|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
ПРАМОВА ПАПЫ ФРАНЦІШКА
|
|
Дарагія сябры!
Цешуся, што на пачатку майго служэння ў Пятровай Сталіцы я сустракаюся з вамі — тымі, хто працаваў тут, у Рыме, у гэты гарачы час, які распачаўся 11 лютага з нечаканай заявы, зробленай маім шаноўным папярэднікам Бэнэдыктам XVI. Сардэчна вітаю кожнага з вас.
Апошнім часам роля сродкаў масавай інфармацыі вырасла да той ступені, што без іх стала немагчыма перадаваць свету падзеі сучаснай гісторыі. Таму я асабліва дзякую вам за вашае важнае служэнне на працягу гэтых дзён, калі вочы ўсяго свету, не толькі каталіцкага, былі звернутыя на Вечны горад, і асабліва ў гэтае месца, цэнтрам якога з’яўляецца магіла святога Пятра. На працягу некалькіх тыдняў вы павінны былі гаварыць пра Апостальскую Сталіцу і Касцёл, пра яго рытуалы і традыцыі, яго веру і перадусім пра ролю Папы і яго служэння.
Я асабліва ўдзячны тым, хто здолеў убачыць і падаць гэтыя падзеі ў гісторыі Касцёла з той найбольш адпаведнай перспектывы, з якой іх трэба разглядаць, з перспектывы веры. Гістарычныя падзеі амаль заўсёды патрабуюць інтэрпрэтацыі з улікам усіх нюансаў, што часам павінна браць пад увагу і вымярэнне веры. Можна дакладна сказаць, што падзеі ў гісторыі Касцёла не такія складаныя і заблытаныя, як палітычныя і эканамічныя падзеі, але для іх характэрная адна асаблівая фундаментальная рыса: яны адпавядаюць мадэлі, што цяжка стасуецца з тымі свецкімі катэгорыямі, якія мы прывыклі выкарыстоўваць, таму іх цяжка інтэрпрэтаваць і распаўсюджваць сярод шырокай і вельмі разнастайнай супольнасці. Касцёл, з’яўляючыся, без сумневу, чалавечым і гістарычным інстытутам з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць, па сваёй сутнасці мае, аднак, не палітычны, а духоўны характар: Касцёл — гэта народ Божы, святы народ Божы, які ідзе шляхам, што вядзе да сустрэчы з Езусам Хрыстом. Толькі з гэтай перспектывы можна цалкам зразумець дзейнасць і жыццё Каталіцкага Касцёла.
|
Хрыстус — гэта Пастыр Касцёла, але Яго прысутнасць у гісторыі ажыццяўляецца з дапамогаю чалавечай свабоды: з асяродку людзей выбіраецца адзін, каб служыць вікарыем Хрыста, пераемнікам апостала Пятра. Але цэнтрам застаецца Хрыстус, не пераемнік Пятра, а Хрыстус, Хрыстус з’яўляецца цэнтрам. Хрыстус — зыходная кропка, сэрца Касцёла. Без Яго Пётр і Касцёл не існавалі б і не мелі б прычыны існаваць. Як часта паўтараў нам Бэнэдыкт XVI, Хрыстус прысутны ў сваім Касцёле і кіруе ім. Ва ўсім, што здарылася, абавязкова асноўнай дзейнай Асобай з’яўляецца Дух Святы. Ён паўплываў на рашэнне Бэнэдыкта XVI дзеля дабра Касцёла, Ён кіраваў кардыналамі ў малітве і выбары.
