|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Ганна САСНОЎСКАЯ
ЛІЦЭНЗІЯ НА ЗБАЎЛЕННЕ
Хадзіць у касцёл — значыць праслаўляць Адзінага Бога. Гутарка з Веславам Давідоўскім OSA
— Калі лічыць, што па-за Касцёлам няма збаўлення, якія тады межы Касцёла? Дзе ён ёсць, а дзе яго ўжо няма? — На гэтае пытанне хацеў адказаць Другі Ватыканскі Сабор. У Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл «Lumen Gentium» мы чытаем, што Касцёл Хрыстовы трывае ў Каталіцкім Касцёле. І пра гэтае слоўца «трывае», па-лацінску «subsistit», ідзе спрэчка ў коле тэолагаў: ці трэба разумець яго ў інклюзіўным сэнсе і ўключаць у Касцёл вернікаў іншых канфесій, ці ў сэнсе эксклюзіўным, абмяжоўваючы магчымасці Касцёла выключна Каталіцкім Касцёлам. Толькі што ж было інтэнцыяй айцоў Сабору? Бэнэдыкт XVI, калі быў яшчэ кардыналам Ратцынгерам, у дакуменце «Dominus Jesus» вельмі выразна акрэсліў, што «subsistit» азначае межы Каталіцкага Касцёла. Аднак жа сапраўдны тэолаг будзе спрачацца аб тым, што мае большае значэнне: навука Кангрэгацыі дактрыны веры ці навука Сабору. — Якая з канцэпцый бліжэй Вам: звужанага ці пашыранага Касцёла? — Я прыхільнік пашырэння межаў Касцёла, але не да межаў немагчымага! — Ва ўзгаданай Вамі Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл у 14 і 15 пунктах апісаныя ступені прыналежнасці да Касцёла: перш за ўсё гэта католікі, пасля — іншыя хрысціяне, юдэі, мусульмане, вернікі іншых рэлігій і ўрэшце людзі добрай волі. — І адразу — папраўка. У гэтых пунктах канстытуцыі выразна гаворыцца аб прыналежнасці да народу Божага, а не да Касцёла. Дзве гэтыя рэаліі часта блытаюць. Божы народ — гэта больш шырокае паняцце, чым Касцёл, які з’яўляецца знакам, а не шляхам збаўлення. — Ён толькі прылада? — Менавіта так. Шляхам збаўлення з’яўляецца Хрыстус, а Касцёл паказвае на Яго. Канстытуцыя «Lumen Gentium» пачынаецца словамі «Хрыстус — святло народаў», а не Касцёл. Касцёл жа, як казалі яго айцы, гэта толькі месяц, які свеціць людзям уначы і дапамагае дачакацца світання. Калі мы ўсвядомім гэта, тады з’явіцца пытанне: дзе людзі атрымліваюць збаўленне? — Дык дзе ж людзі атрымліваюць збаўленне? — Нашая размова зводзіцца да тлумачэння формулы, якую вывеў у ІІІ стагоддзі святы Цыпрыян: «Extra Ecclesiam nulla salus» — «Па-за Касцёлам няма збаўлення». Але трэба памятаць, у якім кантэксце Цыпрыян сказаў гэтыя словы. Гэта быў час пераследу хрысціянаў, і многія пакінулі Касцёл, баючыся за сваё часовае жыццё. Цыпрыян агучыў яшчэ адну важную думку, якая многае тлумачыць: «Не можа мець Бога сваім Айцом той, хто не мае Касцёла сваёй Маці». Толькі, будзьце ўважлівыя, гэтыя словы датычаць не тых, хто знаходзіцца па-за Касцёлам, а тых, хто з’яўляецца яго часткаю. Праз сямнаццаць стагоддзяў канстытуцыя «Lumen Gentium» скажа, што да Касцёла належаць сэрцам, а не целам. І выразна акрэсліць: ёсць тыя, хто афіцыйна не далучыўся да Касцёла, але і так належыць да яго — гэта людзі, якія выконваюць закон Божы і дзякуючы гэтаму набліжаюцца да збаўлення. А ёсць і такія, хто трывае ў Касцёле толькі целам, а не духам, і яны (канстытуцыя выразна кажа пра гэта, цытуючы святога Аўгустына) збаўлення не атрымаюць. То бок, можна быць часткаю Касцёла і не атрымаць збаўлення. Гэта трагедыя, і перадусім трагедыя Бога, бо Ён не дае гвалтам збаўлення таму, хто гэтага не хоча. — Чым жа ёсць збаўленне? — Збаўленне — гэта шматзначнае паняцце. Гаворка ідзе пра перамогу над некім або нечым. З аднаго боку, гэта «salus» — здароўе, якое грунтуецца на лучнасці душы і цела. Маюцца на ўвазе паводзіны чалавека па духу, а не паводле жаданняў цела. — Збаўленне такога кшталту мы атрымліваем ужо тут і цяпер? — Лепш сказаць, мы імкнемся да яго, змагаемся за яго. Але такое збаўленне таксама і падараванае нам. Святы Аўгустын так прамаўляе да Бога: «Дай тое, што наказваеш, і наказвай тое, чаго хочаш». Гэта значыць, што чалавек не можа выканаць таго, што Бог вымагае ад яго, без дапамогі Божай ласкі. Для таго, каб атрымаць збаўленне, мы павінны стаць паплечнікамі Бога. Ёсць і другая рэалія збаўлення, якую разумеюць як шчасце, што распачынаецца тут і працягваецца ў вечнасці. — Як можна распазнаць знакі збаўлення ў штодзённасці? Як зразумець, што, кажучы простымі словамі, нам ужо цяпер адплаціцца за тое, што мы ходзім у касцёл? — Што значыць хадзіць у касцёл? Мы, хіба, не да канца гэта разумеем. Гісторыя збаўлення, якая знаходзіцца ў Бібліі, гэта апісанне дзвюх сітуацый: Бога, які шукае чалавека, і чалавека, які шукае Бога. Але не проста абы-якога бога, а Бога Адзінага! Гэта таямніца выбрання Ізраэля, які быў пакліканы пакланяцца Адзінаму Богу і быць Яго знакам у свеце. Аднойчы ў гісторыі збаўлення з’яўляецца Хрыстус, з якога вырастае Касцёл, дзе гаворка ідзе пра тыя самыя рэчы! У сваёй размове з самаранкаю Езус кажа, што праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Богу ў Духу і праўдзе (пар. Ян 4, 21–23), і тое, што мы ходзім у касцёл, — менавіта пакланенне Адзінаму Богу. Гэта мае сэнс толькі тады, калі мы не маем у жыцці іншых багоў. У іншым выпадку мы толькі ставім галачку аб сваёй прысутнасці ў касцёле, нават тады, калі падчас Імшы пабожна прымаем святую Камунію. Вельмі істотна зразумець, што мы ідзем у касцёл, каб пакланіцца Адзінаму Богу ў супольнасці тых, хто верыць гэтак жа, як і мы. Калі святы Цыпрыян кажа, што «па-за Касцёлам няма збаўлення», гэта значыць, што чалавек не знойдзе шчасця па-за тым станам, калі пакланяецца Адзінаму Богу. Але гэта не так проста. — Калі Вы кажаце пра пакланенне, я адразу бачу пагрозу пустой абраднасці і мізэрнасці супольнасцяў, дзе адбываецца гэтае пакланенне. — Менавіта так! Адсюль трагедыя Езуса, які, паводле словаў святога Марка, увайшоў у Ерузалемскую святыню, добра ўсё агледзеў і адразу выйшаў з яе, бо ўбачыў маску абраднасці, пустыя рытуалы. Можа стацца так, што нашае пакланенне таксама будзе знешнім, перастане ісці ад сэрца. Але ў мяне склалася ўражанне, што сёння, прынамсі ў некаторых колах, людзі нанава адкрываюць дух літургіі, — тое, што з’яўляецца сутнасцю нашай сустрэчы ў касцёле. Мы сустракаемся там, бо сустрэлі Адзінага Бога, Таго, з якога мы выйшлі і да якога вяртаемся. Усё больш людзей шукаюць сустрэчы з Богам у цішыні і гармоніі, а не ў гітарным шуме і мнагаслоўнасці малітваў. — І як тады прабываць у Касцёле, — заўважце, што я не сказала «хадзіць у касцёл», — каб атрымаць збаўленне? — Каб атрымаць дар збаўлення, дар штодзённага шчасця, і атрымаць, не забраўшы яго ў іншых людзей. Бо забіраць шчасце ў іншых або не дазваляць, каб побач з намі былі шчаслівыя людзі, — гэта таксама грэх. Усё канчаткова канкрэтызаванае ў запаведзі любові да Бога і бліжняга — у ёй заключаныя ўсе нашыя прагненні і пошукі. — Ойча, а што Вы думаеце пра традыцыяналісцкія рухі, якія адраджаюцца і развіваюцца ў Касцёле? Яны прапаноўваюць лепшы, больш эфектыўны шлях да збаўлення? А звычайнай прыналежнасці мала? — Збаўленне датычыць вельмі шырокай сферы чалавечага жыцця: адкуплення, выбаўлення чалавека ад граху, ад сітуацый канфліктаў сумлення, ад той трагедыі, калі мы разрываемся паміж розным выбарам. Яно паказвае, што чалавек можа дасягнуць шчасця, нягледзячы на пакуты, не таму, што пакуты нас узвышаюць, а таму, шо Бог уваходзіць у гэтыя пакуты ў асобе Езуса Хрыста. Традыцыяналісцкія рухі — гэта не шлях да лепшага перажывання збаўлення, а акрэсленая форма рэлігійнасці і рытуал яе практыкавання. Іх узнікненне, напрыклад, у ЗША, звязанае з абуджэннем усведамлення, што пасля Другога Ватыканскага Сабору нешта было страчанае, разам з вадою выплюхнулі і дзіця. Я чуў, як святары з ЗША распавядалі, што былі сведкамі таго, як цэлебрант падчас Імшы замяняў хлеб асноваю для піцы, а віно — кока-колаю. Зразумела, вернікі прыдумалі, як яму за гэта адплаціць: у наступную нядзелю яны склалі ў ахвяраванне гузікі замест манетаў. — Спадзяюся, гэта толькі анекдот. — Не, гэта факт. Таму не дзіўна, што вагальнік адхіліўся ў правы бок. Гэта рэакцыя на канкрэтныя злоўжыванні. Бэнэдыкт XVI кажа, што трыдэнцкая і паслясаборная (Паўла VI) Імшы — дзве раўнапраўныя формы літургіі, якія могуць існаваць побач. Істотна, каб тыя, хто прымае ў іх удзел, не глядзелі адзін на аднаго з пагардаю і пыхаю. Бо калі пакланенне Адзінаму Богу і магчымасць дасягнуць збаўлення абмяжоўваецца да пэўнай вузкай групы людзей, штосьці ў гэтым не так. Святы Павел казаў, што Бог прагне, каб усе атрымалі збаўленне (пар. 1 Цім 2, 4). Але людзі адрозніваюцца адзін ад аднаго, таму няма аднолькавага для ўсіх шаблону збаўлення. Калі б Бог стварыў нас усіх на адзін узор, гэта быў бы вельмі сумны Бог і вельмі нудны свет. — А можа, такая радыкальнасць — гэта спосаб захаваць Касцёл? Сацыёлагі кажуць, што найбольшыя шанцы маюць менавіта радыкальныя групы, якія прапануюць вельмі выразна акрэсленую тоеснасць. — Так, але сацыёлагі вельмі добра ведаюць спосабы вывучэння бачнай рэчаіснасці. А Касцёл — гэта і духоўная рэчаіснасць таксама. Ён жыве абяцаннямі, якія Езус даў Пятру: «Ты — Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18). Я калісьці сустрэў аднаго бізнесмена, які не ведаў, што я — святар. Ён спытаўся, дзе я працую. Я адказаў, што працую на карысць фірмы, якая дастаткова доўга існуе на рынку. Бізнесмен пачаў пералічваць нейкія назвы, я ж яму на гэта: «Не, я працую ў яшчэ лепшай фірме, мы існуем ужо дзве тысячы гадоў і маем гарантыю, што будзем існаваць да канца свету». Спачатку ён не зразумеў, а праз хвіліну сказаў: «А, у Касцёле!». Гэта анекдот з майго жыцця, але ж Касцёл сапраўды мае гарантыі ад Пана Езуса. Ён перажыў шмат бураў: заняпад Рымскай імперыі, ерасі, Рэфармацыю, часы Борджыя, асветніцкую рэвалюцыю ў Францыі, калючы дрот у Сібіры. І заўсёды выходзіў з гэтага жывым і ўзмоцненым. Гаворка не пра тое, што Касцёл мусіць захавацца ў нейкай жорстка акрэсленай, нязменнай форме. Істотна, што ён будзе трываць, вызнаючы веру ў Адзінага Бога, які, трэба дадаць, аб’яўляецца свету ў Езусе Хрысце. <...> — З таго, што Вы, ойча, кажаце, вынікае, што ў нашым жыцці і выбары, які мы робім, справа перадусім у Хрысце. Тады, можа, лепш было б замяніць дэвіз «Па-за Касцёлам няма збаўлення» на «Па-за Хрыстом няма збаўлення»? — Можа, гэта прагучыць як ерась, але справа не ў Хрысце, а ў чалавеку. Бог паслаў свайго Сына ў свет не дзеля... — ...Уласнай рэкламы? — Менавіта так! А дзеля выратавання чалавека. Місія Хрыста — гэта такая ратавальная аперацыя, кажучы словамі Клайва Стэйплза Льюіса, бо шатан уварваўся на тэрыторыю, якая належыць Богу, і Той адваёўвае гэтую тэрыторыю з дапамогаю свайго Сына. Хрыстус і Касцёл — гэта два непадзельныя арганізмы. Касцёл — цела Хрыста, а асобнымі членамі гэтага цела з’яўляемся мы. Калі б мы адарвалі Хрыста ад Касцёла, Ён паўстаў бы перад намі як Буда, настаўнік прасвятлення, цудоўны філосаф, але не Бог, з’яднаны з чалавекам, салідарны з ім да межаў магчымага. — Дзе ж аб’яўляецца гэтая салідарнасць Езуса з чалавекам, як дасягнуць яе ў Касцёле? — Я займаюся душпастырствам супольнасці, у якой ёсць людзі, што належаць да розных грамадскіх колаў. Я ведаю іх саміх і ведаю, дзе яны працуюць. Падчас святой Камуніі аднолькавае цела Хрыста і аднолькавую Яго кроў прымае і багаты бізнесмен, і бедны студэнт з Нігерыі. Вось адно вымярэнне салідарнасці Хрыста з намі: Ён абагаўляе нас сваім жыццём. Другое — гэта ўзаемная падтрымка ў Касцёле. Я маю на ўвазе шматлікія справы міласэрнасці, якія чыніць Касцёл. Ён робіць гэта не таму, што мае статус дабрачыннай арганізацыі, а таму, што верыць, што ў гэтых бедных сапраўды прысутнічае Хрыстус. І тут з’яўляюцца перашкоды, бо Езус не абмяжоўвае сваёй прысутнасці толькі да ахрышчаных братоў. Ён прабывае ў кожным чалавеку, нягледзячы на расу, рэлігію, паходжанне. Ён заўжды апярэджвае нас. І менавіта таму — тут я вяртаюся да пачатку нашай размовы — вельмі цяжка дакладна акрэсліць межы Касцёла. Бо што атрымліваецца? Што няма Касцёла сярод праваслаўных, лютэранаў ці евангелістаў? — Вы даўно займаецеся хрысціянска-юдэйскім дыялогам. Ці не хацелі б Вы, ойча, каб Вашыя сябры пазналі Хрыста і пераступілі парог бачнага Касцёла? — Гэта складанае пытанне. Я сустракаюся з юдэямі не дзеля таго, каб іх навяртаць, хаця, калі яны пытаюцца пра маю веру, я заўжды адказваю словамі каталіцкага Credo. Больш істотнае тое, што дзякуючы сябрам юдэям змянілася якасць майго духоўнага жыцця, узмацнілася мая хрысціянская каталіцкая свядомасць. Я заўжды засмучаюся, калі нехта адыходзіць ад Каталіцкага Касцёла і прымае юдаізм, бо я ўпэўнены, што ў маёй веры Бог аб’яўляецца ў паўнаце. З іншага боку, я буду ўзрадаваны, калі які-небудзь юдэй скажа: «Я хачу стаць хрысціянінам». Цікава, людзі, якія пераходзяць з юдаізму ў хрысціянства і наадварот, лічаць, што ўступаюць у клуб людзей, якіх ненавідзіць цэлы свет. Часам я думаю, што розніца паміж юдэямі і хрысціянамі трошкі падобная да розніцы паміж людзьмі, якія карыстаюцца рознымі аперацыйнымі сістэмамі на камп’ютары: адны — Windows, другія — MacOS, а патрэбнае ім адное і тое ж. І хрысціяне, і юдэі шукаюць збаўлення, выкарыстоўваючы аднолькавыя метады: здзіўляючыся свету, здзяйсняючы пэўныя ўчынкі, чытаючы Божае слова. Для мяне гэтым таямнічым словам з’яўляецца ўцелаўлёнае Слова — Хрыстус. Хіба, трэба разважаць так: існуе столькі шляхоў да збаўлення, колькі ёсць людзей у свеце. Але я веру — і гэта вера Касцёла — што канчаткова мы ўсе атрымаем збаўленне ў Хрысце. Размаўляла Ганна Сасноўская.
Пераклад з польскай мовы
|
|
|
|