Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Інтэрв’ю Iрыны ЖАРНАСЕК
з хірургам Антанінай ГУЛЬКО

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА

Напярэдадні летняга адпачынку, шчаслівага часу пілігрымскіх шляхоў, калі нас чакаюць самыя розныя, чаканыя і нечаканыя, падарожжы, сустрэчы, прыгоды, Ірына Жарнасек гутарыць з чалавекам, які моцна і аддана любіць дарогу, — хірургам Антанінай Гулько.

 

— Антаніна, мы з Вамі знаёмыя ўжо некалькі гадоў, і, калі б у мяне хто запытаў, як можна сцісла Вас ахарактарызаваць, я, мабыць, сказала б: «Чалавек радасці». Бо мне, напрыклад, цяжка ўявіць Вас без усмешкі на твары. Як Вам такая характарыстыка?

— Дзякую за камплімент, я насамрэч менавіта так сябе і адчуваю. Такі стан маёй душы. Радасць — гэта праяўленне майго ўнутранага глыбокага шчасця. Хоць, думаю, пра мяне гэта завысока сказана, бо я зусім не ўмею выказваць сваіх думак і пачуццяў. Таму часта, на жаль, гэтая радасць забруджваецца маімі эмоцыямі і эгаізмам. Гэта як каханне: яно агромністае, але яно ў табе, усярэдзіне, разрывае цябе, і трэба працаваць, каб данесці яго іншаму чалавеку, навучыцца праяўляць яго. А ёсць хвіліны, калі ты проста спынішся на адзіноце, зірнеш у неба ці ў вочы іншаму чалавеку, і ўсё зразумела без словаў: радасць накрыла цябе з галавой! Але Вам хапіла некалькі гадоў, каб зразумець мяне, і такое адчуванне, што зазірнулі проста ў душу.

 

— А Вы з дзяцінства былі такім жыццярадасным чалавекам альбо такім сталі?

— Гэта пытанне да маіх залатых бацькоў. Думаю, яны так моцна кахаюць адно аднаго і любяць нас з сястрой, што мне проста не было куды схавацца ад іх радасці. І вось вынік: колькі сябе памятаю — заўжды такой была, а раней мо і плакала. Зрэшты, і цяпер люблю часам паплакаць.

А для радасці, калі задумацца, так шмат прычын! Любімая праца, прыгожая радзіма… На працы — радасць, дома — радасць, нават на вуліцу выйдзеш — і там радасць. А яшчэ радасць з’яўляецца вынікам умення быць удзячным. Чым больш я дзякую іншым, тым больш бачу добрага ў сваім жыцці.

 

— Наша з Вамі гутарка плануецца для рубрыкі «На шляху веры», і таму заканамернае пытанне — што дае Вам вера? Яна не супярэчыць Вашаму радаснаму жыццёваму настрою?

— Ведаеце, ёсць безліч тэорый і рэцэптаў, як быць радасным і пазітыўным, а таксама тлумачэнняў, чаму гэта карысна. У мяне ж усё вельмі проста і праверана жыццёвым досведам. Крыніца маёй радасці — Бог. Толькі Ён дае мне тую радасць, якой няма межаў, агеньчык якой не згасае нават у самыя балючыя хвіліны жыцця, радасці глыбокай, нязменнай, можа, нават і беспрычыннай, але якая мае сэнс... Я ў свой час, прызнаюся, шукала радасці ў шматлікіх рэчах і шмат у чым знаходзіла, ды толькі гэта былі часовыя эмоцыі, але не стан душы, таму што потым часта прыходзілі боль і пустэча. Бог шмат разоў кажа ў Бібліі, каб мы радаваліся, таму ніякіх супярэчнасцяў. А калі б раптам давялося дзяліць гэтыя паняцці і выбіраць, то я і так выбрала б Бога.

 

— Ведаю, што Вы вельмі любіце падарожнічаць. А гэтае захапленне адкуль? І што яно Вам дае? Што азначае для Вас дарога?

— Мне вельмі блізкі вобраз вандроўніка з Бібліі. Чалавек — усяго толькі пілігрым на зямлі. Мае бацькі любяць вандраваць і з ранніх гадоў дазвалялі нам з сястрой таксама шмат ездзіць. Вандроўкі — адно з маіх наймацнейшых захапленняў, раз на год я мушу абавязкова кудысьці выбрацца. Інакш — «ломка». Гэта для мяне нашмат больш, чым проста адпачынак. Гэта асабліва благаслаўлёны час — час даверу Богу, час сустрэчы з самой сабой, часта вельмі нечаканай, час стаць заадно са сваім спадарожнікам. Дарога — гэта, вядома, і авантура, згода на рызыку, пошук прыгодаў. Для мяне падарожжы — бясконцая крыніца адкрыцця Божай велічы і прыгажосці ды разнастайнасці Яго стварэнняў. Таму так часта дарога змушае мяне сабраць заплечнік і рушыць са сваёй утульнай кватэркі насустрач новаму, дазваляе пакінуць дома свой статус, нейкія там дасягненні і з’явіцца ў свеце слабым дзіцем, якое ўсяму здзіўляецца і шукае Бога, а таксама мае патрэбу ў іншых людзях. Дарога — гэта таксама заўжды пачуццё, што цябе чакаюць дома, куды ты абавязкова вернешся. І, як ні банальна, але вандроўкі ўзмацняюць маю любоў да Бацькаўшчыны. Я ў прынцыпе і размаўляць па-беларуску пачала пасля вандровак.

 

— Так сумавалі ўдалечыні па радзіме? Альбо, гледзячы на абарыгенаў тамтэйшых краінаў, і самой моцна зажадалася адчуць сябе паўнавартасным беларускім «абарыгенам»?

— Тут варта ўзгадаць братоў-палякаў. Польшча была добрым пачаткам гісторыі маіх вандровак. У адрозненне ад жыхароў далёкіх краінаў, палякі бачаць розніцу паміж расейскай і беларускай мовамі. Яны й арганізавалі мне сустрэчу лоб у лоб з пытаннем, якое дзіўным чынам у маёй краіне не было агучана: «Што насамрэч перашкаджае мне размаўляць па-беларуску?». Я, на сваё здзіўленне, не знайшла выразнага адказу. А калі сустрэла палякаў, якія вывучаюць маю мову і захапляюцца ёю, дык наогул адчула рэўнасць. Як так? Хто пасмеў цікавіцца маёй моваю больш за мяне?! Ды гэта быў толькі пачатак, потым прыйшла сапраўдная любоў да матчынай мовы. І чым больш я вандравала, тым больш разумела, што як мяне цікавяць асаблівасці іншых культур, так і іншаземцам я цікавая як прадстаўніца Беларусі — са сваёй культурай, сваёй аўтэнтычнасцю. Мяне заўсёды захапляла, як іншыя народы ганарацца сваёй краінай, мовай. І чаму нас Бог так абдзяліў, што мы свайго цураемся?

 

— Відаць, гэтае пытанне ўсё ж больш не да Бога, а да нас саміх… Распавядзіце, калі ласка, Антаніна, пра Вашыя падарожжы, сцісла, вядома.

— Гісторыя маіх падарожжаў даволі дзіўная. У мяне былі такія вандроўкі, калі я ехала практычна без грошай у кішэні, спала на падлозе ў аэрапортах і на вакзалах, ела хлеб з паштэтам і перамяшчалася аўтаспынам. А былі такія, калі жыла ў дарагіх гатэлях, харчавалася ў «крутых» рэстаранах і не лічыла грошай. Дзіўна тое, што ў абодвух выпадках я была бязмежна шчаслівая і бачыла руку Божую нада мною. Дзякую Богу за сваю сястру Таццяну, з якой зрабіла большую частку сваіх вандровак. Насамрэч, вельмі цяжка знайсці чалавека, з якім добра вандраваць. А мне, бачыце, і тут пашчасціла. Я вандравала крыху па Еўропе, але найбольш вабіць экзотыка. Люблю гарачыню, горы, моры, а з нядаўняга часу і акіяны. Што праўда, не люблю групавых паездак. Мне найбольш камфортна падарожнічаць дзікунамі. Адным з маіх найвялікшых адкрыццяў было Марока, бо гэта ж мая любімая Афрыка, мая любоў — Касабланка з першым у жыцці акіянам! У Ярданіі быў добры дотык да не надта папулярных сярод турыстаў святых мясцінаў. Рада, што пабачыла прыгажосць Сірыі да грамадзянскай вайны. Цікавай была вандроўка: Грэцыя — Турцыя — Грузія. Непараўнальная вандроўка на караблі з Батумі ў Адэсу… Таксама доўга марыла пра пустыню, і ўжо двойчы мая мара споўнілася. Ну а па гарах можна лазіць вечнасць! Маімі былі польскія Бескіды ды ганарысты Эльбрус, а таксама грузінскія Казбегі...

 

— А не хацелася пасля такога актыўнага адпачынку проста паляжаць сабе на самоце ў гамаку?

— Пакуль што гэтага не ўяўляю, але не адмовілася б прыснуць пасля працы ў якім вішнёвым садзе… Магчыма, я некалі і стамлюся, і захачу спакою, і без згрызотаў сумлення дазволю сабе гэта. Думаю, што на пенсіі я з радасцю паваляюся ў гамаку і пагрэю бакі на марскім пясочку. А пакуль, нават маючы слабасць да мораў і акіянаў, мяне ніяк не прываблівае простая паездка на мора. А час самоты, вядома, мусіць быць абавязкова, нават штодня — гэта час маёй малітвы, калі мы застаемся разам: толькі я і Бог.

 

— Ведаю, што частка Вашых падарожжаў — гэта пілігрымкі да святых мясцінаў…

— Так, гэта ўсё ж для мяне найбліжэйшы вобраз нашага зямнога вандравання. Са школы хадзіла ў паломніцтва з родных Баранавічаў у Будслаў, аднойчы нават з Брэста, калі была хіба самай малой ды адзінай дзяўчынай і прайшла цалкам увесь шлях. Потым некалькі гадоў хадзіла ў Чэнстахову. Нават занесла мяне са Славакіі да Чэнстаховы прагуляцца ў пілігрымцы. Вельмі быў цікавы досвед: малая групка, усе розных нацыянальнасцяў. Бог робіць вялікія рэчы на такіх дарогах. Для мяне гэта адна з лепшых формаў евангелізацыі: ідзеш сабе пад крыжам, не саромеешся, молішся, спяваеш Богу, ахвяруеш свае ножкі, а навокал — лясы, лугі і неба. Час ад часу — вёсачкі са сваімі жыхарамі, што бачаць у табе Езуса, які ідзе праз іх вёску, і табе не трэба нічога мудрага казаць ці рабіць… Вось так бы ў штодзённым жыцці! І я, прызнацца, не ведаю, што люблю больш: сам шлях ці прыход да Маці.

 

— Што для Вас наш Будслаў?

— Вядома, кожны санктуарый — месца, пазначанае Богам. Але Будслаў — песня маёй душы, маё першае каханне. Напэўна таму, што роднае, наша, беларускае. Такі велічны агромністы храм проста пасярод вёскі, куды нават электрычка прыбывае за некалькі кіламетраў і дабірацца трэба праз палі. Гэта ў мяне асацыіруецца з такой, на першы погляд, неадпаведнасцю: вялікага Бога ў маленькім чалавечым сэрцы, да якога таксама не проста дабрацца. І так ім добра разам і гарманічна, нягледзячы на дыспрапорцыю! Вось і мне – вельмі добра ў Будславе, вельмі!

 

— Не магу не запытаць пра тое, што мяне, можа, нават не ўражвае, а захапляе: як Вы адважыліся выбраць такую няпростую прафесію — хірурга? Пытаюся не толькі таму, што сама баюся крыві, але найперш маючы на ўвазе вялікую адказнасць, якую Вы не пабаяліся ўзваліць на свае плечы.

— Ведаеце, медыцына, а потым і хірургія былі маёю мараю. А калі ідзеш за мараю, не задумваешся пра тое, колькі табе трэба адвагі, каб яе дасягнуць, і нават на цяжкасцях асабліва не затрымліваешся — бачыш толькі мару, жывеш ёю, і яна сама цябе грэе, надае моцы ісці і змагацца далей. Я часам уяўляла, як забяру Езуса з Крыжовага шляху і… загаю ўсе Яго раны…

Гэта насамрэч вельмі няпростая прафесія, але настолькі ж цікавая і творчая. Гэта больш, чым прафесія, гэта жыццё — тваё і іншага чалавека. Я настолькі была захоплена самой хірургіяй, што пакуль не пачала працаваць, нават і не ўяўляла, якая гэта вялікая адказнасць. Цяпер я часта пытаю ў Бога, чаму Ён даверыў мне сваіх дзетак? Браць на сябе адказнасць таксама трэба вучыцца. І я радуюся такой навуцы, хоць яна і каштуе мне часам бяссонных начэй, слёз, нерваў. У маёй працы вельмі яскрава бачна, як Пан Бог не скідвае ўсё на плечы чалавека, дакладней, я пастаянна бачу Яго бязмежны клопат за кожнага майго пацыента. Але, безумоўна, ад мяне патрабуецца максімум ведаў, умення, намаганняў, рашучасці і г.д. То бок, я раблю свой максімум, а што па-за маімі сіламі — робіць Ён.

 

— А ёсць розніца паміж хірургам хрысціянінам і няверуючым спецыялістам?

— Няма. Для лекара важнымі з’яўляюцца дзве рэчы: прафесійны ўзровень падрыхтоўкі і чалавечыя якасці. Першая залежыць выключна ад здольнасцяў і кніжак. Ну а другую і тлумачыць не трэба. Гэта я пра тое, што я нічым не лепшая за маіх калегаў. Усе мае чалавечыя слабасці прысутнічаюць і ў маёй працы: я злуюся, калі пацыенты не выконваюць прызначэнняў, я не магу лячыць бясконца, бо стамляюся, баюся ўскладненняў і гэтак далей. Здараецца, сярод няверуючых сустракаеш лекараў, вартых захаплення, а часам хрысціянам засціць вочы нейкая чалавечая слабасць. Сама прафесія вельмі чалавекалюбівая і патрабуе высокага ўзроўню агульнамаральных прынцыпаў. Гэта як параўноўваць проста высокамаральнага сумленнага чалавека і хрысціяніна. Да прыкладу, я адмаўлялася ад асістэнцыі на аперацыях па змене полу, бо гэта супярэчыць маім рэлігійным поглядам.

Дакладна магу сказаць толькі, што для мяне як для хрысціянкі мая хірургія мае такі сэнс: гэта не проста праца, а маё служэнне Богу, і ў гэтым служэнні я магу быць пасрэднікам паміж Богам і хворым чалавекам, паміж Божай любоўю і чалавечым болем. Вядома, пацыент для мяне — не толькі хворае цела, але найперш душа. Да таго ж, я маю прывілей маліцца за сваіх пацыентаў. Я веру ў цуды.

 

— І Вы кажаце, што няма розніцы? Дазвольце не згадзіцца. Проста, відаць, ёсць жа розніца паміж сапраўдным хрысціянінам і, так бы мовіць, фармальным. Антаніна, я ведаю пра гісторыю Вашага нявыезду на працу ў Арабскія Эміраты. Фактычна Вы тады адмовіліся ад выгаднага праекту, але, апроч таго, Вы ж яшчэ адмовіліся і ад любімай экзотыкі. Не шкадуеце? Не марнееце ў маленькім гарадку Крупкі?

– Ні аб чым ні секунды не шкадавала. Першы раз я адмовілася ад магчымасці вучыцца ў Польшчы. Была ў маёй біяграфіі такая старонка… Ды не змагла пакінуць тое, за што змагалася. Другі раз не выкарыстала магчымасці паехаць працаваць у Дубаі. Абедзве прапановы былі вельмі спакушальныя. Але пакуль сэрца не можа без роднай мовы і без нашых цудоўных людзей. Так што, для мяне менавіта гэта і ёсць мая самая любімая экзотыка. Крупкі былі маім свядомым выбарам, часткай маёй мары і Божага плану для мяне. А змарнець я магу толькі без кахання, без мараў і без крылаў. Таму кахаю і люблю — колькі маю сілы.

 

— На якой жа прыгожай і высокай ноце мы заканчваем нашу гутарку! Ажно не хочацца развітвацца. Калі не сакрэт, куды збіраецеся пайсці альбо паехаць гэтым летам?

— Не хачу казаць гучных словаў, але насамрэч для мяне вялікі гонар завітаць на старонкі «Нашай веры»! Дзякую за гэтую магчымасць. А летам я хачу схадзіць у Будслаў, бо не ведаю, як іначай магу выказаць падзяку Богу за пражыты год. Таксама хачу ўпершыню паспрабаваць сплыў па рэчцы на каяках па ўкраінскім Закарпацці з наведваннем музычных фэстаў open-air, бо не ўяўляю сябе без музыкі і танцаў. А яшчэ год таму пачала марыць пра Святую Зямлю. Праўда, баюся туды ехаць, каб не ўбачыць на зямлі, па якой ступаў мой Езус, звычайны турызм ды гандаль... Для гэтай паездкі, лічу, трэба быць добра духоўна падрыхтаваным і дарасці. Мо настаў ужо мой час? Хачу пабываць у Палестыне і пабачыць на свае вочы сапраўдную сітуацыю між ізраільцянамі і палестынцамі. Адным словам, мараў шмат, і ўсе іх кладу да ног Пана Бога…


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY