Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Ганна ШАЎЧЭНКА

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ
І НАШ ЧАС

Развагі над кнігаю Я. Янушкевіча «Апостал Палесся:
Святы Андрэй Баболя ў паэмах Янкі Купалы»
(«Pro Christo», 2013).

Магчыма, у многіх можа ўзнікнуць пытанне: якое значэнне ў жыцці канкрэтнага сучаснага чалавека мае даўняя гісторыя пра жыццё і пакутніцкую смерць святога Андрэя Баболі? Ужо ж прайшло больш за 350 гадоў... Змяніліся часы, норавы... Дзякуй Богу, сёння нашы суайчыннікі не мусяць цярпець катаванні за веру... Якую ж тады актуальнасць мае гэтая страшная гісторыя пра святога, якога Касцёл штогод успамінае ў літургіі 16 мая?

Людзей, як правіла, не вельмі турбуе тое, што не з’яўляецца рэальнасцю нашага жыцця. Прызнаюся, і мне жыццяпіс святога Андрэя Баболі пэўны час больш нагадваў сюжэт страшнай чарадзейнай казкі, а не той гістарычнай праўды, якую я таксама мушу неяк перажыць. Мы больш усвядомлена прымаем падобныя факты як рэальнасць і набліжаемся да іх у двух выпадках: па-першае, калі судакранаемся з чымсьці рэчыўным, што захавалася з той эпохі як канкрэтнае сведчанне (напрыклад, калі ўшаноўваем рэліквіі святых); па-другое, калі перажываем моцнае эмацыйнае ўзрушэнне пад уплывам... твораў мастацтва. Менавіта гэта і абумоўлівае значнасць кнігі «Апостал Палесся», укладзенай Язэпам Янушкевічам. «Ядром» выдання з’яўляюцца дзве таленавітыя Купалавы паэмы пра Андрэя Баболю, напісаныя ў 1910 годзе (больш за стагоддзе таму!) і не так даўно ўведзеныя ў літаратуразнаўчы ўжытак Я. Янушкевічам. Мастацкім творам у кнізе папярэднічае нарыс, у якім даследчык распавядае пра адкрыццё гэтых паэмаў і разгадку іх аўтарства. Язэп Янушкевіч прыводзіць пераканаўчыя аргументы на карысць таго, што яны напісаныя менавіта народным песняром Беларусі Янкам Купалам.

Па сутнасці гэтыя творы — два варыянты аднаго сюжэта: першы («Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі») — больш разгорнуты, другі («Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі за веру») — сціслы, па форме нагадвае доўгі верш. Вобразныя малюнкі кожнай з паэмаў — лаканічныя і пластычныя, таму яны лёгка западаюць у памяць, і надоўга ажываюць ва ўяўленні чытача ўсе катаванні і здзекі над Баболем «на разьнічым стале». Мастацкая рэальнасць твора не заканчваецца на паэтычным пераказе вядомай нам гісторыі. У эпілогу аўтар спалучае яе з рэальнасцю сённяшняга дня — бачнаю нам і нябачнаю:

Заліваючы ценямі
Небагатыя паляны,
Ціха плаваюць туманы
Над палескімі палямі.

А над імі з Божай Волі,
У нябеснай ціхай далі,
Ў ясным сонечным крыштале
Дух уносіцца Баболі.

Першая з працытаваных строфаў рэфрэнам паўтараецца ў самым канцы паэмы. Такім чынам, «цені» і «туманы» — гэта тое, што так ці інакш даступна нашаму позірку, тое, што абмяжоўвае нас у дні сённяшнім і змушае думаць: гісторыя гэта сапраўды жудасная, але ўсё гэта прамінула і пакрылася ценямі даўніны...

Але тут жа аўтар робіць спробу прыадкрыць нябачнае: над усімі нашымі туманамі — дух Баболі ў «сонечным крыштале». Ці верым мы самі ў гэта? Ці, можа, дух Баболі памёр для нашага духу ў тым страшным 1657 годзе? Ці верым мы, што хмары ўтвараюцца, праплываюць і рассейваюцца, а сонца ззяе ўвесь час, хоць бывае нябачным з-за цяжкае шэрасці хмараў? Як канкрэтна гэта ўплывае на кожнага з нас?

Святы Андрэй Баболя жыве — і ў нашым часе таксама. Часта ён, напэўна, самотна чакае нашых малітваў, бо мае моц выпрасіць для Беларусі шмат дароў у Пана Бога, але для гэтага яму патрэбны ў дапамогу і наш дух, здольны ўлоўліваць голас рэальнасці.

Згадаю, што кніга «Апостал Палесся» падрыхтаваная з нагоды 75-й гадавіны кананізацыі святога Андрэя Баболі. Тэксты паэмаў, у арыгінале напісаныя лацініцаю, падаюцца ў кнізе ў кірылічнай транскрыпцыі, а таксама ў выглядзе факсіміле машынапісных старонак са сшытка Браніслава Эпімаха-Шыпілы. Не апошнюю ролю адыгрывае ў выданні і «Дадатак», куды ўключаны запісы народных песняў, прысвечаных святому і занатаваных у канцы ХІХ стагоддзя. Гэтыя тэксты і іх багаты вобразны змест — яшчэ адно сведчанне таго, што Андрэй Баболя на працягу стагоддзяў заставаўся жывым у народнай памяці. І будзе жывым надалей.

Ганна Шаўчэнка


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY