Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку

КРЫНІЦЫ НАТХНЕННЯ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
In memoriam

СВЯТАР ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ

КЛЮШЧАНЫ КАЗІМІРА СВАЯКА

КАСЦЁЛ У КЛЮШЧАНАХ
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Асобы

«ПАКЛІЧУ ТОЛЬКІ СВЕТЛАЕ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Асобы

ЛТІОЎСКІ АРЫСТЫД

ПЕСНЯ — ДУША НАРОДА
Музыказнаўства
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Прэзентацыя

Юры ЛАЎРЫК

ПРАЯВА ФРАНЦІШКАНСКАЙ ДУХОВАСЦІ Ў АКАФІСТАХ СКАРЫНЫ

Тытульны аркуш «Акафіста Найсаладзейшаму Імю Ісуса» з «Малой падарожнай кніжкі».

Літаратуразнаўцы яшчэ ў 80-я гг. мінулага стагоддзя высветлілі, што аўтарства двух гімнаграфічных твораў з «Малой падарожнай кніжкі», «Акафіста Найсаладзейшаму Імю Ісуса» і «Акафіста Яну Правазвесніку», належаць пяру самога першадрукара1. Пра гэта сведчаць і фразы ў акравершы: «Делал доктор Скоринич Франціскоус» і «Писал доктор Скоринич Францискоус»2.

Аргументаванне каталіцкасці Ф. Скарыны не з’яўляецца задачаю гэтай публікацыі (гэтаму пытанню прысвечаны артыкул А. Жлуткі), аднак, згадваючы названыя творы, мы не можам не адзначыць, што сам факт напісання Скарынам «Акафіста Яну Правазвесніку» выразна сведчыць супраць меркавання, нібы наш першадрукар мог быць пратэстантам: адным з прынцыпаў Рэфармацыі з’яўляецца менавіта адмаўленне культу святых; калі б Скарына быў яе прыхільнікам, напісанне такога гімна сталася б немагчымым.

Аднак найбольш гарачая палеміка вядзецца паміж прыхільнікамі каталіцкасці і праваслаўнасці Скарыны (прычым апошніх не бянтэжыць нават тое, што сам першадрукар паўсюдна называў сябе толькі Францішкам або Доктарам Францыскусам). З гэтага гледзішча асаблівую цікавасць для асэнсавання веравызнаўчых поглядаў Скарыны ўяўляе «Акафіст (і малітва) Найсаладзейшаму Імю Ісуса», які дае магчымасць звязаць рэлігійны светагляд аўтара з канкрэтнымі рэлігійнымі плынямі і літургічнымі з’явамі.

Звернем увагу на тое, што зварот да Імя Езуса не ўласцівы тагачаснай праваслаўнай літургіцы (толькі пазней згаданы акафіст, скапіяваны са Скарынавага выдання, увайшоў у духовае жыццё расійскіх стараабрадцаў і паўднёвых славянаў3). Затое ў каталіцкім свеце — асабліва ў разгляданы перыяд — культ Імя Езуса (з варыянтамі Найсвяцейшае Імя Езуса, Найсаладзейшае Імя Езуса) набывае шырокае распаўсюджанне не толькі ў літургічных тэкстах (літанія ды малітвы) і формах (набажэнства), але нават у архітэктуры і мастацтве (касцёл Іль Джэзу ў Рыме).

Культ Імя Езуса звязаны з пашанаю, якою аточана Імя Бога ў Святым Пісанні, а пэўныя яго праявы назіраліся на працягу ўсяго Сярэднявечча. Афармленне і развіццё гэтага культу звязана, перадусім, з асобаю выдатнага францішканскага прапаведніка ХV ст. Бэрнардына з Сіены (1380–1444), які асабліва ўшаноўваў Імя Езуса і актыўна выступаў супраць яго бяздумнага вымаўлення ў клятвах, пашыраных сярод вернікаў. Разам з палымянаю вераю і неардынарнымі аратарскімі здольнасцямі св. Бэрнардын меў выразны драматургічны талент, дзякуючы якому яго казанні ператвараліся ў свайго роду тэатральныя дзеі, што збіралі аграмадныя натоўпы народу і паўсюдна схілялі людзей да направы свайго жыцця, споведзі і пакуты. Свае казанні прапаведнік зазвычай пачынаў са звароту да Імя Езуса і ўзнясення ўгару таблічкі з выгравіраным на ёй надпісам — так званаю трыграмаю IHS: сімвалічным напісаннем імя Езуса ў грэкамоўнай версіі, якая паходзіла з першых стагоддзяў хрысціянства.

У 1422 г. у Венецыі св. Бэрнардын распачаў ажыццяўленне праграмы, скіраванай на пашырэнне ўшанавання Імя Езуса, прамаўляючы казанні на плошчах і арганізоўваючы масавыя працэсіі пад знакам IHS. Аднак праца Бэрнардына з Сіены выклікала ў касцёльнай ерархіі не толькі пэўнае неразуменне, але нават і спробы прыпісаць яму ідалапаклонства. Больш за тое, вядомы прапаведнік Саванарола з прычыны выкарыстання пласцінкі з імем Езуса абвінаваціў яго ў магічных практыках, а адзін з тэолагаў адрасаваў папу Марціну V скіраваны супраць Бэрнардына палемічны трактат.

У выніку Бэрнардын мусіў абараняць свае погляды і ўчынкі перад папскім судом: у 1426 г. перад папам Марцінам V, а пасля, у 1431 г., і перад Яўгенам ІV. Аднак Марцін V ухваліў яго дзейнасць, і нават запрасіў прамаўляць казанні ў Рыме, парэкамендаваўшы толькі дадаць да літараў IHS знак крыжа (з гэтага часу трыграма набыла больш звыклы для нас выгляд). Станоўча ацаніў працу Бэрнардына і папа Яўген ІV.

Разгортка францішканскага Брэвіярыя з пачаткам набажэнства да Найсвяцейшага Імя Езуса.

Для нас вельмі важнымі з’яўляюцца яшчэ некалькі фактаў, якія датычаць асобы Бэрнардына з Сіены. Па-першае, ён увайшоў у гісторыю Каталіцкага Касцёла як рэфарматар францішканскага ордэну і ідэолаг аднаго з найбольш суворых яго адгалінаванняў — Ордэну братоў меншых св. Францішка рэгулярнае абсерванцыі (Ordo Fratrum Minorum S. Francisci Regularis Observantiae), прадстаўнікоў якога ў нас называюць бэрнардынамі. Па-другое, на Базэльскім Саборы ў 1438 г. ён выступаў як прыхільнік паяднання з Праваслаўнаю Царквою. І ўрэшце, па-трэцяе, неўзабаве пасля сваёй смерці, у 1550 г., Бэрнардын з Сіены быў кананізаваны Папам Рымскім Мікалаем V.

Пасля смерці Бэрнардына з Сіены ягоную дзейнасць працягваў яго вучань і паплечнік Джавані з Капістрана, вядомы таксама як Ян Капістран (1386-1456). Падобна свайму настаўніку, Ян Капістран меў дар ускалыхваць людскія душы і стаў годным прадаўжальнікам справы св. Бэрнардына — на ягоныя казанні таксама збіраліся шматтысячныя натоўпы, адбываліся навяртанні і споведзі. З часам ён набыў славу і аўтарытэт, бадай, не меншыя, чым меў Бэрнардын з Сіены, да таго ж ён паўсюдна імкнуўся ўшаноўваць памяць свайго настаўніка. Менавіта дзякуючы Яну Капістрану абсерванты атрымалі ў нас найменне бэрнардынаў.

У Кракаве першыя абсерванты — Уладзіслаў Венгр з паплечнікамі — з’явіліся ў 1452 г., але сапраўдны розгалас дзейнасць прадстаўнікоў гэтага руху атрымала толькі ў 1453 г., калі па запрашэнні Кракаўскага біскупа кардынала Збігнева Алясніцкага сюды прыехаў Ян Капістран. Пад уплывам яго казанняў каля сотні жыхароў Кракава — у тым ліку і частка прафесараў і студэнтаў Акадэміі — выказалі імкненне далучыцца да абсерванцкае супольнасці. У 1454 г. кардынал Збігнеў Алясніцкі ахвяраваў абсервантам пляц паблізу Вавеля, дзе неўзабаве быў узведзены касцёл пад тытулам нядаўна кананізаванага св. Бэрнардына, а таксама збудаваны канвент.

Праз пасрэдніцтва Яна Капістрана і іншых абсерванцкіх місіянераў кракаўскія неафіты ўспрынялі светапоглядную сістэму Бэрнардына з Сіены, у тым ліку, экуменічны, кажучы сучаснаю моваю, падыход да прыняцця ва ўлонне Каталіцкага Касцёла вернікаў Праваслаўнае Царквы (у прыватнасці, адмаўлялі неабходнасць іх перахрышчвання і дапускалі захаванне абрадавых адрозненняў аж да выкарыстання кваснага хлеба для Камуніі). Яны таксама выказвалі глыбокую пашану да Імя Езуса; сярод палымяных прапагандыстаў гэтага культу вядомы і кракаўскія абсерванты — напрыклад, благаслаўлёны Шыман з Ліпніцы4.

Адзначым, што яшчэ пры жыцці св. Бэрнарда пад уплывам прамаўляных абсервантамі казанняў культ Імя Езуса даволі хутка пашыраўся спярша ў Італіі, а пазней і па-за яе межамі, набываючы ўвасабленне ў выглядзе адмысловых малітваў. З часам яшчэ адзін францішканін — Бэрнардын з Бусці (к. 1450 — к. 1513) — уклаў набажэнства да Імя Езуса і не раз звяртаўся ў Ватыкан з просьбаю зацвердзіць аднайменнае свята. Папа Сікст ІV і папа Інакенці VІІІ гэтую просьбу ігнаравалі і толькі пазней, у 1530 г., папа Клімэнт VІІ дазволіў францішканам адзначаць гэтую ўрачыстасць 14 студзеня. З таго часу ўрачыстасць Найсвяцейшага Імя Езуса ўвайшла ў францішканскія Брэвіярыі і Імшал, а агульнакаталіцкаю яна стала толькі ў 1721 г. пры папу Інакенцію ХІІI. Літанія да Імя Езуса ў цяперашняй форме была зацверджаная толькі ў 1862 годзе. Апрача францішканаў, культ Імя Езуса актыўна пашыралі езуіты (якія нават абралі трыграму IHS у якасці эмблемы свайго Таварыства) і дамінікане, аднак праца ў гэтым кірунку ажыццяўлялася ў асноўным пазней — у 2-й палове ХVІ і ў ХVІІ–ХVІІІ стст.

З бегам часу Кракаўскі канвент абсервантаў паступова пачынае пашыраць ідэі Бэрнардына з Сіены не толькі ў Польшчы, але і ў з’яднаным з ёю уніяй Вялікім Княстве Літоўскім: так у 1468 г. паўстае і першы ў ВКЛ Ковенскі канвент; у 1469 г. паслядоўнікі св. Бэрнардына прыбываюць у Вільню, у 1494 г. — у Гродна, а ў 1498 г. — у Полацак, дзе і быў ахрышчаны імі наш першадрукар.

Аднак той факт, што Скарына быў у 1506 г. кракаўскім студэнтам, ставіць пад сумненне гэтае меркаванне, бо ў такім выпадку ён меў бы падчас паступлення ў кракаўскую Акадэмію не больш за 8-9 гадоў. Рэч у тым, што імя першадрукара — Францішак — сведчыць менавіта пра лацінскі хрост, але паколькі абсерванты не практыкавалі паўторнага хрышчэння праваслаўных, можна меркаваць, што Скарына быў адпачатку ахрышчаны ў каталіцтва; і адбылося гэта, хутчэй за ўсё, не ў Полацку, бо, няглядзечы на адносна добрую вывучанасць гісторыі горада, нам нічога невядома пра існаванне там касцёла да з’яўлення абсервантаў, таму больш рэальным месцам хрышчэння Ф. Скарыны бачыцца Вільня, дзе бацька Францішка мог бываць (ці нават жыць) па гандлёвых справах, а абсерванты вялі актыўную прапаведніцкую дзейнасць ужо з 1469 года. Магчыма, там жа, у паслядоўнікаў св. Бэрнардына, юнак вывучаў і неабходную для навучання ў Кракаве лацінскую мову, бо мендыканцкія школы былі адкрытыя не толькі для саміх законнікаў, а для ўсіх ахвотных5.

Напрыканцы мусім яшчэ сказаць колькі словаў пра сам «Акафіст Найсаладзейшаму Імю Ісуса». Арыентаваны на праваслаўнага верніка, ён быў складзены згодна з традыцыямі візантыйскай гімнаграфіі, таму марнаю справаю бачыцца супастаўленне яго з лацінскімі малітвамі да Імя Езуса ці, тым больш, з тэкстам пазнейшай па часе літаніі. Аднак закладзеная ў акафісце ідэя культу Найсвяцейшага Імя выразна сведчыць не толькі пра каталіцкасць аўтара гэтага твора, але і пра тое, што ён быў носьбітам францішканскай духовасці, якая ў гэты час найбольш актыўна пашыралася на нашых землях менавіта абсервантамі, якія неўзабаве — у год выдання Францыскам Скарынам першых кніг «Бібліі Рускай» — аформіліся ў самастойны Ордэн бэрнардынаў.

Гл. таксама:
Алесь ЖЛУТКА :: ФРАНЦЫСК СКАРЫНА: ЖЫЦЦЁ ДЗЕЛЯ СЛОВА ::
Мікола КУПАВА :: ПАРТРЭТ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ ::
Васіль ЖУКОВІЧ :: «ПЧОЛЫ БАРОНЯЦЬ ВУЛЛІ СВАЕ» ::
Кацярына ЛАЎРЫНЕНКА :: КРЫНІЦЫ НАТХНЕННЯ ::

 


  1. Турилов А. А. Гимнографическое наследие Франциска Скорины в рукописной традиции. (К вопросу о научном описании и изучении рукописей традиционного содержания) // Проблемы научного описания рукописей и факсимильного издания памятников письменности : Материалы всесоюз. конф. [14–16 февр. 1979 г.] / Под ред. М. В. Кукушкиной, С. О. Шмидта; [Предисл. М. В. Кукушкиной]. — Ленинград.: Наука. Ленингр. отд-ние, 1981. — С. 241–247.
  2. Параўн. факсімільнае ўзнаўленне названых твораў у выданні: Лабынцаў, Ю. А. «Зерцало жития…»: З літ. спадчыны Францыска Скарыны. — Мінск. : Маст. літ., 1991. — С. 53–77, 79–104. Таксама тэксты акафістаў надрукаваны ў выд.: Скарына, Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія. — Мінск.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 79–94.
  3. Параўн., напрыклад: Турилов А. А. Новые списки гимнографических произведений Франциска Скорины // Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник / [Авт. предисл.: В. М. Конон; Редкол.: М. Б. Ботвинник (отв. ред.), А. И. Журавский, В. М. Конон, А. П. Грицкевич; Худож. В. И. Шелк. — Мінск.: Выш. шк., 1989. — С. 91–96.
  4. Chrześcijaćstwo w Polsce: Zarys przemiam (966-1945): Praca zespołowa pod red. Jerzego Kłoczowskiego. — Lublin, 1980. — S. 115.
  5. Тамсама. — S. 84.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY