваў прыцягнуць на свой бок тую частку вярхоў нашага народу, якая арыентавалася на Напалеона і Варшаўскае герцагства, у чым знайшоў падтрымку былога падскарбія ВКЛ і ўдзельніка паўстання 1794 г., аўтара слыннага паланэза, а тады расейскага сенатара і тайнага саветніка Міхала Клеафаса Агінскага. Напрыканцы 1811 г. Агінскі зрабіў беспаспяховую спробу склікаць у Менску з’езд найбольш аўтарытэтных грамадзянаў былога ВКЛ. Белапятровіч быў далёкі ад усялякіх сумніўных прагматычных разлікаў. Яго імя значылася ў спісе арганізатараў планаванага паўстання ў былым ВКЛ, што змяшчаўся ў «Мемарыяле», які атрымаў Напалеон у Фінкенштэйне яшчэ вясною 1807 года.

 

…Белапятровічу не хапіла жыццёвага часу, каб прывітаць пераможныя напалеонаўскія войскі. Неўзабаве стане зразумела, што, паміраючы сярод усеагульнага ўздыму і надзеі, той непараўнальна перададзенай Адамам Міцкевічам атмасферы, ён, на шчасце, не ўбачыў зыходу некалі сапраўды Вялікай Арміі…


* Рокаш — недавер каралю.

ЛІТАРАТУРА

  1. Емяльянчык У. Белапятровіч Ежы//ЭГБ. Т. 1. — Мінск, 1993. — С. 345.
  2. Емяльянчык У. Паланэз для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі на Беларусі). — Мінск, 1994.
  3. Аристид//Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Т. 1. — Москва, 1991. — С. 420–421.
  4. Аристид [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: file://сommons.wikimedia.org/wiki/category:Aristides. Час доступу: 02.12.2015.
  5. Białopiotrowicz Jerzy//Encykłopedyja powszechna. T. III. — Warszawa, 1860. — S. 395–396.
  6. Iwaszkiewicz. J. Litwa w roku 1812. — Kraków — Warszawa, 1912.
  7. Mościcki H. Białopiotrowicz Jerzy//PSB. T. II. — Kraków, 1936. — S. 15–16.
  8. Mościcki H. Generał Jasiński i powstanie Kościuszkowskie. — Warszawa — Lublin — Lódz — Kraków — Poznań, 1917.
  9. Rzewuski H. Pamiątki Soplicy. — Kraków, 1928. — S. 25–35.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY