|
Да святога Евангелля тут прадмова —
Згодна з даўнім абяцаннем ад прарокаў,
Што Хрыстос ідзе да нас збіраць народы,
Асвятляючы Сабою ўвесь Сусвет.
Прыпадае на наш век Яго сустрэча.
І сляпыя неўзабаве будуць бачыць,
І глухія слова кніжнае пачуюць,
Ў гэтым свеце мусіць Бога ведаць кожны.
І таму кажу я — слухайце, славяне, —
Гэты дар усім належыць з Божай ласкі.
Дар Божы тым, хто прагне толькі праўды,
Дар Божы тым, чыя душа не згіне,
І ў якой заўжды жыве ўдзячнасць.
І гэта Марк, Лука, Мацвей і Ян
Казалі ўсім краям і іх народам:
Хто душу яднае з прыгажосцю,
Хто ўмее шчырым сэрцам усміхнуцца,
Каб абмінуць і грэх, і цемрашальства,
Ды каб паўстаць над паўсядзённым смеццем,
І каб ісці ў райскія прасторы.
Каб з агнём, што нішчыць грэшных, не сустрэцца,
Каб на мудрасць кіраваць уласны розум,
Гэта слова для цябе, народ славянскі,
Богам дадзена на ўсе твае часы
Гадаваць спакой у светлых душах.
Уладарыць слова розумам і сэрцам,
І вядзе яно да спасціжэння Бога.
Як няможна быць у радасці без сонца,
Што дае магчымасць кожнаму пабачыць
Дасканаласць, створаную Богам,
Так душа, што ў словы літар не складала,
Не спасцігне сэнсу Божага закону,
Што ў Запавеце захаваны
І вароты Раю адчыняе.
Так і той, хто грому не пачуе,
Як смірэнна ён паўстане перад Богам?
Не адчуўшы водару, што маюць кветкі,
Як аддасць належнае здзіўленню?
Калі вусны не ўспрымаюць болей слодыч,
Вельмі проста з камянём зраўняцца.
Так душы няўтульна непісьменнай,
Бо жыццё яна не дорыць целу,
Бессэнсоўным толькі поўніць існаваннем.
Мы ж гатовыя прыйсці на дапамогу
Тым, хто хоча ў жыцці сваім пазбегнуць
Развіцця свайго грахоўнага пачатку.
Бо калі пачуе розум непісьменны
Слова Божае, нібы чужую мову,
Толькі звон спазнае ён, і больш нічога.
Вам усім навука ад святога Паўла:
Перш за ўсё, калі узносіцца малітва,
Дастаткова колькі словаў, каб данесці
Знічкі сэнсу ў невыказныя вышыні,
А не ў безлічы выслоўяў адмысловых
Пажаданае згубіць паразуменне.
І таму, хто не за мудрасцю імкнецца,
Не знайсці ў свеце ясны накірунак,
Не спасцігшы моцы праведнага слова,
А ягоныя здабыткі — тлен і попел —
Не ўратуюць у апошнюю хвіліну.
Прагне цела кожны дзень здаровай ежы,
А душа не можа жыць, як не пачуе
Слова Божага з надзённым запаветам,
Каб схаваць яго ў сэрца трапяткое.
Дык паслухайце ж яшчэ адну навуку:
Хто расце ў бязмежжы Боскага Закону
І другім жыцця падобнага жадае,
Добра ведае адвечнай праўды сутнасць —
Тое зерне, што патрапіла ў глебу,
Атрымаць павінна дождж. Таксама ж сэрца.
Божых літараў дажджы яно прымае.
І прыходзяць яму словы ўраджаем.
Каб у прыпавесці іх складаць і кнігі,
Без якіх народ жыве ў цемры.
Самы моцны голас хто пачуе?
Нават калі ён у розных мовах — прагучыць
Ён не мацней мінулага імгнення,
І толькі ў кнізе атрымае сілу.
Краіна без пісьменства — не краіна,
Народ, які не мае кнігі, — не народ.
Як без зброі будзе войска несапраўдным,
Так і душа неабазнаная, слабая
Не знойдзе спосаб ратавацца ад праклёну,
А калі кляты вораг ужо блізка,
І ў бойцы лютай трэба толькі перамога,
Хай розум прыадчыніць тыя дзверы,
Якімі ў душы вашы прыйдзе зброя,
Каваная з непераможных літар,
Каб змусіць д’ябла развітацца з галавою.
Апорай быць спасцігшаму пісьменства.
А, праз Хрыста засвоеная, мудрасць
Асвеціць розум і душу ўмацуе.
І будзе з вамі слова перамогі —
Апосталы святыя і прарокі
Яго трымаюць ворагу на згубу.
Ахвяруйце ж перамогу гэту Богу,
Уздымайцеся над тленам і знішчэннем,
І згіне грэх, нібыта сон, чароўным раннем.
Упэўнена прадстаньце перад Панам,
Каб без сораму глядзець Яму ў вочы.
Праваруч вам быць пры Божым троне,
Калі будзе Ён судзіць усе народы.
І з анёламі ў радасці спрадвечнай
Вечнай літасці Яго хвалу ўзнесці
Словам кніжным, праспяваным шчырым сэрцам.
У бязмежжы чалавекалюбства
Апявайце веліч Божай славы.
Гонар і хвала Айцу і Сыну,
паяднаным у Вялікай Тройцы
Са Святым і Усюдыісным Духам,
Ад усіх, на вечныя вякі.
Амэн.
|