Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Ева ЛЯВОНАВА

«АНЁЛЫ Ў ПОШУКАХ ЦЯБЕ...»

КАНЦЭПТ «АНЁЛ»
У ПАЭЗІІ РАЙНЕРА МАРЫЯ РЫЛЬКЕ:
СЕМАНТЫКА, ПАЭТЫКА, МАСТАЦКІ КАНТЭКСТ

Неабходна цярплівасць анёла, каб усё апынулася на сваіх месцах.

Вім Вендэрс

Пяцьдзясят адзін год пражыў геніяльны аўстрыйскі мастак слова Райнер Марыя Рыльке (1875–1926), і ўсё яго жыццё было асвечана роздумамі пра Бога. Нядзіўна, што нават смерць паэта, якая сталася вынікам невылечнай хваробы — лейкеміі, бачылася некаторым яго сучаснікам як своеасаблівы пераход на «новае месца», як здабыванне «новага гуку» і «новага рэха», як «новае пасвячэнне». «В небе лестница, по ней с Дарами… // С новым рукоположеньем, Райнер!» – пісала Марына Цвятаева ў сваім вершы-рэквіеме, вершы-плачы «Навагодняе».

У асобе Рыльке Бог, бясспрэчна, знайшоў аднаго са сваіх найвялікшых песняроў і непараўнальных суразмоўцаў. Адметнасць звернутай да Бога рылькеўскай паэзіі, у прыватнасці, у тым, што яна не была апалогіяй канкрэтнай рэлігійнай догмы. Невыпадкова суайчыннік Рыльке, вядомы аўстрыйскі пісьменнік Роберт Музіль у сваёй «Прамове пра Рыльке» гаварыў: «Ён быў у пэўным сэнсе самым рэлігійным паэтам пасля Наваліса, аднак я не ўпэўнены, ці была ў яго наогул якая-небудзь пэўная рэлігія» (цыт. па: 2, 251). Ёсць сведчанні (напрыклад, Штэфана Цвэйга), што амаль неад’емнымі атрыбутамі ў інтэр’еры пакоя Рыльке, дзе б ён яго ні здымаў, звычайна былі і руская ікона, і каталіцкі крыж. Рэлігійнасць аўстрыйскага паэта — гэта, хутчэй, пэўны стан душы, шукальніцы і пакутніцы, які можа быць аднолькава ўласцівы любому хрысціяніну, наогул любому верніку, і зусім не абавязкова каардынуецца з цалкам канкрэтнай канфесіяй.

Вячаслаў Іванаў, расійскі паэт, філосаф і гісторык літаратуры, пісаў у свой час пра тое, што толькі на першы погляд рэлігійная праблема «ўяўляецца дваякай: праблемаю аховы рэлігіі, з аднаго боку, праблемаю рэлігійнай творчасці — з іншага. Насамрэч яна застаецца адзінай. Без унутранай творчасці жыццё рэлігіі захаваным быць не можа — яна ўжо мёртвая» (3, 162). Калі ўнутраную рэлігійную творчасць разумець не толькі як адданасць пэўным канонам, але — і найперш — як свядомае тварэнне Бога ў сабе і сябе для Бога, як духоўнае будаўніцтва, маральнае самаўдасканальванне, як здабыванне гармоніі з хаосу навакольнага свету, тады мы гэтае адзінства знойдзем менавіта ў Рыльке. Спрабуючы суцешыць свайго адрасата, паэта і вайскоўца ў адной асобе, Рыльке раіць: «…запытайцеся ў сябе, мілы N., ды ці сапраўды Вы Бога — згубілі? А што калі Вы Яго яшчэ ніколі не знаходзілі? Бо — калі ж гэта магло быць? Няўжо Вы думаеце, што дзіця можа Яго абняць, Яго, якога мужы нясуць з цяжкасцю?.. Няўжо Вы думаеце, што, насампраўдзе Яго знайшоўшы, можна згубіць Яго, як каменьчык?.. Чаму Вы не думаеце, што Ён — ад веку наступны, Той, хто мае адбыцца, будучы, канечны плён дрэва, лісце якога — мы. Што Вам перашкаджае перакінуць Яго нараджэнне ў будучыню і жыць сваё жыццё як балючы і цудоўны дзень у гісторыі вялікай цяжарнасці? Ці ж не бачыце, як усё, што здараецца, заўсёды здараецца спачатку… і які сэнс мелі б мы, каб Той, каго мы прагнем, ужо быў?» (4).

У сваім «Фларэнційскм дзённіку» 6 ліпеня 1898 г. малады Рыльке робіць наступны глыбока метафарычны запіс: «Якім шляхам іншыя далёкія светы будуць спець да Боскасці – я не ведаю. Але я ўпэўнены, што для нас дарогай да яе з’яўляецца мастацтва, бо сярод нас ёсць мастакі, Вялікія Згаладалыя, якія ўбіраюць у сябе ўвесь сусвет і бесперапынна мяняюцца, якія ніколі не будуюць сабе дому, але, заглядзеўшыся ў вечнасць, над дахамі дамоў прасякаюць стагоддзі… Цяпер я ведаю, што мы — продкі Бога і што толькі мы ў нашай найглыбейшай адзіноце, крок за крокам рухаючыся наперад, скрозь тысячагоддзі ідзем пакрысе да Яго вытокаў» (цыт. па: 5, 376).

Паэт неаднойчы прызнаваўся ва ўласнай набожнасці, якая ад самага пачатку праяўлялася ў яго творчасці, імкнулася, кажучы яго словамі, «набыць сваё імя». Біблія была адным з яго ўлюбёных чытанняў. Цягам усёй сваёй творчасці Рыльке будзе зноў і зноў чэрпаць са скарбніц яе духоўнасці, з назапашаных у ёй эстэтычных адкрыццяў, з яе, нарэшце, вобразнасці, адным з найважнейшых складнікаў якой з’яўляецца, бясспрэчна, ангеларый, анёларый. Анёлы — адна з выразных дамінантаў мастацкага свету Рыльке, невыпадкова яны часта згадваюцца нават у пакінутых сучаснікамі паэта вызначэннях яго асобы. «Анёлы не былі для яго аздобай верша або паэтычным жэстам, ён жыў у двух светах адначасна, — гаварыў у сваім развітальным надтрунным слове адзін з прамоўцаў, — і калі ў каго-небудзь, хто беспрычынна і несвядома ўзіраўся ў яго, раптам з’яўляліся слёзы, прычынай гэтаму быў, напэўна, не ён, бо ён быў толькі паслом. Прычынай было тое, што дзякуючы паэту неверагодная духоўная краіна з году ў год знутры пашырала свае межы, пакуль не занесла яго цалкам у свае глыбіні. Гэта і толькі гэта мае месца ў яго кнігах, і якраз менавіта гэта чыталася ў яго твары» (6, 166).

Такое ж уражанне асоба паэта будзе выклікаць ва ўдзячных чытачоў і праз дзесяцігоддзі пасля яго смерці: «Херубімскім вандроўцам» прайшоў Рыльке па лёсаносных і пагібельных дарогах гэтага стагоддзя, кідаючы на «бясплодную зямлю» жыватворнае насенне мудрасці, парасткі якой у ваяўнічай апантанасці сваёй не ўбачыла ХХ стагоддзе (убачыць, можа, ХХІ)» (7, 72). «Вестуном» Боскай волі, «кіроўцам», але і нястомным богашукальнікам бачыўся Рыльке знакамітаму нямецкаму філосафу Марціну Хайдэгеру. Як бы там ні было, але, мусіць жа, невыпадкова папа Ян Павел II у адной са сваіх энцыклік цытаваў верш Рыльке «Звеставанне», прычым, што характэрна, не як лірычнае, а як багаслоўскае адкрыццё (звесткі пра гэта ёсць у адным з інтэрв’ю вядомай расійскай паэткі, перакладчыцы твораў Рыльке Вольгі Седаковай (гл.: 8).

Вобразы анёлаў — адзін з магутных і відавочных фактараў унутранай цэласнасці мастацкага космасу Райнера Марыя Рыльке. Не будучы адназначна прыналежнымі ні да суб’ектыўна-эмацыянальнай, ні да рацыянальнай сфераў і пры гэтым з’яўляючыся выключна духоўнымі істотамі, пасланцамі і выканаўцамі волі Бога, анёлы ў паэзіі Рыльке, як і ўсе астатнія яе канстанты, аказваюцца захопленымі плынню сусветнага жыцця, светапрасторай, у якой асаблівым чынам суіснуюць чалавек, прырода і іншыя «рэчы» (Dinge), дзе ўсё адзначана ўлюбёнай рылькеўскай «Bezug» – узаемасувяззю, суадноснасцю, і падлягае арганічнай зменлівасці, дзе перажыванне, душэўны стан абяртаецца «прадметам», «рэччу», а рэч, прадмет, неадухоўлены і нават неадушаўлёны, раскрывае сваю «душу», свой унутраны свет, набывае дынаміку, цякучасць, можа мігцець, трапятаць, усміхацца, дапытліва і насцярожана ўзірацца ў чалавека і наваколле. Зменлівымі, але нязменнымі ў сваёй вызначальнай сутнасці паўстаюць і рылькеўскія анёлы; ад кнігі да кнігі іх вобразы ўскладняюцца, усё больш індывідуалізаваным становіцца мастакоўскае бачанне прыроды анёлаў, іх прызначэння, стасункаў з Богам і чалавекам.

У адным з ранніх твораў, вершы «Анёл» са зборніка «Ахвяры ларам» («Larenopfer», 1895), надтрунны анёлак з паламаным крылцам, пакрыты пылам, самотны і адзінокі, успрымаецца як тужліва-скрушнае ўвасабленне сумнага лёсу памерлых дзяцей, як журботны сімвал жыццяў, што так і не паспелі расквітнець. Да месца заўважым, што матыў пакінуўшых гэты свет дзяцей будзе суправаджаць анёльскую вобразнасць скрозь усю паэзію Рыльке. Душы «рана памерлых», «дачасна памерлых» мроіліся яму анёламі; як вядома, маюцца паданні (і заснаваныя на іх мастацкія творы), паводле якіх анёлы і ёсць дзіцячыя душы, якім пашчасціла трапіць у рай.

Іншымі, стрымана-радаснымі настроямі поўніцца, напрыклад, верш «І як да цябе каханне прыйшло…» з кнігі Рыльке «Увянчаны марамі» («Traumgekrönt», 1896); тут да анёла прыпадабняецца каханне:

…Адкрыла каханне ў нябёсах акно,
і, крылы згарнуўшы, упала яно
мне ў сэрца і закрасавала…
(9, 14).

Дастаткова зразумела, што такога роду інтэрпрэтацыі вобразаў анёлаў, па сутнасці, палягаюць у рэчышчы папярэдняй літаратурнай ды і ўласна хрысціянскай традыцыі.

Далейшае сваё развіццё яны знаходзяць у наступных кнігах паэта. У вершы «Доўга анёл у цішыні заставаўся са мною…» з кнігі «Мне на свята» («Mir zur Feier», 1899; у значна перапрацаваным выглядзе кніга выйшла ў 1909 г. пад назвай «Раннія вершы» — «Die frühen Gedichte») анёл і чалавек, прайшоўшы адну і тую ж навуку суіснавання на зямлі, займелі плёнам розныя вынікі: анёл «навучыўся палёту», неба спасціг і — не без спагады, спачування і дапамогі чалавека — адужаў зямное прыцягненне, вырваўся з яго палону і вярнуўся ў нябёсы, чалавек жа «жыццё вывучыў» і яму застаўся адданым. Цяпер з вуснаў лірычнага героя гучыць кранальнае прызнанне ў іх з анёлам пакорлівым узаемаслужэнні (з-за адсутнасці беларускага перакладу цытуем рускі):

Долго ангел в тиши оставался со мной,
обаял меня послушаньем
и маленьким стал, я же вырос большой,
и вдруг я стал состраданьем,
а он – одной лишь дрожащей мольбой.

И тогда небеса я ему возвратил,
я же здесь остаюсь, где он вышел из плена.
Он учился полётам, я жизнь изучил,
и друг другу мы служим смиренно

(10, 121; пер. А. Биска).

Ужо тут можна заўважыць пэўны адыход Рыльке ад кананічнай традыцыі: не Бог, а чалавек з жалю і шкадавання да «маленькага» паслухмянага анёла вяртае яму неба. З іншага боку, цалкам магчыма, што гэткае прачытанне — досыць павярхоўнае з-за яго прамалінейнасці. Сапраўды, ці ж не можа быць так, што якраз анёл у сваёй бязмежнай спагадзе да чалавека даў яму магчымасць адчуць сваю духоўна-душэўную сілу; спакваля дорачы ўзор паслушэнства і любові, анёл «выхаваў» яго, прывёў да такога стану, калі чалавек раптам «стаў спачуваннем», і толькі пасля гэтага анёл палічыў мажлівым вярнуцца ў неба — са спадзевам на далейшае служэнне адно аднаму і Богу?

Наступным крокам да індывідуалізацыі і паглыблення вобразаў анёлаў, як, зрэшты, і наогул пытанняў веры, узаемадачыненняў чалавека з Богам, стаў паэтычны зборнік Рыльке «Кніга гадзін» («Das Stunden-Buch», 1899–1903. Ва ўсіх шматлікіх рускіх перакладах – «Часослов». Першапачаткова гэтаксама — як «Часаслоў» — падаваў назву зборніка ў перакладзе на беларускую мову і В. Сёмуха; гл.: 9, 15). «Кніга гадзін», з якой і пачалася слава паэта, у вялікай ступені была падрыхтавана вопытам двух знаходжанняў Рыльке ў Расіі — у 1899 і 1900 гадах. «Кнізе гадзін» наканавана было стаць адным з самых магутных у сусветнай паэзіі ўвасабленняў духоўнага досведу чалавека, дакладней — патаемнага, глыбока інтымнага, надзвычай складанага працэсу яго фармавання. Невыпадкова Марына Цвятаева ў сваім лісце-хваласпеве да Рыльке пісала: «Той свет (не царкоўна, хутчэй геаграфічна) ты ведаеш лепей за гэты, ты ведаеш яго тапаграфічна, з усімі гарамі, астравамі і замкамі. Тапаграфія душы — вось што ты такое. І тваёй кнігай (ах, гэта была не кніга — гэта стала кнігай!) пра беднасць, паломніцтва і смерць ты зрабіў для Бога больш за ўсіх філосафаў і прапаведнікаў разам» (цыт. па: 5, 320–321). Усе тры цыклы «Кнігі гадзін» — «Кніга пра манаскае жыццё» (1899), «Кніга пра паломніцтва» (1901), «Кніга пра галечу і смерць» (1903) — гэта своеасаблівае адзінае цэлае, звернуты да Бога маналог, які склалі незвычайныя па напале душэўнага самараскрыцця (нават — самаўскрыцця!) малітвы, малітвы-споведзі і малітвы-сумненні, малітвы-скаргі і малітвы-абяцанні. Складанасць адлюстраваных у «Кнізе гадзін» узаемазносінаў чалавека з Богам абумоўлена яшчэ і тым, што ў яе падзейна-вобразнай сістэме бярэ актыўны ўдзел мастак — стварэнне Бога, але і сам — стваральнік, творца духоўна-маральных і эстэтычных каштоўнасцяў, які прэтэндуе на ўласную ролю калі не ў светастварэнні, дык у светаіснаванні («Тварцы, яны — як Ты, браты Твае». – 11, 88). Палітра звернутых да Збавіцеля пытанняў, пачуццяў і эмоцый неабсяжна разнастайная і супярэчлівая («…мой Бог — Ён цёмны…» — 11, 9; тут і далей вылучана аўтарам; «Ты – супярэчнасцяў няпролазь…» – 11, 52): ад бязмежнай удзячнасці і адданасці («А сам расту я з цеплыні Ягонай…» – 11, 9), пакорлівасці і спачування Богу ў Яго адзінотнай самоце («…я знаю — Ты адзін, Гасподзь… // Дай знак — і я прыйду, Твой раб». — 11, 12), прызнання Яго ўсёўладдзя («Нават, калі мы не хочам: спеліць Гасподзь». — 11, 22), cпагадлівай пяшчоты («…а ты з гнязда зваліўся, // як жоўталапенькае птушаня, і мне шкада цябе…» — 11, 27), роспачы і страху («Я чую: ў сотні розных месцаў // баліць мне моцна і, здаецца, // найбольш у сэрцавіне сэрца», нібы «мой пульс // з мяне прарвецца». — 11, 29), пакаяння і надзеі на Яго ўсёдаравальнасць («Божа, даруй, калі дзёрзкага нагаварыў». — 11, 18), філасофскага разумення Яго ўсюдыіснасці («Ва ўсім знаходжу я Цябе, шматлікі…» — 11, 28) і жыццядайнай сілы («Бог-корань плод панёс…» — 11, 40) да ўсведамлення — нават перад Яго тварам — уласнай чалавечай велічы, да пераканання, што Бог мае патрэбу ў чалавеку не меншую, чым чалавек — у Ім («…і стаўся я Тваім вачам вялізнай // прасторай, каб глядзець». — 11, 24), жадання годнасці і асобаснай самастойнасці («Заўсёды хачу ў Тваім вобразе жыць… // Не хачу ніколі згінацца, // бо ілжа ў сагнутасці і ў паклонах…» — 11, 19), усвядомленасці свайго Яму падпарадкавання («…хачу стаць у ісціне перад Табой, // хачу сябе ўбачыць, як на іконах // вобраз далёкі Твой // і блізкі, і любы, // як слова, што розум мой кліча, // як дзённы мой кубак, // як мамы святое аблічча, // як карабель, // што пранёс мяне // праз смяротныя буры і згубы». — 11, 19). Галоўнае ж адкрыццё, якое робіць для сябе лірычны герой на шляху свайго духоўнага выхавання і якое, кажучы словам Рыльке, ён у сабе «спеліць» у спадзеве на душэўны супакой, — гэта тое, што Бог адзіны для ўсіх, што «праз шматмільнае «маё»-маленне, // праз слуханне і цераз адмаўленне… // адзіны Бог, як хваля, як прысуд» (11, 40).

Цалкам заканамерна, што адпаведнай супярэчлівасцю і нават антынамічнасцю пазначана ў «Кнізе гадзін» і асэнсаванне вобразаў анёлаў. Чаргаванне пачуццяў, якімі суправаджаецца іх з’яўленне на старонках кнігі, у пэўным сэнсе хвалепадобнае. З аднаго боку, вера лірычнага героя ў Бога настолькі моцная, што яна ў стане ўзняцца «вышэй анёлаў» і замест іх паслужыць Богу апірышчым, падставіць яму «сваё крыло». Падобнымі да спеваў херубіма («…усе спявалі, як херувім…») чуюцца спевы тых, хто спазнаў «росквець Божай вясны» і здабыў «свой скарб». Да анёлаў звяртаецца ўсё той жа лірычны герой-манах з просьбай быць для людзей «сховішчам ад злосці чорнай», якая зводзіць «невымоўнае» і ад якой цяжка ўратавацца нават у раі:

Будзь сховішчам ад злосці чорнай,
што невымоўнае звяла.
А ноч жа і ў раі была:
будзь пільны вартавы з трубою,
каб мовілі: труба гула
(11, 50).

Яскравай выявай эмацыянальна-пачуццёвага экстазу, «малітоўнага ўздыму» верніка паўстае верш «Вяртаюся дамоў са сноў…»:

Як вецер, быў я ўвесь — парыў,
святлом расплыцца мог,
я быў з анёламі ўгары,
дзе ўсё Нішто, і дзе тварыў
глыбока-цёмны Бог
(11, 56).

Але і анёлы, як бы блізка да Бога яны ні знаходзіліся, не заўсёды ў стане адшукаць Яго — «госця залатога», «цара камет і гукаў»:

Анёлы ў пошуках Цябе — а хоць бы
знайсці і вывучыць у бляску золкім,
ды лбамі натыкаюцца на зоркі,
ні з бляску не здабыўшы, ані з поцьмы
(11, 34).

Асаблівай разгалінаванасцю сэнсаў адметны верш «Я той, паслужлівы Твой послух…» Гэта свайго роду рэестр няшчасцяў, што апанавалі людзей, усіх небаракаў, ад імя якіх і звяртаецца манах да Бога — Таго, хто ёсць «заступнікам рэчаў і жывёлаў», хто «ўсім дае жыццё і смерць», але без спагадлівай увагі пакідае сваіх паслушнікаў, асуджаючы іх на «цемрадзь нары», на скляпы і сутарэнні. Не ў стане яны абудзіць спачуванне і ў пасланцоў Бога — «немыя анёлы». Не яны, светлыя і чыстыя, падаюць чалавеку знакі, а «веснік», некалі нізрынуты з нябёсаў, «у чорнай мантыі», «цёмны і чарней за ноч», той, хто заўсёды напагатове, нібы толькі і падсцерагае, каб апынуцца «Адзіным Чувальцам» скрушных пытанняў чалавека і адзіным спакушальным адказам на іх.

У вершы «З акна ўпадзе прадмет калі…» дакоры скіраваныя ўжо супраць саміх людзей, дакладней — тых з іх, хто «з пустой нязгоды» з «мудрымі сіламі» імкнецца «ў пустую тхлань ілжэсвабоды», адмаўляецца ад спакойнага і радаснага ўзрастання і ў кім расчараваныя нават анёлы, якія ў адчаі пакідаюць усякія спробы навучыць чалавека жыць «нанова, як дзіця»:

Бо ўжо й анёлы больш не ў лёце.
Як птушкі ў стоме – серафімы,
сядзяць вакол Яго, і мыслі з імі…
(11, 94).

Але вось хваля сумнення і адчаю змяняецца хваляй даверу да «вялікай тайнасці» Боскага светаўладкавання, а адчуванне пакінутасці — разуменнем неабходнасці пакласціся на волю Бога і пачувацца «ў добрасці Ягонай і ў руцэ», нібы «на ціхім караблі пад знакам Божым // на паўнаводнай велічнай рацэ». Адбываецца нечуваны эмацыянальны і духоўна-свядомасны пералом: толькі што анёлы былі «не ў лёце», «як птушкі ў стоме», а тут перад чытачом паўстае магутная ўтапічна-фантастычная метафара — вобраз прасторы-часу, што плыве ў вечнасць «на ветразях анёлаў лёгкакрыла».

Ды не быў бы Рыльке тым мастаком, якім мы яго ведаем, — не так паэтам адказаў, як паэтам пытанняў і сумненняў, паэтам-філосафам, паводле дыялектыкі якога (і дыялектыкі самога існавання чалавека і свету) дзень змяняецца ноччу, святло змагаецца з цемрай, жыццё ўраўнаважваецца смерцю, каб эпічна-высокая метафара анёлаў-караблёў не набыла іншае сэнсавае адценне — шчымліва-журботнае («тулягі вечнай хвалі») і каб, урэшце, не саступіла месца прыземленаму, але не менш семантычна насычанаму вобразу воза з канём, заўсёдна гатовага павезці ў апошні шлях, даставіць туды, «дзе ў вечнай цемрадзі знікае // дарога доўгая і лёс…». І зноў драматызуецца атмасфера твора, зноў перад вачыма чытача праходзяць беспрытульныя жабракі, знявераныя пакутнікі, жывыя нябожчыкі, нямоглыя целам і духам, «атуленыя прахам», «акрытыя тлом», а не белым крылом херубіма. Вось ужо насамрэч, «адны, без анёлаў…»

Але і гэтае перажыванне-адчуванне — не апошняе: жах і роспач ад чужой смерці-пры-жыцці чаргуюцца з надзеяй на размыканне прасторы-часу, калі ўсё навокал «зноў будзе велічным, былінным…» і «плот залішнім стане»; з’яўляецца ўсведамленне неабходнасці «служыць зямному… ў свеце, // каб потым годна развітацца з ім», бо толькі ў такім разе магчымым будзе «вяртанне», уваскрэсенне — няхай толькі «ў гуках струн сваіх», і мажлівымі стануць іншыя — высвечаныя яснотаю — «і твар, і святасць, і анёл».

Яўленне анёлаў адбываецца і ў перадапошнім вершы трэцяга цыкла «Кнігі гадзін» («Кніга пра галечу і смерць») — «О, дзе ён, дзе ён, часу валадар…». Гэта адзін з самых расчулена-кранальных твораў Рыльке, хваласпеў Богу, які «прыйшоў з святла, святло ўзвялічыў», апладніў сэрцы і розумы, і Яго пасланцам-анёлам, гімн шчырым вернікам, да кожнага з якіх «спусціўся херувім» з чаканай добрай весткай: «…і прынялі яго як дар жывой прыроды, // і плоднасць даравана была ім».

Як бачым, анёлы — пры тым, што горні свет прадстаўлены тут (кажучы словамі расійскага вучонага, знаўцы і перакладчыка паэзіі Рыльке А.В. Карэльскага) самай «вышэйшай інстанцыяй» (12, 274), – Богам, займаюць вельмі істотнае месца ў духоўнай парадыгме «Кнігі гадзін». У вялікай ступені менавіта вобразамі анёлаў у ёй зададзены тыя маральныя імператывы, якімі з біблейскіх часоў і па сёння мусіць кіравацца чалавек, заклапочаны ўласным удасканальваннем.

Заканчэнне будзе.

Літаратура

  1. Цветаева М. Новогоднее. – Электронный ресурс. Режим доступа: www.stihi-xix-xx-vekov.ru/cvetaeva-poems6.html. Дата доступа: 18.01.2013.
  2. Гандельсман В. Поэзия как религия // Иностранная литература. 2006. № 2.
  3. Иванов Вяч. Родное и вселенское. – Москва, 1994.
  4. Рильке Р.М. Письма к молодому поэту. – Электронный ресурс. Режим доступа: www.stihi.ru/ 2006/02/11–437. Дата доступа: 18.01.2013.
  5. Хольтхузен Г.Э. Райнер Мария Рильке, сам свидетельствующий о себе и о своей жизни (с приложением фотодокументов и иллюстраций) / Пер. с нем. – Челябинск, 1998.
  6. Braun F. Aus einer Traurrede // Holthusen H.E. Reiner Maria Rilke. – Hamburg, 1998.
  7. Свасьян К. Голоса безмолвия. – Ереван, 1984.
  8. Урок Целана: С Ольгой Седаковой беседует Антон Нестеров // Контекст 9. 1999. № 4. – Электронный ресурс. Режим доступа: omiliya.org/article/urok- tselana.html. Дата доступа: 12.03.2012.
  9. Рыльке Р.М. Санеты Арфею: Лірыка / Пер. з ням. В. Сёмухі. – Мінск, 1982.
  10. Рильке Р.М. Книга образов. – Санкт-Петербург, 1999.
  11. Рыльке Р.М. Кніга гадзін / Пер. з ням. В. Сёмухі. – Мінск, 2005.
  12. Карельский А. От героя к человеку: Два века западноевропейской литературы. – Москва, 1990.
  13. Музиль Р. Речь о Рильке / Пер. с нем. А. Белобратова // Нева. 1997. № 6.
  14. Падрабязней пра гэта гл. у нашай кнізе: Леонова Е.А. Немецкая литература ХХ века: Германия. Австрия. – Москва, 2010.
  15. Рильке Р.М. Письмо к Лу Андреас-Саломе // Р.М. Рильке. Собр. соч. в 3 т. Т. 3. – Харьков; Москва, 1999.
  16. Сведенборг Э. Истинная христианская религия / Пер. с англ. – Электронный ресурс. Режим доступа: lib.guru.ua/HRISTIAN/SWEDENBORG/ tcr.txt. Время доступа: 18.01.2013.
  17. Разанаў А. Сума немагчымасцяў: Зномы. – Мінск, 2009.
  18. Лосский Н.О. Бог и мировое зло. — Москва, 1999.
  19. Новая лирика Р.М. Рильке: Семь рассуждений (Ольга Седакова). – Электронный ресурс. Режим доступа: omiliya.org/article/novaya-lirika-rm-rilke-sem-rassuzhdenii-olga-sedakova.html. Дата доступа: 12.03.2012.
  20. Петэр Хандке, дарэчы, спрычыніўся да напісання сцэнарыя культавай кінастужкі свайго суайчынніка і даўняга сааўтара Віма Вендэрса «Неба над Берлінам» («Der Himmel über Berlin», 1987), на стварэнне якой апошняга натхнілі перадусім «Дуінскія элегіі» Рыльке. Паміж імі і фільмам шмат перазоваў, але найперш гэта вобразы анёлаў, ахопленых болем за людзей, спагадай да іх і адначасна – жаданнем спазнаць чалавечыя жарсці, пакуты, каханне. Ужо пасля падзення Берлінскай сцяны, у 1993 г., Вендэрс зняў працяг «Неба над Берлінам» – такую ж кранальную і глыбокую філасофска-лірычную драму «Гэтак далёка, гэтак блізка!» («In weiter Ferne, so nah!»), дзе таксама дзейнічаюць нябесныя пасланцы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY