|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
У гэтым годзе споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння руплівага збіральніка беларускага музычнага фальклору, педагога, кампазітара, выдаўца Антона Грыневіча. Нарадзіўся ён 3 (ст.ст.) мая 1877 г. на хутары Іваноўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер — Полацкі раён). Яго бацькі — Антон Пятровіч Грыневіч і Фаўстына Сымонаўна Кеўліч — паходзілі з беззямельнай шляхты — земляробаў. З 1885 г. Антон вучыўся ў народнай школе, а пасля — у Дзісенскім гарадскім вучылішчы, якое скончыў у 1891 годзе. Наступныя яго гады прайшлі за працаю на гаспадарцы, бо бацька памёр яшчэ ў 1887 г., а старэйшы брат не дбаў пра далейшую адукацыю Антона. У 1896 г. Антон Грыневіч пераехаў у Пецярбург, дзе ўладкаваўся на службу ў Казённую палату, а праз паўгода — у Дэпартамент гандлю і прамысловасці (займаў канцылярскую пасаду да 1915 г.). Адчуўшы недахоп адукацыі, у 1900 г. Антон Грыневіч прыняў рашэнне працягнуць навучанне на вячэрніх курсах бухгалтэрыі і моваў, а пазней — на сярэднеадукацыйных курсах. З 1906 г. свой вольны час ён прысвячае дзейнасці на карысць беларускага культурнага адраджэння. Перш за ўсё Антон Грыневіч пачаў збіраць беларускую вусна-паэтычную творчасць, вандруючы ў час летніх адпачынкаў па родным краі. Ён лічыў, што менавіта народныя песні «адбіваюць у сабе душу чалавека, яго боль і гора, яго патрэбы, жаданні і самое жыццё. Як па твару пазнаюць чалавека, так па песні, асабліва народнай, пазнаецца цэлая нацыя, яе характар і душа» [1, с. 82]. Яго мэта — арганізацыя спявацкіх гурткоў і падрыхтоўка песеннага матэрыялу для іх. Творчы дэбют А. Грыневіча адбыўся падчас выступлення Беларускага студэнцкага хору ў Пецярбургу ў красавіку 1909 года. Ён не перапыняў навучання тэорыі музыкі і спеву. Наведваў заняткі ў сярэднеадукцыйнай музычнай школе С. Лепунова. У перыяд з 1908-га па 1910 г. А. Грыневіч актыўна дапамагаў беларускаму выдавецтву «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе вёў канцылярыю і рахункі. Атрымаўшы неабходны досвед, пачаў самастойна займацца выдавецкай справаю. У 1910–1913 гг. на заробленыя вячэрнімі заняткамі грошы апублікаваў зборнік твораў Я. Купалы «Гусляр», паэму «Адвечная песня», кнігі Я. Коласа «Прапаў чалавек», «Тоўстае палена», «Нёманаў дар», а таксама «Апавяданні» У. Галубка, зборнікі «Праклёнашы» Л. Гвазда, «Аб чым шэпацелі лісьця» Таўруса. У гэты ж час пабачылі свет «Беларускія песні з нотамі» (у двух сшытках, другі — сумесна з А. Зязюлем), куды ўвайшлі абрадавыя і пазаабрадавыя песенныя творы. Вядомы беларускі фалькларыст Арсень Ліс справядліва адзначыў, што праз гэтыя зборнікі «ў культурна-грамадскі ўжытак уводзілася беларуская народапесенная класіка, што было надзвычай актуальна» [2, с. 370]. У 1911 г. разам з Янкам Купалам Антон Грыневіч запісваў беларускі песенны фальклор у Акопах, дзе маці паэта арандавала зямлю. З 1915-га да 1918 г. А. Грыневіч працаваў загадчыкам мастацкай падсекцыі ў Беларускім нацыянальным камісарыяце ў Маскве, а пасля пераехаў у Мінск, дзе стаў загадчыкам Беларускага народнага дому. Тут Антон Грыневіч разгарнуў актыўную культурную дзейнасць: арганізаваў бібліятэку, драматычную трупу, ставіў спектаклі, канцэрты і г.д. Акрамя таго, ён працягваў чытаць лекцыі па спевах у школе. У 1920 г. пасля пераезду ў Вільню А. Грыневіч выдаў за ўласны кошт зборнікі «Школьны спеўнік» і «Народны спеўнік». У «Школьным спеўніку» — першым беларускім музычным падручніку для школы — надрукаваныя не толькі народныя вусна-паэтычныя творы, але і песні на словы беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, Г. Леўчыка. У 1921 г. на працягу васьмі месяцаў А. Грыневіч знаходзіўся ў Лукішскай турме за рэвалюцыйную дзейнасць, пасля чаго працаваў сакратаром у Беларускай цэнтральнай школьнай радзе ў Вільні пад узмоцненым наглядам польскай паліцыі. У 1922 г. А. Грыневіч атрымаў кваліфікацыю педагога па вакале на спецыяльных курсах, у 1923 г. чытаў лекцыі па спевах у Віленскай беларускай гімназіі. У гэты ж час ён уклаў і надрукаваў уласным коштам дапаможнік «Навука спеву», задачаю якога была папулярызацыя беларускай народнай творчасці праз арганізацыю школьных хароў. У 1925 г. у Вільні быў апублікаваны «Дзіцячы спеўнік», у які ўвайшлі творы дзіцячага фальклору, запісаныя ад розных грамадскіх дзеячаў. Даследуючы дзейнасць збіральніка, А. Ліс прыйшоў да высновы, што Антон Грыневіч — «узор рупліўца на ніве народнага мастацтва, самаахвярнага барацьбіта за яго ўздым» [3, с. 151]. У канцы 1924 г. польская ўлада аднавіла судовую справу супраць А. Грыневіча, што змусіла яго да ўцёкаў у Мінск у пачатку 1925 года. Перыяд з 1925-га да 1928 г. займала праца ў Інстытуце беларускай культуры на пасадзе сакратара створанай у сакавіку 1925 г. музычнай падсекцыі. Калі была створаная Камісія беларускае песні, яе ўзначаліў менавіта А. Грыневіч. Асноўным кірункам дзейнасці камісіі было «збіранне беларускай народнай песні, яе вакальная апрацоўка і выкарыстанне праз школьныя і народныя хоры, а таксама выдання іх у друку» [4, с. 55]. Для заахвочвання збіральніцкай дзейнасці А. Грыневіч апублікаваў «Праграму-інструкцыю для зьбіральніка беларускай музычна-этнографічнай творчасьці» на старонках часопіса «Наш край», які адыграў значную ролю ў развіцці беларускай фалькларыстычнай навукі [5, с. 45—48], друкаваўся таксама ў газеце «Савецкая Беларусь» [2, c. 370], прымаў удзел у выездах на Палессе, у паўночныя раёны Беларусі для збору народных твораў. Падчас працы ў музычнай падсекцыі А. Грыневіч правёў значную навуковую работу, апрацаваўшы і выдаўшы кнігу па беларускай музычнай тэрміналогіі (каля 900 словаў-тэрмінаў). Таксама былі экспертаваныя яго выданні «Школьны спеўнік» і «Зборнік народных песень». За гэты час ім былі падрыхтаваны да друку такія працы як: «Гудочак» — дзіцячы спеўнік з гульнямі, «Родныя гукі» — спеўнік для аднародных хораў, «Пачатковыя музычныя правілы і практыкаванні ў сьпеве для школ і харавых гурткоў». Акрамя таго, рыхтаваў да друку кніжачку «Асновы мастацкага спеву», зборнік «Матэрыялы аб беларускіх народных танцах, гульнях, карагодах, танках і г.д.», сабраных за 23 гады сваёй працы», якія, на жаль, не былі апублікаваныя. Далейшы лёс Антона Грыневіча склаўся трагічна: ён быў арыштаваны НКУС у верасні 1933 г., зняволенны ў лагеры і расстраляны ў 1937 годзе. Рэабілітаваны 16.08.1956 года. Антон Грыневіч пакінуў значны след у гісторыі беларускай фалькларыстыкі і этнамузыкалогіі. Вынікам яго шматгадовай дзейнасці сталі запісы народных песняў (больш за 900), зробленыя ў розных кутках Беларусі. Ён не толькі сабраў значную колькасць беларускіх народных песняў, але і вывеў у шырокі свет сапраўдныя шэдэўры лірычнай песні, папулярызаваў песенныя творы на словы Я. Купалы. Спадчына нястомнага збіральніка, якая сёння захоўваецца ў Інстытуце літоўскай літаратуры і фальклору (Вільнюс) у рукапісным фондзе літоўскага фальклору (каля 300 песняў), у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (каля 300 песняў), а таксама змяшчаецца ў многіх спеўніках, не страціла сваёй навуковай значнасці і сёння. ЛІТАРАТУРА
|
|
|
|