Шаноўныя сябры! Важна мець на ўвазе гэтую перспектыву інтэрпрэтацыі, гэтую герменеўтыку, каб адпаведным чынам распавядаць пра падзеі, якія адбываліся ў гэтыя дні. І таму я яшчэ раз мушу шчыра падзякаваць вам за вашую працу ў гэтыя вельмі складаныя дні і папрасіць, каб вы імкнуліся ўсё лепш пазнаваць сапраўдную прыроду Касцёла, як і яго шлях у гэтым свеце, з яго цнотамі і грахамі, а таксама пазнаваць духоўную матывацыю, якою Касцёл кіруецца і якая з’яўляецца найлепшым спосабам зразумець яго. Будзьце ўпэўненыя, што Касцёл са свайго боку высока цэніць і ўважліва ставіцца да вашай важнай працы. Вы маеце сродкі, каб пачуць і агучыць чалавечыя спадзяванні і намаганні, аналізаваць і інтэпрэтаваць падзеі сучаснасці. Вашая праца патрабуе руплівай падрыхтоўкі, уражлівасці, досведу, як і многія іншыя прафесіі, але таксама і асаблівага клопату аб тым, што ёсць праўда, дабро і прыгажосць. І гэта асабліва лучыць нас, бо Касцёл існуе, каб распаўсюджваць менавіта гэтае: ўвасобленыя Праўду, Дабро і Прыгажосць. Павінна быць цалкам зразумела, што ўсе мы пакліканыя не дзеля таго, каб пашыраць звесткі пра саміх сябе, але пра гэтую экзістэнцыяльную трыяду, якую ўтвараюць праўда, дабро і прыгажосць.
Некаторыя хацелі ведаць, чаму Біскуп Рыма пажадаў называцца Францішкам. Некаторыя падумалі пра Францішка Ксавэрыя, Францішка Сальскага, а таксама пра Францішка Асізскага. Я раскажу, як усё адбывалася. Падчас выбараў побач са мною сядзеў арцыбіскуп Сан Паўла — былы прэфект Кангрэгацыі духавенства кардынал Клаўдыё Хуммес — мой добры сябра! Калі справа выглядала крыху небяспечнай, ён дадаваў мне адвагі. А калі колькасць галасоў дасягнула дзвюх трэцяў, як звычайна, пачаліся апладысменты з прычыны выбару Папы. Ён абняў мяне, пацалаваў і сказаў: «Не забывайся пра бедных». Я запомніў гэтыя словы: бедныя, бедныя. І тады адразу, думаючы пра бедных, я падумаў пра Францішка Асізскага. Пасля я думаў пра ўсе войны, якія вядуцца, пакуль працягваўся падлік галасоў, да самага канца. Францішак таксама быў чалавекам супакою. І таму ў маім сэрцы ўзнікла імя: Францішак Асізскі, які для мяне з’яўляецца чалавекам убоства, чалавекам супакою, які любіць і абараняе ўсё жывое, а сёння нашыя адносіны са створаным светам не вельмі добрыя, праўда? Ён — чалавек, які нясе нам дух супакою, убогі чалавек… Ах, як бы я хацеў, каб Касцёл быў убогім і для ўбогіх! «Ты павінен выбраць імя Адрыян, бо Адрыян VI быў рэфарматарам, нам патрэбныя рэформы!» Хтосьці іншы сказаў мне: «Не, не, ты павінен узяць імя Клімэнт». Але чаму? «Клімэнт XV — такім чынам ты адплаціш Клімэнту XIV, які забараніў Таварыства Езуса!» Такія былі жарты.
Я ўсіх вас вельмі люблю і дзякую вам за ўсё, што вы зрабілі. Я буду маліцца, каб вашая праца заўжды была лагоднаю і плённаю, і каб вы ўсё лепш пазнавалі Евангелле Езуса Хрыста і багацце жыцця Касцёла. Давяраю вас заступніцтву Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Зоркі Евангелізацыі. Перадаю найлепшыя пажаданні вам і вашым сем’ям, кожнай вашай сям’і. Я сардэчна благаслаўляю вас. Дзякуй.
(На заканчэнне Святы Айцец звярнуўся да сабраных у зале Паўла VI на іспанскай мове.)
Я сказаў, што сардэчна благаслаўляю вас. Паколькі ж многія з вас не належаць да Каталіцкага Касцёла, іншыя ж з’яўляюцца няверуючымі людзьмі, я сардэчна благаслаўляю вас у цішыні, кожнага з вас, паважаючы сумленне кожнага чалавека, але ведаючы, аднак, што кожны з вас — Божае дзіця. Няхай Бог вас благаслаўляе!
Пераклад Юліі Шэдзько.
Паводле матэрыялаў сайта www.vatican.va.
Гл. таксама:
ПРАМОВА ПАПЫ ФРАНЦІШКА ДА ПРАДСТАЎНІКОЎ СРОДКАЎ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ ::
|
|
|