Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Кс. Уладзіслаў ЗАВАЛЬНЮК

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ

Будслаў — святое і вельмі роднае месца для кожнага католіка ў Беларусі. Для таго, каб так сталася, нямала сілаў прыклаў пробашч касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. З адраджэннем веры ў Беларусі ў многім дзякуючы кс. Уладзіславу пачаў адраджацца і культ Маці Божай Будслаўскай. Аднавілася правядзенне фэстаў у Будславе, туды паехалі і пайшлі пілігрымкі. Восем гадоў таму ксёндз Уладзіслаў арганізаваў і ўзначаліў пакутную, альбо, як яе яшчэ называюць, посную пілігрымку ў Будслаў. Пяць дзён вернікі ідуць пехатою, спажываючы толькі хлеб і ваду, а большасць — увогуле толькі ваду. Што дае гэтая пілігрымка? Расказвае кс. Уладзіслаў Завальнюк.

— Справа пілігрымкі — гэта, перш за ўсё, сведчанне веры тых, хто ў ёй ідзе. Мэта — абудзіць духоўнае жыццё ў Беларусі, каб людзі зразумелі, што нашае існаванне не абмяжоўваецца трыма сцежкамі: дом, праца, гастраном, каб адчулі патрэбу жыць з Богам, адчулі далонь Усемагутнага, якая благаслаўляе, натхняе, аберагае і вядзе да шчаслівай вечнасці.

Перад тым, як вырушыць у пілігрымку, раніцаю цэлебруецца святая Імша ў інтэнцыі нашай краіны і ў інтэнцыі кожнага суайчынніка, веруючага і няверуючага, праведніка і грэшніка. Мы ўсе — Божыя дзеці і, якімі б сцежкамі ні хадзілі, павінны выйсці на тую адзіную, што вядзе да Нябеснага Айца. Пілігрымы гэта добра разумеюць, таму ахвяруюць свае пакуты і пост у гэтых інтэнцыях. Вельмі радуе, што з кожным годам ідзе ўсё больш і больш людзей. У мінулым годзе было ўжо 68 вернікаў, а ў першай пілігрымцы ішло ўсяго толькі 13.

Людзі збіраюцца з усёй нашай краіны, і гэта вельмі важна, бо такім чынам ахопліваецца ўся Беларусь. Калі мы бліжэй знаёмімся, пілігрымы гавораць: «Я іду за свой горад, я — за свой рэгіён, а я ахвяруюся за сваю малую радзіму...» Гэта вельмі кранае. Узрост пілігрымаў ад 16 гадоў да 86-ці! І, што цікава, усе даходзяць. Людзі, якія скаштавалі смак асаблівай ласкі пілігрыма-пакутніка, вельмі яе цэняць. У канцы са здзіўленнем усклікаюць: «Шкада, што так хутка ўсё скончылася!». Потым яны цэлы год жывуць у чаканні наступнай пілігрымкі.

Многія з нас раней ішлі і ў звычайнай пілігрымцы, і мы добра адчуваем розніцу. Там дух, так бы мовіць, вайсковага маршу — адпаведны тэмп, гучныя спевы, воклічы. У нас пераважае цішыня. Ідзём паволі. Адну частку Ружанца з разважаннямі молімся каля дзвюх гадзінаў. У цішыні вучымся слухаць голас Бога, і навакольная прыгажосць гэтаму вельмі спрыяе. Ідзём пераважна па лесапаласе. Водар кветак, чысціня паветра, блакіт нябёсаў, птушыныя спевы... Усё гэта радуе душу, дае супакой і адчуванне сапраўднага шчасця, свабоды.

Першыя гады мы ішлі па асфальце, несучы на сабе ўсе свае рэчы ў цяжкіх заплечніках. Потым вырашылі, што мікрааўтобус будзе давозіць нашыя рэчы да пункту начлегу. Зразумелі і тое, што трэба змяніць маршрут. Наш пілігрым Ганна Дубовік, маці ксяндза Дзмітрыя Дубовіка, распрацавала карту новага шляху (яна па прафесіі картограф). Спачатку гэты маршрут апробавалі на машынах і роварах, а потым смела пайшлі.

Пілігрымка — гэта не толькі сведчанне веры, а яшчэ і евангелізацыя. Калі мы прыходзім у вёску на начлег, людзі цікавяцца, хто мы і для чаго так далёка ідзём. Усе вельмі здзіўляюцца, што мы ідзём галодныя. Многія задумваюцца і пра свой пост. Разыходзячыся потым па дамах, нашыя пілігрымы дапазна размаўляюць з людзьмі пра веру, пра Бога...

А цяпер — пра тое, з чаго ўсё пачалося. У нашай парафіі склалася традыцыя падчас Вялікага посту перажываць сераду, пятніцу і суботу на хлебе і вадзе. Хтосьці так посціцца адзін дзень, хтосьці два, а некаторыя і тры. Каля алтара стаіць асвечаная вада, людзі бяруць яе, атрымліваючы благаслаўленне на такі пост. Спачатку было ўсяго тры-чатыры тысячы чалавек, а цяпер даходзіць і да сямі тысячаў тых, хто хоць адзін дзень на тыдзень посціцца на хлебе і вадзе. І я падумаў, а чаму б нам і ў пілігрымцы да Будслава не пасціцца вось так. У пілігрымцы па Святой Зямлі я трываў у шчырым посце 9 дзён! Выпадковых людзей у гэтай справе няма. Да пакутнай пілігрымкі трэба рыхтавацца і духоўна, і фізічна.

Выношваю ідэю зрабіць яшчэ адну пілігрымку ў Будслаў, якая б спажывала толькі свежавыціснутыя сокі. Гэта для тых, хто не падрыхтаваны ісці толькі на вадзе альбо на хлебе і вадзе. Аднак пакуль што дактары не дазваляюць гэтага рабіць.

Хачу запрасіць усіх вернікаў далучацца да нашай пілігрымкі.

Дарэчы, 5 чэрвеня, на дні святарскай сустрэчы, наш арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў: «Аб’яўляйце вернікам, каб загадзя запісваліся ў пешую пілігрымку ў мінскай катэдры, бо кухня там можа абслугоўваць не больш за 400 чалавек. Тыя, хто спозняцца, няхай ідуць у галодную пілігрымку з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком». Так што чакаем! Да сустрэчы!

Запісала Галіна Калевіч.

Гл. таксама:
Айцец Віктар БУРЛАКА OFM :: ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ ::
Янусь МАЛЕЦ :: БЕРАЖЫ НАС, ЗАСТУПНІЦА ::
Ірына САМАТОЙ :: РОДНАЕ ::
Ядвіга РАЙ :: ЗАМАЛЁЎКІ З ПОСНАЙ ПІЛІГРЫМКІ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY