Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Мікола ГРАКАЎ

ЯК У РЫМЕ З’ЯВІЛАСЯ ХРЫСЦІЯНСТВА

У Год веры, які працягвае перажываць Каталіцкі Касцёл, позіркі і сэрцы ўсіх вернікаў скіраваныя на антычны і заўсёды малады Рым — Вечны горад, дзе і сёння, літаральна на нашых вачах, пішацца новая старонка вялікай хрысціянскай гісторыі, што вызначыць далейшы лёс Касцёла ва ўсім свеце. Усё змяняецца пад небам, і толькі Рым, як і два тысячагоддзі таму, з’яўляецца горадам Папы, бачнага кіраўніка паўсюднага Касцёла. Але якім чынам гэтай даўняй паганскай сталіцы, дзе на арэнах дзеля пацехі забівалі тысячы людзей, дзе амаль тры сотні гадоў сурова пераследавалі паслядоўнікаў «шкоднага забабону» — вучэння Езуса Хрыста, дзе было закатавана мноства хрысціянскіх мучанікаў, сярод якіх апосталы Пётр і Павел, наканавана было назаўжды стаць сусветным цэнтрам хрысціянства?

Вядома, што касцёльная традыцыя лічыць заснавальнікамі хрысціянскай супольнасці ў Вечным горадзе менавіта святых Пятра і Паўла. Як жа Добрая Навіна дасягнула Рыма — сталіцы самай вялізнай і магутнай імперыі старажытнага свету? На падставе новазапаветных тэкстаў Святога Пісання і гістарычных дадзеных мы паспрабуем прасачыць пачаткі з’яўлення хрысціянскай веры ў Рыме.

Гістарычна пацверджаны факт, што Рым быў адным з першых гарадоў, дзе з’явілася хрысціянства. Сталіца імперыі пачула імя Хрыста значна раней, чым Евангелле было абвешчана ва ўсіх прамежкавых краінах, падобна да таго, як вяршыня найвышэйшай гары асветлена ўжо ў той час, калі даліны, што ляжаць паміж ёю і ўзыходзячым сонцам, усё яшчэ ахінутыя цемраю.

Хрысціяне былі ў Рыме яшчэ да таго, як туды прыбылі апосталы Пётр і Павел. Фактычны заснавальнік (або заснавальнікі) першай рымскай хрысціянскай супольнасці засталіся невядомымі. Калі б ім быў апостал Павел, ён не мог бы не згадаць пра гэта (пар. Рым 1, 6.7; 16, 17). Сапраўды, супольнасць у Рыме ўжо існавала да прыбыцця туды Апостала язычнікаў і, па ўсёй верагоднасці, складалася з габрэяў і празелітаў, якія прынялі веру1. Гэтая супольнасць не была наўпрост заснаваная і апосталам Пятром, хоць менавіта ён першы абвяшчае Хрыста юдэям, якія прыбылі ў Ерузалем на свята з Рыма, а таму толькі ўскосна можа лічыцца яе заснавальнікам (пар. Дз 2, 10–14).

У грэцкім рамане Recognitiones, або па-грэцку «Гаміліі», напісаным у ІІ або ІІІ стагоддзі, аўтарства якога калісьці прыпісвалася святому Клімэнту (адсюль найбольш распаўсюджаная назва — «Клімэнціны»), гаворыцца пра тое, што Касцёл у Італіі быў заснаваны святым Барнабам, але гэтаму сцвярджэнню не надаецца ніякага гістарычнага значэння2.

Як лічыць вядомы расейскі праваслаўны бібліст Міхаіл Эмануілавіч Пасноў, рымскія габрэі і празеліты, якія паверылі ў дзень Пяцідзясятніцы дзякуючы пропаведзі апостала Пятра (Дз 2, 10, пар. таксама 36–42), не маглі ў хуткім часе абвяшчаць Добрую Навіну ў Рыме. Бо яны, на думку даследчыка (якую ён, на жаль, ніяк не абгрунтоўвае), былі не проста цікаўнымі наведвальнікамі святыні, а людзьмі, якія затрымаліся ў Ерузалеме і склалі асяродак першапачатковага ерузалемскага Касцёла. Разам з тым, як зазначае сам М. Э. Пасноў, са зместу Паслання да Рымлянаў зусім не вынікае, што рымская супольнасць складалася з нованавернутых. Наадварот, словы Апостала: «Цяпер бліжэй да нас дзень збаўлення, чым тады, калі мы паверылі» (пар. Рым 13, 11), даюць падставу меркаваць, што прынамсі ядро гэтай супольнасці складалі тыя, хто паверыў у Хрыста адначасова з самім Паўлам, а менавіта ў 30-я гады. Аднак, калі ўлічыць жывыя кантакты, якія існавалі паміж рымскім габрэйствам і Палестынаю, няма нічога неверагоднага ў тым, што таксама без дзейснага ўдзелу пакліканых місіянераў у Рыме, падобна да таго, як раней у Антыёхіі, праз юдэа-хрысціянаў, якія перасяліліся туды з Палестыны (Дз 11, 20; 13,1; Рым 16, 13; Мк 15, 21), хрысціянская вера знайшла ў тамтэйшым юдэйстве сваю першапачатковую глебу, не выключаючы потым празелітаў і паганцаў3.

Такой самай думкі прытрымліваецца і вядомы французскі пісьменнік і бібліст Жазэф Эрнэст Рэнан4. У сваёй кнізе, прысвечанай святому Паўлу, ён піша, што распаўсюджванне хрысціянства далёка не заўсёды адбывалася шляхам паслядоўнага абвяшчэння і праз прапаведнікаў, падобных да сённяшніх місіянераў, якія спецыяльна дзеля гэтага хадзілі з горада ў горад. Толькі Павел, Барнаба і іх паплечнікі часам рабілі так, а ўсё астатняе — справа працаўнікоў на ніве Панскай, імёны якіх засталіся нам невядомымі. Акрамя тых апосталаў, якія сталі славутымі, было і іншае, пакрыёмае апостальства, дзеячы якога не былі прафесійнымі веравучыцелямі, але якое пры гэтым было не менш плённым5.

«Габрэі ў тыя часы былі вельмі схільнымі да падарожнага ладу жыцця. Гандляры, найміты, дробныя рамеснікі, усе яны вандравалі па вялікіх гарадах узбярэжжа, займаючыся сваімі прафесіямі. Актыўныя, працавітыя, сумленныя, яны неслі з сабою свае перакананні, добрыя прыклады, самаадданасць і валадарылі над насельніцтвам, якое адчувала сябе ў параўнанні з імі прыніжаным у сэнсе рэлігіі, як заўсёды адчувае сябе абыякавы натоўп у прысутнасці энтузіяста. Адэпты хрысціянскай секты падарожнічалі падобна астатнім габрэям і неслі з сабою Добрую Навіну. Гэта было своеасаблівае прыватнае прапаведніцтва, значна больш пераканаўчае, чым усялякае іншае. Лагоднасць, весялосць, добры настрой, цярплівасць прыхільнікаў новай веры забяспечвалі ім паўсюль гасцінны прыём і прыцягвалі да іх сэрцы. (...) Зычлівасць да ўсіх, радасць спачынку са справядлівымі, дапамога бедным, чысціня звычаяў, прыемнасць сямейнага жыцця, пакорнае прыняцце смерці, што лічылася сном, — вось пачуцці, якія выказваюцца ў габрэйскіх надпісах з тым асаблівым адценнем замілавання, рахманасці, непахіснай надзеі, якой вызначаюцца хрысціянскія эпітафіі»6.

Рым сапраўды быў месцам сцячэння ўсіх усходніх культаў, пунктам Міжземнамор’я, з якім у Сірыі (маецца на ўвазе рымская правінцыя з такою назваю, часткаю якой з’яўлялася ў тыя часы таксама і Палестына) былі найбольш ажыўленыя зносіны. Сірыйцы прыбывалі сюды вялізнымі натоўпамі. Разам з імі з’яўлялася ў Рыме мноства грэкаў, азіятаў, егіпцянаў, якія ўсе размаўлялі па-грэцку. Рым у літаральным сэнсе быў двухмоўным горадам. Моваю габрэйскага і хрысціянскага свету ў Рыме на працягу трох стагоддзяў была грэка. Грэцкая мова была тут моваю ўсеагульнаю, моваю добрых і злых, ніжэйшых і вышэйшых слаёў насельніцтва. Рытары, граматыкі, філосафы, славутыя настаўнікі, слугі, махляры, артысты, рамеснікі, прапаведнікі, рэлігійныя дзеячы — усе размаўлялі па-грэцку. Старадаўняе рымскае грамадства ўсё больш паглыналася гэтым наплывам чужынцаў. Цалкам верагодна, што яшчэ ў 50-я гады нейкія сірыйскія габрэі, ужо навернутыя ў хрысціянства, прыбылі ў сталіцу імперыі і занеслі сюды Добрую Навіну пра Хрыста7.

У апостальскія часы ў Рыме жыло, як мяркуецца, каля 20–30 тысяч габрэяў, а агульная колькасць насельніцтва перавышала мільён чалавек. Габрэі мелі ўласны квартал, дзе было сем сінагогаў. Некаторыя з іх былі старызнікамі, іншыя — лекарамі і банкірамі, некаторыя нават мелі доступ у палац, але наогул усе яны былі прадметам кпінаў з боку рымскіх пісьменнікаў8. Так, захаванне шабату і габрэйскіх святаў з’яўляецца ў Гарацыя прыкметаю чалавека прыдуркаватага, аднаго з натоўпу — unus multorum9.

Вельмі маляўніча апісвае жыццё габрэйскага кварталу тагачаснага Рыма Эрнэст Рэнан. Квартал гэты пераважна знаходзіўся за Тыбрам, у самай беднай і бруднай частцы горада, верагодна, непадалёк ад Партовай брамы (рorta Portese). Там знаходзіўся рымскі порт: тое месца, куды дастаўляліся тавары, што везлі з Остыі на барках. Гэта быў квартал габрэяў і сірыйцаў — «народаў, народжаных для рабства», па словах Цыцэрона10.

Першапачатковае ядро габрэйскага насельніцтва ў Рыме насамрэч склалі вольнаадпушчаныя, пераважна нашчадкі тых, каго прывёў сюды ў якасці палонных Пампей пасля захопу Ерузалема ў 63 г. да Н.Х.11 Аднак няволя ніякім чынам не паўплывала на іх рэлігійныя перакананні і звычаі. У юдаізме выклікае здзіўленне тая прастата веры, дзякуючы якой габрэі, нават перанесеныя за тысячы міляў ад сваёй радзімы, і праз некалькі пакаленняў застаюцца добрымі юдэямі. Адносіны рымскіх сінагогаў з Ерузалемам ніколі не спыняліся, і першапачатковая калонія атрымала падмацаванне ў асобе шматлікіх перасяленцаў. Гэтыя небаракі сотнямі прыбывалі ў рымскі раён Рыпа, жылі разам у кварталах па суседстве з Затыбрыем і былі насільшчыкамі, займаліся дробным гандлем, абменам запалак на бітае шкло або проста жабравалі. Рымлянін, які сябе паважаў, ані нагою не ступаў на гэтыя агідныя ўскраіны. Гэта было штосьці накшталт прадмесця, аддадзенага пагарджаным слаям насельніцтва, якое займалася непрывабнымі рамёствамі: тут былі дубільні і гарбарні, майстэрні канатаў з кішок і тачыльні. Небаракі жылі дастаткова спакойна ў гэтым непрыкметным закутку, сярод цюкоў з таварамі, корчмаў ніжэйшага гатунку і пераносчыкаў насілак (Syri), якія мелі тут сваю галоўную «рэзідэнцыю». Паліцыя з’яўлялася тут толькі тады, калі сутычкі станавіліся крывавымі і паўтараліся занадта часта. Няшмат было ў Рыме такіх вольных кварталаў, дзе анікому не было справы да палітыкі. Звычайна не толькі культавыя практыкі не сустракалі тут аніякіх перашкодаў, але можна было свабодна весці нават любую прапаганду.

Пад покрывам пагарды, якую яны выклікалі, не звяртаючы пры гэтым зашмат увагі на кпіны свецкіх людзей, габрэі Затыбрыя вялі такім чынам вельмі насычанае рэлігійнае і грамадскае жыццё. У іх былі школы хакамім, прычым нідзе абрадавы, фармальны бок Закона не захоўваўся настолькі старанна, як тут. Сінагогі мелі найбольш поўную арганізацыю, якая толькі вядомая, а тытулы «айца або маці сінагогі» былі вельмі ганаровымі. Багатыя празеліткі прымалі біблейскія імёны і разам з сабою навярталі ў юдаізм сваіх рабоў, наймаючы вучоных, каб тлумачылі ім Пісанне. Яны будавалі малітоўныя дамы і вельмі ганарыліся сваёю значнасцю, якую набывалі такім чынам у гэтым маленькім свеціку. Жабрачка-габрэйка, просячы дрыжачым голасам міласціны, ухітралася шапнуць на вуха велікасвецкай рымскай даме некалькі словаў з Закона і часта дакарала матрону, якая працягвала ёй руку з дробнымі манетамі.

