|
|
|
№
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Пераклады
Вялікія містыкі
In memoriam
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Алена ВАЛЬЧУК
СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ВЫХАВАННЯ ЯК ФАКТАР ФАРМІРАВАННЯ ХРЫСЦІЯНСКАГА СВЕТАБАЧАННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Асобы
Паэзія
Пераклады
Асобы
Музыказнаўства
Архітэктура
Прэзентацыя
|
Другая кнiга «Узыходу на гару Кармэль» святога Яна ад Крыжа прысвечана дзейнай цёмнай ночы духу. Пасля таго, як у першай кнiзе аўтар растлумачыў, што трэба зрабiць, каб увайсцi ў цёмную ноч пачуццяў i прайсцi праз яе, ачысцiўшыся ад усiх пачуццяў i жаданняў, у наступнай кнiзе святы тлумачыць, якiм чынам душа павiнна ачысцiць свае пачуццi — уяўленне i фантазiю, а таксама духоўную пазнавальную здольнасць розуму ад усiх вобразаў, уяўленняў, паняццяў, ведаў, каб увайсцi ў цёмную ноч духу, абапiраючыся выключна на веру. Iншымi словамi, iспанскi мiстык тлумачыць, як ачысцiць i спустошыць пазнавальныя здольнасцi душы ад усiх матэрыяльных прадметаў, якiя не вядуць да любоўнага пазнання Бога. Для таго, каб чытанне аўтарскага тэксту было больш лёгкім i зразумелым, неабходна даць кароткае тлумачэнне гнасеалагiчнай канцэпцыi асобы, на якую абапiраецца святы Ян ад Крыжа. Маецца на ўвазе фiласофская канцэпцыя пазнання Арыстоцеля i Святога Тамаша Аквiнскага, паводле якой чалавек не мае ў сабе нiякiх прыроджаных ведаў i ўсё, што ён пазнае, пазнае звонку. Гэта значыць, што чалавек можа пазнаць толькi вонкавыя матэрыяльныя прадметы з дапамогаю пяцi цялесных пачуццяў: зроку, слыху, нюху, дотыку i густу. Яны таксама называюцца вонкавымi пачуццёвымi здольнасцямi пазнання. Паколькi матэрыяльныя прадметы канкрэтныя i частковыя, то i пачуццёвае пазнанне канкрэтнае i частковае ў адрозненне ад абстрактнага i агульнага. Усё тое, што пазнаецца з дапамогаю вонкавых пачуццёвых здольнасцяў, адпаведна іх прыродзе (зрок пазнае бачны аспект рэчаў, слых — гукавы аспект i гэтак далей), перайначваецца ў выявы, формы i фiгуры (phantasmata), якiя, паводле антрапалогii св. Тамаша, знаходзяцца ва ўнутраных пачуццях цi ва ўнутраных пачуццёвых здольнасцях — уяўленнi i фантазii, як у своеасаблівай ёмкасцi. Напрыклад, калi мы бачым нейкi прадмет, няхай гэта будзе стол, i проста заплюшчым вочы, мы можам уявiць форму стала. Тое ж адбываецца i з гукамi, пахамi, смакамi i дотыкавымi ўспрыманнямi. Дзякуючы такім унутраным пачуццёвым здольнасцям, як уяўленне i фантазiя, чалавек можа ствараць вобразы, рабiць параўнаннi, мець асацыяцыi i гэтак далей. Але ўсе гэтыя выявы i вобразы нясуць на сабе адбiтак пачуццёвасцi, а значыць матэрыяльнасцi i, як вынiк, яны таксама канкрэтныя i частковыя. На наступнай ступенi пазнання розум цi iнтэлект з гэтых выяваў, формаў i фiгураў абстрагуе паняццi i далей праз меркаванне i рацыяльнае разважанне выпрацоўвае веды i разуменне. Паняццi, суджэннi i веды, паколькi яны абстрагаваныя ад канкрэтных матэрыяльных аспектаў, з’яўляюцца агульнымi i ўнiверсальнымi. Нягледзячы на гэта, яны таксама маюць абмежаванасць, паколькi яны паходзяць выключна з вонкавага досведу, гэта значыць з пачуццёвага матэрыяльнага ўспрымання. Святы Ян ад Крыжа ў адпаведнасцi з гэтай канцэпцыяй пазнання тлумачыць, чаму душа павiнна вызваляць свае ўнутраныя пачуццёвыя здольнасцi ад усiх уяўленняў, выяваў i вобразаў, а свой розум — ад усiх паняццяў, ведаў i разуменняў. Маюцца на ўвазе не ўсялякiя выявы цi паняццi, а тыя, што датычаць пазнання Бога, бо святы звяртаецца да духоўных асобаў, гэта значыць да тых асобаў, якiя ўступiлi на шлях духоўнага жыцця, мэтаю якога з’яўляецца злучэнне з Богам. Ягонае вучэнне прызначана для iх як кiраўнiцтва на шляху пазнання i любоўнага паяднання з Богам. Паколькi Бог — гэта чысты Дух, нашыя пазнавальныя здольнасцi ў гэтым жыццi не могуць пазнаць Яго непасрэдна, а толькi апасродкавым чынам, гэта значыць — праз веру, бо паколькi нашае пазнанне звязана з вонкавым матэрыяльным светам i мы пазнаем, у тым лiку i Бога, выкарыстоўваючы вонкавыя i ўнутраныя пачуццi, i толькi ад iх розум атрымлiвае інфармацыю, якую выкарыстоўвае для стварэння абстрагаваных агульных ведаў, нашае пазнанне Бога не можа быць дасканалым, бо яно заўсёды нясе ў сабе абмежаванасць матэрыяльнага характару. Адзiны сродак, праз якi мы можам па-сапраўднаму пазнаваць Бога, — гэта вера. Вера — гэта адна з трох тэалагальных цнотаў, якая ўдасканальвае нашую разумовую здольнасць, у той час як надзея дасканалiць нашую памяць, а любоў — нашую волю, скiроўваючы яе да Бога. У другой кнiзе «Узыходу на гару Кармэль» гаворка iдзе менавiта пра веру як пра непасрэдны i найпрасцейшы сродак пазнання Бога. Вера — гэта звышнатуральная здольнасць — уменне (habitus) цi цнота (virtus), дадзеная нам Божаю ласкаю ў момант сакрамэнту хросту. Вера — гэта здольнасць пазнання Бога, дадзеная нам самiм Богам. Па сваёй прыродзе яна цалкам духоўная, пазбаўленая ўсяго матэрыяльнага, найяснейшая сама па сабе, але для нашага розуму, якi пазнае толькi матэрыяльныя рэчы праз вонкавыя i ўнутраныя пачуццi, гэтая здольнасць застаецца цьмянай i невiдавочнай. Аднак пазнанне Бога магчыма толькi праз яе. Вось чаму святы Ян ад Крыжа настойвае ў сваёй другой кнiзе на неабходнасцi вызваляць уяўленне i фантазiю, гэта значыць унутраныя пачуццёвыя здольнасцi, ад усiх натуральных вобразаў i ўяўленняў Бога, паколькi яны матэрыяльныя i частковыя i не адпавядаюць Божай сутнасцi, а таксама заклікае ачысціць свой розум ад усiх натуральных паняццяў i ведаў пра Бога, паколькi яны таксама паходзяць з матэрыяльнага досведу. Паводле святога, калi душа прывязваецца да гэтых вобразаў i паняццяў, яны замiнаюць ёй увайсцi на сапраўдны шлях злучэння з Богам — гэта значыць на шлях чыстай веры. Такая душа нiколi не дасягне дасканалай чысцiнi духоўнасцi, дзе Бог прамаўляе да яе. Таму ўваход на шлях веры азначае адмаўленне ад уласнага пазнання, спусташэнне сваіх пазнавальных здольнасцяў i згоду ўвайсцi ў змрочную ноч няведання, што на самай справе з’яўляецца любоўным агульным пазнаннем Бога. Гэтае няведанне ўласцiвае гэтаму жыццю. Поўнага ж ведання i бачання Бога душа дасягне толькi тады, калi вызвалiцца ад матэрыяльнага цела, гэта значыць — пасля смерцi, а ў зямным iснаваннi душа можа мiстычна злучыцца з Богам, але толькi праз веру, пагадзiўшыся на адсутнасць рацыянальнага разумення. Гэтая адсутнасць ведаў па сутнасцi і ёсць звышразуменнем. Душа павiнна зрабiць дзейснае намаганне, каб вызвалiць сябе ад усяго, што яна сама можа зразумець пра Бога натуральным чынам, каб застацца ў чуйным няведаннi — цёмнай ночы духу. I адзiны дзейсны сродак для гэтага — вера. На старонках другой кнiгi «Узыходу на гару Кармэль» святы Ян ад Крыжа тлумачыць, як душа крок за крокам павiнна пазбавiцца ад сваiх уласных уяўленняў i ведаў пра Бога, дае парады і прыводзiць слушныя аргументы, узятыя са Святога Пiсання, каб дапамагчы духоўным асобам свядома ўступiць на шлях чыстай веры, а гэта значыць — зрабiць усё, каб увайсцi ў цёмную ноч духу. Святлана Грэсвi
Гл. таксама:
|
|
|
|