Былі, што праўда, габрэі і ў вялікім свеце, багатыя і ўплывовыя, такія, як, напрыклад, Тыберый Аляксандр, які здабыў ганаровыя пасады ў імперыі і часам мог уплываць на дзяржаўныя справы. Ірады, хоць і рабілі ў Рыме шмат шуму адносна захавання свайго культу, таксама далёка не былі сапраўднымі юдэямі, хоць бы з увагі на свае пастаянныя зносіны з паганцамі. Беднякі, якія захоўвалі рэлігію продкаў, лічылі гэтых заможных людзей адступнікамі.

Такім чынам, на несамавітай набярэжнай, заваленай таварамі з усяго свету, хваляваўся цэлы свет ідэяў, але ўсё гэта гублялася ў мітусні вялізнага горада. Напэўна, поўныя гонару патрыцыі, якія, шпацыруючы па Авенціне, кідалі позірк на той бок Тыбра, нават не падазравалі, што ў гэтай грамадзе бедных хацінак ля падножжа Янікульскага пагорка, спее будучыня12. Менавіта ў такім асяроддзі паўстала першая хрысціянская супольнасць у сталіцы імперыі.

Першая згадка пра рымскую хрысціянскую супольнасць сустракаецца ў Святонія ў сувязі з вядомым загадам імператара Клаўдыя ад 54 года адносна выгнання габрэйскага насельніцтва з Рыма. Тады, відавочна, хрысціяне ў богаслужбовых адносінах аддзяліліся ад юдэйскіх сінагогаў. Тацыт, чыя згадка пра хрысціянаў адносіцца да 64 года, ведае іх як ужо адасобленую супольнасць (Аналы XV, 44)13.

Неўзабаве хрысціянаў у Рыме стала настолькі шмат, што яны ўжо маглі шырока абвяшчаць тут Добрую Навіну. Гэта выклікала супраціў артадаксальных габрэяў і шырокія хваляванні, што і прымусіла Клаўдзія выдаліць габрэяў з Рыма. Святоній і Дзеі Апосталаў (Дз 18, 2) сведчаць пра тое, што тады былі выгнаныя ўсе габрэі, хоць гэта цяжка дапусціць. Хутчэй за ўсё, былі выгнаныя толькі юдэа-хрысціяне, прыхільнікі нейкага невядомага рымскай уладзе «Хрэста». Клаўдзій наогул прыязна ставіўся да габрэяў, і нават цалкам магчыма, што тое выгнанне хрысціянаў было падбухторана самімі габрэямі, напрыклад, уплывовымі Ірадамі. Да таго ж, падобныя выгнанні зазвычай бывалі часовымі і ўмоўнымі, таму спыненая на пэўны час плынь увесь час узнаўлялася. У любым выпадку, мера Клаўдзія не мела значных наступстваў: Юзаф Флавій наогул пра яе не згадвае, а ў 58 годзе ў Рыме зноў была хрысціянская супольнасць14.

Заснавальнікі першага хрысціянскага Касцёла ў Рыме, знішчанага па загадзе Клаўдзія, засталіся невядомымі. Але мы ведаем імёны двух габрэяў, выдаленых тады з Рыма. Гэта пабожныя сужэнцы Аквіла, габрэй з Понта, і ягоная жонка Прыска, або Прысцыла (пар. Дз 18, 2). На выгнанні яны апынуліся ў Карынце, дзе неўзабаве сталі блізкімі сябрамі і руплівымі супрацоўнікамі апостала Паўла, з якім іх аб’ядноўвала таксама аднолькавае рамяство. Такім чынам, Аквіла і Прысцыла з’яўляюцца першымі вядомымі нам прадстаўнікамі хрысціянскай супольнасці ў Рыме15.

Разам з тым, нельга аспрэчваць і вялізнай ролі святых апосталаў Пятра і Паўла ў развіцці рымскага Касцёла. Хоць яны і не былі яго заснавальнікамі ў прамым сэнсе, аднак сталі яго духоўным падмуркам, прыняўшы мучаніцкую смерць у Вечным горадзе. Пра гэта выразна сведчыць і Традыцыя Касцёла: так лічаць святы Ірэнэй, святы Геранім, Арыген, чые звесткі пераказвае айцец гісторыі Касцёла Эўзэбій.

Першае наведванне Рыма святым Пятром касцёльная традыцыя звязвае з перыядам ад 43 (44) г. да 49 (50) года. Як згадваецца ў Дзеях Апосталаў, у гэты час Апостал, цудам вызвалены Анёлам з цямніцы, «пайшоў у іншае месца» (пар. Дз 12, 1–17). Святы Геранім сцвярджае, што Пётр упершыню прыйшоў у Рым у другі год панавання Клаўдзія, а менавіта ў 42 г. (De viris illustribus, с. I). Да таго ж, калі храналагічна супаставіць Дзеі Апосталаў з Паўлавымі пасланнямі і прасачыць за дзейнасцю апостала Пятра пасля Пяцідзясятніцы, то можна знайсці некалькі перыядаў, калі яго месцазнаходжанне дакладна невядомае. Ці мог Пётр у гэты час сапраўды быць у Рыме? Дакладна сказаць немагчыма, хоць вышэйзгаданыя факты з’яўляюцца своеасаблівым argumentum e silendo (маўклівым доказам), што дае магчымасць так меркаваць16.

Аднак нават самыя вялікія скептыкі, у тым ліку і М. Э. Пасноў17, прызнаюць бясспрэчным факт мучаніцкай смерці святога Пятра ў Рыме падчас панавання Нерона. Ускосныя сведчанні пра гэта знаходзім ужо ў пасланні святога Клімэнта Рымскага (5 раздзел), у пасланні да Рымлянаў святога Палікарпа і інш.

Што ж датычыцца святога Паўла, дык ён, занёсшы святло Евангелля на ўсход ажно да Ілірыі (Рым 15, 19), меў намер скіраваць сваю місіянерскую дзейнасць на захад: праз Рым у Іспанію (Рым 15, 24, 28; 1, 13). Але ў Рым апостал Павел трапіў не як вольны місіянер, а як падсудны рымскай улады. Аднак, як падае святы Лука, ён абвяшчаў у Рыме Добрую Навіну «з усёю адвагаю і бесперашкодна» (пар. Дз 28, 31). Падчас другога арышту ў Рыме ён быў забіты мячом у 67 годзе.

…Ішлі гады, шмат вады выцекла ў Тыбры з тых далёкіх часоў, шмат драматычных момантаў зведала хрысціянства на працягу сваёй гісторыі, але апостальская вера, гарантам якой з’яўляецца наступнік святога Пятра, надалей жыве і прыносіць плён, нараджаючы ўсё новыя і новыя пакаленні хрысціянаў для Божага Валадарства. Непарушна стаіць Касцёл, заснаваны на трывалым камені — Пятры, на падмурку Апосталаў, змацаваным крывёю шматлікіх мучанікаў, і якія б навальніцы і віхуры над ім ні шалелі, брамы пякельныя ніколі яго не перамогуць.


  1. Э. Нюстрем. Библейский словарь. — Торонто, 1982, с. 374.
  2. М. Э. Поснов. История Христианской Церкви. Деятельность ап. Павла после Апостольского Собора. Прибытие его в Рим.
  3. Тамсама.
  4. J. E. Renan. Saint Paul. — Paris, 1869.
  5. J. E. Renan. Saint Paul. — Paris, 1869, с. 96.
  6. Тамсама, с.96–97, с. 106.
  7. Тамсама, с. 97–98.
  8. Э. Нюстрем. Библейский словарь. — Торонто, 1982, с. 373–374.
  9. J. E. Renan. Saint Paul. — Paris, 1869, с. 106.
  10. Тамсама, с. 101–102.
  11. Э. Нюстрем. Библейский словарь. — Торонто, 1982, с. 373.
  12. J. E. Renan. Saint Paul. — Paris, 1869, с. 102–108.
  13. М. Э. Поснов. История Христианской Церкви. Деятельность ап. Павла после Апостольского Собора. Прибытие его в Рим.
  14. J. E. Renan. Saint Paul. — Paris, 1869, с. 110–111.
  15. Тамсама, с. 111–112.
  16. М. Э. Поснов. История Христианской Церкви. Деятельность ап. Павла после Апостольского Собора. Прибытие его в Рим.
  17. Тамсама.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY